Аналітыкі: сусьветная эканоміка ўжо ўвайшла ў рэцэсію праз пандэмію каранавірусу
Пандэмія COVID-19 прывяла да таго, што фінансавыя рынкі перажываюць шок, найбуйнейшы з часоў сусьветнага фінансавага крызісу 2008 году. Пра гэта ўжо абвясьцілі дзясяткі цэнтральных банкаў у Эўропе, Амэрыцы, Азіі і Аўстраліі.
Прагназуецца, што сусьветная эканоміка вырасьце сёлета на 1,6%, што складае каля паловы ад 3,1%, якія прагназаваліся ў студзеньскім апытаньні Reuters, і гэты рост будзе самым слабым з часу сусьветнага фінансавага крызісу 2007–2009 гадоў. Прагнозы росту сусьветнага ВУП у 2020 годзе вар'іруюцца –2,0% да 2,7%.
Аповед інфэкцыяністкі, якая лечыць хворых на COVID-19
«Сама не баюся захварэць на COVID-19, але баюся заразіць сваіх пажылых і хворых родных», — кажа інфэкцыяністка Кацярына Гашкава.
У 4-гадовым узросьце яна пераехала ў Прагу з Кіева разам зь сям’ёй. Кацярына скончыла мэдычны факультэт Карлавага ўнівэрсытэту, паводле спэцыяльнасьці яна інфэкцыяністка, працуе ў Усьці-над-Лабай у інфэкцыйным аддзяленьні мясцовага шпіталя.
Кацярына расказала Свабодзе пра сваю працу з хворымі на каранавірусную інфэкцыю і сваё бачаньне таго, як будзе разьвівацца сытуацыя з пашырэньнем COVID-19 у Чэхіі і сьвеце.
Ужо 69. У Беларусі 12 інфікаваных COVID-19 з сымптомамі, яшчэ 42 без сымптомаў, 15 выпісалі
Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 20 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным COVID-19. Цяпер у 69 чалавек выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 51 выпадак (9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 выпісаныя). А зараз:
- 12 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы хваробы COVID-19 — Мінздароўя тлумачыць, што яны «па сутнасьці зьяўляюцца хворымі»;
- 42 пацыенты маюць станоўчыя тэсты на новы каранавірус SARS-CoV-2, але ня маюць сымптомаў хваробы;
- 15 пацыентаў ужо выпісалі пасьля адмоўных тэстаў на COVID-19, яшчэ 3 «рыхтуюцца да выпіскі».
Пад назіраньнем мэдыкаў застаецца неназваная колькасьць чалавек, але паведамляецца, што на наяўнасьць інфэкцыі абсьледавалі звыш 19 тысяч чалавек.
Азіі пагражае другая хваля COVID-19 — праз Эўропу
Цяпер Кітай, Паўднёвая Карэя і іншыя краіны Азіі маюць посьпехі ў барацьбе з новым каранавірусам, перажылі пік. Але, як піша BBC, цяпер вірус туды могуць завезьці з ЗША і Эўропы.
«Дынаміка распаўсюду вірусу мяняецца, — адзначае брытанскае выданьне. — Краіны Эўропы становяцца асяродкамі пандэміі, у той час як Азія ўжо перажыла яе пік. На гэтым тле ўжо азіяцкім краінам, магчыма, спатрэбіцца закрываць свае межы».
Так, у Кітаі, дзе яшчэ нядаўна быў адзначаны першы дзень бяз новых заражэньняў, у сераду абвясьцілі аб 34 новых выпадках. Нацыянальны камітэт аховы здароўя заявіў, што ўсе заражаныя нядаўна прыехалі з-за мяжы.
У Сынгапуры за суткі зарэгістраваныя 47 новых выпадкаў, 33 зь якіх таксама былі завезеныя ў краіну з-за мяжы, і 30 былі жыхарамі Сынгапуру, якія вярнуліся дадому.
У цэнтры Масквы будуць штодзень ладзіць хрэсны ход супраць каранавірусу
Намесьнік Высока-Пятроўскага манастыра Масквы ігумен Пётар (Ерамееў) абвясьціў у Instagram, што ад 18 сакавіка штовечар будзе ладзіцца хрэсны ход вакол будынку манастыра, тэрыторыю будуць акрапляць сьвятой вадой.
Хрэсны ход абяцаюць рабіць невялікім — 6–8 жыхароў манастыра на дыстанцыі адзін ад аднаго. Надалей хрэсныя хады зьбіраюцца ладзіць ужо на тэрыторыі манастыра.
У Расеі, дзе выявілі ўжо 199 выпадкаў COVID-19 і зафіксавалі першую сьмерць інфікаванай пацыенткі, пакуль не абвяшчалі ўсеагульнага карантыну або надзвычайнага становішча, але раней за тэрмін выправілі школьнікаў на вакацыі. Мэр Масквы ўвёў да 10 красавіка забарону на масавыя мерапрыемствы з больш як 50 удзельнікамі.
У Расеі выпрабоўваюць вакцыну ад каранавірусу, чакаюць яе запуску ў канцы году
Расея распрацоўвае прататыпы вакцынаў для прафіляктыкі эпідэміі COVID-19. Сьцьвярджаецца, што дасьледчыкам удалося стварыць вакцыны як на аснове вірусных вэктараў грыпу, адру і стаматыту, так і на аснове сынтэтычных тэхналёгіяў.
Паратунак ад небясьпечнай хваробы шукаюць і ў іншых краінах сьвету — Кітаі, Ганконгу, Японіі, ЗША, Аўстраліі...
Казахстанскія мэдыкі выявілі каранавірус у двух пасажыраў з менскага авіярэйсу
Як расказаў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Казахстану Дыяс Ахметшарып, за апошнія дні зарэгістравалі пяць новых выпадкаў заражэньня. Прычым два зь іх — у пасажыраў авіярэйсу зь Менску.
18 сакавіка казахстанскія ўлады дзеля праверкі пасадзілі самалёт зь Менску замест Нур-Султану ў Карагандзе. Грамадзянаў Беларусі на борце не было.
«Адзін пасажыр 1981 году нараджэньня, другі — 1972-га, — паведаміў чыноўнік на онлайн-брыфінгу. — І тры выпадкі ў Алматы: жанчына 1982 году, яшчэ адна 1979-га, прыбыла з Бэрліну. І адзін грамадзянін 1997 году прыляцеў з Францыі. Стан усіх здавальняючы».
Агулам у Казахстане вядома пра 49 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй: 2 у Карагандзе, 22 у Алматы і 25 у Нур-Султане. Сьмяротных вынікаў няма, запэўнілі ў Міністэрства аховы здароўя.
«У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў», — Андрэй Дынько
Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.
Сьцісла:
- Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасьці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»
- Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены
- У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі
- Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час
- Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі
- У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні
Як матэматыкі пераканалі Вялікую Брытанію ўзмацніць антыкаранавірусную дзейнасьць
Спачатку Вялікая Брытанія не плянавала ніякіх спэцыяльных дзеяньняў ва ўмовах эпідэміі каранавірусу. Яе падыход зьмяніў даклад аналітыкаў, якія падлічылі, колькі чалавек памрэ, калі гэты курс захаваецца.
16 сакавіка быў апублікаваны дакумэнт, які зьмяніў падыход брытанскіх уладаў — сёньня яны выкарыстоўваюць рашэньні, якія былі ўведзены ў шэрагу краін ЭЗ ужо больш за тыдзень таму.
Прагнозы справаздачы відавочныя: калі захаваць бягучы падыход барацьбы з эпідэміяй аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі не справяцца з прыёмам хворых. Аналітыкі з Imperial College і Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны падлічылі, што кожнай траціне шпіталізаваных пацыентаў можа спатрэбіцца месца ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі. Менавіта таму ўлады прыйшлі да высновы, што першапачатковы плян, заснаваны на пашырэньні эпідэміі, каб выпрацаваць «калектыўны імунітэт», можа скончыцца трагічна.
ЭГУ перайшоў на інтэрнэт-навучаньне
Прарэктар акадэмічных пытаньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, што ў Вільні (Літва), пастанавіў замяніць вочныя сэсіі інтэрнэт-фарматам, а аўдыторныя гадзіны, што плянаваліся на вясновай сэсіі, разьмеркаваць цягам вясновага сэмэстру як онлайн-заняткі.
Унівэрсытэт, заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, закрыты ўладамі ў 2004-м і адроджаны ў Літве дзеля студэнтаў зь Беларусі, і раней карыстаўся адкрытай інтэрнэт-плятформай Moodle для асобных онлайн-заняткаў.
У Літве міністэрствы рэкамэндавалі і іншым навучальным установам перайсьці на інтэрнэт-заняткі. Ад 16 сакавіка ў краіне ўвялі карантын у сувязі з пандэміяй COVID-19. На момант публікацыі ў Літве выявілі 48 выпадкаў новага каранавінусу (аднаго пацыента ўжо выпісалі здаровым). Гэта ўтрая больш выпадкаў на душу насельніцтва, чым у Беларусі.
«Балюча, але неабходна», — украінскія прадпрымальнікі пра карантын і страты
Ва Ўкраіне ўвядзеньне карантынных захадаў для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу выклікала шмат крытыкі.
На думку экспэртаў, эканоміка Ўкраіны, і без таго аслабленая вайной на Данбасе і абмежаваньнямі ў замежным гандлі, становіцца яшчэ больш уразьлівай, а захады, прапанаваныя ўрадам для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, недастатковыя, каб спыніць крызісныя тэндэнцыі.
Назарбаеў заклікаў бізнэсоўцаў даць грошай у спэцфонд, а народ — рыхтавацца «да жорсткай эканоміі»
Першы прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які зараз займае пасаду кіраўніка Дзяржрады, раніцай 20 сакавіка зьвярнуўся да народа.
Ён прызнаў сур’ёзнасьць каранавірусу і эканамічнага крызісу, які пачаўся. Назарбаеў
заклікаў усіх казахстанцаў падтрымаць цяперашняга прэзыдэнта Такаева і падрыхтавацца «да жорсткай эканоміі».
Назарбаеў не выключыў, што «бягучы крызіс набудзе доўгачасовы характар» і прывядзе да яшчэ большага падзеньня нацыянальнай валюты і эканомікі Казахстана. Ён прапанаваў «стварыць рэспубліканскі фонд, у якім бы назапашваліся сродкі людзей» — тых, хто «хоча і можа дапамагчы краіне ў гэты няпросты пэрыяд».
«Настаўнікам сказалі маўчаць». У менскай школе часткова адмянілі заняткі. Вінаваты каранавірус?
Раніцай вакол менскай СШ №212 у мікрараёне Сухарава амаль цішыня. Звычайна ў гэты час дзеці сьпяшаюцца ў школу на заняткі, але сёньня сюды падцягваюцца ў асноўным дарослыя ды рэдкія старшаклясьнікі. Амаль у кожнага ў руках белы ліст — гэта заява аб вызваленьні дзіцяці ад заняткаў да 27 сакавіка.
У бацькоўскіх чатах працягвае распаўсюджвацца інфармацыя пра пацьверджаны каранавірус у аднаго з школьнікаў. Спыталі бацькоў і дырэктарку, што там адбываецца.
YouTube і Netflix зьменшаць якасьць трансьляцыі ў Эўропе
Плятформы YouTube і Netflix зьменшаць якасьць трансьляцыі ў Эўропе, каб пазьбегнуць нагрузкі на Інтэрнэт у сувязі з паведамленьнямі, што мільёны эўрапейцаў праз успышку каранавірусу працуюць дыстанцыйна і шмат глядзяць відэа дома.
Гэтае рашэньне было прынята пасьля таго, як эўракамісар па ўнутраным рынку і лічбавай эканомікі Цьеры Брэтон заклікаў стрымінгавыя плятформы зьнізіць якасьць ваіх відэаролікаў, каб прадухіліць каляпс інтэрнэту.
Эўрапейскія тэлекамунікацыйныя правайдэры, ад Vodafone да Deutsche Telekom, у апошнія дні паведамляюць аб рэзкім павелічэньні трафіку дадзеных.
19 сакавіка Netflix у сваёй заяве таксама адзначыў, што «пачне зьніжаць хуткасьць перадачы даных ва ўсіх стрымінгах у Эўропе на працягу 30 дзён».
Дзень Волі перанесьлі ў інтэрнэт. Як адзначыць БНР-102 праз стрым
Антон Матолька, Павал Белавус і Эдуард Пальчыс — арганізатары мітынгаў-канцэртаў #БНР100 і #БНР101 — расказалі, як будуць адзначаць 102-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах пандэміі новага каранавірусу.
Раней шэраг партыяў і рухаў асобна ад каманды #БНР100 плянавалі публічна адзначыць БНР-102 мітынгам-канцэртам у Менску 22 сакавіка, але імпрэзу перанесьлі на няпэўны час «дзеля бясьпекі людзей».
Цяпер плян такі:
- усё пра стрым — на сайце Hodna.by;
- усё пра «плян дэцэнтралізацыі» — на сайце Bnr.by:
- збор грошай — на Molamola.by.
«Беларусам ніхто не дапаможа». Як на вёсцы ратуюцца ад пандэміі
Маскі засталіся з папярэдніх эпідэміяў, а ад новай хваробы выратуюць часнык і гарэлка. Жыхары вёскі Ільля Вялейскага раёну расказалі Свабодзе, як яны перажываюць усясьветную пандэмію каранавірусу.
У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў
Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.
Пра што інтэрвію. Сьцісла
- Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасьці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»
- Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены
- У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі
- Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час
- Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі
- У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні.
«Белпошта» аднавіла прыём пошты і пасылак у некаторыя краіны
Да нядаўняга моманту «Белпошта» ў сувязі з пандэміяй каранавірусу прымала пошту толькі ў Расею і Кітай (у тым ліку Ганконг). Два дні таму прыём адпраўленьняў у іншыя краіны спынілі, бо скараціліся авіяпералёты. Але ад 20 сакавіка «Белпошта» аднавіла:
прыём лістоў і пасылак у Вугоршчыну, Вялікую Брытанію, Кіргізстан, Нідэрлянды, Нямеччыну, Латвію, Літву, Сэрбію, Турэччыну, Фінляндыю, Францыю, Швэцыю і Эстонію;
перасылку паскоранай пошты EMS у Азэрбайджан, Армэнію, Бэльгію, Вугоршчыну, Вялікую Брытанію, ЗША, Ізраіль, Нямеччыну, Нідэрлянды, Сэрбію, Турэччыну, Фінляндыю, Францыю і Швэцыю.
Аднак у сувязі з пандэміяй новага каранавірусу ва ўсім сьвеце магчымая запозьненая дастаўка EMS, лістоў і пасылак, адзначае кампанія.
Беларусаў вяртаюць дамоў зь Літвы, Латвіі і Расеі
- не магла вылецець з маскоўскага аэрапорту Ўнукава — той ня мае транзытнай зоны, а Расея забараніла ўезд у краіну іншаземцам. Выходзіла, што тыя, хто вяртаўся ў Беларусь з Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну, не маглі зайсьці на тэрыторыю Расеі ва Ўнукаве. Але 20 сакавіка канфлікт разьвязаўся, самалёт «Белавія» забраў беларускіх турыстаў на радзіму. Днём раней міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей абмяркоўваў з расейскім калегам праз тэлефон дапамогу ў вяртаньні беларускіх турыстаў праз Расею. Неназваная колькасьць грамадзянаў Беларусі раней
- Амбасада Беларусі ў Латвіі паведаміла, што дапамагла вярнуцца дамоў сотні беларускіх грамадзянаў, яшчэ 140 беларускіх дзяцей чакаюць вяртаньня дамоў у санаторыі «Беларусь» у Юрмале. Латвія падзякавала Беларусі за магчымасьць транзыту сваіх грамадзянаў празь менскі аэрапорт.
- Міністры замежных справаў Беларусі і Літвы абмеркавалі праз тэлефон вяртаньне сваіх суграмадзянаў на радзіму. Уладзімер Макей падзякаваў Лінасу Лінкявічусу за «апэратыўнае рашэньне праблемных пытаньняў», міністры гаварылі пра павелічэньне прапускной здольнасьці мяжы для грузавога транспарту.
Каранавірус і дзеці. Пэдыятар пра рызыкі і наступствы
Галоўны лекар аддзелу дзіцячых інфэкцыйных захворваньняў Унівэрсытэту Вірджыніі ў ЗША Стывэн Цайхнэр у гутарцы з «Голасам Амэрыкі» абмеркаваў, які ўплыў каранавірусная інфэкцыя, пандэмія якой цяпер паралізавала сьвет, робіць на дзяцей.
— Што нам на сёньня вядома пра каранавірус і дзяцей?
— Група пэдыятраў з Кітаю апублікавала вельмі цікавае дасьледаваньне, у якім апісалі клінічныя праявы хваробы больш як у 2400 дзяцей. Я думаю, гэта будзе цікава і эпідэміёлягам, і распрацоўнікам мадэляў разьвіцьця хваробы, таму што, згодна з гэтым дасьледаваньнем, хвароба працякае лягчэй у дзяцей ва ўзросьце, скажам, ад году і старэйшых, але, відаць, прымае больш цяжкую, чым меркавалася раней, форму ў немаўлятаў да году.