Студэнт з Ірану, у якога выявілі каранавірус COVID-19, знаходзіцца ў лякарні, там яго пратрымаюць два тыдні на карантыне.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
«Яго самаадчуваньне такое ж як учора, нічога не памянялася. У яго пакуль што прыкметаў захворваньня няма, ён пакуль проста носьбіт інфэкцыі».
27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў у Менск з Баку 22 лютага.
«Маем пацыента, якога нічога не хвалюе, у яго няма клінічных сымптомаў. Гэта можа быць прыкметаю носьбіта. На сёньня лячэньне не патрабуецца, бо ён ня мае клінічных сымптомаў», — сказаў учора міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы Менскай інфэкцыйнай лякарні.
У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне да 16 сакавіка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ