Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што здаў аналіз на каранавірус, вынікі чакаюцца празь некалькі дзён, паведамляе Голас Амэрыкі.
«Я таксама здаў аналізы ўчора ўвечары. Яны накіраваныя ў лябараторыю», — сказаў Трамп падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме ў суботу.
Ён растлумачыў, што здаў тэст, паколькі журналісты ўвесь час пыталіся, чаму ён да гэтага часу гэтага не зрабіў.
Напярэдадні прэзыдэнт ЗША заявіў, што ў яго няма сымптомаў заражэньня каранавірусам. Трамп дадаў, што з гэтай прычыны не праходзіў тэст на заражэньне каранавірусам COVID-19.
Асьцярогі з нагоды стану здароўя Трампа паўсталі пасьля таго, як стала вядома, што ён кантактаваў з членам дэлегацыі прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанару, якая нядаўна наведвала ЗША.
Некаторыя СМІ паведамлялі, што каранавірус нібыта выяўлены ў самога Балсанару, зь якім Трамп шмат кантактаваў. Аднак Балсанару раней у пятніцу запэўніў, што ён здаровы.
Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што яго адміністрацыя распаўсюдзіла забарону на палёты ў ЗША з Ірляндыі і Вялікабрытаніі. Забарона ўступіць у сілу ў ноч з нядзелі на панядзелак.
Дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў ЗША паведаміў, што ў суботу ў ЗША было зарэгістравана 2226 выпадкаў заражэньня новым каранавірусам, удакладніўшы, што ўспышка яшчэ не дасягнула свайго піку.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ