Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму ў сьледчым ізалятары забаранілі спатканьні і перадачы


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Віцебскім праваабаронцам Леаніду Сьвеціку і Паўлу Левінаву не дазволілі спаткацца з палітвязьнем Міхаілам Жамчужным, якога з калёніі ў Горках перавялі ў віцебскі сьледчы ізалятар.

«У адміністрацыі не далі сустрэцца і забаранілі для яго перадачу. Дазволілі толькі пералічыць грошы на ягоны рахунак. Сёньня мы пералічылі яму невялікую суму», — паведаміў Леанід Сьвецік 6 сакавіка.

У канцы лютага стала вядома, што заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Плятформ інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага, які адбывае 6 з паловай гадоў зьняволеньня, этапавалі з горацкай калёніі ў віцебскі сьледчы ізалятар.

Пазьней высьветлілася, што Міхаіла Жамчужнага зьбіраюцца дапытаць у межах іншай крымінальнай справы — пра зьніклую маёмасьць, — якую заводзілі яшчэ ў 2011 годзе. Пра гэта Свабодзе паведаміла прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

«У лісьце ад 21 лютага Міхаіл паведаміў, што яго адзін раз дапыталі і больш не чапаюць. Сядзіць, як сядзеў, у адзіночцы. Сказалі, што адправяць ізноў у Горкі празь месяц. Таму мы і хацелі сустрэцца ды перадаць перадачу, каб падтрымаць», — расказаў Леанід Свецік.

Хто такі Жамчужны?

  • Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
  • У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна.
  • У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».
  • У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.
  • Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі. Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
  • Адбываў пакараньне ў калёніях у Навасядах і Івацэвічах. Апошнія больш як два гады знаходзіўся ў Горацкай папраўчай калёніі № 19.
  • Адмовіўся пераходзіць у атрад зь вязьнямі зь нізкім статусам. За гэта адбыў у карцэры больш за 500 дзён.
  • Заяўляў пра правакацыі супраць яго з боку адміністрацыі калёніі і працягваў абскарджваць вынесены яму прысуд.
  • Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
  • На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG