Сабраныя грошы плянуецца выкарыстоўваць для куплі абсталяваньня для лябараторнай дыягностыкі COVID-19, дыягнастычных набораў, ахоўных сродкаў, лекаў, а таксама на дапамогу хворым.
Дабрачынныя рахункі для дапамогі выяўленьню і лячэньню каранавірусу ў краіне Міністэрства здароўя адкрыла 24 сакавіка.
«Сродкі пойдуць на прафіляктыку і на барацьбу з каранавірусам, на само лячэньне, — сказаў карэспандэнту Свабоды галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня Эдуард Вальчук. — На ўсё, што найбольш спатрэбіцца ў пэўны пэрыяд часу.
Патрэбны будуць маскі — значыць, будуць маскі; патрэбны будуць рэсьпіратары — значыць, рэсьпіратары; патрэбны будуць ахоўныя касьцюмы — значыць, касьцюмы. Патрэбны будуць тэсты дадатковыя — будуць набывацца тэсты. Але пакуль прадказаць цяжка».
Паводле Вальчука, на гэты момант пакуль няма канкрэтнага пераліку рэчаў, на якія пойдуць сабраныя сродкі.
«Усё будзе залежаць ад таго, колькі будзе грошай і што будзе найперш неабходна ў пэўны пэрыяд часу. Становішча ж мяняецца, калі гаварыць пра сытуацыю ў сьвеце, то кожную хвіліну нешта новае. Мы гатовыя да ўсяго. Таму пакуль няма канкрэтнага сьпісу, гэта будзе тое, што тэрмінова будзе неабходным».
Эдуард Вальчук адзначыў, што сродкі пойдуць выключна на барацьбу з каранавірусам. Але адкрыцьцё дабрачынных рахункаў «абсалютна не азначае», што не хапае сродкаў у бюджэце.
«Ёсьць людзі і бізнэсоўцы, якія зьвяртаюцца, бо хочуць пералічыць грошы. Чаму не, калі яны хочуць? Многія фірмы зь Беларусі самі зьвяртаюцца сюды і прапануюць нешта пералічыць. Мы ня можам абмежаваць людзей, якія хочуць дапамагчы іншым і маюць для гэтага магчымасьці. Горш ад гэтага ня будзе, толькі лепш».
Паводле Эдуарда Вальчука, рахунак адкрылі толькі ўчора і на раніцу 25 сакавіка пакуль пералічэньняў на яго не паступіла.
У Мінстэрстве аховы здароўя пакуль не ўдалося ўдакладніць, хто канкрэтна зь бізнэсоўцаў зьвяртаўся з прапановай дапамагчы, бо «рахунак адкрыты толькі ўчора і інфармацыі яшчэ няма».
Лідэр рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўжо пералічыў 20 рублёў. У квітанцыі пазначыў мэту плацяжу — «дапамога сыстэме аховы здароўя».
У Міністэрстве аховы здароўя патлумачылі, што сродкі з дабрачыннага рахунку пойдуць на правядзеньне санітарна-супрацьэпідэмічных захадаў і на дапамогу ў працы выяўленьня і лячэньня пацыентаў з COVID-19.
Рахунак адкрыты ў Рэспубліканскім цэнтры арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня. Далей сродкі будуць разьмяркоўвацца па ўзгадненьні зь Міністэрствам аховы здароўя «у адпаведнасьці з патрэбай канкрэтных устаноў».
Дабрачынны рахунак у беларускіх рублях:
BY29AKBB36429000000800000000, у «Беларусбанку», БІК: AKBBBY2X, УНП: 190263723.
Дабрачынны рахунак у эўра: BY93AKBB36429000003150000000, у «Беларусбанку», БІК: AKBBBY2X, УНП: 190263723.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.