Вайскоўцы 42-га батальёну марской пяхоты Ўзброеных сіл Вялікай Брытаніі 15 сакавіка пакінулі Беларусь, паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства.
З 1 па 14 сакавіка 28 брытанскіх марпехаў удзельнічалі ў супольным трэнінгу «Зімовы партызан» зь міратворчай ротай 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады на палігоне Лосьвіда. Трэнаваньне праводзілася ў рамках падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў да міратворчай дзейнасьці ААН.
«Беларускія і брытанскія міратворцы абмяняліся досьведам у выкананьні базавых тактычных прыёмаў, асновах выжываньня, арыентаваньні на мясцовасьці, першай дапамозе і супрацьдзеяньні самаробным выбуховым прыладам», — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Як паведамлялася раней, у цырымоніі ўрачыстага завяршэньня трэнінгу 12 сакавіка ўзяла ўдзел амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Жаклін Пэркінс.
«Вашы продкі беларусы змагаліся з фашызмам у шэрагах Чырвонай арміі, у лясах, а таксама побач з нашымі продкамі ў брытанскай уніформе ў Афрыцы, Італіі і Нармандыі. Нашы папярэднікі змагаліся з тым самым ворагам за агульную справу, — сказала амбасадарка. — Пакуты беларусаў 75 гадоў таму былі нашмат большыя, чым нашы, і падкрэсьліваюць ваша нацыянальнае імкненьне прадухіляць канфлікты. І ў гэтым імкненьні мы вас падтрымліваем».
Паводле інфармацыі Мінабароны, з 2010 году беларускія вайскоўцы бяруць удзел у місіі Часовых сіл ААН у Лібане. Там знаходзяцца пяць прадстаўнікоў Узброеных сілаў — афіцэр штабу і чатыры мэдыцынскія спэцыялісты вайсковага шпіталя штаб-кватэры місіі. Ратацыя асабістага складу ажыцьцяўляецца штогод.
У кастрычніку 2019 году міністэрствы абароны Беларусі і Італіі падпісалі тэхнічнае пагадненьне аб супрацоўніцтве ў рамках супольнага ўдзелу ў місіі Часовых сіл ААН у Лібане. Палажэньнямі пагадненьня прадугледжана павелічэньне колькасьці беларускага кантынгенту ў згаданай місіі.
Акрамя таго, абароннае ведамства Беларусі прапрацоўвае іншыя магчымасьці задзейнічаньня міратворчай роты ў міжнароднай дзейнасьці ААН па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі.