Колькасьць тых, хто заразіўся COVID-19, перавысіла 1 мільён чалавек
На вечар 2 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1 мільён выпадкаў COVID-19: звыш 235 тысяч у ЗША, звыш 115 тысяч у Італіі, больш як 110 тысяч у Гішпаніі, амаль 82 тысячы ў Кітаі, звыш 84 тысяч у Нямеччыне, 57 тысяч у Францыі, 59 тысяч у Іране, за 33 тысячы ў Вялікай Брытаніі, за 18 тысяч у Швайцарыі.
Усяго ад новага каранавірусу за час пандэміі памерлі 51 356 чалавек, выздаравелі 210 199.
5 рэчаў, якія трэба ведаць пра тэсты на каранавірус
Галоўныя навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 2 красавіка
- Колькасьць тых, хто заразіўся COVID-19, перавысіла ў сьвеце 1 мільён чалавек
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню з 30 сакавіка апублікавала поўную статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі: 254 хворых на COVID-19, выпісалі 46, памерлі 4.
- Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу: «Аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі».
- У Беларусі адмянілі адкрыцьцё мотасэзону, якое звычайна наведваў Віктар Лукашэнка
- У Менску пачалася сэсія Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншага, дэпутаты разгледзяць адміністрацыйную адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра стан свайго здароўя.
- Урад Беларусі заплянаваў падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі на 110 млн рублёў.
- Праваслаўны мітрапаліт Павел абляцеў межы Беларусі з малітвамі аб спыненьні пандэміі.
- На сайце Avaaz.org зьявілася пэтыцыя «Памажыце Беларусі перажыць COVID-19», адрасаваная генэральнаму дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу.
- Малодшых школьнікаў зь вёскі ў Буда-Кашалёўскім раёне ізалявалі ў шпіталі для абсьледаваньня на каранавірус: трэнэр аднаклясьніка выявіўся інфікаваным COVID-19.
- На магілёўскім мясакамбінаце на паўгадзіны скарацілі працоўны дзень — каб працаўнікі ня езьдзілі ў гадзіну пік.
- Віцебскі тэатар, дзе памёр актор з каранавірусам, распусьцілі да 26 красавіка.
- Першы выпадак каранавірусу выяўлены ў Столінскім раёне. Інфікаваны адмаўляўся здаць аналіз добраахвотна.
- Прэзыдэнт Філіпінаў загадаў «страляць насьмерць» у носьбітаў каранавірусу, калі яны будуць супраціўляцца. Прэс-служба прэзыдэнта кажа пра «гіпэрбалы».
- У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік.
- У Італіі ўжо больш за дзесяць тысяч мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Прафсаюз дактароў гаворыць пра недастаткова дбайнае стаўленьне да лекараў, адсутнасьць сродкаў аховы, нерэгулярныя аналізы.
- Грэцкая праваслаўная царква ў сувязі з кандэміяй перанесла сьвяткаваньне Вялікадня на канец траўня.
- Колькасьць памерлых ад каранавірусу ў ЗША перавысіла 1000 за дзень.
Лічбы на раніцу 3 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 1,015 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 245 тысяч у ЗША, звыш 115 тысяч у Італіі, 112 тысяч у Гішпаніі, амаль 85 тысяч у Нямеччыне, каля 82,5 тысячы ў Кітаі, 59 тысяч у Францыі, 50 тысяч у Іране, амаль 34 тысячы ў Вялікай Брытаніі, амаль 19 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі звыш 53 тысяч чалавек. Зь іх 13 915 у Італіі, 10 348 у Гішпаніі, 6088 у ЗША, 5387 у Францыі, 3326 у Кітаі, 3160 у Іране.
- Выпісалі амаль 213 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца амаль 750 тысяч, зь іх звыш 37,6 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 2 красавіка былі выяўленыя 300 выпадкаў COVID-19: зь іх 254 пацыенты на лячэньні (зь іх 11 на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх), 42 выпісаныя здаровымі, памерлі 4 чалавекі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
Трамп апрабаваў экспрэс-тэст на каранавірус
У лісьце, падпісаным лекарам прэзыдэнта ЗША Шонам Конлі, гаворыцца, што Дональд Трамп прайшоў паўторны тэст на каранавірус. Першы раз прэзыдэнта праверылі на наяўнасьць каранавірусу ў мінулым месяцы, пасьля сустрэчы з дэлегацыяй ураду Бразыліі, адзін з чальцоў якой, як пасьля высьветлілася, быў хворы COVID-19.
Трамп прайшоў абсьледаваньне з дапамогай новага экспрэс-тэсту, вынікі якога былі гатовыя праз 15 хвілін.
«Ён здаровы, сымптомы адсутнічаюць», — пацьвердзіў лекар прэзыдэнта.
МЗС Беларусі дапамагло вярнуцца з-за мяжы 5840 грамадзянам краіны
У міністэрстве прызнаюць, што найбольш вострымі па-ранейшаму застаюцца праблемы з далёкімі краінамі, у прыватнасьці сытуацыя ў Індыі, Віетнаме, Шры Лянцы, Тайляндзе, Інданэзіі.
«Белавія» працягвае выконваць рэгулярныя рэйсы ў Армэнію (Ерэван), Вялікую Брытанію (Лёндан), Вэнгрыю (Будапэшт), Нямеччыну (Бэрлін, Мюнхэн, Франкфурт-на-Майне, Гановэр), Ізраіль (Тэль-Авіў), Гішпанію (Барсэлёна), Літву (неабходна ўлічваць анансаваныя літоўскім бокам новыя абмежаваньні), Нідэрлянды (Амстэрдам), Турэччыну (Стамбул), Фінляндыю (Хэльсынкі), Францыю (Парыж), Чэхію (Прага), Швайцарыю (Жэнэва), Швэцыю (Стакгольм), Эстонію (Талін).
«Гэтыя маршруты актыўна выкарыстоўваюцца і замежнымі грамадзянамі для вяртаньня празь Менск у краіны грамадзянства», —паведамілі ў МЗС Беларусі.
«Рана ўзяты тэст можа быць ілжэадмоўны». Лекар расказвае, як Ізраіль перажывае пандэмію каранавірусу
Натан Цімкін, спэцыяліст ва ўнутраных хваробах, працуе сямейным лекарам у Ізраілі, дзе цяпер увялі карантын і робяць штодзень да 6 тысяч тэстаў на каранавірус. Захварэлі ў Ізраілі агулам 6211 чалавек. Трыццаць памерлі.
Штраф за парушэньне карантыну, лекары ідуць дадаткова працаваць валянтэрамі, а зь лёгкай формай каранавірусу хварэюць дома. Свабода распытала доктара з Ізраілю Натана Цімкіна, як там змагаюцца з пандэміяй.
Беларуская статыстыка каранавірусу заблытала міжнародныя арганізацыі і журналістаў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 2 красавіка апублікавала поўную статыстыку выпадкаў COVID-19 у краіне ўпершыню за тры дні. Але міжнародныя арганізацыі пакуль не атрымалі гэтыя лічбы, а беларускіх журналістаў заблыталі ўключэньнем памерлых у лік тых, хто «выздаравеў і выпісаны».
Сусьветная арганізацыя здароўя па стане на 2 красавіка ведае пра 192 лябараторна пацьверджаныя выпадкі новага каранавірусу ў Беларусі і 2 сьмерці пацыентаў з каранавірусам у Беларусі. Эўрапейскі цэнтар кантролю і прадухіленьня хваробаў (ECDC) у справаздачы 2 красавіка піша пра 152 выпадкі каранавірусу ў Беларусі і 0 сьмерцяў. Папулярны няўрадавы сайт Worldmeters.org, які акумулюе статыстыку з усіх краінаў і на зьвесткі якога спасылаюцца шматлікія СМІ, піша пра 304 выпадкі COVID-19 і 4 сьмерці ў Беларусі.
А правільныя лічбы, як расказалі Onliner.by у Мінздароўя, гэта 300 выпадкаў і 4 сьмерці: аказалася, 4 памерлых у Мінздароўя ўключаюць у лік 46 тых, хто «выздаравеў і выпісаны».
Беларускія лекары тым часам ананімна заяўляюць, што ня ўсім інфікаваным новым каранавірусам ставяць такі дыягназ, а статыстыка Мінздароўя не адпавядае рэчаіснасьці.
ЗША, Эўразьвяз, Брытанія і Ўкраіна заблякавалі расейскі праект рэзалюцыі ААН аб адмене санкцыяў на час пандэміі
Генэральная Асамблея ААН 2 красавіка прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала да «міжнароднай супрацы» ў барацьбе з пандэмічнай каранавіруснай інфэкцыі. Тэкст адлюстроўвае агульную заклапочанасьць распаўсюдам COVID-19.
Рэзалюцыя заклікае генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша ўзначаліць мабілізацыю і каардынацыю глябальнага рэагаваньня на пандэмію.
Праект дакумэнту быў прадстаўлены Швайцарыяй, Інданэзіяй, Сынгапурам, Нарвэгіяй, Ліхтэнштэйнам і Ганай, і быў прыняты кансэнсусам 193 краінаў-чальцоў.
Яшчэ адзін праект рэзалюцыі, прадстаўлены Расеяй, таксама спасылаўся на неабходнасьць салідарнасьці перад праблемамі, але таксама ўтрымліваў палажэньні аб агульным скасаваньні міжнародных санкцыяў.
Расейскі праект падтрымалі толькі чатыры краіны: Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Куба, Нікарагуа і Вэнэсуэла. Але Эўразьвяз Вялікая Брытанія, ЗША і Ўкраіна заблякавалі праект.
Вытворца Cadillac і Chevrolet пачне выпускаць апараты штучнага дыханьня
Дональд Трамп паведаміў, што амэрыканская кампанія General Motors (GM) пачне вырабляць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, у якіх мае патрэбу шмат амэрыканскіх
бальніц для лячэньня пацыентаў, якія заразіліся COVID-19.
Аўтавытворца будзе таксама выпускаць ахоўныя рэсьпіратары N95 па замове дзяржавы. Гэта стала магчымым дзякуючы Закону аб абароннай вытворчасьці, які задзейнічаў Трамп.
Прадстаўнікі GM раней на гэтым тыдні паведамілі, што кампанія ўжо падвоіла аб’ём вытворчасьці масак і рэспіратараў у студзені, а таксама плянуе «яшчэ раз падвоіць нашы магутнасьці, да 2 мільярдаў штук ва ўсім сьвеце на працягу наступных 12 месяцаў».
На сваіх амэрыканскіх заводах кампанія плянуе вырабляць 50 мільёнаў рэсьпіратараў N95 у месяц, што на 40% перавышае цяперашні ўзровень вытворчасьці кампаніі. Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што ён плянуе ў найбліжэйшай будучыні яшчэ некалькі разоў задзейнічаць Закон аб абароннай вытворчасьці.
У Італіі за дзень ад COVID-19 ачуняла ўдвая больш людзей, чым памерла
Увечары ў чацьвер грамадзянская абарона Італіі прадставіла новую статыстыку: 2 красавіка колькасьць заражаных павялічылася менш чым на 2,5 тысячы, то бок яна расьце павольней, чым у сераду, калі іх было больш за 2,9 тысячы.
На жаль, сьмяротнасьць застаецца высокай: у чацьвер каранавірус забраў жыцьці
760 чалавек, гэта на 33 больш, чым на дзень раней. Але акрыяла ўдвая больш людзей, чым памерла.
Расьце працэнт заражаных, ізаляваных дома, гэта значыць хворых без сымптомаў альбо зь лёгкімі сымптомамі), агулам іх больш за 50 тысяч. Гэта азначае, што працэнт людзей, якія маюць патрэбу ў стацыянарнай дапамозе, паступова зьніжаецца. Па словах кіраўніка грамадзянскай абароны Анджэла Барэлі, у чацьвер у рэанімацыі трапілі толькі 18 пацыентаў.
Ад успышкі эпідэміі COVID-19 у Італіі памерлі 13 915 чалавек. 18 278 чалавек паправіліся. У цяперашні час колькасьць інфікаваных сягае 83 000.
У Беларусі заснавалі «Мапу дапамогі». Шукаюць, каму цяжка падчас пандэміі і хто можа дапамагчы
Мапа дапамогі» даступная тут.
Для папаўнення кантактаў існуюць некалькі гугл-формаў.
- Для тых, хто можа дапамагчы
- Для тых, каму патрэбна дапамога
Заяўкі таксама можна пакідаць у Тэлеграм-чаце для аказаньня дапамогі падчас пандэміі каранавірусу.
Літва забараніла ўезд усіх легкавых аўтамабіляў зь Беларусі
3 красавіка ў Літве набыла моц урадавая забарона на ўезд легкавых аўтамабіляў з Расеі і Беларусі. Пасажыры з Латвіі і Польшчы змогуць перамяшчацца праз два памежныя пераходы.
«Пасьля поўначы з Расеі і Беларусі ў Літву не дазваляецца ўезд ні праз адзін кантрольны пункт. На грузавы транспарт гэта не распаўсюджваецца», — адзначыў у камэнтары агенцтву BNS прадстаўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.
Дагэтуль пакідалася такая магчымасьць для літоўскіх грамадзянаў, якія перасоўваліся транзытам празь Беларусь і Расею, грамадзян зь відам на жыхарства ці дазволам на працу ў Літве, і хто ехаў на пахаваньне сваякоў.
62% апытаных беларусаў лічаць, што сытуацыя з каранавірусам пагоршыцца
Як зьменіцца сытуацыя з каранавірусам цягам месяца:
- 62% апытаных лічаць, што пагоршыцца;
- 11%, што ня зьменіцца;
- 17%, што палепшыцца;
- жанчыны больш пэсымістычныя за мужчын: адказ пра пагаршэньне выбралі 64% супраць 59%;
- чым лепшая адукацыя, тым больш пэсымізму: толькі 47% людзей зь сярэдняй адукацыяй лічаць, што сытуацыя пагоршыцца, супраць 68% з вышэйшай.
Найбольш імаверныя наступствы пагаршэньня сытуацыі:
- 59% рэспандэнтаў мяркуе, што сыстэма аховы здароўя ня зможа дапамагчы ўсім у Беларусі;
- 48%, што вырасьце колькасьць вымушаных водпускаў за свае грошы;
- 44%, што ўпадзе курс рубля;
- 40%, што зьнізяцца заробкі;
- 29%, што павялічыцца недахоп лекаў і сродкаў мэдыцынскай абароны;
- 21%, што вырасьце беспрацоўе;
- 14%, што зьявіцца дэфіцыт прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці;
- толькі 3%, што вырасьце злачыннасьць.
Што рабіць проста цяпер:
- 70% апытаных лічаць, што ўжо сёньня трэба забараніць усе грамадзкія імпрэзы;
- 56%, што закрыць на карантын усе навучальныя ўстановы;
- 53%, што прымусіць працадаўцаў перавесьці на дыстанцыйную працу ўсіх, каго магчыма;
- 39%, што ўвесьці буйныя штрафы за рызыкоўныя паводзіны, якія могуць спрыяць распаўсюду каранавірусу;
- 30%, што закрыць усе аб’екты гандлю, акрамя «жыцьцёва важных»;
- 29%, што арганізаваць асобныя гадзіны наведваньня крамаў і аптэк для людзей з групаў рызыкі;
- 19%, што ўвесьці ўсеагульны камэнданцкі час;
- 8%, што нічога з гэтага ня трэба рабіць.
«Застаньцеся дома ўсе, каб потым усім прыйсьці ў касьцёл». Велікодныя каталіцкія службы пакажуць у тэлевізіі
Каб не дапусьціць распаўсюджваньня эпідэміі каранавірусу, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько заклікаў не пускаць у касьцёл старых, дзяцей і моладзь.
«Застаньцеся сёньня дома ўсе — каб потым усім прыйсьці ў касьцёл!!! — напісаў сьвятар у Фэйсбуку. — Памятайце, што не вада асьвячае стравы на стол, вярбу, а малітва!»
Юры Санько нагадаў, што ўдзельнічаць у велікодных службах можна, дзякуючы трансьляцыям.
Як паведамляе сайт catholic.by, сёлета плянуецца жывая тэлевізійная трансьляцыя ня толькі імшы Велікоднай вігіліі, але таксама сьвятой імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацьвер і набажэнства Вялікай пятніцы.
Каранавірус не паўплываў на расклад чэмпіянату Беларусі па футболе і сярод жанчын
Беларуская фэдэрацыя футболу ня мае намеру ссоўваць каляндар 29-га па ліку жаночага першынства. Яно стартуе 16 красавіка, пройдзе ў тры колы і завершыцца 8 лістапада.
Згодна зь лёсаваньнем у Доме футболу, дзейныя чэмпіёнкі краіны футбалісткі «Менска» у першым туры прымуць магілёўскі «Дняпро». Уладальнікі срэбных мэдалёў папярэдняга турніру сталічная «Зорка-БДУ» згуляе ў гасьцях супраць каманды Берасьцейскага цэнтру алімпійскага рэзэрву, бронзавыя прызэркі з горадзенскага «Нёману» выправяцца да «Бабруйчанкі».
Тым часам 3-5 красавіка пройдзе трэці тур у мужчынскай вышэйшай лізе. Напярэдадні заплянаваных матчаў заўзятары большай часткі клюбаў заявілі аб прыпыненьні наведваньня фанацкіх сэктараў празь небясьпеку пандэміі каранавірусу.
На гэта ў фэдэрацыі заявілі, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем і ніякай пагрозы аматарам футболу няма.
Улады ў Наваполацку прапануюць зьмяніць умовы працы для пажылых людзей. Каб засьцерагчы ад каранавірусу
Наваполацкі гарвыканкам рэкамэндаваў арганізацыям «дзеля прафіляктыкі неспрыяльных эпідэміялягічных умоваў» выключыць працу асобаў, старэйшых за 65 гадоў, у месцах масавага знаходжаньня людзей.
Таксама асобам, старэйшым за 65 гадоў, прапануецца памяняць рэжым работы: арганізаваць дыстанцыйную працу, даць працоўныя, сацыяльныя водпускі і так далей.
Работнікаў, якія знаходзіліся ў службовай выправе ў краіне са складаным эпідэмічным становішчам, будуць адхіляць ад працы, каб выключыць рызыку магчымага распаўсюду інфэкцыі.
Выканкам прапануе ўвесьці і «масачны рэжым» у арганізацыях, якія непасрэдна абслугоўваюць насельніцтва, у тым ліку на аб'ектах гандлю і грамадзкага харчаваньня.
Яшчэ на працоўных месцах павінны кантраляваць наяўнасьць дэзынфэкцыйных сродкаў, антысэптыкаў для апрацоўкі рук.
Акрамя таго, прапануецца зрабіць неабходныя захады «для прафіляктыкі і папярэджаньня ня толькі прафэсійных, але і іншых захворваньняў работнікаў».
Апазыцыя патрабуе ад Міністэрства здароўя Беларусі зьвестак пра эпідэмію ў рэжыме онлайн
Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і руху «За свабоду» выступілі з заявай, у якой патрабуюць адкрытай інфармацыі пра распаўсюд COVID-19 у Беларусі.
«Мы лічым, што адсутнасьць поўнай інфармацыі пра распаўсюд каранавірусу стварае падставу для чутак, спараджае страх, сее паніку ўнутры грамадзтва, — адзначаюць прадстаўнікі апазыцыі. — Мы перакананыя, што гэтага можна пазбегнуць, калі Міністэрства здароўя ў рэжыме онлайн пачне інфармаваць пра колькасьць хворых, даваць рэкамэндацыі, як абараніць сябе ад каранавірусу, называць населеныя пункты, у якіх выявілі выпадкі захворваньня».
Аўтары звароту ўпэўненыя, што каапэрацыя грамадзянскай супольнасьці, мэдыя, а таксама ўлады здолее мабілізаваць усе магчымыя рэсурсы на барацьбу з пандэміяй.
J:Морс сёньня дасьць бясплатны «хатні канцэрт» у жывым эфіры. Заўтра грае Хаменка
Беларускі рок-гурт J:Морс дасьць 3 красавіка бясплатны канцэрт на Youtube-канале Onliner.by, абяцае выканаць любімыя песьні і адказаць на пытаньні слухачоў. Пачатак у 19:30.
Арганізатары канцэрту з Onliner.by заклікаюць беларусаў заставацца дома ва ўмовах пандэміі каранавірусу — кажуць, «гэта найлепшае рашэньне, якое можна прыняць у бліжэйшы час, а мы зробім так, каб хатнія пасядзелкі прайшлі бадзёра».
У панядзелак Onliner ужо ладзіў падобны інтэрнэт-канцэрт з Naviband. Інтэрнэт-канцэрты ўжо давалі :B:N:, Leibonik, Лявон Вольскі і іншыя музыкі, у інтэрнэт-фармаце прайшло сьвяткаваньне Дня Волі.
4 красавіка ў межах праекту «Бясьпечны Live» выступіць Алег Хаменка — лідэр гурту «Палац». Пачатак у 18.00.