Нямеччына адной з апошніх краінаў Эўразьвязу закрыла свае межы, каб стрымаць пашырэньне каранавірусу.
Межы з Францыяй, Аўстрыяй і Швайцарыяй былі закрытыя раніцай у панядзелак. Выключэньне зроблена для камэрцыйных перавозак.
Нямеччына даўжэйшы час спрабавала трымаць межы адкрытымі і імкнулася надалей выконваць шэнгенскія пагадненьні аб свабодным руху паміж эўрапейскімі краінамі.
Адкрытымі застануцца пакуль што толькі нямецка-бэльгійская і нямецка-нідэрляндзкая межы.
Тым часам улады фэдэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг найбліжэйшымі днямі ўвядуць забарону на пасажырскія авіязносіны.
У панядзелак у Нямеччыне закрыліся школы. У мінулыя выходныя ў Бэрліне зачынілі свае дзьверы ўсе клюбы, бары і фітнэс-цэнтры. У краіне забароненыя публічныя захады.
На сёньня ў Нямеччыне зафіксавана амаль 5 000 выпадкаў захворваньня на каранавірус. 12 чалавек памерлі.