Адбылася тэлефонная размова паміж міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо. Як паведамляюць абодва бакі, абмяркоўваліся вынікі візыту Пампэо ў Менск 1 лютага, які сам дзяржсакратар ЗША на сваёй афіцыйнай старонцы ў твітэры назваў «гістарычным».
АБНОЎЛЕНА: На сайце Дзярждэпартамэнту ЗША зьявілася паведамленьне, што Пампэо пацьвердзіў гатоўнасьць амэрыканскіх кампаній пачаць неадкладныя пастаўкі нафты ў Беларусь па «канкурэнтных рынкавых цэнах». Акрамя таго, абмяркоўваліся пляны прыезду ў Менск сёлета гандлёвай дэлегацыі ЗША высокага ўзроўню.
Пампэо пацьвердзіў падтрымку незалежнасьці Беларусі з боку ЗША. «Нашы двухбаковыя адносіны паказваюць агромністы патэнцыял, з плянамі павялічыць нашы камэрцыйныя і дыпляматычныя сувязі», — напісаў дзяржсакратар ЗША.
У паведамленьні на старонцы беларускага Міністэрства замежных спраў у фэйсбуку гаворыцца: «Бакі таксама абмеркавалі пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, рэгіянальнай і міжнароднай павесткі дня, у тым ліку энэргетычнай бясьпекі»