Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

12:46 26.3.2020

Facebook запусьціў сыстэму інфармаваньня пра COVID-19

Сацыяльная сетка Facebook паведаміла пра шэраг захадаў у сувязі з пандэміяй новага каранавірусу. У кампаніі стварылі інфармацыйны цэнтар у пытаньнях каранавірусу, засяродзіліся на барацьбе з фэйкамі і правакацыямі, паабяцалі падтрымку экспэртаў і малых бізнэсаў, у некаторых краінах запусьцілі адмысловы «антывірусны» разьдзел на Facebook, банэр на Instagram і інфармавальнік у WhatsApp.

Інфармаваньне пра COVID-19 дае і Google, і Youtube, і «ЎКантакце», і іншыя папулярныя інтэрнэт-сэрвісы.

12:52 26.3.2020

«Мастацтва неўміручае. А эпідэміі скончацца...» Сьмельчакі і цяпер ходзяць на балет

У сталічных тэатрах народу істотна паменшала. Яшчэ нядаўна ў Купалаўскі на «Караля Ліра» ці «Рэвізора» квіткі раскуплівалі за 3 месяцы да спэктаклю. У Тэатар опэры і балету (прынамсі на балет) іх трэба было купляць таксама за два-тры месяцы.

25 сакавіка ў Вялікім тэатры опэры і балета паказвалі «Жызэль». У сярэдзіне дня з афіцыйнага сайту тэатру, дзе можна замовіць і аплаціць квіткі, вынікала, што амаль палова залі вольная.

Што кажуць наведнікі тэатру >>

12:53 26.3.2020

Менская рэстарацыя закрылася і пачала гатаваць «ссабойкі» лекарам, зьбірае грошы на посуд

Рэстарацыя Grillman абвясьціла збор грошай на плятформе Molamola.by — кампанія завецца «Зьбяром ссабойку доктару». 12 тысяч рублёў патрэбныя, каб зрабіць 12 тысяч гарачых абедаў для менскіх лекараў, і грошы патрэбныя на аднаразовы посуд.

Сама рэстарацыя закрываецца ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Пакуль мяркуецца, што закрыцьцё працягнецца два месяцы. Ад 26 сакавіка рэстарацыя вырашыла абслугоўваць Менскую гарадзкую клінічную лякарню гарачымі абедамі за ўласныя грошы.

Рэстарацыя піша, што сама ня зможа аплаціць ўсе выдаткі, бо працягвае плаціць супрацоўнікам заробкі, а таксама арэнду і за камунальныя паслугі. Камплект аднаразовага посуду каштуе 1,1 рубля па закупачных цэнах, таму на 12 тысячаў порцыяў лекарам рэстарацыя просіць 12 тысячаў рублёў дапамогі.

Астатнія 60 тысячаў рублёў рэстарацыя абяцае выдаткаваць з уласных сродкаў. Частку прадуктаў на праект ёй даюць «Віталюр», Bro Bakery, BakeZavod, «Велес Фуд», «Пятруха» і іншыя кампаніі.

14:00 26.3.2020

У сеціве зьбіраюць грошы для дапамогі менскім бальніцам і мэдыкам

На плятформе Molamola абвясьцілі збор сродкаў на рэсьпіратары для для мэдыкаў ЛОР-аддзяленьня 3-й гарадзкой дзіцячай бальніцы Менску, галоўны ўрач якой першым у краіне падтрымаў сусьветную акцыю мэдыкаў «Заставайцеся дома».

Як адзначае ініцыятар збору Андрэй Стрыжак, «у выпадку выяўленьня ў аднаго з пацыентаў каранавірусу, лекары будуць вымушаныя сысьці на карантын на 14 дзён і цэлая зьмена лекараў ня зможа надаваць дапамогу малым». Таму мэта збору — 100 рэсьпіратараў клясу абароны ffp3 для лекараў дзіцячай бальніцы, якіх цяпер у мэдыкаў няма. Гэтага хопіць на 20-25 дзён працы ЛОР-аддзяленьня.

Таксама збор сродкаў для мэдыкаў ідзе на іншых плятформах:

Тут зьбіраюць дапамогу для інфэкцыйнай бальніцы і шостай гарадзкой бальніцы Менску

↘ Каманда рэстарана Grillman зьбірае грошы на гарачае харчаваньне лекараў

↘ Праект «Імёны» зьбірае грошы на закупку ахоўных камплектаў для сацыяльных работнікаў, якія дапамагаюць старым, мэдсёстраў

14:17 26.3.2020

У Італіі ад COVID-19 вылечыўся 101-гадовы мужчына

Заражаны каранавірусам 101-гадовы мужчына ачуняў у Італіі. Пацыента выпісалі са шпіталя ў курортным горадзе Рыміні на Адрыятыцы, паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай на адзін з італьянскіх тэлеканалаў.

Паводле тэлеканалу, пажылога мужчыну шпіталізавалі на мінулым тыдні. «Гэта надзея на будучыню для ўсіх нас», — прыводзіць тэлеканал словы прадстаўніка мясцовых уладаў Глёрыі Лізі.

На мінулым тыдні пасьля двух тыдняў хваробы зь лякарні Бэргама выпісалі месячнае немаўля.

14:20 26.3.2020

У Беларусі злавілі ўжо сем перакупнікаў мэдычных масак

За апошні час у Беларусі склалі сем пратаколаў па фактах незаконнага перапродажу мэдычных масак, перадае БелТА зьвесткі ГУБАЗіК. У асноўным перакупнікі бралі тавары ў аптэках і перапрадавалі ў інтэрнэце па завышаных цэнах. У іх канфіскавалі звыш 28 тысяч адзінак мэдычнай прадукцыі на суму (калі лічыць у легальных цэнах) каля 26 тысяч рублёў.

За такую незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць могуць аштрафаваць на суму да 2700 рублёў, а тавар канфіскаваць.

14:37 26.3.2020

Як самому зрабіць антысэптык для рук

Рэцэпт Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя: як зрабіць літр антысэптычнага гелю ў хатніх умовах. Усе інгрэдыенты даступныя ў аптэках альбо гаспадарчых крамах.

14:38 26.3.2020

Каранавірус пацьверджаны ў 20 вайскоўцаў батальёну NATO ў Літве

Каранавірус пацьверджаны ў дзесяці вайскоўцаў міжнароднага батальёну NATO, дысьлякаванага ў Літве. Пра гэта паведамляе партал DELFI са спасылкай на прадстаўніка для сувязяў з грамадзкасьцю міжнароднага батальёну.

15:31 26.3.2020

КНДР негалосна папрасіла дапамогі ў барацьбе з каранавірусам — Financial Times

Паўночная Карэя адправіла адпаведныя запыты, у прыватнасьці, у Сусьветную арганізацыю аховы здароўя і Міжнародны чырвоны крыж. Апроч іншага, як сьцьвярджаюць крыніцы, просьбы аб дапамозе адрасаваныя таксама Расеі і Кітаю.

16:09 26.3.2020

Украіна атрымала ад ААН 33 мільёны даляраў на барацьбу з каранавірусам

Украіна атрымала ад Арганізацыі аб’яднаных нацый $33 мільёны ў рамках праграмы «Глябальны плян гуманітарнага рэагаваньня для барацьбы з COVID-19».

Грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю гуманітарных праектаў на Данбасе па абодва бакі лініі разьмежаваньня, у тым ліку на тэрыторыі, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты.

Грошы пойдуць на фінансаваньне:

  • мэдычных установаў (дастаўку неабходнага лябараторнага абсталяваньня і мэдыкамэнтаў)
  • забясьпячэньня харчовай бясьпекі ў рэгіёне і раздачы тавараў першай неабходнасьці мясцовым жыхарам
  • дапамогі асобам сталага веку і людзям з інваліднасьцю
  • дыстанцыйнай школьнай адукацыі
  • правядзеньне інфармацыйных кампаній у справе абароны сябе і навакольных ад вірусу.

Чытаць падрабязьней>>

17:18 26.3.2020

Францускі міністар заклікаў афіцыянтаў і цырульнікаў працаваць у полі

Міністар сельскай гаспадаркі Францыі Дыдзье Гіём заклікаў усіх, хто страціў працу з прычыны эпідэміі, шукаць працу ў сельскай гаспадарцы. Прв гэта ён заявіў у эфіры тэлеканаду BFM TV.

— Я звяртаюся да жанчын і мужчын, якія не працуюць, зачыненыя ў сваіх дамах, да афіцыянтаў у рэстаранах, абслулі у гатэлях, цырульнікаў у маім раёне, якія больш не працуюць. Я кажу вам — падтрымлівайце сельскую гаспадарку, — сказаў Гіём.

Ён нагадаў, што сельская гаспадарка павінна «працаваць, каб карміць французаў». Ён таксама падлічыў, што гэты сэктар эканомікі адчувае дэфіцыт каля 200 000 чалавек.

17:40 26.3.2020

Італьянская прэса: 80% расейскай дапамогі бескарысныя для змаганьня з COVID-19

Італьянская газэта La Stampa, спасылаючыся на «палітычныя крыніцы высокага ўзроўню» паведамляе, што 80% расейскай дапамогі бескарысныя для змаганьня з COVID-19.

У той час як Кітай накіраваў у Італію пераважна мэдычныя маскі і апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дэфіцыт якіх востра адчуваецца і па сёньня, Масква паставіла абсталяваньне для дэзынфэкцыі тэрыторыяў і іншую падобную тэхніку.

La Stampa прыводзіць меркаваньне сваіх крыніцаў, якія лічаць, што Масква дзейнічае зыходзячы са сваіх палітычных інтарэсаў, а ня толькі з гуманітарных меркаваньняў. Прэм’ер Італіі мае намер усталяваць добрыя адносіны з Масквой, і таму пагадзіўся прыняць дапамогу.

Чытаць падрабязна >>

18:10 26.3.2020

Міжнародная фэдэрацыя ўнівэрсытэцкага спорту адмяніла ўсе спаборніцтвы да жніўня 2020 году

Такім чынам, Міжнародная фэдэрацыя ўнівэрсытэцкага спорту (FISU) адмовілася ад правядзеньня плянэтарных форумаў па амэрыканскім футболе, роварным спорце, гандболе, гольфе, пляжным валейболе, фларболе, трыятлёне, парусным спорце, ушу, футзале, сквошу і тайскім боксе, спартыўным арыентаваньні.

Таксама будзе перанесены на верасень міжнародны адукацыйны форум FISU Leaders Academy, які быў заплянаваны 10-16 чэрвеня ў Казані.

18:41 26.3.2020

«Якога **я вы сунецеся на вуліцу?» Італьянскія мэры шалеюць, што людзі не сядзяць дома

«Якога **я вы сунецеся на вуліцу?» Італьянскія мэры шалеюць, што людзі не сядзяць дома
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

18:49 26.3.2020

Каранавірус у Італіі: на матчы Лігі чэмпіёнаў выбухнула «біялягічная бомба»

Пераможны футбольны матч італьянскай каманды ў Лізе чэмпіёнаў, які выклікаў эўфарыю мясцовых заўзятараў, зь цягам часу стаў адным са знакаў каранавіруснай бяды, якая напаткала паўночную Італію, а потым і ўсю краіну.

19 лютага футбольная каманда «Аталянта Бэргама» (Atalanta Bergamo) выйграла ў гішпанскай «Валенсіі» (Valencia CF) зь лікам 4:1. Матч адбыўся не ў 120-тысячным родным горадзе італьянскай каманды, а на стадыёне Сан Сіра ў Міляне, дзе яго паглядзелі 40 тысяч жыхароў Бэргама. У той час у Італіі мала хто быў занепакоены захворваньнем COVID-19.

Некалькі тыдняў пазьней аказалася, што правінцыя і горад Бэргама сталі найбольш пацярпелым ад інфэкцыі каранавірусу рэгіёнам у Італіі. The Washington Post паведамляе, што нэкралёгі ў штодзённай газэце ў Бэргама займаюць 10–11 старонак.

Чытаць цалкам.

20:18 26.3.2020

Мінспорту прапанавала льготы для турызму на час эпідэміі

Пандэмія каранавірусу найперш ударыла па сфэры турызму, які цяпер фактычна не працуе, бо межы пазакрываліся. У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі і Саюзе турыстычных арганізацый прапанавалі Міністэрству эканомікі ўвесьці для турыстычных кампаній падатковыя вакацыі ды іншыя паслабленьні.

Чытайце таксама:

«Людзі могуць страціць працу». Што чакае сфэру турызму

«Расейцы ня едуць, а нас адпраўляюць на палову стаўкі». Што адбываецца ў беларускіх санаторыях, дзе да паловы пуцёвак набывалі расейцы?

20:59 26.3.2020

Кітай з 28 сакавіка прыпыніць уезд іншаземцаў зь дзейнымі візамі

МЗС Кітаю 26 сакавіка абвясьціў аб увядзеньні часовай забароны на ўезд у краіну іншаземцам зь дзейнымі візамі або зь відам на жыхарства з прычыны пандэміі каранавірусу. Забарона ўступае ў сілу 28 сакавіка.

21:02 26.3.2020

Пісьменьнік Барыс Акунін выказаў скепсіс наконт каранавірусу, а цяпер заразіўся ім

Расейскі пісьменьнік Барыс Акунін паведаміў у сваім фэйсбуку, што захварэў на каранавірус.

Чытаць цалкам.

22:07 26.3.2020

Ці ёсьць у жанчыны з Жыткавіч каранавірус? Што казаў міністар Уладзімер Каранік пра тэсты

«Адназначна сказаць, што там ёсьць каранавірус, мы пакуль ня можам. Ідзе яшчэ ўдакладняльная дыягностыка», — сказаў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік 25 сакавіка пра сытуацыю з жанчынай з Жыткавіч.

58-гадовая жыхарка Жыткавіч тыдзень была на бальнічным з дыягназам ВРВІ і піла антыбіётыкі, але лепш ёй не станавілася. Пасьля адной з кансультацый зь лекарам яна страціла прытомнасьць. За межы краіны і Жыткавіч яна не выяжджала.

22:32 26.3.2020

Украіна 27 сакавіка цалкам закрывае сваю мяжу

Украіна ў канцы дня 27 сакавіка цалкам закрые дзяржаўную мяжу на ўезд і выезд праз каранавірусную інфэкцыю. Пра гэта ў тэлезвароце заявіў 26 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Зяленскі сказаў, што 27 сакавіка будуць спыненыя ўсе пасажырскія зносіны з замежнымі краінамі. Аб грамадзянах Украіны, якія засталіся за мяжой, павінны будуць паклапаціцца дыпляматычныя прадстаўніцтвы і ўкраінская дыяспара.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG