Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме сьведку Яговы прысудзілі 6 гадоў калёніі


Сяргей Філатаў
Сяргей Філатаў

Суды ў анэксаваным Расеяй Крыме ў чацьвер, 5 сакавіка, вынесьлі прысуды двум членам рэлігійнай арганізацыі Сьведкі Яговы.

Суд у Джанкоі прысудзіў мясцоваму жыхару Сяргею Філатаву шэсьць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Пра гэта паведамляюць «Крым. Реалии са спасылкай» на грамадзкае аб’яднаньне «Крымская салідарнасьць».

Сяргея Філатава прызналі вінаватым у арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі. Расейскі Вярхоўны суд у 2017 годзе прызнаў рэлігійную арганізацыю Сьведкі Яговы экстрэмісцкай і забараніў яе дзейнасьць у Расеі. Філатава забралі ў СІЗА проста з будынка суду.

Пракуратура прасіла для яго 7 гадоў калёніі. Філатаў — бацька чацьвярых дзяцей, ён, як сьцьвярджаецца, пераехаў у Крым з Херсону ў сувязі з тым, што трэба было даглядаць хворую дачку.

У Ялце ў той жа дзень суд аштрафаваў сьведку Яговы Арцёма Герасімава на 400 тысяч рублёў.

Герасімава прызналі вінаватым праз тое ж абвінавачаньне — у арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі. Пракуратура прасіла для яго рэальны тэрмін — 6,5 года пазбаўленьня волі.

Сьведкі Яговы ў Расеі рэгулярна зазнаюць крымінальны перасьлед. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнае іх палітвязьнямі. Рэпрэсіі супраць вернікаў неаднаразова асуджалі Злучаныя Штаты.

  • Дзясяткі людзей былі асуджаныя ў Крыме паводле абвінавачваньня ва ўдзеле ў дзейнасьці мусульманскай арганізацыі «Хізб-ут-Тахрыр», якая ў Расеі прызнана тэрарыстычнай. Ні «Хізб-ут-Тахрыр», ні Сьведкі Яговы не забароненыя ва Ўкраіне.

У што вераць Сьведкі Яговы

  1. Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
  2. Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
  3. Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
  4. Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
  5. Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
  6. Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
  7. Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
  8. Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
  9. Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
  10. Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
  11. Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
  12. Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
  13. Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
  14. Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
  15. Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.

Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG