Урад Расеі пастанавіў забараніць ад 27 сакавіка рэгулярныя і чартэрныя авіязносіны зь іншымі дзяржавамі. Адпаведнае даручэньне атрымала «Росавиация» па выніках паседжаньня каардынацыйнай рады барацьбы з каранавірусам.
Выключэньне зробяць толькі для рэйсаў, якімі вывозяць расейцаў з-за мяжы, а таксама для палётаў «на асаблівае распараджэньне ўраду».
Таксама вырашана, што пасажыры, якія прыбылі з краін, ахопленых пандэміяй, будуць праходзіць першапачатковае тэставаньне на наяўнасьць інфэкцыі непасрэдна ў аэрапорце. Для расейцаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, прадугледжаны абавязковы двухтыднёвы карантын.
Да апошняга часу ў Расеі заставаліся авіязносіны са сталіцамі шэрагу краін, аднак на фоне распаўсюду інфэкцыі COVID-19 паветраныя калідоры пачалі звужацца.
Чакаецца, што будуць згорнутыя і палёты ў Менск — пакуль што ў сталіцу Беларусі лятаюць самалёты «Аэрофлота». Наземныя межы зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей ужо закрытыя.
У Расеі зарэгістравана больш за 650 выпадкаў заражэньня каранавірусам у 55 рэгіёнах. Памерлі два чалавекі.