Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

08:15 27.3.2020

Лічбы на раніцу 27 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі 523,3 тысячы выпадкаў COVID-19: 85,6 тысячы ў ЗША, 81,8 тысячы ў Кітаі, 80,6 тысячы ў Італіі, 57,8 тысячы ў Гішпаніі, 43,9 тысячы ў Нямеччыне, 29,4 тысячы ў Іране, 29,2 тысячы ў Францыі, 11,8 тысячы ў Швайцарыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 24,9 тысячы чалавек. Зь іх 8215 у Італіі, 4365 у Гішпаніі, 3296 у Кітаі, 2234 у Іране, 1696 у Францыі, 1300 у ЗША.
  • Выпісалі 124,3 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 383,8 тысячы, зь іх 19,6 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. 26 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
08:50 27.3.2020

ЗША абагналі Кітай у колькасьці выпадкаў інфэкцыі. Італія вось-вось абгоніць

  • ЗША выйшлі на першае месца паводле агульнай колькасьці выпадкаў COVID-19 у сьвеце, і тэмпы распаўсюду вірусу там толькі паскараюцца. Толькі за 26 сакавіка там зафіксавалі 17,2 тысячы новых выпадкаў новага каранавірусу, 268 сьмерцяў, зьвязаных зь ім. Праз абмежавальныя меры, прынятыя ў сувязі з пандэміяй, у ЗША ўжо тры мільёны чалавек зьвярнуліся па дапамогу ў беспрацоўі. Сэнат ЗША ўхваліў пакет дапамогі эканоміцы на 2 трыльёны даляраў.
  • Кітай, зь якога пачалася пандэмія, з пачатку сакавіка амаль не фіксуе новых выпадкаў COVID-19 — менш за сотню выпадкаў на дзень. Цягам апошняга тыдню ад каранавірусу памірае менш за 10 чалавек на дзень. Колькасьць «актыўных выпадкаў» (хворых проста цяпер) зьмяншаецца ад 18 лютага, цяпер дасягнула ўсяго 3,4 тысячы. Але Кітай баіцца паўторнай успышкі праз завоз вірусу — з 28 сакавіка прыпыніць уезд іншаземцаў зь дзейнымі візамі.
  • У Італіі колькасьць новых выпадкаў COVID-19 цягам апошняга тыдня стабілізавалася — трымаецца ў раёне 4,8–6,5 тысяч на дзень, але ўжо не расьце паскоранымі тэмпамі. На дзень фіксуюць 600–800 сьмерцяў. Ды нават са «стабільнымі» тэмпамі распаўсюду вірусу Італія ўжо сёньня абгоніць Кітай паводле агульнай колькасьці выпадкаў.
  • Гішпанія на чацьвёртым месцы паводле колькасьці выпадкаў COVID-19, але ўжо на другім пасьля Італіі паводле колькасьці сьмерцяў. Тэмпы росту колькасьці памерлых ад COVID-19 у ЗША, Гішпаніі і Францыі ўжо вышэйшыя, чым у Італіі.
08:52 27.3.2020

Як працуюць беларускія санаторыі пасьля закрыцьця межаў. Некаторыя мелі да 90% кліентаў з Расеі

Большасьць наведнікаў беларускіх санаторыяў складаюць расейскія турысты. У апошнія гады авялічыўся паток з краін Балтыі. Перадусім кліентаў прываблівае добры ўзровень мэдыцынскай базы з элемэнтамі спа-паслуг.

Праз закрыцьцё межаў беларускія здраўніцы страцілі частку кліентаў — эўрапейскія турысты анулявалі пуцёўкі на сакавік і красавік. Большасьць расейскіх турыстаў устрымліваюцца ад паездак. Расея закрыла свае межы для ўезду іншаземцаў. Грамадзяне РФ могуць пакідаць краіну і ўяжджаць у Беларусь, аднак па вяртаньні іх чакае двухтыднёвы карантын.

Як у іх цяпер справы >>

08:53 27.3.2020

Саміт G-20 прайшоў па відэасувязі. Пуцін прасіў замарозіць санкцыі

На нарадзе лідэраў краінаў «Вялікай дваццаткі», якая прайшла 26 сакавіка ў фармаце відэаканфэрэнцыі і прысьвячалася барацьбе з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін прапанаваў адмовіцца ад міжнародных санкцыяў дзеля ўзаемных паставак мэдыкамэнтаў, харчаваньня, абсталяваньня і тэхналёгіяў.

«У ідэале мы павінны ўвесьці мараторый, салідарны мараторый на абмежаваньні ў дачыненьні да тавараў першай неабходнасьці, а таксама на фінансавыя транзакцыі для іх куплі», — заявіў Пуцін.​

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба раней выказваў асьцярогі, што Расея можа скарыстацца пандэміяй, каб паспрабаваць дамагчыся ад краінаў Эўразьвязу паслабленьня або зьняцьця санкцыяў з «гуманітарных меркаваньняў».

09:18 27.3.2020

Першыя сьмерці ў Казахстане і Ўзбэкістане

Казахстан 26 сакавіка зафіксаваў першую сьмерць ад COVID-19. Вядома толькі, што памерла жанчына. У найбуйнейшых гарадах, Нур-Султане і Алматы, людзям ад 28 сакавіка будзе забаронена выходзіць з дамоў, акрамя як для працы, куплі ежы і мэдыкамэнтаў. У іх, а таксама ў трэцім найбуйнейшым горадзе Шымкенце, закрытыя публічныя прасторы і тэрміналы міжгародняга транспарту. У краіне пацьверджаныя больш за 120 выпадкаў новага каранавірусу.

Міністэрства здароўя Ўзбэкістану абвясьціла 27 сакавіка пра першую сьмерць, зьвязаную з COVID-19. Агулам у краіне вядома пра 75 інфікаваных. Памёр 72-гадовы мужчына з гораду Наманган, які меў іншыя хранічныя захворваньні. У Намангане, як і ў сталіцы Ташкенце, раней абвясьцілі пра закрыцьцё гораду і карантын, краіна закрыла межы. Мэдыкам ва Ўзбэкістане плоцяць кожныя два тыдні па 2500 даляраў, што ў некалькі разоў вышэй за месячны заробак. Мэдсёстрам і мэдбратам, а таксама лябарантам кожныя два тыдні плоцяць 1500 даляраў, малодшым мэдработнікам па 1000. У выпадку інфікаваньня мэдыкам абяцаюць 10 тысяч даляраў кампэнсацыі.

Кіргізстан абвясьціў 24 сакавіка надзвычайны стан у некалькіх гарадах і рэгіёнах у сувязі з каранавірусам, там пацьвердзілі 44 выпадкі COVID-19, шэсьць чалавек у рэанімацыі. Таджыкістан і Туркмэністан не паведамлялі пра пацьверджаныя выпадкі інфэкцыі.

09:24 27.3.2020

Хатняя трэніроўка ад вядомага саксафаніста

Беларускі фітнэс-трэнэр і джазмэн Павал Аракелян, вядомы выступамі з праектам Pavel Arakelian and The Outsiders і гуртом «Крамбамбуля», апублікаваў на Youtube вясёлы 5-хвілінны ролік з парадамі для хатніх трэніровак ва ўмовах самаізаляцыі. Кажа, «калі надыдзе апакаліпсіс і да вас дамоў прыйдуць самыя жахлівыя, вялізныя і страшныя зьвяругі на раёне забіраць вашую грэчку, каб вы іх сустрэлі ў форме».

10:39 27.3.2020

Як дзяржава фінансуе змаганьне з каранавірусам у ЗША. Тлумачыць амэрыканскі прафэсар

Як у ЗША лечаць ад каранавірусу тых, хто ня мае страхоўкі? Ці праўда, што там справа ідзе да нацыяналізацыі мэдычнай галіны? Ці адраджаюцца рэцэпты знакамітага брытанскага эканаміста Джона Кейнса, якімі карыстаўся Франклін Рузвэльт падчас «Вялікай дэпрэсіі» на мяжы 20-30 гадоў ХХ стагодзьдзя?

На гэтыя пытаньні Свабоды адказаў прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штата Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.

Вялікае інтэрвію >>

10:42 27.3.2020

Былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу санслужбы Менску пра сытуацыю з COVID-19: «Баюся людзкой панікі і агрэсіі»

«На распаўсюджваньне эпідэмій уплываюць як прыродныя фактары, так і сацыяльныя, таму браць за аснову думку лекара з Гішпаніі ці Італіі ня трэба — у нас і клімат іншы, і сыстэма працуе інакш», — лічыць Натальля Агарэлышава, былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, а цяпер магістарка ў культурнай спадчыне.

Чытаць інтэрвію >>

10:45 27.3.2020

Да 90% выручкі. Якія галіны эканомікі найбольш пацярпелі ад каранавірусу

Беларускі Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага апытаў сваіх чальцоў пра іхны стан у сакавіку і прагнозы на першае паўгодзьдзе. Паводле апытаньня, найбольшыя страты ад сытуацыі з пандэміяй COVID-19 мелі бізнэсы ў галінах пасажырскіх перавозак і турызму — праз закрыцьцё межаў у іншых краінах іхная выручка скарацілася на 50–90% да сакавіка мінулага году.

Пацярпелі і тыя, хто арыентаваўся на прыбыткі ад паслугаў замежнікам (як то ў галіне стаматалягічных паслугаў), і тыя, хто працаваў на ўнутранае спажываньне (цырульні і аб’екты харчаваньня страцілі 10–25% выручкі).

Што яшчэ высьветлілі і што думаюць з гэтым рабіць >>

11:23 27.3.2020

У Расеі ўжо больш за тысячу інфікаваных

Паводле расейскага Апэратыўнага штабу барацьбы з эпідэміяй, на 27 сакавіка ў Расейскай Фэдэрацыі зафіксавалі 1036 выпадкаў COVID-19. За мінулы дзень выявілі 196 новых выпадкаў, днём раней — 182. З пачатку эпідэміі праз каранавірус у Расеі памерлі тры чалавекі.

Паводле колькасьці інфікаваных Расея набліжаецца да Беларусі: у Расеі каля 7 выпадкаў на мільён жыхароў, у Беларусі каля 9.

Галоўны лекар лякарні ў маскоўскай Камунарцы, куды адпраўляюць пацыентаў з падазрэньнем на каранавирус, лічыць, што пік захворваньня ў Маскве можа наступіць у сярэдзіне або канцы наступнага тыдня, перадае «Дождь».

11:29 27.3.2020

Ва Ўкраіне за дзень выявілі 62 выпадкі каранавірусу. Агулам там ужо 218 выпадкаў

Міністар здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко абвясьціў 27 сакавіка пра выяўленьне новага каранавірусу ў яшчэ 62 чалавек, перадае УНІАН. Цяпер ва Ўкраіне зафіксавалі 218 выпадкаў — ачунялі 4 чалавекі, памерлі 5.

Цяпер ва Ўкраіне каля 5 выяўленых выпадкаў каранавірусу на мільён чалавек. Гэта самы нізкі паказьнік у Эўропе: у Расеі каля 7 выпадкаў на мільён, у Беларусі каля 9, у Польшчы каля 33.

13:22 27.3.2020

Ужо 94. У Беларусі выявілі 8 новых выпадкаў COVID-19

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 27 сакавіка паведаміла сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 32 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні». Днём раней Мінздароўя не публікавала актуальную статыстыку. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 86 выпадкаў — за два дні выявілі 8 новых выпадкаў.

13:26 27.3.2020

Лукашэнка заявіў, што Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаць, як задумвалі, нягледзячы на каранавірус

Работнікі прадпрыемства ААТ «Белгіпс», якое наведвае Аляксандар Лукашэнка, пацікавіліся ў яго, ці не зьбіраюцца ўлады адмяніць падрыхтоўку да 75-годзьдзя Перамогі 9 траўня. Лукашэнка запэўніў, што «тэма сьвяткаваньня юбілею Вялікай Перамогі ня згубіцца ў нэгатыўным інфармацыйным патоку».

«Не, ня згубіцца. Падрыхтоўка ў краіне працягваецца, і ніякія заплянаваныя мерапрыемствы не адмяняюцца», — зазначыў ён.

У Менску ўжо рыхтуюцца да вайсковага параду. Так, 26 сакавіка быў абмежаваны рух транспарту на МКАД у сувязі з праездам вайсковай мэханізаванай калёны да аэрадрому Ліпкі, дзе адбываюцца асноўныя трэніроўкі.

13:36 27.3.2020

«Бяз шуму і пылу». Лукашэнка лічыць, што Беларусь эфэктыўна супрацьстаіць каранавірусу

Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі робяцца ўсе неабходныя захады для прафіляктыкі і прадухіленьня распаўсюду каранавірусу, што кожная служба ў краіне — ад мэдыкаў да праваахоўных органаў — займаецца сваёй справай. І ён катэгарычна супраць «псыхозу і панікі вакол гэтай тэмы».

«Мы ўсім гэтым займаемся. Але толькі бяз шуму і пылу», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. Што яшчэ сказаў Лукашэнка, чытайце тут

13:53 27.3.2020

Што акрамя колькасьці выпадкаў расказалі на прэс-канфэрэнцыі Мінздароўя:

  • У жанчыны з Жыткавічаў канчатковы вынік тэстаў на COVID-19 адмоўны, хоць першы тэст даў станоўчы вынік.
  • Мінздароўя сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як бачна са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.
  • Пацыентаў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх цяпер няма. Пацыентка, якая была пад інтэнсіўным назіраньнем, мае станоўчую дынаміку.
  • Захворвальнасьць каранавірусам у Мінздароўя называюць «спарадычнай» — «у некаторых рэгіёнах адзінкавай».
  • Мэдыкаў, якія кантактуюць з інфікаванымі SARS-CoV-2, назіраюць штодзень, апытваюць, тройчы на дзень мераюць тэмпэратуру, тэстуюць на першы і трынаццаты дзень працы.
  • На дабрачынны рахунак Мінздароўя на 9 раніцы паступіла 551 949 рублеў і 37 капеек, 16 122 эўра і 47 эўрацэнты. Грошы перадусім накіруюць на абарончае адзеньне мэдыкаў, стварэньне запасаў тэставых сыстэмаў і лекаў.
  • Сытуацыя з мэдычнымі маскамі, антысэптыкамі і іншымі сродкамі «пад кантролем». Ужо наладжаная вытворчасьць рэсьпіратараў на прадпрыемстве, якое прастойвала з 2015 году, нарошчваюць вытворчасьць антысэптыкаў.
  • Каля РНПЦ «Маці і дзіця» будуюць не часовы шпіталь для інфікаваных, а анастэзіёляга-рэанімацыйнага корпусу і корпусу для неданошаных дзяцей.
  • У лекавых установах вольнае 2221 месца для шпіталізацыі кантактных асобаў з інфікаванымі каранавірусам, «перапаўненьня» няма, а служба «хуткай дапамогі» працуе ў звычайным рэжыме.
  • Прыцягваньне сілавых структураў для прымусу да загадаў Мінздароўя пакуль не разглядаюць — іх прыцягваюць толькі ў кантролі самаізаляцыі тых, хто прыбыў з краінаў зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай абстаноўкай». З-пад карантыну яшчэ ніхто не ўцякаў.
  • Тэсты на COVID-19 на мяжы не здаюць усе, хто перасякае мяжу, бо «перадусім, незалежна ад вынікаў дасьледаваньня», любы мусіць быць 14 дзён у рэжыме самаізаляцыі. Чальцы іх сем’яў — не абавязаныя, але ім «някепска назіраць за ўласным здароўем».
  • На пытаньне аб тым, як хутка пацыенты мусяць атрымаць вынікі тэстаў на COVID-19, на прэс-канфэрэнцыі не адказалі. Раней сьцьвярджалася, што вынікі мусяць быць гатовыя цягам 4–24 гадзінаў, ды шэраг пацыентаў заяўляў, што не атрымлівае вынікі па тры дні і дольш.
  • У месцах пазбаўленьня волі «няма каранавіруснай інфэкцыі».
  • «Самы небясьпечны прадмет — гэта нашыя рукі», іх ва ўмовах пандэміі трэба часта і правільна мыць.
14:02 27.3.2020

Як паскараецца распаўсюд каранавірусу

Сусьветная арганізацыя здароўя адзначыла ў Twitter, што ў распаўсюдзе COVID-19:

першыя 100 000 выпадкаў выявілі праз 67 дзён пасьля пачатку эпідэміі;

другія 100 000 — праз 11 дзён пасьля таго;

трэція 100 000 — праз 4 дні;

чацьвёртыя 100 000 — праз 2 дні.

Цяпер у сьвеце зафіксаваныя ўжо каля 548 800 выпадкаў COVID-19. Памерлі каля 24,9 тысячы пацыентаў, выпісаныя здаровымі каля 128,6 тысячы, у цяжкім або крытычным стане застаецца 21 тысяча пацыентаў.

14:38 27.3.2020

Брытанcкі прэм’ер заразіўся COVID-19

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у Twitter расказаў, што атрымаў пазытыўны тэст на COVID-19. Цяпер ён мае нязначныя сымптомы.

Як расказаў Борыс Джонсан, цяпер ён на самаізаляцыі, але працягвае працу ў рэжыме відэаканфэрэнцыяў. Ён падкрэсьліў, што сымптомы нязначныя — тэмпэратура і кашаль. Яны зьявіліся за апошнія 24 гадзіны.

Джонсан заклікаў іншых змагацца з каранавірусам — заставацца дома і сьледаваць рэкамэндацыям мэдыкаў.

Днём раней стала вядома, што COVID-19 выявілі ў прынца Ўэльскага Чарльза — сына брытанскай каралевы.

15:06 27.3.2020

«Белавія» працягне лятаць у Маскву, кампаніі зрабілі выключэньне

Беларусь і Расея дамовіліся працягнуць палёты «Белавія» ў Маскву, нягледзячы на рашэньне расейскага боку аб спыненьні авіязносінаў зь іншымі дзяржавамі з прычыны пандэміі каранавірусу COVID-19, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі 27 сакавіка.

15:08 27.3.2020

Ярмошына ня лічыць, што каранавірус можа стаць падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараў

«Толькі калі будзе абвешчанае надзвычайнае становішча, гэта дае падставу для пераносу выбараў, так сказана ў Канстытуцыі. Але калі будзе сытуацыя ў краіне такая ж, як цяпер, то ніякіх падставаў для пераносу няма», — сказала Ярмошына.

16:07 27.3.2020

Лайфхак: як мыць рукі, каб не падхапіць каранавірус

Лайфхак: як мыць рукі, каб не падхапіць каранавірус
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG