Першы прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які цяпер займае пасаду кіраўніка Дзяржаўнай рады, раніцай 20 сакавіка зьвярнуўся да народу.
Ён прызнаў сур’ёзнасьць каранавірусу і эканамічнага крызісу, які пачаўся. Назарбаеў заклікаў усіх казахстанцаў падтрымаць цяперашняга прэзыдэнта Такаева і падрыхтавацца «да жорсткай эканоміі». «Усё гэта ўплывае і на нашу краіну. Складанасьцю задач, рашэньне якіх нам трэба знайсьці, цяперашні час у нейкай ступені можна параўнаць з пэрыядам пачатку 90-х гадоў, калі нам было сапраўды вельмі цяжка».
Назарбаеў ня выключыў, што «бягучы крызіс набудзе доўгачасовы характар» і прывядзе да яшчэ большага падзеньня нацыянальнай валюты і эканомікі Казахстану. Ён прапанаваў «стварыць рэспубліканскі фонд, у якім бы назапашваліся сродкі людзей» — тых, хто «хоча і можа дапамагчы краіне ў гэты няпросты пэрыяд».
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі <<
З ночы 19 сакавіка ў Казахстане праз каранавірус цалкам закрылі ўезд і выезд у два найбуйнейшыя гарады краіны — Нур-Султан і Алматы. Усярэдзіне гарадоў таксама ачапілі асобныя дамы: жыхары ў іх знаходзяцца ў карантыне. Афіцыйна ў краіне пакуль хворыя на COVID-19 каля паўсотні чалавек.