Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

12:33 3.4.2020

Славенская дзяржава аплоціць 80% заробку вымушаным часова не працаваць

Пакет дапамогі эканоміцы на суму ў 3 мільярды эўра прыняў парлямэнт у Любляне. Прэм’ер Славеніі Янэз Янша абяцаў у бліжэйшыя тыдні прадставіць яшчэ ня менш за дзьве праграм дапамогі, паведамляе DW.

Гэтыя сродкі дапамогуць прадпрыемствам i грамадзянам справіцца з фінансавымі наступствамі пандэміі. У ліку іншага, дзяржава возьме на сябе 80 адсоткаў выдаткаў

па зарплаце для тых, хто вымушаны часова не працаваць і на працягу двух месяцаў будзе кампэнсаваць дадатковыя выдаткі па заработнай плаце для тых грамадзян, якія працягваюць працаваць. Для асобных прадпрыемстваў і самазанятасьці прадугледжана выплата базавай дапамогі на суму ад 350 да 700 эўра.

Для студэнтаў, пэнсіянэраў і асоб, якія атрымліваюць сацыяльную дапамогу, выплаты будуць захаваныя або нават павялічаныя. Па апошніх дадзеных, у гэтай балканскай краіне з насельніцтвам больш за 2 млн чалавек інфікаваныя каранавірусам 897 грамадзян, 17 зь іх памерлі.

12:51 3.4.2020

Лукашэнка ня выключыў, што канікулы для школьнікаў падоўжаць

Школьныя канікулы, хутчэй за ўсё, прадоўжаць на тыдзень, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 3 красавіка ў Смалявіцкім раёне, адказваючы на пытаньні журналістаў.

«Патрабаваньні падоўжыць вакацыі з боку бацькоў, мэдыцыны — гэта няправільна. Але мы ня будзем вісець над бацькамі. Гэта іх дзеці. Як яны прымуць рашэньне ў гэтым каранапсыхозе, так і будзе», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, трэба вывучыць патэнцыйную напаўняльнасьць клясаў, таму рашэньне аб падаўжэньні канікул будзе прынятае заўтра-пасьлязаўтра. «Хутчэй за ўсё, мы працягнем на тыдзень», — сказаў Лукашэнка.

13:32 3.4.2020

У Азэрбайджане выходзіць на вуліцу можна будзе, толькі адправіўшы SMS

У Азэрбайджане з 5 красавіка становіцца больш жорсткім рэжым карантыну з прычыны пандэміі. Выходзіць на вуліцу можна будзе толькі пасьля адпраўкі SMS-паведамленьня з мэтай выхаду. Паведамленьні трэба будзе адпраўляць у апэратыўны штаб пры ўрадзе краіны.

Паведамленьні будуць адпраўляцца на бясплатны нумар 8103. Улады дазваляюць выходзіць толькі з трох прычынаў:

  • візыт да лекара;
  • купля прадуктаў ці лекаў, візыт у банк ці на пошту;
  • пахаваньне блізкага сваяка;

На візыт да лекараў адводзіцца 2 гадзіны, перасоўвацца можна ў межах раёну і гораду, дазвол на куплю харчоў таксама даецца на 2 гадзіны, але яго можна атрымліваць толькі раз на дзень.

13:41 3.4.2020

«Людзі баяцца пускаць дзяцей на заняткі». Ці адновяць пасьля вакацый урокі ў школах, дзе знайшлі каранавірус

6 красавіка ў беларускіх школах заканчваюцца вакацыі. Заняткі зьбіраюцца аднавіць нават там, дзе выявілі каранавірус у настаўнікаў і вучняў.

Зь неафіцыйных крыніц вядома пра як мінімум два выпадкі каранавірусу ў супрацоўнікаў і вучняў школ. У Доктаравічах Капыльскага раёну дайшло да праверкі на каранавірус вучняў некалькіх клясаў. Цяпер каля двух дзясяткаў дзяцей знаходзяцца на карантыне ў капыльскім шпіталі. Як даведалася Свабода, у некалькіх зь іх аналіз на каранавірус даў станоўчы вынік.

2 красавіка стала вядома, што з падазрэньнем на каранавірус шпіталізавалі некалькі вучняў і настаўніцу школы зь вёскі Камунар Буда-Кашалёўскага раёну. Цалкам чытайце тут>>

13:43 3.4.2020

«Гэта ня наш падыход». Лукашэнка пра імпрэзы падчас пандэміі

Аляксандар Лукашэнка заклікаў беларусаў не панікаваць з прычыны каранавірусу, а таксама выказаўся наконт правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Беларусі. У прыватнасьці заявіў, што іх не забараняюць, але нікога туды сілком не заганяюць.

«Гэта ня наш падыход і ня нашая канцэпцыя — нешта забараняць», — падсумаваў Лукашэнка, не ўдакладніўшы, ці маюцца на ўвазе найперш спартовыя спаборніцтвы.

13:44 3.4.2020

У Беларусі ўжо 351 выпадак каранавірусу. 16 чалавек на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх

Падчас рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Аляксандар Лукашэнка агучыў актуальныя лічбы па каранавірусе ў краіне, паведамляе АНТ. Паводле яго, на 3 красавіка зарэгістраваны 351 выпадак, з іх 46 выпісаных. 16 чалавек цяпер знаходзяцца на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Міністэрства здароўя Беларусі пакуль новых лічбаў інфікаваных каранавірусам і хворых станам на 3 красавіка не давала.

13:45 3.4.2020

«Насьпеў час раскрыць скарбонку». Лукашэнка паабяцаў падтрымаць бізнэс ва ўмовах каранавірусу

Аляксандар Лукашэнка даручыў падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы бізнэсу на фоне каранавірусу, піша БелТА.

«Не хачу сказаць, што выратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Але настаў час раскрыць скарбонку, укласьці ў бізнэс тыя запасы, якія ёсьць. Падтрымаем тых, хто хоча, каб яго падтрымалі, і другое — хто ўкладзецца сам. Трэба варушыцца ўсім», — падкрэсьліў Лукашэнка.

13:47 3.4.2020

У лякарні Шумілінскага раёну знаходзіцца хворы на COVID-19

Удзень 3 красавіка зьявілася інфармацыя пра магчымы выпадак каранавірусу ў гарадзкім пасёлку Шуміліне, цэнтры Шумілінскага раёну. Каранавірус выявілі ў мужчыны з райцэнтру. Ягоная жонка трапіла пад карантын, а памяшканьне ўстановы, у якой яна працуе, дэзынфікавалі спэцыялісты, паведамілі Свабодзе ў райвыканкаме.

13:51 3.4.2020

У Віцебску памёр 70-гадовы мужчына з COVID-19

Ноччу 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры памёр 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, у якога быў станоўчы тэст на COVID-19, піша Tut.by. Мужчына 5 дзён быў у рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Таксама COVID-19 выявілі ў ягонай жонкі Тацяны, якая цяпер у інфэкцыйнай лякарні з пнэўманіяй. Падрабязна чытайце тут>>

14:16 3.4.2020

Японія падтрымае сем’і грашамі

Палітыкі кіроўнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Японіі ўзгаднілі новыя меры стымуляваньня эканомікі ў краіне. Кожная хатняя гаспадарка, якая пацярпела ў пэўнай ступені ад пандэміі каранавірусу, павінна атрымаць 300 тысяч енаў ($2800).

Выплата гэткай дапамогі павінна стаць часткай пакету эканамічных стымулаў, які будзе прадстаўлены ўрадам на наступным тыдні. Плянуецца, што гэты пакет складуць уліваньні на агульную суму 276 мільярдаў даляраў.

14:40 3.4.2020

Яшчэ адна жанчына з каранавірусам памерла ў Менску

У 2-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску памерла 67-гадовая Вольга Дзеравянка. У яе хуткацечна разьвіўся ацёк лёгкіх, а тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік, паведаміла «Наша Ніва». Сын Мікалай пацьвердзіў Свабодзе сьмерць жанчыны, ён ведае са слоў бацькі, што ў яе быў каранавірус.

Муж жанчыны цяпер таксама ляжыць у бальніцы. Кажа, што жанчына ўвесь час сядзела дома, была на пэнсіі. Схадзіла толькі ў паліклініку за тыдзень да сьмерці, па рэцэпт. Цалкам чытайце тут>>

15:15 3.4.2020

Валянтэры закупілі 20 тысяч рэсьпіратараў для беларускіх шпіталяў

Каардынатар аднога з найбуйнейшых збораў, праваабаронца Андрэй Стрыжак расказаў на старонцы ў Facebook, што ім удалося набыць 20 тысяч рэсьпіратараў клясы ffp3 і адправіць іх у шпіталі. Рэсьпіратары ўжо адвезьлі (ці адвязуць неўзабаве) у Менск, Віцебск, Горадня, Ліда, Расоны, Наваполацак, Салігорск, Сьветлагорск, Гомель, Хоцімск, Бараўляны, Заслаўе.

Цяпер валянтэры абмяркоўваюць магчымасьць закупу бескантактных тэрмомэтраў і аднаразовых касьцюмаў і халатаў для шпіталяў, а таксама зьбіраюцца самі запусьціць вытворчасьць касьцюмаў. Цалкам чытайце тут>>

15:16 3.4.2020

Мітрапаліт Кандрусевіч просіць вернікаў заставацца дома

3 красавіка старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч папрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведваньня касьцёлаў і ўдзельнічаць у сьвяточных набажэнствах з дапамогай трансьляцый.

15:57 3.4.2020

На раніцу 3 красавіка — 4 сьмерці. Мінздароўя назвала колькасьць памерлых і інфікаваных COVID-19 у Беларусі

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 3 красавіка правяло прэс-канфэрэнцыю аб сытуацыі з пандэміяй каранавірусу і распаўсюдам COVID-19 у краіне. На 3 красавіка ў Беларусі зафіксавалі 351 выпадак каранавіруснай інфэкцыі.

На 8 гадзінаў раніцы​ 3 красавіка:

  • агулам па краіне зарэгістраваны 351 выпадак каранавіруснай інфэкцыі: 1 у Берасьейскай вобласьці, 2 у Магілёўскай, 6 у Горадзенскай, 13 у Гомельскай, 50 у Менскай, 89 у Віцебскай, 190 у Менску;
  • каля паловы выпадкаў інфэкцыі — у людзей ад 25 да 64 гадоў;
  • «выразна пацьверджаныя» 4 сьмерці пацыентаў з COVID-19, а пасьля 18 гадзінаў стануць вядомыя новыя лічбы — калі будуць атрыманыя копіі пасьведчаньняў аб сьмерці.
  • памерых пацыентаў у беларускай статыстыцы сапраўды залічваюць у «ачунялых і выпісаных»;
  • агулам за тры месяцы 2020 году ўсіх выпадкаў пнэўманіяў стала менш: летась за той пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралекаваных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а за гэты — 18 032 пралекавалі, 128 памерлі.
16:50 3.4.2020

«Купалаўскі дома». Нацыянальны тэатар будзе паказваць свае спэктаклі онлайн

Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы анансаваў новы онлайн-праект «Купалаўскі дома» — гэта паказы спэктакляў з архіву тэатру, творчых вечароў, сустрэч, сьвяточных імпрэзаў і іншых

18:02 3.4.2020

Расея ў ноч на суботу прыпыніць міжнародныя авіярэйсы

Як паведамлялася, з аўторка Расея вырашыла скараціць колькасьць рэйсаў для вывазу расейцаў з замежных краін. Рашэньне прынятае дзеля больш якаснай мэдычнай праверкі тых, хто прыбывае з-за мяжы, патлумачыў міністар транспарту Расеі Яўген Дзітрых.

18:05 3.4.2020

Каранавірус у Мэксыцы прыпыніў вытворчасьць піва Corona

Пра гэта паведаміла піваварная кампанія Grupo Modelo, піша Daily Mail. Вытворца растлумачыў, што ўрад залічыў яго да прадпрыемстваў, дзейнасьць якіх не зьяўляецца істотнай для эканомікі падчас карантыну.

19:10 3.4.2020

У катоў ва Ўхані знойдзены каранавірус. У горадзе Шэньчжэнь іх ужо забаранілі есьці

Прыкладна ў 15% катоў у кітайскім горадзе Ўхань выяўлены новы каранавірус SARS-CoV-2. Пра гэта гаворыцца ў папярэдняй навуковай публікацыі электроннай бібліятэкі bioRxiv.

19:29 3.4.2020

«Белавія» прыпыняе палёты ў Вільнюс з 6 красавіка

З 6 красавіка авіякампанія «Белавія» па рашэньні літоўскага боку прыпыняе выкананьне рэйсаў у Вільню, паведаміла МЗС Беларусі ў Facebook.

19:31 3.4.2020

Прабачце, мы зачыніліся! Закрыцьцё межаў адной карцінкай

Паводле стану на 31 сакавіка 2020, як найменей 93 працэнтаў насельніцтва сьвету жыло ў краінах, якія ўвялі частковае або поўнае закрыцьцё межаў, каб не пускаць у краіну неграмадзянаў або асобаў без дазволу на жыхарства - у якасьці сродку барацьбы супраць COVID-19.

'
'

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG