Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шахце «Беларуськалію» загінуў рабочы, яшчэ 7 чалавек пацярпелі

абноўлена

 «Беларуськалій» у Салігорску, ілюстрацыйнае фота
«Беларуськалій» у Салігорску, ілюстрацыйнае фота

Кіроўца падземнай машыны атрымаў траўмы ў шахце ААТ «Беларуськалій» і пазьней памёр у лякарні, яшчэ 7 чалавек пацярпелі, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, падземная машына для перавозкі пасажыраў сутыкнулася з цаліком горнай выпрацоўкі. У выніку пацярпелі работнікі прадпрыемства, якія знаходзіліся ў машыне.

У бальніцу даставілі восем работнікаў, кіроўца аўтамабіля ад атрыманых траўмаў памёр.

Чацьвёра пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі, двое — у траўматалягічным аддзяленьні Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яшчэ аднаго пацярпелага пасьля агляду адпусьцілі дадому, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў Тэлеграме. У салігорскай бальніцы праводзяць кансыліюм па лячэньні пацярпелых шахцёраў з удзелам лекараў абласнога ўзроўню — траўматоляга і анестэзіёляга-рэаніматоляга.

На месцы здарэньня працуюць сьледчыя, у шахту на глыбіню больш за 600 м спусьцілася сьледча-апэратыўная група.

Вядомыя інцыдэнты на «Беларуськаліі» за апошнія гады

Шахтар — адна з самых небясьпечных прафэсій. Штогод на «Беларуськаліі» гінуць людзі.

2014 год — моцны пажар

У Салігорску на глыбіні 440 мэтраў загарэлася абсталяваньне ў шахце на адным з руднікоў «Беларуськалія». У шахце ў гэты час было 467 гарнякоў. Выратавальнікам удалося іх эвакуаваць.

2015 год — 2 чалавекі загінулі

25 красавіка 2015 году ў шахце першага рудаўпраўленьня «Беларуськалія» адбыўся абвал вырабаткі на глыбіні мінус 264 мэтры. Там замянялі аркі. Загінуў 37-гадовы праходчык.

2 лістапада загінуў 27-гадовы рабочы, выконваючы плянавыя працы на адным з участкаў трэцяга рудаўпраўленьня. Адбылося моцнае выдзяленьне мэтану.

2016 год — 4 чалавекі загінулі

9 чэрвеня ў другім рудаўпраўленьні ішоў мантаж мэталяканструкцыі. Яна ўпала. Загінуў 27-гадовы рабочы. А 22 чэрвеня кіроўца ў шахце ня справіўся з кіраваньнем транспартным сродкам і атрымаў траўмы.

12 ліпеня пры буравых працах загінуў 53-гадовы рабочы.

26 кастрычніка працаўнікі падраднай арганізацыі падымаліся ў люльцы да месца выкананьня дахавых працаў. Люлька абарвалася. 27-гадовы рабочы загінуў на месцы. Яшчэ трое былі траўмаваныя.

14 лістапада загінуў 22-гадовы машыніст горна-вымальных работ. Ён рамантаваў тэхніку, якая забясьпечвае вырубку парод. Хлопца прыціснула режучым мэханізмам праходчага камбайна.

2017 год — 1 чалавек загінуў

3 студзеня на 13-м паўночна-заходнім слупе гарызонту мінус 620 мэтраў трэцяга рудаўпраўленьня загінуў машыніст трэста «Шахтаспэцбуд» 52-гадовы Ўладзімер Штылёў.

2018 год — 2 чалавекі загінулі

9 сакавіка на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўленьня пры выкананьні зарубкі на тэхналягічную збойку 22б заходняга слупа гарызонту мінус 620 мэтраў адбыўся раптоўны выкід солі і газу. Загінулі двое рабочых — Максім Іваноў і Дзьмітры Валькоў.

2019 год — загінуў 1 чалавек

3 чэрвеня рабочы ў шахце атрымаў сьмяротную траўму: яго «прыціснула самаходным вагонам аб борт выпрацоўкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG