Наглядна: чаму так важна захоўваць сацыяльную дыстанцыю
Без захаваньня сацыяльнай дыстанцыі адзін хворы на COVID-19 перадае вірус у сярэднім 2,5 людзям, а кожны з гэтых 2,5 чалавек перадае яшчэ 2,5. І празь месяц інфікаваныя будуць ужо 406 чалавек. Паглядзіце, як выглядае гэтая прагрэсія.
Праз 1-2 дні пацыентаў з Парыжу давядзецца вазіць у іншыя рэгіёны Францыі
Прэзыдэнт францускай фэдэрацыі шпіталяў Фрэдэрык Вальту заклікаў дапамагчы Парыжу і яго прымесцям, дзе сьледам сьледам за рэгіёнам Гранд-Эст шпіталі перагружаныя пацыентамі з каранвірусам.
«Мы будзем на мяжы нашых магчымасьцяў праз 24 ці 48 гадзін. Нам трэба будзе праявіць сапраўдную салідарнасьці паміж рэгіёнамі, шпіталямі і павялічыць колькасьць перавозак пацыентаў», — сказаў ён у інтэрвію тэлеканалу BFM.
Як паведамляе Reuters, у Парыжы і яго прымесьцях цяпер больш за чвэрць з 29 тысяч пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў Францыі. Амаль 1,300 чалавек такіх пацыентаў знаходзяцца ў рэанімацыі.
Мінздароўя апублікавала сьпіс краін, пасьля наведваньня якіх абавязковая 14-дзённая самаізаляцыя
Міністэрства аховы здароўя апублікавала поўны пералік краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфэкцыі COVID-19 і па прыезьдзе зь якіх грамадзяне Беларусі абавязаныя цягам 14 дзён знаходзіцца на абавязковай самаізаляцыі, паводле пастановы Савету Міністраў № 171.
Памежнікі ня будуць «ізаляваць» расейцаў, якія прыедуць у Беларусь на аўто
Беларускія памежнікі ня будуць ні правяраць аўтамабілі, якія ідуць з Расеі, ні фіксаваць, калі яны заяжджаюць у Беларусь, каб пачаць адлік для двухтыднёвай самаізаляцыі, піша «Эўрарадыё».
«Супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якія ажыцьцяўляюць памежны кантроль, на расейскім кірунку няма», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.
У Італіі рэкордная колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу за адзін дзень
У Італіі 27 сакавіка зафіксавана рэкордная колькасьць сьмерцяў ад каранавіруснай інфэкцыі за адзін дзень — 919.
Агульная колькасьць сьмяротных зыходаў ад захворваньня COVID-19 у краіне, якая найбольш пацярпела ад пандэміі, складае цяпер 9134, тых, хто захварэў з пачатку эпідэміі — звыш 86 тысяч. Вылечыліся за ўвесь час каля 11 тысяч чалавек. Выпадкаў новых заражэньняў за апошнія суткі — больш за 6 тысяч.
Тысячы ўкраінцаў намагаюцца вярнуцца з Польшчы перад закрыцьцём мяжы
На ўкраінска-польскай мяжы 27 сакавіка тысячы ўкраінцаў спрабуюць увайсьці з польскага боку ва Ўкраіну, паведамляе ўкраінская служба Свабоды.
Украіна апоўначы 27 сакавіка цалкам закрые дзяржаўную мяжу на ўезд і выезд з прычыны каранавіруснай пандэміі. Пра гэта ў тэлезвароце заявіў 26 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
ЗША выдзеляць Беларусі 1,3 мільёна даляраў для барацьбы з каранавірусам
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вырашыў надаць Беларусі дапамогу ў памеры 1,3 мільёна даляраў. Грошы будуць выдзеленыя на патрэбы аховы здароўя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу: падрыхтоўку лябараторый, паляпшэньне дыягностыкі COVID-19 і эпідяміяляягічнага назіраньня, падтрымку тэхнічных экспэртаў, для інфармаваньня пра рызыкі падчас пандэміі і іншыя мерапрыемствы.
Ва Ўхані, адкуль пачалася ўспышка каранавірусу, аднавіла працу мэтро
З 28 сакавіка аднаўляецца работа шасьці зь дзевяці ліній мэтро. Пасажырам будуць вымяраць тэмпэратуру цеплавізарам, таксама яны павінны адсканаваць свой «код здароўя» — пускаць у мэтро будуць толькі тых, у каго ён зялёны. Акрамя гэтага, пасажыры павінны будуць сядзець праз аднаго і насіць маскі.
З 23 студзеня горад быў фактычна ізаляваны ад зьнешняга сьвету пасьля ўспышкі новагага каранавірусу.
Папа Францішак памаліўся на пустой плошчы сьвятога Пятра, каб сьвет пазбавіўся каранавірусу
Малітва адбылася ў двары ватыканскай базылікі сьвятога Пятра ўвечары 27 сакавіка.
На плошчы не было вернікаў, ахвотныя далучыліся да богаслужэньня праз прамую трансьляцыю па тэлебачаньні і інтэрнэце. Шмат фота глядзіце тут >>
Турэччына спыніла міжнародныя авіязносіны з прычыны пандэміі
Улады Турэччыны адмянілі ўсе міжнародныя пералёты на нявызначаны тэрмін, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу, заявіў у тэлезвароце да народу прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган. Унутраныя авіярэйсы пакуль застаюцца.
Па стане на 27 сакавіка ад COVID-19 у Турэччыне памерлі 92 чалавекі.
У Расеі 228 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам і першы выпадак сьмерці ад па-за межамі Масквы
За апошнія суткі ў Расеі пацьвердзіліся 228 выпадкаў заражэньня новым каранавірусам у 62 рэгіёнах. Агульная колькасьць хворых — 1264 чалавекі.
28 сакавіка стала вядома пра сьмерць пацыента з каранавірусам у Арэнбурзе. Гэта пяты выпадак сьмерці ў Расеі і першы выпадак па-за межамі Масквы.
Для стрымліваньня эпідэміі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў непрацоўным тыдні з 28 сакавіка па 5 красавіка. Улады Масквы і Санкт-Пецярбурга ўвялі на гэты час абмежаваньні ў працы крамаў, паркаў, рэстаранаў і кавярняў. Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусьцін заявіў аб неабходнасьці распаўсюдзіць абмежаваньныя меры па прыкладзем Масквы на ўсе рэгіёны.
Тым часам жыхары Масквы масава скупаюць прэпараты ад малярыі, якія тэстуюць супраць каранавірусу — прэпараты ўжо скончыліся ў апэтках.
Раналду пагадзіўся зарабляць на 4 мільёны эўра менш праз каранавірус, Суарэс дапамог набыць прадукты і лекі для суайчыньнікаў
Уругвайскі форвард «Барсэлёны» Луіс Суарэс дапамог суайчыньнікам падчас пандэміі каранавірусу, паведамляе Marca. На грошы спартоўца набылі 500 набораў з прадуктаў і мэдыкамэнтаў. Іх раздадуць жыхарам бедных раёнаў Мантэвідэа.
Партугальскі гулец турынскага «Ювэнтусу» Крышціяну Раналду адмовіўся ад часткі заробку праз каранавірус на карысьць супрацоўнікаў клюбу, паведамляе Tuttosport. Футбаліст будзе зарабляць на чатыры мільёны эўра менш. Таксама на паніжэньне заробку пагадзіліся і іншыя лідэры каманды: Джанлуіджы Буфон, Леанарда Банучы і Джорджа Кьяліні.
На ляйнэры ля берагоў Панамы ад каранавірусу загінулі 4 чалавекі. Пасажыры патрабуюць іх эвакуяваць
Чатыры пасажыры загінулі на круізным судне каля ўзьбярэжжа Панамы, больш за 130 чалавек на борце пакутуюць ад сымптомаў грыпу, прынамсі двое зь іх маюць каранавірус. Пасажыры напужаныя пашырэньнем інфэкцыі і патрабуюць тэрмінова эвакуяваць іх зь ляйнэра, паведамляе Reuters.
Карабель Zaandam адправіўся ў Аргентыну 7 сакавіка і меўся скончыць падарожжа ў Чылі 21 сакавіка. Аднак ужо два тыдні ніхто не пакідае судна. На борце знаходзяцца 1243 пасажыры і 586 чальцоў экіпажу, а таксама чатыры доктара і чатыры мэдсястры.
Лукашэнка пра каранавірус: «Я жыву тым жа жыцьцём, што і жыў. З хакеістамі рукі паціскаем, абдымаемся»
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не мяняў свой звыклы лад жыцьця з сувязі з пандэміяй каранавірусу. 28 сакавіка ён выйшаў на лёд, каб узяць удзел у рэспубліканскім турніры па хакеі сярод аматарскіх камандаў.
«Я жыву тым жа жыцьцём, што і жыў. І ўчора была трэніроўка з хакеістамі, сустракаемся, рукі паціскаем, абдымаемся там, калашмацім адзін аднаго і гэтак далей», — кажа Лукашэнка на відэа, якое апублікаваў Тэлеграм канал «Пул Первого».
Трамп падпісаў закон аб выдзяленьні 2,2 трыльёна даляраў эканамічнай дапамогі ЗША
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон аб фінансавай падтрымцы эканомікі краіны ў памеры $ 2,2 трыльёна з сувязі з пандэміяй каранавірусу. Гэтая мера мае дапамагчы жыхарам краіны і амэрыканскім кампаніям справіцца з эканамічным спадам, выкліканым эпідэміяй каранавірусу, і тэрмінова забясьпечыць бальніцы неабходнымі мэдыкамэнтамі і апаратамі.
У Польшчы праз каранавірус зьмянілі выбарчы кодэкс і прынялі антыкрызісны плян для бізнэсу
Сэйм Польшчы ў ноч на 28 сакавіка ўнёс папраўкі ў выбарчы кодэкс. Папраўкі, прынятыя Сэймам Польшчы да адмысловага закону аб каранавірусе, дазваляюць галасаваць дыстанцыйна людзям, старэйшым за 60 гадоў, і тым, хто знаходзіцца на карантыне. 222 дэпутаты прагаласавалі «за» гэтыя папраўкі, 214 — «супраць», трое ўстрымаліся.
Да таго ж, 28 сакавіка польскі сэйм прыняў закон, які мае падтрымаць кампаніі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Ён павінен абараніць людзей ад страты працоўных месцаў, падтрымаць сыстэму аховы здароўя, забясьпечыць фінансавую сыстэму, падтрымаць прадпрымальнікаў і дзяржаўныя інвэстыцыі. Вядзецца пра сотні мільярдаў злотых (або сотні мільёнаў даляраў) на праграму падтрымкі. Што прадугледжвае гэты закон, чытайце тут.
Сьвет зачынены ў дамах. Павялічваецца хатні гвалт
Улады замыкаюць жыхароў у дамах, каб абмежаваць распаўсюд каранавірусу. Масавыя захады прывялі да павелічэньня колькасьці выпадкаў гвалту ў сям’і. Актывісты па ўсім сьвеце занепакоеныя трывожным ростам колькасьці выпадкаў хатняга гвалту, піша Rzeczpospolita.
Для параўнаньня, у лютым у кітайскай правінцыі Хубэй было зарэгістравана амаль у чатыры разы больш выпадкаў гвалту, чым у мінулым годзе. У адным з рэгіёнаў паліцыя паведаміла пра162 выпадкі, летась іх было там 47.
«Эпідэмія аказала велізарны ўплыў на гвалт у сямʼі, — сказаў Ван Фэй, адстаўны паліцэйскі, які арганізаваў дабрачынную кампанію супраць насільля. — Па нашай статыстыцы, 90% прычын гвалту (у гэты пэрыяд) зьвязаныя з эпідэміяй», — дадаў ён.
Ухвалены пяціхвілінны тэст на каранавірус
Амэрыканская кампанія Abbott Laboratories заявіла, што атрымала адабрэньне фэдэральных рэгулятараў ЗША, якое дазваляе пачаць масавую вытворчасьць тэсту на
каранавірус, здольнага даваць вынікі на працягу некалькіх хвілін.
Тэсты ў тэрміновым парадку ўхваліла Адміністрацыя ЗША па харчаваньні і мэдыкамэнтах (FDA).
Abbott Laboratories плянуе пачаць разьмеркаваньне тэстаў на наступным тыдні і павялічыць вытворчасьць да 50 тысячаў у дзень. Тэст дазваляе атрымаць пазытыўны вынік за пяць хвілін, нэгатыўны – за 13 хвілін.
Расея ад панядзелка зачыняе межы. І зь Беларусьсю
Прэм'ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін даручыў зачыніць межы краіны з 30 сакавіка. Указ апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі Расеі.
Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне руху праз аўтамабільныя, чыгуначныя, пешаходныя, рачныя і зьмешаныя пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу Расеі.
Таксама будзе зачынены сухапутны ўчастак расейска-беларускай мяжы.
Масавыя пахаваньні ў Італіі. Драматычнае відэа
Італія б'е трагічныя рэкорды па колькасьці ахвяраў каранавірусу. У цэрквах памёрлых адпяваюць дзясяткамі, а труны вывозяць грузавікамі.