9 сакавіка жыхары гомельскага мікрараёну Сяльмашаўскі выйшлі на стыхійны сход супраць пабудовы рэстарану на месцы яблыневага саду. 10 сакавіка раніцай у садзе пачалі выкопваць маладыя дрэвы, пасаджаныя летась.
«Замест дрэў, «лёгкіх» прамысловага мікрараёну, мы атрымаем рэстаран і паркоўку. Лукашэнка казаў захоўваць дрэвы. Нашы ўлады ня слухаюць яго. Гэта што — сабатаж супраць прэзыдэнта?», — крычалі на сходзе жыхары мікрараёну.
Пра пляны пабудаваць «аб’ект грамадзкага харчаваньня з сыстэмай кшталту «МакДрайв» гомельскія ўлады заявілі ў сьнежні 2019 году. Правялі грамадзкае абмеркаваньне, бо праект прадугледжваў высяканьне дрэў, пераважна яблыняў.
Цяпер удзельнікі сходу кажуць, што ня ведалі пра грамадзкае абмеркаваньне. У канцы сьнежня яны напісалі калектыўны зварот з больш як 200 подпісамі ў аблвыканкам.
Адміністрацыя Чыгуначнага раёну спасылаецца на той факт, што ў час грамадзкага абмеркаваньня паступіла толькі 15 прапаноў, якія «ня могуць служыць падставай для ўнясеньня зьменаў у праект, бо не зьмяшчаюць аргумэнтаваных спасылак на парушэньне нарматыўных і прававых актаў».
Жыхароў вуліц Фадзеева і Яфрэмава абурыла, што іхную думку не ўлічылі і замест яблыневага саду паўстане рэстаран хуткага харчаваньня.
«Нашых чыноўнікаў гэта не хвалюе, бо яны на Сяльмашы не жывуць»
«Раней згодна з генэральным плянам гэта была зялёная зона. Потым улады ўнесьлі папраўкі. Чаму ў нас не пыталіся? У дзяржаўнай прэсе напісалі, што тут будзе рэстаран, больш дрэў і дзіцячая пляцоўка. Як больш, калі яблыні высекуць? Будзе суцэльны асфальт. У нас на раёне дастаткова кавярняў, рэстаранаў. А дрэў не хапае. У нас такая загазаванасьць, што няма чым дыхаць. Тут прамысловы гігант «Гомсельмаш», транспартны паток», — кажа Ганна.
Ларыса Пархоменка зьвяртае ўвагу, што на гэтай тэрыторыі летась высадзілі каля 40 дрэваў. Цяпер іх сьсякуць.
«Чыноўнікаў гэта не хвалюе, бо яны жывуць не на Сяльмашы, а на беразе Сожа. Прэзыдэнт казаў, каб не секлі дрэвы, а садзілі, а нашыя чыноўнікі апошнія высякаюць. Гэта сабатаж супраць прэзыдэнта? Мы напішам яму адкрыты ліст, і хай разьбярэцца. Калі ня прымуць меры – ніхто з нас ня пойдзе галасаваць!», — абяцае Ларыса.
Марыя дадае, што яблыневы сад плянамерна высякаюць з 2011 году. Тады дрэвы высеклі праз дарогу, пад камэрцыйны аб’ект. Там плянавалася крама аўтазапчастак, якую дагэтуль не пабудавалі.
«Нам ня трэба рэстаран. Пакіньце нам дрэвы, пастаўце тут лавачкі. Хай бы хто ўбачыў, які жах у нашых дварах — калдобіны, няма асьвятленьня, забіцца можна. Толькі цэнтар гораду ў нас добраўпарадкоўваюць, плітку перакладаюць, калі едзе прэзыдэнт», — кажа Марыя.
«Як савецкая ўлада тут пабудавала — так і засталося!»
Сяргей Палякоў усё жыцьцё пражыў на Сяльмашы. Тут жыла ягоная бабуля. 39 гадоў таму дом яе зруйнавалі, але яблыні засталіся.
«Яблыні тады нікому не заміналі. Цяпер іх сьсякуць? Як савецкая ўлада тут пабудавала нешта, так усё і засталося. Нічога не пабудавалі, нічога не рамантуецца», — кажа Сяргей.
Аляксандар Яфрэмаў таксама за зялёную зону і супраць рэстарану хуткага харчаваньня.
«Праблема беларусаў у тым, што яны ня могуць аб’яднацца, каб адстойваць свае правы. Сюды прыходзяць інвэстары і будуць абдзіраць наш народ», — лічыць Аляксандар.
Пэнсіянэр Уладзімер больш за 40 гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве «Гомсельмаш».
«Тут побач тэрмічны цэх, фарбавальны, шкодныя выкіды – і дрэвы сьсякуць», — абураецца мужчына.
«Будзе экапаркоўка, па пэрымэтры пасадзім дрэвы»
Жыхароў мікрараёну запрасілі ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну. Там зь імі размаўлялі намесьніца кіраўніца адміністрацыі Чыгуначнага раёну Надзея Куніцкая, прадстаўнікі камітэту архітэктуры аблвыканкаму і ўпраўленьня архітэктуры гарвыканкаму і кіраўнік праекту будоўлі рэстарану Аляксандар Слуцкі. Ён паведаміў, што ўсе дрэвы абсьледавалі і выявілася, што 29 зь іх аварыйныя, павінны быць ліквідаваныя.
Замест 29 «кепскіх» дрэў кіраўнік праекту абяцаў высадзіць 69 новых. У гэтым жа раёне, толькі ў іншым месцы.
«Плюс нам трэба выплаціць кампэнсацыю за газон. Хоць гэта не газон, а бур’ян, але мы мусім аддаць кампэнсацыю ў 27,8 тысячы рублёў у бюджэт», — дадаў Аляксандар Слуцкі.
Надзея Куніцкая зазначыла, што жыхары вуліц Яфрэмава і Фадзеева ня ўдзельнічалі ў грамадзкім абмеркаваньні, бо паступіла толькі 15 прапаноў. Паводле яе, мікрараёну патрэбен гэты аб’ект, бо гэта будзе для сямейнага адпачынку, і без алькаголю.
«Мы пэнсіянэры, навошта нам „сямейны адпачынак“? Нам спакой патрэбен», — адрэагавалі прысутныя.
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі прапанавала азнаёміцца з праектам сквэру на вуліцы Чапаева.
«Гэта далёка ад нас, пакіньце нам нашы дрэвы», — запярэчылі жыхары вуліцы Яфрэмава.
Людзі пачалі абяцаць, што самі замест аварыйных яблынь высадзяць новыя.
«Чаму раней не высадзілі?», — спыталася Надзея Куніцкая.
Яна даводзіла, што кожная маладая сям’я хоча ўласнае жытло, мае права на адпачынак, на працоўныя месцы.
«На чыстае паветра мы маем права!» — выгукнулі прысутныя.
«Вы павінны разумець, што вы жывяце ў вялікім мэгаполісе, і проста сказаць: «Я не хачу» нельга. Вы не ўяўляеце, каб узгадніць праект, колькі службаў павінны паставіць свой подпіс!», — казала намесьніца кіраўніка адміністрацыі.
«А нам ня трэба гэтага ведаць. Мы павінны дыхаць чыстым паветрам», — адрэагавалі прысутныя.
Намесьнік старшыні камітэту архітэктуры аблвыканкаму Святлана Кухацкалавец прапанавала людзям такі варыянт:
- заказчык пабудуе экапаркоўку (квадратны мэтар на аўтамабіль, квадратны мэтар – на газон);
- у дварах, дзе скажуць людзі, замоўца пабудуе гульнявы комплекс;
- на пэрымэтры рэстарану пасадзяць дрэвы;
- падрыхтуюць новы праект рэстарану – зь візуалізацыяй, зьменамі (кшталту дрэў па пэрымэтры), гульнявым комплексам;
- пройдзе яшчэ адна сустрэча з жыхарамі мікрараёну, дзе ім прадэманструюць праект са зьменамі.
Кіраўнік праекту Аляксандар Слуцкі абяцаў, што зробяць і экапаркоўку, і дрэвы на пэрымэтры, і гульнявы комплекс.
«Дайце нам час напісаць адкрыты ліст прэзыдэнту», — адрэагавала Ларыса Пархоменка.
Адміністрацыя Чыгуначнага раёну абяцала паклікаць прадстаўнікоў жыхароў на наступную сустрэчу, каб прадставіць праект рэстарану з дапаўненьнямі.
10 сакавіка раніцай стала вядома, што ў садзе пачалі выкопваць маладыя дрэвы, пасаджаныя летась.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН