«Памажыце Беларусі выжыць». Дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя напісалі дзьве пэтыцыі
На сайце Avaaz.org зьявілася пэтыцыя «Памажыце Беларусі перажыць COVID-19», адрасаваная генэральнаму дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу. На момант публікацыі сабралі 23 тысячы подпісаў.
У звароце Аданома просяць зьвярнуць увагу на сытуацыю з новым каранавірусам у Беларусі: пішуць, ёсьць усе падставы меркаваць, што ўлады ўтойваюць рэальную інфармацыю ад грамадзянаў і WHO, інспэктараў якой нядаўна запрасілі ў Беларусь для ацэнкі працы сыстэмы аховы здароўя.
Яшчэ адна пэтыцыя, зьвязаная з распаўсюдам COVID-19 у Беларусі, апублікаваная на Change.org. У ёй WHO адрасуюць «крык душы» аб увядзеньні карантыну. Зварот падпісалі на момант публікацыі больш за 53 тысячы карыстальнікаў.
Лукашэнка параіў прэзыдэнту Літвы заняцца «сваім вірусам»
Аляксандар Лукашэнка лічыць, што досьвед Беларусі ў барацьбе зь віруснымі захворваньнямі можа служыць прыкладам для многіх краін, а прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседзе, які выказаў недавер да афіцыйнай інфармацыі па сытуацыі з каранавірусам у Беларусі, ён параіў заняцца «сваім вірусам».
«Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфэктыўна, чым літоўскі прэзыдэнт. Ён заклапаціўся аб беларускі вірусе... Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытаньняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусаў не пра ўсё інфармуюць», — сказаў Лукашэнка ў інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Мір» 2 сакавіка. Цалкам чытайце тут>>
Што вядома пра трэцюю сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі. ВІДЭА
Жыхарка Віцебску Аляксандра Чэпік памерла 30 сакавіка ў віцебскай лякарні. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана: «Іншая вірусная пнэўманія (COVID-19)». Дачка нябожчыцы Аляксандра Чэпік расказала Свабодзе пра хваробу маці.
Ці праўда, што Беларусь забясьпечаная апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх лепш за ЗША?
Як заявіла намесьніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан, Беларусь лепш забясьпечаная апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (АШВЛ), чым вядучыя заходнія краіны: «Беларусь мае 22 апараты на 100 тысяч насельніцтва. Калі мы падключым сюды наркозна-дыхальныя апараты, атрымаецца 38. Для параўнаньня: у ЗША гэтая лічба 18, у Італіі — 8,3, у Вялікабрытаніі — 12,9». Ці праўда, што Беларусь забясьпечаная АШВЛ лепш за ЗША?
На магілёўскім мясакамбінаце на паўгадзіны скарацілі працоўны дзень — каб працаўнікі ня езьдзілі ў гадзіну пік
Работнікам магілёўскага мясакамбінату скарацілі працоўны дзень на 30 хвілінаў, каб зьнізіць іх перасоўваньне ў гадзіну пік па горадзе, піша Mogilevnews.by, у рамках дадатковых санітарна-эпідэміялягічных мераў супраць распаўсюду каранавірусу. Таксама на прадпрыемстве зьявіліся антысэптыкі для апрацоўкі рук, дыванкі для ног, бактэрыцыдныя лямпы для абеззаражаньня паветра. На кантрольна-прапускным пункце ўсім мераюць тэмпэратуру.
Ужо 304. У Беларусі 254 хворых на COVID-19, выпісалі 46, памерлі 4
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню з 30 сакавіка апублікавала поўную статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі:
- 254 пацыенты на лекаваньні з каранавіруснай інфэкцыяй,
- зь іх 11 — на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
- памерлі 4 пацыенты сталага веку, у якіх «шматлікія хранічныя захворваньні, паводле папярэдніх зьвестак, былі ўскладаненыя каранавіруснай інфэкцыяй»;
- выпісаныя здаровымі 46 пацыентаў;
- сумарна гэта дае 304 выпадкі COVID-19 — колькасьць выпадкаў падвоілася за тры дні.
У чым краіны ЭЗ недаацанілі пагрозу эпідэміі каранавірусу
Краіны Эўрапейскага зьвязу ў пачатку лютага запэўнівалі Эўракамісію, што гатовыя сустрэць пандэмію COVID-19 у поўнай гатовасьці, хоць рэальнасьць апынулася зусім іншай. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, якое азнаёмілася са стэнаграмамі некалькіх закрытых нарадаў аб гатовасьці да барацьбы з каранавірусом, якія прайшлі ў Брусэлі ў канцы студзеня — пачатку лютага.
«Забралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў — усіх!» У вёсцы пад Гомлем у хлопчыка западозрылі каранавірус
Дзяцей, прынамсі, 4-й клясы сярэдняй школы ў вёсцы Камунар Буда-Кашалёўскага раёну на Гомельшчыне забралі ў мясцовы раённы шпіталь.
«Прыехалі па іх мэдыкі ў ахоўных гарнітурах. Сказалі — на праверку. Забралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў», — сказаў Свабодзе адзін зь мясцовых жыхароў. Паводле ягоных словаў, раней як «кантактная асоба» ў гомельскі шпіталь трапіў хлопчык з гэтай вёскі. Ён займаўся ў СДЮШАР-4, у трэнэра, у якога выявілі каранавірус.
«Цяпер прыехалі па ўсіх, хто кантактаваў з хлопчыкам, у якога нібыта пацьвердзіўся каранавірус. Бацькам нічога не патлумачылі, дзяцей павезьлі ў Буда-Кашалёва», — сказаў мясцовы жыхар. Цалкам чытайце тут >>
У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 2 красавіка зноў зьвярнуўся да расейцаў са сваёй рэзідэнцыі ў Нова-Агарове і абвясьціў аб працягу выкацыяў для расіянаў да канца красавіка — з захаваньнем заробку.
У Беларусі адмянілі адкрыцьцё мотасэзону, якое звычайна наведваў Віктар Лукашэнка
Праз распаўсюд каранавірусу адмянілі ўрачысты пачатак мотасэзону-2020. Гэтае мерапрыемства ўжо шмат гадоў адкрываў Віктар Лукашэнка. Мерапрыемства мусіла адбыцца 25-26 красавіка. Новую дату адкрыцьця мотаэзону не называюць.
Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнае
Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу, якая не супадае з рэкамэндацыямі Сусьветнай арганізацыі здароўя. Да трактароў, хакею, лазьні і гарэлкі дадалася тлустая ежа:
«Мы, маўляў, на дыеце сядзелі, а патрэбная тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А сьметанкавае масла трэба зараз есьці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі. Калі спэцыяліст, вучоны кажа, напэўна, ня дурань. Вось я з досьведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».
WHO, наадварот, заклікае спажываць умераную колькасьць тлушчоў і алеяў, аддаваць перавагу ненасычаным тлушчам (рыбе, соі, аліўкавым, сланечнікавым і кукурузным алеям, а ня тлустаму мясу, маслу, сыру, какосаваму або пальмаваму алею). Зь мяса раяць аддаваць перавагу «беламу» (птушынаму), а не «чырвонаму», з малочных прадуктаў — нізкай тлушчавасьці або абястлушчаныя.
«Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Што адбываецца ў сфэры аграэкатурызму
Збольшага аграэкатурызм разьлічаны на беларускага спажыўца. 85% кліентаў у беларускіх сядзібах — беларусы, астатнія — жыхары Расеі і эўрапейскіх краін, але ўнутраны рынак таксама сьцішыўся, кажа старшыня праўленьня БГА „Адпачынак у вёсцы“ Валерыя Кліцунова. Паводле яе, у сядзібах, якія ўвесну працавалі зь вялікімі групамі праз турапэратараў, усе замовы зьнятыя. Першымі адмяніліся школьныя групы.
«Што становіцца запатрабаваным — гэта наняць дом. Індывідуальна, — адзначае суразмоўца. — Але гаспадары самі пачалі засьцерагацца. Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Цалкам чытайце тут>>
У Італіі больш за дзесяць тысяч мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Дактары называюць прычыны
Агульная колькасьць мэдыкаў, інфікаваных у Італіі каранавірусам COVID-19, перавысіла 10 тысяч чалавек, паведаміў у чацьвер прафсаюз мэдычных работнікаў мясцовых шпіталёў Anaao-Assomed.
Першага пацыента з каранавірусам у Столінскім раёне змаглі шпіталізаваць толькі зь міліцыяй
31 сакавіка двух жыхароў Столінскага раёну даставілі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Берасьцейскай абласной бальніцы, у аднаго зь іх аналіз пацьвердзіў наяўнасьць COVID-19. Яны кантактавалі з жанчынай зь іншай вобласьці, якая аказалася носьбітам каранавірусу, пішуць «Навіны Палесся».
«Пацыенты праявілі вялікую безадказнасьць (легкадумнасьць?) — наадрэз адмаўляліся ехаць у абласную бальніцу па добрай волі. Давялося паступіць у адпаведнасьці з законам — з ужываньнем пракурорскіх санкцый. Таму іх шпіталізавалі з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі», — паведамляе падрабязнасьці выданьне.
Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу
Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі, вытворчасьць мэдыцынскіх масак — Свабода сабрала добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс. Чытайце тут>>
Беларуская фэдэрацыя футбола прыпыніла юніёрскае і юнацкае першынствы
Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футбола» па рэкамэндацыі Мінспорту вырашыла прыпыніць з 2 красавіка правядзеньне матчаў юніёрскага і юнацкага першынстваў краіны па футболе, гаворыцца на сайце асацыяцыі. Таксама АБФФ перанесла пачатак моладзевага першынства Беларусі ў футболе сярод дзяўчат. Пра яго старт паведамяць дадаткова.
Беларусь пакуль застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе працягваецца рэгулярны дарослы чэмпіянат па футболе.
У Гомельскай вобласьці 5 пацьверджаных і 6 верагодных выпадкаў COVID-19
На 2 красавіка ў Гомельскай вобласьці зарэгістравалі 5 пацьверджаных і 6 верагодных выпадкаў COVID-19, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму. Па ўсіх выпадках вызначылі кантактных асобаў: першага ўзроўню – шпіталізавалі і абсьледуюць, другога – пакуль назіраюць.
Тлумачым чаму сьмяротнасьць праз COVID-19 у Нямеччыне застаецца адносна нізкай
Нямеччына — пятая па ліку краіна сьвету паводле колькасьці заражаных каранавірусам людзей. Назіральнікі кажуць, што адносна нізкі ўзровень сьмяротнасьці ў Нямеччыне тлумачыцца не адной, а некалькімі магчымымі прычынамі і нават узаемасувязьзю розных фактараў. Сюды ўваходзяць: адносна малады ўзрост большасьці інфікаваных, якасьць сыстэмы аховы здароўя, вялікая колькасьць тэстаў на інфэкцыю. Ёсьць таксама некаторыя дадатковыя нюансы.
Грошы, аплікацыі, гарачыя лініі. Як ўрады ў Эўропе дбаюць пра грамадзян падчас пандэміі
На прыкладах Эстоніі, Ісьляндыі, Вялікай Брытаніі і Польшчы Свабода тлумачыць, як эўрапейскія ўрады рэагуюць на пандэмію і даюць сваім грамадзянам усю неабходную інфармацыю.
Незалежна ад эканамічнай сытуацыі, усе названыя дзяржавы штодня інфармуюць грамадзянам пра сытуацыю, зьвязаную з пандэміяй каранавірусу.
Гарбачоў: выдаткоўваць грошы трэба не на ўзбраеньне, а на мэдыцыну
Першы і адзіны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падтрымаў ідэю найжорсткага карантыну на час пандэміі каранавірусу, адзначыўшы пры гэтым, што пасьля яе заканчэньня патрабуецца «карэнным чынам перагледзець асновы сусьветнай палітыкі». «Разам з паплечнікамі па Форуму ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру мы даўно ўжо да гэтага заклікаем», — сказаў Гарбачоў, падкрэсьліўшы, што замест непамерных ваенных выдаткаў, якія толькі падрываюць бясьпеку, неабходна накіроўваць сродкі на навуку, адукацыю і ахову здароўя.