Большасьць заходніх экспэртаў мяркуюць, што папраўкі ў Канстытуцыю, якія даюць магчымасьць цяперашняму прэзыдэнту РФ балятавацца ў прэзыдэнты ў 2024 годзе, азначаюць ягонае пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. Аднак некаторыя назіральнікі бачаць у «абнуленьні» традыцыйную пуцінскую гульню ў стварэньне няпэўнасьці.
Прапануем вам агляд некаторых з публікацыяў.
The Economist, Вялікабрытанія
Шоў атрымалася надуманым і млявым
Уладзімір Пуцін як былы афіцэр КДБ прызвычаіўся дзейнічаць у абстаноўцы заблытанасьці і няяснасьці. Спачатку ён казаў, што ня хоча як у Савецкім Саюзе, каб яго выносілі з Крамля наперад нагамі. Потым абвясьціў, што сыходзіць з пасады прэзыдэнта не зьбіраецца.
Яго словы аб рэформе таксама разыходзіліся з дзеяньнямі: ён казаў аб умацаваньні парлямэнцкай і рэгіянальнай улады, але дэ-факта папраўкі даюць прэзыдэнту амаль абсалютную ўладу, яшчэ больш зьніжаюць аўтарытэт абраных кіраўнікоў рэгіёнаў і пазбаўляюць міжнароднае права прыярытэту над расейскім.
Гамбіту Пуціна, які ён разыграў перад Думай, не хапала размаху і драмы. Шоў атрымалася надуманым і млявым.
Foreign policy, ЗША
Пуцін хоча, каб сьвет не адгадаў
Ці значыць гэта, што мы ведаем, што адбудзецца ў 2024 годзе, калі скончыцца цяперашні тэрмін Пуціна? Ці будзе ён кіраваць да 2036 года, калі яму споўніцца 83 гады? Не, зразумела, ён і сам, напэўна, ня ведае.
Гэта, урэшце, клясычны Пуцін. Адзін з самых праблемных заходніх мітаў пра яго — тое, што ён нейкі глыбокі і тонкі махляр, геапалітычны гросмайстар, які гуляе ў трохмерныя шахматы. Насамрэч ён майстра дзюдо, які шукае і рэагуе на магчымасьці, якія ўзьнікаюць. Яго рэальная сіла — гэта здольнасьць рухацца хутка, рашуча і нечакана.
Дык куды пайшоў Пуцін? У значнай ступені ва ўсіх кірунках адначасна.
За чатыры гады можа здарыцца, што Пуцін знойдзе сабе пераемніка. Настрой грамадзтва таксама непрадказальны: цяпер 45% выбаршчыкаў хочуць, каб Пуцін застаўся, 44% — каб у 2024 годзе ён сышоў.
Такім чынам, у сваім звычайным стылі ён стварае мноства варыянтаў і адкладае любое рашэньне да больш позьняга часу. Канстытуцыйны суд ухваліць прапанаванае «абнуленьне», калі гэта таксама ня будзе палітычным тэатрам. Але калі нават КС дазволіць «абнуленьне», гэта не азначае, што Пуцін будзе балятавацца ў 2024 годзе. Толькі тое, што ён будзе мець такую магчымасьць.
Die Zeit, Нямеччына
Здаецца, усім раптам стала ясна, што Пуцін застаецца
Дзякуючы канстытуцыйнай рэформе Ўладзімір Пуцін зможа заставацца ва ўладзе і пасьля 2024 году. Аднак гэтага можа не адбыцца, кажа палітоляг Кацярына Шульман.
Зьявілася небясьпека, што Пуцін стане «кульгавай качкай». Што рабіць? Стварыць магчымасьць, каб Пуцін змог зноў удзельнічаць у выбарах — прычым гэтая прапанова зусім не абавязвае прэзыдэнта сапраўды паступіць так. Пуцін застанецца прэзыдэнтам, але, можа быць, і не. Рашэньне аб тым, што будзе пасьля 2024 году, зараз ізноў адкладзенае на нявызначаны час — адзначыла палітоляг.
«Але тое, што павінна ўзьдзейнічаць на эліту як заспакаяльнае абяцаньне стабільнасьці, можа зьбіць з глузду выбаршчыкаў. Па сутнасьці гэта падарунак апазыцыі. Да гэтага ў іх не было ніякага рычага для мабілізацыі, паколькі папярэднія папраўкі да Канстытуцыі былі занадта абстрактнымі і незразумелымі. Цяпер у іх зьявіўся гэты рычаг. Супраць «вечнага Пуціна» можна лёгка мабілізаваць людзей. Тым не менш, я думаю, што на красавіцкім галасаваньні будуць дасягнутыя вынікі, якіх жадае Крэмль. Вялікая незадаволенасьць выбухне толькі пасьля галасаваньня» — мяркуе Шульман.
«У тым, што аўтакраты пажыцьцёва застаюцца ва ўладзе, няма нічога дзіўнага. Нават калі аўтакрат памірае, сыстэма не абавязкова дэмакратызуецца. У аўтакратычных дзяржавах добраахвотная адмова ад улады — гэта хутчэй выключэньне, чым правіла» — адзначае палітоляг.
«Здаецца, на гэтым тыдні ўсім раптам стала ясна, што Пуцін застаецца. Але гэта мэнтальная пастка, як сказаў мой калега і былы дарадца Пуціна Глеб Паўлоўскі: мы маем ілюзіі наконт стабільнасьці, якой па сутнасьці няма. Нявызначанасьць — гэта паветра, якое неабходнае гэтай сыстэме для дыханьня» — адзначыла Кацярына Шульман.
The New York Times, ЗША
«Новы імпэратар»: Расея рыхтуецца да яшчэ 16 гадоў Пуціна
Адзін з найбольш уплывовых магнатаў Расеі ў сераду заявіў, што краіна стала «квазіманархіяй» — прыкмета таго, як крок прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна па расчыстцы шляху да кіраваньня да 2036 году зьмяніў ляндшафт расейскай палітыкі. Ня тое каб магнат Канстанцін Малафееў скардзіўся. Малафееў, фінансіст-нацыяналіст, які мае сувязі з Крамлём і ўласны тэлеканал, дзесяцігодзьдзямі агітаваў за аднаўленьне царскага кіраваньня.
У інтэрвію The New York Times ён сказаў, што ён яшчэ ніколі ня быў бліжэйшы да сваёй мэты, чым пасьля падзеяў гэтага тыдня. «Квазіманархія, якую мы цяпер па сутнасьці маем — вельмі добрая рэч» — сказаў Малафееў. Паказваючы на партрэт Пуціна, ён працягнуў: «Калі б мы цяпер сталі называць яго імпэратарам, а не прэзыдэнтам, нам бы не давялося істотна моцна мяняць Канстытуцыю».
Пуцін, магчыма, па-ранейшаму ўразьлівы праз разбурэньне эканомікі і закіпаньне грамадзкага незадавальненьня з нагоды эканамічнай няроўнасьці і карупцыі чыноўнікаў. Але Ўладзімір Мілоў, дарадца апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага, сказаў, што не чакае, што каманда Навальнага разгорне актыўную кампанію ў той ці іншай форме перад галасаваньнем. Правілы, па якіх будзе праводзіцца галасаваньне, абцяжарваюць назіраньне за ім, і вынікі будзе лёгка сфальсыфікаваць, сказаў Мілоў. Ён ня бачыць, што канстытуцыйныя папраўкі могуць стаць каталізатарам буйных мітынгаў.
Le Monde, Францыя
Уладзімір Пуцін ці бясконцая ўлада
Канстытуцыйная рэформа яшчэ павінная быць ухваленая Канстытуцыйным судом, а затым выбарнікамі, якіх 22 красавіка заклікаюць выказаць сваё меркаваньне падчас «усенароднага галасаваньня». Ні адна з гэтых працэдур не зьяўляецца перашкодай для Пуціна, які кантралюе практычна ўсе вагары ўлады і не дапускае ніякай рэальнай апазыцыі. У выпадку рэалізацыі такога рашэньня, яно стане сапраўды гістарычным, паколькі дасьць магчымасьць Пуціну заставацца на чале Расеі даўжэй, чым Ёсіф Сталін, і сысьці ў 83 гады, калі ён будзе старэйшы за Леаніда Брэжнева. Толькі рэдкія лідэры, такія як Фідэль Кастра (49 гадоў на чале Кубы) і Робэрт Мугабэ (37 гадоў на чале Зімбабвэ), маглі б пахваліцца тым, што яны дамагліся большага.
Эўрапейцы пачалі разважаць пра «мадэль Назарбаева». Але калі стала ясна, што чалавекам, які здаваўся Ўладзіміру Пуціну найбольш здольным яго пераемнікам, зьяўляўся ён сам, толькі расейскія назіральнікі ўхапілі сутнасьць, якой не разумелі тыя, хто жыве пры дэмакратыі: Пуціну ня можа падысьці нейкая пэрыфэрыйная пасада. Ён знаходзіцца ў цэнтры і там жа ў цэнтры ён павінен застацца.
Усе хочуць паляпшэньня адносінаў з Масквой. Пуцін жа адказвае блякаваньнем перамоўнага працэсу па Ўкраіне, кібэрвойнамі, бамбёжкамі шпіталёў у Сырыі, паралюшам Рады бясьпекі ААН, перапісваньнем гісторыі XX стагодзьдзя. Замежныя лідэры, уключаючы прэзыдэнта Макрона, якія плянавалі накіравацца ў Маскву 9 траўня на 75-ю гадавіну перамогі 1945 году, цяпер павінныя ўсьвядоміць, што яны таксама паслужаць замацаваньню асабістай улады самадзержца, які двума тыднямі раней будзе каранаваны з дапамогай дзіўнага плебісцыту.
The Wall Street Journal, ЗША
Плян Пуціна на пажыцьцёвае прэзыдэнцтва
Расейскі дыктатар рыхтуецца заставацца ва ўладзе аж да ўзросту, калі яму будзе далёка за 80. Уладзімір Пуцін расчысьціў шлях для таго, каб кіраваць Расеяй аж да ўзросту, калі ён ужо адсьвяткуе свой 83-і дзень нараджэньня. Ніхто і нідзе не зьдзівіўся.
Расея застаецца эканамічна слабай краінай, яна празьмерна залежыць ад экспарту энерганосьбітаў. Чаканая працягласьць жыцьця параўнальная з ЗША ў 1970-х гадах. Сярэднестатыстычны вугорац ці паляк цяпер багацейшы, і мільёны расейцаў ведаюць гэта. Высокія рэйтынгі ўхваленьня Пуціна хаваюць тое, што, як паказваюць апытаньні, толькі каля траціны расейцаў кажуць, што давяраюць свайму лідэру. Шмат у чым гэта зьвязана з карупцыяй, якая пры Пуціне квітнела на ўсіх узроўнях расейскай дзяржавы.
Як і большасьць аўтарытарных кіраўнікоў, Пуцін ня можа дазволіць сабе пакінуць сваю пасаду, каб ня страціць абарону ад нажытых ім ворагаў, а таксама ўплыў, каб захаваць багацьце сваіх шматлікіх сяброў.
Пуціну шанцавала на працягу яго 20-гадовага кіраваньня, не ў апошнюю чаргу дзякуючы доўгаму пэрыяду высокіх цэнаў на нафту і газ. Але гэтай эпосе кінуў выклік рост амэрыканскай сланцававай прамысловасьці, таму цяпер ён спадзяецца выкарыстаць падзеньне ўсясьветнага попыту на нафту, каб разбурыць амэрыканскую індустрыю. Ён наўрад ці дасягне вялікага посьпеху, нават калі ў ЗША наступіць рэцэсія, паколькі амэрыканскія вытворцы, якія выстаяць, стануць больш эфэктыўнымі. У краіне, дзе няма вяршэнства закона, нават вонкава стабільныя лідэры ня могуць спаць спакойна.
The Times, Вялікабрытанія
Пуцін назаўжды
Імкненьне Пуціна захаваць прэзыдэнцкую пасаду зьнішчае любыя надзеі на збліжэньне паміж Расеяй і Захадам. Гэтая халодная вайна ХХІ стагодзьдзя працягнецца, і ЗША з саюзьнікамі ня змогуць зрабіць амаль нічога, акрамя як зьвярнуцца да тактыкі цярплівага стрымліваньня, якая ў рэшце рэшт апраўдала сябе ў супрацьстаяньні з СССР.
Калі сыходзіць з таго, што да канца гэтага тэрміну агульная працягласьць кіраваньня Ўладзіміра Пуціна складзе 24 гады, то да 2036 году ён выйдзе на другое месца па працягласьці кіраваньня з усіх расейскіх кіраўнікоў — паміж Пятром I (ён кіраваў 43 гады) і Кацярынай II (34 гады).
Der Spiegel, Нямеччына
Апазыцыя зьмірылася
Здаецца, нават апазыцыя з усім зьмірылася. Супраць паправак у Канстытуцыю амаль не было пратэстаў. Адзін з арганізатараў маршу памяці Барыса Нямцова сказаў: «Тое, што Пуцін будзе пры ўладзе вечна, нікога не зьдзіўляе. Няма нічога, дзеля чаго людзі выйшлі б на вуліцы».
Канстытуцыйная рэформа Пуціна — ужо даўно ня толькі палітычная мера, якая разьмяркоўвае абавязкі паміж парлямэнтам, урадам і прэзыдэнтам. Яна гарантуе Пуціну як былому прэзыдэнту пажыцьцёвую пасаду ў Савеце Фэдэрацыі, а тым самым і імунітэт. Перадача расейскай тэрыторыі абвяшчаецца парушэньнем закону: маецца на ўвазе і крытыка анэксіі Крыму.
Пры падрыхтоўцы агляду былі выкарыстаныя агляды ВВС і парталу Inopressa