У Азэрбайджане наступны тыдзень абвясьцілі непрацоўным праз каранавірус
Кабінэт міністраў Азэрбайджану 25 сакавіка ў сувязі з каранавірусам абвясьціў наступны тыдзень непрацоўным. Пра гэта паведаміў апэратыўны штаб па барацьбе з COVID-19.
Cёньня ж у сувязі з эпідэміяй каранавірусу наступны тыдзень быў абвечаны непрацоўным і ў Расеі.
Агульная колькасць заражаных каранавірусам ў Азэрбайджане дасягнула 93 чалавек, шасьцёра з іх выяўленыя за апошнія суткі. Паводле зьвестак штабу, цяпер у шпіталях знаходзіцца 81 хворы з COVID-19, стан траіх з іх ацэньваецца як цяжкі. Адна пацыентка з каранавірусам раней памерла. На карантыне ў Азэрбайджане знаходзяцца 2914 чалавек.
У Маскве памерлі два чалавекі з каранавірусам
У Маскве памерлі два пацыенты сталага веку, які мелі станоўчыя тэсты на каранавірус. Пра гэта паведаміў гарадзкі апэратыўны штаб.
Кубак Беларусі па акадэмічным веславаньні перанесьлі на нявызначаны тэрмін
Рашэньне пра канкрэтныя даты, калі адбудзецца розыгрыш трафэя, або канчатковую адмену кубкавай рэгаты будзе прынятае ў красавіку, з улікам эпідэміялягічнага становішча, а таксама зьменаў у міжнародным спаборніцкім календары, паведамілі БелТА ў прэс-службе грамадзкага аб’яднаньня.
Раней Міжнародная фэдэрацыя веславаньня адмяніла ўсе афіцыйныя спаборніцтвы да канца траўня (сярод іх этапы Кубку сьвету, а таксама кваліфікацыйныя спаборніцтвы да Гульняў-2020). Разам з тым чэмпіянат Эўропы 2020 году, папярэдне плянавалі на 5-7 чэрвеня ў Познані (Польшча), арганізатары спаборніцтваў пакуль не пераносілі.
Польшча падоўжыла закрыцьцё межаў да 13 красавіка
Польшча заявіла аб тым, што яе мяжы застануцца закрытымі для замежнікаў да 13 красавіка. Пры гэтым усе палякі могуць вярнуцца на радзіму.
Беларускі дзяржаўны цырк у Менску з 29 сакавіка датэрмінова завяршае прадстаўленьні «ў сувязі з узьніклымі абставінамі». Квіткі можна вярнуць у касе цырку.
Колькасць ахвяр COVID-19 у сьвеце перавысіла 20 тысяч
Колькасць ахвяр каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, пандэмію якой цяпер перажывае свет, у сераду перавысіла 20 тысяч.
Гэтая лічба была дасягнута пасля таго, як паступіла новая статыстыка пра колькасьць памерлых з Італіі. За мінулыя суткі ў гэтай краіне памерлі 683 чалавекі з каранавірусом. У гэтай краіне ахвяраў інфэкцыі больш за ўсё — больш за 7500.
Лічбы на раніцу 26 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі 471,5 тысячы выпадкаў COVID-19: 81,7 тысячы ў Кітаі, каля 74,3 тысячы ў Італіі, каля 68,5 тысячы ў ЗША, 49,5 тысячы ў Гішпаніі, 37,3 тысячы ў Нямеччыне, 27 тысяч у Іране, 25,2 тысячы ў Францыі, 10,9 тысячы ў Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 21,3 тысячы чалавек. Зь іх 7503 у Італіі, 3647 у Гішпаніі, 3287 у Кітаі, 2077 у Іране, 1331 у Францыі, 1032 у ЗША.
- Выпісалі 114,6 тысячы пацыентаў, якія ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 335,5 тысячы, зь іх 14,7 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць.
«Вялікая сямёрка» дамовілася аб'яднаць намаганьні ў барацьбе з каранавірусам
Міністры замежных спраў сямі вядучых прамыслова разьвітых дэмакратый пагадзіліся з неабходнасьцю сумесных намаганьняў у барацьбе з новым каранавірусам, які выклікае захворваньне COVID-19.
Аднак амэрыканскія і эўрапейскія дыпляматы, якія мелі зносіны з дапамогай відэаканфэрэнцыі ў сераду, заявілі, што міністры не пагадзіліся з заклікам дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо называць каранавірус «уханьскім вірусам».
У выніку літаральна празь дзень пасьля таго, як міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў «Вялікай сямёркі» выпусьцілі сумеснае камюніке са згадваньнем вірусу COVID-19, міністры замежных спраў ня сталі публікаваць групавой заявы.
На сольнай прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў са сваімі калегамі, Пампэо зноў згадаў «уханьскі вірус», заявіўшы, што ён зьяўляецца «самым актуальным пытаньнем парадку дня». Паводле яго, усе міністры замежных спраў «заявілі аб прыхільнасьці змагацца зь ім празрыста, як гэта неабходна ва ўсім сьвеце».
У Расеі рыхтуюцца да выбуховага росту каранавірусу
Лекары ў Расеі рыхтуюцца да «выбуховага», «кшталту ядзернай рэакцыі» развіцьця сытуацыі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта паведаміў галоўны інфэкцыяніст маскоўскага Міністэрства аховы здароўя Мікалай Малышаў.
Паводле яго, спачатку было арытмэтычнае даданьне колькасьці інфікаваных, цяпер яно ўжо геамэтрычнае - за апошнія суткі захваральнасьць каранавіруснай інфэкцыяй вырасла амаль у тры разы.
У сувязі з гэтым ва ўсіх рэгіёнах рыхтуюцца новыя стацыянары і ложкі, абсталяваныя адпаведна апошнім патрабаваньням, адзначыў ён.
«Вялікая колькасьць людзей будзе хварэць», — лічыць Мікалай Малышаў. Таму гаворка ідзе пра пастаноўку дыягназаў дыстанцыйна з дапамогай IT-тэхналёгій, расказаў ён. У сытуацыі выбуховага росту захваральнасьці прыярытэт у шпіталізацыі будзе аддавацца пацыентам з групаў рызыкі, дадаў экспэрт.
На дзьверах 34-й паліклінікі ў Менску — шматлікія інструкцыі ў сувязі з COVID-19
Як вірус дзеліць грамадзтва. Піша Юры Дракахруст
Сьцісла:
- У Чэхіі, дзе ўведзены карантын, я працую з дому, а пад маімі вокнамі віруе будоўля нейкага офісу
- Гэтыя будаўнікі ня могуць выконваць сваю працу онлайн
- Людзі вызначаюць сваю пазыцыю паводле балянсу паміж небясьпекай ад вірусу і ўласнымі магчымасьцямі эканамічнага выжываньня
- У ІТ-шніка і рабочага на канвэеры гэтыя балянсы розныя
- Калі нехта заклікае да «карантыну любой цаной», то вельмі часта рэч у тым, што для яго гэтая цана ня надта высокая
- Правільнае рашэньне для канкрэтнага грамадзтва ў дадзеным выпадку — гэта кампраміс паміж кепскім і кепскім, прычым кепскім для розных людзей у рознай ступені
Расея з 27 сакавіка спыняе рэгулярныя і чартэрныя рэйсы за мяжу
Урад Расеі пастанавіў забараніць ад 27 сакавіка рэгулярныя і чартэрныя авіязносіны зь іншымі дзяржавамі. Адпаведнае даручэньне атрымала «Росавиация» па выніках паседжаньня каардынацыйнай рады барацьбы з каранавірусам.
Выключэньне зробяць толькі для рэйсаў, якімі вывозяць расейцаў з-за мяжы, а таксама для палётаў «на асаблівае распараджэньне ўраду».
Таксама вырашана, што пасажыры, якія прыбылі з краін, ахопленых пандэміяй, будуць праходзіць першапачатковае тэставаньне на наяўнасьць інфэкцыі непасрэдна ў аэрапорце. Для расейцаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, прадугледжаны абавязковы двухтыднёвы карантын.
«Некаторыя мэдыкі ня водзяць дзяцей ні ў школу, ні ў садок». Паразмаўлялі зь беларускімі лекарамі аб працы падчас пандэміі каранавірусу
Мэдыкі — адна з групаў рызыкі ў часе пандэміі каранавірусу. Свабода паразмаўляла зь беларускімі доктаркамі пра тое, што цяпер адбываецца ў мэдычных установах і ці патрэбны беларусам карантын.
Адзін кажа: «Вялікая імавернасьць, што наша міністэрства ня справіцца з гэтым». Другая — «У нас ёсьць маскі! Зробім выгляд, што яны дапамагаюць».
Абанэнтам А1 праз пандэмію каранавірусу далі бясплатны безьлімітны інтэрнэт
Ад 26 сакавіка да канца лета апэратар сотавай сувязі дасьць ім бясплатны безьлімітны доступ у інтэрнэт.
Доступ даюць на хуткасьці 512 кбіт/с — гэтага хопіць для чытаньня навінаў і прагляду фота, але наўрад ці для камфортнага прагляду відэа (хіба што ў якасьці 240p) або онлайн-гульняў.
Атрымаць гэтую паслугу могуць абанэнты з тарыфамі лінейкі «Камфорт» (у тым ліку архіўнымі), а таксама тарыфу «Стартавы». Каб падключыць бясплатны «анлім», трэба набраць USSD-код *135*7*1*2*1*1# і націснуць кнопку выкліку (для «Стартавага» і архіўных тарыфаў «Камфорт» код *135*7*4*1#). Таксама паслуга падключаецца праз мабільную праграму «Мой А1».
На іншых тарыфах таксама даюць бонусы — ад 200 Мб трафіку да «анліму» пры ўмове пераходу на актуальныя тарыфы.
Акрамя «анліму» на мабільны інтэрнэт абанэнтам (акрамя тарыфу «Стартавы») таксама даюць бясплатны доступ да відэасэрвісу VOKA — усёй бібліятэкі фільмаў і сэрыялаў, а таксама 30 папулярных тэлеканалаў.
Як сьвяткаваць Вялікдзень падчас пандэміі. Ватыкан растлумачыў
У краінах, дзе абвешчаная пандэмія каранавірусу і дзе людзям забаронена зьбірацца, біскупы і сьвятары павінны сьвяткаваць абрады Вялікага тыдня бязь вернікаў.
Людзі могуць далучыцца да малітвы дома і ўдзельнічаць у абрадах дзякуючы
перадачам, рэкамэндаваных Ватыканам.
Набажэнства ў Вялікую суботу неабходна праводзіць толькі ў саборах і парафіяльных храмах. Сьвятарм забаранілі падаваць вернікам крыж для пацалунку і праводзіць абрад мыцьця ног.
Указ таксама загадвае, што ў месцах, дзе ўлады ўводзілі абмежаваньні для насельніцтва, сьвятары (па ўзгадненьні з біскупамі) могуць праводзіць набажэнства ў сваіх парафіях без удзелу вернікаў.
Храм Магілы Гасподняй у Ерусаліме закрылі праз пандэмію каранавірусу
Царкву, збудаваную на месцы, дзе, паводле паданьняў, быў пахаваны і ўваскос Езус Хрыстос, закрылі ў сувязі з распаўсюдам COVID-19, піша Reuters.
Рашэньне прынялі па выніках сустрэчы царкоўных лідэраў Ізраілю і мясцовай паліцыі. Закрыцьцё храму адбылося перад Вялікднем — ізраільскія рэлігійныя дзеячы не выключаюць, што калі сытуацыя з пандэміяй не палепшыцца, велікодныя ўрачыстасьці будуць праводзіць у іншых месцах і паводле новых эпідэміялягічных правілаў.
У Ізраілі, блізкім паводле колькасьці насельніцтва да Беларусі, на момант публікацыі зафіксавалі 2495 выпадкаў COVID-19, памерлі 5 пацыентаў, выпісаныя здаровымі 66. Колькасьць «актыўных выпадкаў» няспынна падвышаецца.
У Маскве на тыдзень зачыняць крамы, рэстараны і паркі
Мэр Масквы Сяргей Сабянін распарадзіўся зачыніць з 28 сакавіка па 5 красавіка ўсе рэстараны, кавярні, бары, сталовыя, а таксама буйныя паркі.
Іншыя абмежаванні:
- Спыняецца аказаньне паслуг, якія патрабуюць асабістай прысутнасьці (напрыклад, цырульняў).
- Будуць аказваць мэдыцынскія, сацыяльныя, банкаўскія і страхавыя паслугі, паслугі
ЖКГ і сувязі, пахавальныя. - Транспарт будзе працаваць.
- Дыстанцыйныя паслугі, дастаўка будзе працаваць. Рэлігійныя аб’екты не зачыняцца, але Сяргей Сабянін наведваць іх не рэкамэндуе.
- Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ў непрацоўным тыдзень у Маскве працягнуць працаваць экстраныя службы, органы ўлады, транспарт, банкі і харчовыя крамы.
«Спачатку я была легкадумная, як цяпер многія ў Беларусі». Аповед беларускі з Гішпаніі, дзе бушуе COVID-19
«Гэта вайна» — так беларуская журналістка і гід Вольга Ўлевіч, якая 8 гадоў жыве ў Каталёніі, апісвае сытуацыю з пандэміяй каранавірусу ў Гішпаніі. Вольга, як і ўсе жыхары гэтай дзяржавы, ужо 11 дзён жыве ў жорсткім карантыне.
Яна апавядае Свабодзе, як з ростам сьмяротнасьці ад COVID-19 у Гішапніі радыкальна зьмянілася стаўленьне да пагрозы каранавіруснай інфэкцыі, і раіць беларусам не баяцца страціць грошы ды як мага хутчэй ісьці на карантын ці самаізалявацца. У Гішпаніі на 25 сакавіка былі больш за 42 тысячы людзей, інфікаваных COVID-19, 3434 чалавекі памерлі, у тым ліку 738 за апошнія содні.
У Мэркель другі адмоўны тэст на каранавірус
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель атрымала вынік другога тэсту на COVID-19 — зноў адмоўны, паведаміў ейны прэс-сакратар. Ды кіраўніца Нямеччыны працягвае працаваць з дому ў самаізаляцыі, трэці тэст мае прайсьці на наступным тыдні.
У мінулую нядзелю Мэркель адправілася ў самаізаляцыю, бо кантактавала зь лекарам, у якога пазьней выявілі новы каранавірус.
Канскі фэстывальны палац ператварылі ў прытулак для бяздомных. ФОТА
Кожны дзень там знаходзіцца ад 50 да 70 чалавек без даху над галавой. У залі фэстывальнага палацу стаяць ложкі, накрытыя коўдрамі, арганізаваныя ванныя пакоі, сталоўкі і месцы, дзе можна паглядзець тэлевізар.
Ёсьць нават адмысловыя клеткі для сабак — многія бяздомныя маюць сваіх хатніх
жывёлінаў. На ўваходзе ва ўсіх гасьцей мераюць тэмпэратуру, праводзяць эпідэміялягічныя інтэрвію.
Падчас каранавіруса, калі ўсе павінны «заставацца дома», бяздомныя знаходзяцца ў асаблівай сытуацыі. У часы абмежаваньняў іх караюць штрафамі за тое, што яны знаходзяцца на вуліцы, якія яны ня могуць заплаціць. Грамадзкія арганізацыі пратэстуюць супраць гэтага. Яны заклікаюць стварыць дадатковыя месцы ў гарадах, дзе маглі б жыць бяздомныя.