20 сьнежня ў Прэс-клюбе ў Менску прайшла публічная дыскусія «Аўтарытарызм сёньня», прымеркаваная да 45-годзьдзя беларускага палітоляга Віталя Сіліцкага (які заўчасна пайшоў з жыцьця ў 2011 годзе). Дыскусія тычылася ягонай інтэлектуальнай спадчыны і ідэяў ягонай апошняй кнігі «Доўгая дарога ад тыраніі».
Цяперашні дырэктар заснаванага Сіліцкім Беларускага інстытуту стратэтэгічных дасьледаваньняў (Belarusian Institute for Strategic Studies) Пятро Рудкоўскі, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч («ЭўраБеларусь»), палітык Алесь Лагвінец (Дзея) і рэдактар часопісу Arche Валер Булгакаў згадвалі спадчыну Сіліцкага і разважалі пра цяперашні стан беларускага аўтарытарызму.
«Аўтарытарызм у Беларусі эвалюцыянуе у бок большай маніпулятыўнасьці», — лічыць Алесь Лагвінец, канстатуючы, што за апошнія гады ў сьвеце назіраецца пэўная рэцэсія дэмакратыі. Пачынаючы ад 2009 году, у сьвеце не павялічылася колькасьць дэмакратычных краінаў — наадварот, вырасла колькасьць аўтарытарных рэжымаў.
На сёньня асноўнае пасланьне аўтарытарных краінаў — «не цікаўцеся намі, у вас сваіх праблемаў хапае»
У гэтай сувязі Лагвінец згадаў тэзіс Віталя Сіліцкага пра «аўтарытарны інтэрнацыянал». На сёньня асноўнае пасланьне аўтарытарных краінаў — «не цікаўцеся намі, у вас сваіх праблемаў хапае». Яны імкнуцца рабіць так, каб больш адкрытыя дэмакратычныя грамадзтвы былі вымушаныя засяроджвацца на сваіх уласных праблемах.
Напрыклад, у адносінах да Беларусі з боку Эўразьвязу апошнія гады тэма правоў чалавека паступова зьнікае, эўрапейскія структуры ўсе больш арыентуюцца на «колькасны» паказчык — колькі праведзена канфэрэнцыяў ці сумесных сэмінараў.
Але, нагадаў Лагвінец, нельга забываць галоўны стратэгічны тэзіс Сіліцкага — «Памятайце, што дыктатуры заўсёды руўнуюцца».
Сіліцкі пісаў, што калі б Лукашэнка не абралі ў 1994 годзе, то яго (ці чалавека з такімі ж поглядамі) абралі б на наступных выбарах.
Галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў асаблівую ўвагу зьвярнуў на стратэгічнае мысьленьне Віталя Сіліцкага, ягоную здольнасьць на аб’ектыўную і бескампрамісную ацэнку сытуацыі. Палемізуючы з аўтарамі кнігі «Случайный президент», Сіліцкі адзначаў, што Лукашэнка ніяк ня быў выпадковай фігурай, адлюстроўваючы «культурны код» большасьці жыхароў Беларусі на момант ягонага абраньня. Сіліцкі пісаў, што калі б Лукашэнка не абралі ў 1994 годзе, то яго (ці чалавека з такімі ж поглядамі) абралі б на наступных выбарах.
«Я сыходжу з канцэпцыі, што пераход ад таталітарызму да дэмакратыі адбываецца праз аўтарытарызм», — адзначыў мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, адказваючы на пытаньне ўдзельнікаў дыскусіі, «ці ёсьць штосьці добрае у аўтарытарызме».
«Пад ціскам аўтарытарнай дыктатуры высьпявае культура. Сёньня ў Беларусі велізарны культурны ўздым: у літаратуры, тэатры, выяўленчым мастацтве. Магчыма, сёньня мы гэта яшчэ ня можам ацаніць, але пазьней мы здолеем ацаніць усё тое, што прарастае зараз пад аўтарытарным ціскам», — лічыць ён.