Славаччына зьмякчыла карантын, каб уратаваць фірмы ад банкруцтва
Урад Славаччыны, дзе праз каранавірус дзейнічае рэжым надзвычайнай сытуацыі, прыняў рашэньне зьмякчыць жорсткія эканамічныя абмежаваньні, накіраваныя на прадухіленьне распаўсюджваньня інфэкцыі. Пра гэта паведаміла ў суботу Славацкае радыё.
Улады, баючыся масавага банкруцтва ў камэрцыйным сэктары, з будучага тыдня дазволілі працу крамаў оптыкі, садовых прыладаў, будматэрыялаў і інструмэнтаў. Пачнуць працаваць лізінгавыя кампаніі. Зьняцьце забароны на вядзеньне бізнэсу падчас пандэміі тычыцца толькі невялікіх гандлёвых кропак і фірмаў, якія разьвіваюць бізнэс у сфэры лізінгу. Гандлёвыя цэнтры застануцца зачыненымі.
МВФ: сусьветная эканоміка ўвайшла ў рэцэсію
Кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крысталіна Георгіева заявіла, што сусьветная эканоміка ўжо ўвайшла ў рэцэсію з прычыны пандэміі каранавірусу, і заклікала краіны адрэагаваць «вельмі буйнымі» праграмамі выдаткаў каб пазьбегнуць чарады банкруцтваў і дэфолтаў на рынках разьвіцьцёвых краінаў.
Тлумачым: як доўга вірус небясьпечны на паверхні
Ад каранавірусу памерла гішпанская прынцэса Марыя Тэрэза
Гэта першая ахвяра пандэміі COVID-19 сярод прадстаўнікоў манархавых родаў Эўропы. Ёй было 86 гадоў.
Каранавірусам інфікаваныя яшчэ двое прадстаўнікоў каралеўскіх сем’яў: нашчаднік брытанскага пасаду прынц Чарльз, старэйшы сын каралевы Вялікай Брытаніі Лізаветы II, а таксама князь Манака Альбэр II. У самога гішпанскага караля Філіпа VI тэст нэгатыўны.
Кітай паставіў у Нідэрлянды няякасныя маскі
600 тысяч масак FFP2 адклікалі пасьля выпрабаваньняў са шпіталёў у Нідэрляндах. Маскі не абараняюць твар альбо маюць няспраўныя фільтры. Нядаўна Нідэрлянды купілі 1,3 мільёну масак у Кітая.
Кітай дасылае мільёны масак і мэдыкамэнтаў у краіны сьвету для барацьбы з пандэміяй COVID-19. Пастаўкі з Кітая атрымалі Сэрбія, Лібэрыя, Францыя, Філіпіны, Чэхія і Ўкраіна.
У Нідэрляндах зафіксавана каля 9700 пацьверджаных выпадкаў COVID-19. 630 чалавек сталі ахвярамі каранавірусу.
Патрыярх Кірыл парэкамэндаваў не хадзіць у храмы праз каранавірус
Праваслаўныя сьвятары пры гэтым працягнуць служыць набажэнствы.
«Царква заклікае сёньня строга выконваць тыя абавязкі, якія прапануюць санітарнымі ўлады Расеі. Я заклікаю вас, мае дарагія, у бліжэйшыя дні, пакуль ня будзе асаблівага патрыяршага бласлаўленьня, ўстрымацца ад наведваньня храмаў», — зьвярнуўся патрыярх да вернікаў.
У каталіцкім касьцёле ад пачатку пандэміі прымаюцца захады засьцярогі. Многія службы і рэлігійныя практыкі перайшлі ў анлайн, зьмяніліся традыцыйныя нормы.
Новы рэкорд смяротнасьці ў Гішпаніі: 838 ахвяраў за суткі
За суткі ў краіне выявілі 6549 новых выпадкаў заражэньня. Агульная колькасьць выпадкаў дасягнула 78797.
Гішпанія — другая краіна ў Эўропе пасьля Італіі па колькасьці загінулых ад каранавірусу.
Макей здаў тэст на каранавірус пасьля кантакту з заражаным
«Сапраўды, былі кантакты з носьбітам вірусу, таму лекарамі было прынятае рашэньне выконваць пэўныя абмежаваньні, што я і рабіў. Тэсты былі адмоўныя, таму ўсе нармальна, сёньня нармальны працоўны рэжым», — распавёў кіраўнік МЗС Беларусі.
Ён падкрэсьліў, што гэты час ня быў у 14-дзённай ізаляцыі, а працаваў і кантактаваў з калегамі.
«Імкнуліся абмежаваць гэтыя кантакты па мінімуму. І калегі, з якімі кантактаваў, таксама здавалі тэсты — усё нармальна», — сказаў міністар.
Кітай заявіў, што спыніў каранавірусную эпідэмію. Магчымая другая хваля
Улады Кітаю заявілі, што фактычна спынілі распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі. Як паведамляе агенцтва «Сіньхуа», толькі каля трох тысяч чалавек у краіне працягвае лячыцца ад каранавіруснай інфэкцыі. Больш за 70 тысяч ужо паправіліся, 3300 памерлі. За апошнія суткі ў краіне зафіксавана тры сьмерці ад COVID-19.
Колькасьць новых выпадкаў заражэньня ў Кітаі ў апошнія дні вылічваецца дзясяткамі, прычым пераважная большасьць, паводле афіцыйных зьвестак, прыпадае на іншаземцаў, якія прыбылі ў краіну, і тых, хто заразіўся ад іх. Калі эпідэмія дасягала максымуму, у Кітаі штодня фіксаваліся тысячы новых выпадкаў заражэньня.
Маскву пастанавілі зачыніць на карантын
У Маскве ўводзяць абавязковы рэжым самаізаляцыі для ўсіх жыхароў, пачынаючы з панядзелка, паведаміў мэр гораду Сяргей Сабянін.
Пакідаць жытло дазваляецца толькі ў выпадках:
- звароту па экстраную мэдычную дапамогу і іншай непасрэднай пагрозы жыцьцю і здароўю,
- паездак на працу, калі вы абавязаны хадзіць на працу,
- закупаў у найбліжэйшай краме або аптэцы,
- выгулу хатніх жывёл на адлегласьці ня больш за 100 мэтраў ад месца пражываньня,
- неабходнасьці вынесьці бытавое сьмецьце.
«Мой тата ў рэанімацыі» — дзяўчына распавядае, як бацька хварэе на каранавірус
Радыё Свабода пагаварыла зь дзяўчынай, якая сама знаходзіцца ў 4-м менскім шпіталі як кантакт першага ўзроўню. Яна кажа, што яе бацька мае пацьверджаны тэст на каранавірус і знаходзіцца ў рэанімацыі менскага інфэкцыйнага шпіталю на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«Цяпер тата ў інфэкцыйным шпіталі ў скрайне цяжкім стане на ШВЛ, — кажа дзяўчына N. — І тое, што кажуць, што ў нас няма пацыентаў з каранавірусам на ШВЛ — гэта няпраўда. Прынамсі пасьля гэтай пятніцы».
Урадавы экспэрт: У ЗША ад каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч чалавек
Галоўны экспэрт амэрыканскага ўраду па інфэкцыйных захворваньнях Энтані Фаўчы 29 сакавіка выказаў здагадку, што ў выніку пандэміі каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч амэрыканцаў.
Фаўчы таксама заявіў, што колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19, можа «вылічвацца мільёнамі». Цяпер, паводле афіцыйных зьвестак, у краіне пацьверджана 136 тысяч выпадкаў заражэньня і 2400 сьмерцяў, але абодва паказьнікі імкліва павялічваюцца з кожным днём.
Прадстаўніца САЗ: Беларусь «выдатна спраўляецца» з каранавірусам
Маргарэт Гарыс, афіцыйная прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), заявіла на тэлеканале АНТ, што Беларусь «выдатна спраўляецца» з каранавірусам на дадзены момант, паведамляе БелТА.
«Я магу сказаць, што ў Беларусі на раньніх стадыях вы выдатна спраўляецеся. У вас няма сьмерцяў, ёсьць тыя, хто выздаравеў — і гэта добры знак. Важна, што ў вас дастаткова падрыхтаваных кваліфікаваных лекараў. Наколькі мне вядома, у вас уключаныя ўсе захады засьцярогі ў першую чаргу для тых, хто працуе. Вы можаце тэставаць людзей і можаце ізаляваць іх у шпіталях. Але галоўная мэта — гэта, вядома, затармазіць разьвіцьцё вірусу. І вы спраўляецеся», — цытуе Маргарэт Гарыс дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Менск і сусьветныя сталіцы падчас пандэміі. Параўноўваем фота
Цягам усяго тыдня рэдактар Свабоды праглядаў фатаздымкі сусьветных сталіц у стужках інфармагенцыяў Reuters і AFP, а нашы фотакарэспандэнты здымалі жыцьцё ў Менску.
На фоне закрытых межаў і паўсюднага карантыну Беларусь выглядае ці не аазісам у пустэльні: рэстараны і крамы працуюць, мала хто носіць маскі нават у перапоўненым транспарце, футбольны чэмпіянат зьбірае аматараў на трыбунах, кіраўнік дзяржавы супакойвае, што ўлады даюць рады пандэміі «бяз шуму і пылу»...
Мы супаставілі фота ў параўнальнай галерэі — глядзіце, што атрымалася.
Лічбы на раніцу 30 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі амаль 722,5 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 142 тысяч у ЗША, 98 тысяч у Італіі, 82 тысяч у Кітаі, 80 тысяч у Гішпаніі, 62 тысяч у Нямеччыне, 40 тысяч у Францыі, 38 тысяч у Іране, 20 тысяч у Вялікабрытаніі, 15 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі каля 34 тысяч чалавек. Зь іх 10 779 у Італіі, 6803 у Гішпаніі, 3308 у Кітаі, 2640 у Іране, 2606 у Францыі, 2485 у ЗША.
- Выпісалі амаль 152 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 537 тысяч, зь іх 26,7 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
У Беларусі стала найменш выяўленых выпадкаў каранавірусу на душу насельніцтва
У Расеі і Ўкраіне колькасьць зафіксаваных выпадкаў COVID-19 перавысіла 10 на 1 млн насельніцтва (10,5 у Расеі, 10,7 ва Ўкраіне). Цяпер Беларусь стала краінай з самай малой колькасьцю выяўленых выпадкаў на душу насельніцтва ў Эўропе (9,9 на 1 млн).
Але беларуская афіцыйная статыстыка не абнаўлялася 27 сакавіка — тады прадстаўнікі Мінздароўя сказалі, што сьвядома выбралі тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца».
У Расеі ўжо пацьвердзілі 1534 выпадкі (8 сьмерцяў, 64 выпісаныя, 8 у цяжкім стане). Ад 30 сакавіка Расея мела закрыць усе межы, у тым ліку зь Беларусьсю. З 30 сакавіка да 4 красавіка ва ўсёй Расеі абвясьцілі тыдзень выходных, ад 30 сакавіка ў Маскве — карантын.
Ва Ўкраіне пацьвердзілі ўжо 475 выпадкаў (10 сьмерцяў, 6 выпісаных). Прэзыдэнт Украіны выступае за прыняцьце законаў у падтрымку эканомікі і заяўляе, што без дапамогі «міжнародных фінансавых партнэраў» на суму ня менш як 10 млрд даляраў можа зьявіцца «пагроза дэфолту». Ад 17 сакавіка да 24 красавіка Ўкраіна закрыла мяжу для пасажырскіх перавозак.
У Беларусі на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
Трамп падоўжыў карантын у ЗША з прычыны COVID-19
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падоўжыў дзеяньне фэдэральных рэкамэндацый, якія раяць грамадзянам заставацца дома, яшчэ на 30 дзён, да канца красавіка, каб запаволіць распаўсюджваньне COVID-19.
На брыфінгу 29 сакавіка ў Вашынгтоне Трамп адзначыў, што сьмяротнасьць ад гэтай хваробы ў ЗША, пэўна, дасягне свайго піку ў наступныя два тыдні.
«Сытуацыя павінна пайсьці на спад — і, спадзяюся, вельмі прыкметна, — пачынаючы з гэтага пункту», — мяркуе амэрыканскі прэзыдэнт.
Ён дадаў, што пашырыў прынцыпы сацыяльнай дыстанцыі, каб спыніць распаўсюджваньне хваробы. Між тым у краіне набірае тэмп масавае тэставаньне, каб высьветліць больш дакладную статыстыку хворых.
У маскоўскай «каранавіруснай» лякарні памерлі два пацыенты
Два пацыенты лякарні ў маскоўскай Камунарцы, дзе ўтрымліваюць хворых з падазрэньнем на новы каранавірус, памерлі за 29 сакавіка, паведаміў галоўны лекар на Facebook. Толькі ў аднаго зь іх было падазрэньне на каранавірус па выніках аналізаў. У абодвух была пнэўманія, абодва былі на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, аднаму было 69 гадоў, другому — 80.
У лякарні застаюцца 348 чалавек, зь іх у 193 пацьверджаная хвароба COVID-19. Агулам у Расеі на 29 сакавіка было зафіксавана 1534 выпадкі COVID-19, памерлі 9 чалавек, выпісаныя здаровымі 64.
У штаце Місуры памёр лідэр дэмакратаў
Лідэр дэмакратычнай партыі ў заходнім Місуры Ўільям Граймс памёр 29 сакавіка пасьля заражэньня COVID-19. Яму было больш за 70 гадоў.
Граймс быў вэтэранам вайскова-марскога флёту, браў актыўны ўдзел у кампаніях дэмакратаў, сам балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў у 2014 і 2016 гадах. Пра станоўчы тэст на COVID-19 у яго стала вядома 13 сакавіка — гэта быў адзін зь першых выпадкаў у штаце.
Цяпер у Місуры зафіксавалі звыш 900 выпадкаў COVID-19, памерлі 12 пацыентаў. Агулам па ЗША зафіксавалі амаль 143 тысячы выпадкаў, 2488 сьмерцяў, 4562 выпісаных здаровымі.
За суткі ў Нямеччыне зафіксавана 4700 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам
Колькасьць выпадкаў заражэньня новым каранавірусам у Нямеччыне за суткі вырасла прыкладна на 4,7 тысяч і дасягнула 57 298. Пра гэта паведаміў у панядзелак Інстытут вірусалёгіі імя Робэрта Коха ў сваёй штодзённай зводцы.
Ад наступстваў захворваньня памерлі 455 чалавек.
Ужо тыдзень па ўсёй Нямеччыне амаль адсутнічае грамадзкае жыцьцё. Працуюць толькі бальніцы, паштовыя аддзяленьні, запраўкі, аптэкі і крамы. У некаторых фэдэральных землях нельга выходзіць на вуліцы без важкай прычыны.