Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дарадца Пуціна: Лукашэнка і Беларусь у небясьпецы — супрацьстаяньне з Пуціным ня скончылася


Андрэй Іларыёнаў
Андрэй Іларыёнаў

«І Лукашэнка, і Беларусь, і Ўкраіна знаходзяцца ў небясьпецы» у сувязі з жаданьнем Уладзіміра Пуціна бачыць заходнія межы «гістарычнай Расеі» там, дзе праходзіла мяжа Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII стагодзьдзя, пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай — «па рацэ Нёман, Заходні Буг і далей па Днястры».

Такую думку выказаў эканамічны дарадца расейскага прэзыдэнта ў 2000–2005 гадах Андрэй Іларыёнаў у інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.

«І, папраўдзе, шмат што з таго, што ён (Пуцін. — Рэд.) сказаў і зрабіў пасьля таго, як ён напісаў у сваім артыкуле 2012 году, толькі пацьвярджае, што ён ад гэтай мэты ня толькі не адмовіўся, але і наадварот, бачыць у цяперашняй сытуацыі, якая разгортваецца і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, значна больш спрыяльную сытуацыю для ажыцьцяўленьня гэтага праекту», — лічыць Іларыёнаў.

У артыкуле «Расея і сьвет, які зьмяняецца», апублікаваным восем гадоў таму ў газэце «Московские новости», Пуцін як кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2012, у прыватнасьці, напісаў:

«Мы павінны ў некалькі разоў узмацніць адукацыйную й культурную прысутнасьць у сьвеце — і на парадак павялічыць яе ў краінах, дзе частка насельніцтва гаворыць на расейскай альбо разумее расейскую». Пры гэтым «расейскамоўная прастора — гэта практычна ўсе краіны былога СССР і значная частка Ўсходняй Эўропы».

На думку Іларыёнава, супрацьстаяньне Пуціна, які заняўся ў сябе ў краіне канстытуцыйнай рэформай, і Лукашэнкі яшчэ ня скончылася, «Уладзімір Уладзіміравіч проста ўмее чакаць». Пры гэтым расейскі прэзыдэнт, лічыць ягоны экс-дарадца, не абавязкова будзе выкарыстоўваць толькі ваенныя мэтады.

«Для гэтага ёсьць шырокі спэктар інструмэнтаў. Пра гэта, у прыватнасьці, Юрый Бязьменаў (агент КДБ, уцёк у 1970 годзе ў Канаду. — Рэд.) вельмі падрабязна расказаў у сэрыі сваіх выступаў пачатку 1980-х гадоў, даступных у YouTube, і ў тых публікацыях, якія ён зрабіў, паколькі Юрый Бязьменаў быў супрацоўнікам ГБ, які зьехаў на Захад і расказаў пра тое, чаму яго вучылі, мэтадам, так бы мовіць, маральнай дэстабілізацыі грамадзтваў; некалькі стадый, як гэта робіцца. І з пункту гледжаньня гэтай тэорыі тое, што адбываецца і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, збольшага знаходзіцца ў поўнай адпаведнасьці з падручнікам», — заявіў Іларыёнаў.

У студзені сёлета ён выказаў думку, што адстаўка ўраду Расеі і зьмены ў Канстытуцыю РФ, якія плянуюцца, нясуць небясьпеку для краін-суседак. «Ні спадар Мядзьведзеў, ні іншыя сыслібы (сыстэмныя лібэралы. — Рэд.) ніколі не супраціўляліся і нават не спрабавалі як-небудзь супраціўляцца агрэсіўным імпэрскім плянам крамлёўскіх сілавікоў. Але цяпер няма нават каго б там ні было, хто па сваёй прыродзе адрозьніваецца ад іх у кіраўніцтве дзяржавы», — сказаў экспэрт.

«Таму, — працягнуў ён, — можна чакаць толькі новых этапаў правакацый і рэалізацыі новых імпэрскіх сцэнароў перш за ўсё, вядома, у дачыненьні Ўкраіны і Беларусі, але і ў дачыненьні да іншых дзяржаў». 21 сьнежня 2018 году былы дарадца Пуціна напісаў у «Жывым журнале», што Крэмль пачаў паглынаньне Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG