Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:23 20.3.2020

Ганна Севярынец пра каранавірус адукацыі і выхаваньня

Адно з самых непрыемных уражаньняў апошніх дзён — уражаньне ад таго, як у школах рэагуюць на спробы некаторых бацькоў прымаць рашучыя меры супраць пандэміі.

  • Я бачу, як некаторыя настаўнікі дазваляюць сабе абразьлівыя камэнтары ў бок вучняў у масках.
  • Я бачу нават, як дарослыя з задавальненьнем арганізуюць цкаваньне такіх «панікёраў».
  • Я ведаю, што існуе цьвёрдая пазыцыя школ не расказваць бацькам пра іх права забраць дзяцей на карантын без рэглямэнтацыі дзён пропускаў (то бок па даведку ў паліклініку потым ісьці ня трэба).
  • Я ведаю, што ёсьць выпадкі, калі асобныя настаўнікі альбо нават адміністрацыя школы прымушаюць дзяцей на самакарантыне прыходзіць у школы, каб здаць той ці іншы прадмет вочна, матывуючы такія візыты «канцом чвэрці».
  • Я ведаю, што некаторых бацькоў шантажуюць праблемамі з вучобай, калі яны забяруць дзіця са школы на карантын.

Цкаваць, маніпуляваць, прымушаць, хаваць інфармацыю, пераходзіць на асобы — нельга ў любым выпадку, і не толькі ў пандэмію. І я нешта моцна сумняюся, што непарушны адукацыйны працэс, своечасова напісаныя кантрольныя альбо любая наогул трасца, якая чамусьці лічыцца важнай пасярод плянэтарнай віруснай турботы — гэта тое, чым можна потым апраўдацца перад вечнасьцю, дыхаючы праз апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

15:53 20.3.2020

Японскія школы маюць аднавіць працу на пачатку красавіка

Міністар адукацыі Японіі Коіці Хагіуда паведаміў 20 сакавіка, што японскі ўрад ня будзе загадваць школам працягнуць карантын у сувязі з каранавірусам пасьля вясновых канікул. Як піша агенцтва Reuters, гэта значыць, што на пачатку красавіка заняткі ў японскіх школах маюць аднавіцца

Школы ў Японіі спынілі заняткі ў лютым на заклік прэм'ер-міністра Сіндзо Абэ. На цяперашнім паседжаньні ўраду прэмʼер параіў надалей абмяжоўваць вялікія зборы людзей. Ён спаслаўся на рэкамэндацыі рады японскіх экспэртаў, якія лічаць, што шмат людзей у адным месцы – па-ранейшаму фактар рызыкі, які можа аднавіць успышку хваробы.

Агулам у Японіі зарэгістравалі 1,693 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам, 41 чалавек памёр.

15:54 20.3.2020

«Белдзяржстрах» страхуе ад каранавірусу. Найбольшая выгада ў выпадку сьмерці

«Белдзяржстрах» пачаў страхаваць здароўе грамадзян ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.

Як вынікае з прэс-рэліза кампаніі ад 16 сакавіка пералік страхавых выпадкаў дапоўнілі пазыцыяй «каранавірусная інфэкцыя». COVID-1 аднесьлі да катэгорыі небясьпечных хваробаў такіх як тыф, сыбірская язва, сальманэлёз.

Сваёй асноўнай аўдыторыяй дзяржаўная страхавая арганізацыя разглядае асобаў з высокай рызыкай заражэньня каранавірусам. Кампанія абяцае ў выпадку захворваньня аплаціць расходы на аказаньне хуткай і неадкладнай мэдычнай дапамогі.

Адным зь першых пра новую паслугу страхаваньня паведаміла прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Шклоўскаму раёну ў мясцовай раёнцы «Ударны фронт». У рэкляме гаворыцца, што застрахавацца ад каранавірусу можа «любая фізычная асоба». Страхавая сума ад 3 тысяч рублёў. Першы ўзнос 1 працэнт ад яе. 100 працэнтаў сумы вернецца ў выпадку сьмерці застрахаванага.

Супрацоўніца прадстаўніцтва заяўляе, што «ёсьць заключаныя дамовы».

«Я не магу сказаць, што іх шмат, але людзі страхуюцца», — запэўніла яна.

15:56 20.3.2020

Украінскі дэпутат расказаў, як заразіўся каранавірусам і схадзіў у Раду. ВІДЭА

Украінскі дэпутат Сяргей Шахаў расказаў тэлеканалу «Настоящее время» (праект Радыё Свабода), што ён хворы на COVID-19.

Незадоўга да гэтага ён быў у Вярхоўнай Радзе, дзе кантактаваў зь іншымі дэпутатамі і нават новым прэм’ер-міністрам Украіны.

COVID-19 дыягнаставалі ў самога Шахава і ягонай жонкі.

«Ломіць цела, галаўны боль, балелі вочы. Пачаўся насмарк — да вечара прайшоў. — дзяліўся дэпутат сымптомамі. — Пачаўся кашаль, спачатку быў невялікі. Што тычыцца тэмпэратуры — так, самая першая прыкмета — гэта тэмпэратура. Тэмпэратура 38 не ападала тры дні, паднялася да 39, але нядоўга трымалася — апусьцілася на 38. Цяпер мераў — было 37,3. Ужо ломкі касьцей і такіх дрыжыкаў, якія былі, няма. Я не прымаў антыбіётыкаў. Як казалі дактары, так я і рабіў. Самае галоўнае, што я прымаў, — жарапаніжальныя, у тым ліку нурафен, пра які кажуць, што яго нельга прымаць. Ніякіх пабочных эфэктаў не было. Таксама я вельмі шмат пʼю вады».

Чытайце размову цалкам тут.

15:56 20.3.2020

Апазыцыйныя дзеячы заклікалі да «народнага карантыну», абвінавацілі ўлады ў ігнараваньні пагрозы

Зварот за «народны карантын» падпісалі таксама паэт і палітык Уладзімер Някляеў, блогер Сьцяпан Сьвятлоў (Nexta), каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў, старшыня «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, лідэр прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і рэжысэр Юры Хашчавацкі.

Ад 23 сакавіка да 5 красавіка аўтары звароту прапануюць:

  • адмовіцца ад удзелу ва ўсялякіх масавых захадах;
  • не адпраўляць дзяцей у ясьлі, дзіцячыя садкі, школы ды іншыя навучальныя ўстановы;
  • не наведваць унівэрсытэты, патрабаваць ад кіраўніцтва навучальных установаў увядзеньня дыстанцыйнага навучаньня;
  • зьвесьці сацыяльныя кантакты да мінімуму, бо «ў многіх краінах апраўданым падчас карантыну ёсьць выхад з дому толькі ў прадуктовую краму ці аптэку»;
  • забясьпечыць самаізаляцыю і выкананьне санітарных правілаў, праводзіць дбайную дэзынфэкцыю месцаў жыхарства, асабліва інтэрнатаў.

Мікола Статкевіч, адзін з падпісантаў гэтага звароту, апублікаваў і ўласны відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Ён патрабуе ўвесьці карантын, бо калі не зрабіць гэтага, «калі потым праз гэта памруць дзясяткі, сотні тысяч людзей, мы будзем лічыць, што гэта ты іх забіў».

16:15 20.3.2020

Мінадукацыі перанесла пачатак заняткаў ва ўнівэрсытэтах

Міністэрства адукацыі 20 сакавіка перанесла час пачатку заняткаў ва ўнівэрсытэтах Беларусі.

З улікам аналізу транспартных плынаяў, вучэбныя заняткі, як правіла будуць пачынацца з 9:30 да 10:00 штодня.

Акрамя таго, на ўзроўні ўнівэрсытэтаў арганізавалі неабходныя часовыя разрывы паміж першай і другой зьменамі навучаньня, для таго, каб мінімізаваць «накладаньні» кантакты студэнтаў.

Напярэдадні пра такое рашэньне казаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

16:18 20.3.2020

NASA прыпыняе падрыхтоўку місіі на Месяц

Аэракасьмічнае агенцтва ЗША прыпыніла працу над будаўніцтвам і выпрабаваньнем ракеты і капсулы для пілятуемай місіі на Месяц пад назвай Artemis у сувязі з ростам

колькасьці выпадкаў заражэньня каранавірусам.

NASA закрывае зборачнае прадпрыемства Michoud у Новым Арлеане, дзе будуецца ракета, і разьмешчаны непадалёк касьмічны цэнтр Stennis, паведаміў у чацьвер увечары кіраўнік ведамства Джым Брайдэнстайн.

Закрыцьцё аб’ектаў можа перашкодзіць ЗША выканаць свой плян выканаць новы палёт на Месяц да 2024 года.

16:28 20.3.2020

У ЗША пачалі вызваляць з турмаў у сувязі з каранавірусам. Інфэкцыя ў турме, дзе сядзеў Гарві Вайнштэйн

Прынамсі чатыры амэрыканскія штаты пачалі вызваляць некаторых зьняволеных у сувязі з выпадкамі інфэкцыі новым каранавірусам у турмах, паведамляе тэлеканал Fox News.

У Нью-Ёрку будуць вызваляць тых, хто зрабіў дробныя злачынствы і пры гэтым мае праблемы са здароўем, трапляючы ў групу рызыкі. Пра гэта паведаміў мэр гораду Біл дэ Блазыё.

Рашэньне прынятае пасьля таго, як у нью-ёрскай турме Райкерс у аднаго са зьняволеных пацьвердзілася заражэньне каранавірусам. Яшчэ восем маюць сымптомы хваробы. Усіх іх ізалявалі.

Таксама абвясьцілі пра вызваленьне некаторых вязьняў у сувязі з каранавірусам штаты Агаё, Каліфорнія і Флорыда.

16:45 20.3.2020

Праз каранавірус Белавія скасавала рэйсы ў сталіцу Сэрбіі Бялград папярэдне да 12 красавіка. Вярнуць квіткі можна да канца 2020 году.

16:59 20.3.2020

Грамадзкі транспарт пачне хадзіць часьцей

Грамадзкі транспарт Менску ад 23 сакавіка пачне хадзіць раніцай часьцей, час пік у раскладзе працягнулі да 10:00.

Гэта зрабілі, каб разьвесьці плыні рабочых і студэнтаў раніцай. Міністэрства адукацыі 20 сакавіка перанесла пачатак заняткаў ва ўнівэрсытэтах да 10:00.

У Менску зьмены закрануць 278 маршрутаў.

Маніторынг пасажырапатокаў у гарадзкім наземным транспарце і ў мэтрапалітэне паказвае, што ў параўнаньні з пачаткам сакавіка напаўняльнасьць транспарту зьменшылася. На 20 сакавіка мэтрапалітэн перавозіць у суткі на 115 тысяч чалавек менш, наземны транспарт – на 102 тысяч чалавек менш.

17:20 20.3.2020

Брытанскія вытворцы спрабуюць зрабіць 20 тысяч апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх за 2 тыдні

Брытанскія вытворцы аўтамабіляў і авіятэхнікі, такія як Vauxhall і Airbus рыхтуюцца вырабляць дэталі для апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Гэтыя апараты патрэбныя Нацыянальнай сыстэме аховы здароўя падчас эпідэміі каранавірусу.

На пачатку гэтага тыдня прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заклікаў вырабіць дадатковыя 20 тысяч апаратаў за наступныя два тыдні. Больш за 60 кампаній адгукнуліся на гэты заклік, паведамляе The Guardian.

17:33 20.3.2020

Улады Кітая зьнялі спагнаньне зь лекара, які папярэджваў пра вірус

Улады Кітая афіцыйна зьнялі спагнаньне зь лекара-афтальмоляга Лі Вэньляна, які першым у сьнежні мінулага года папярэджваў аб распаўсюдзе новай каранавіруснай інфэкцыі ў горадзе Ухань.

Аднак за гэта ён быў абвінавачаны паліцыяй у распаўсюдзе «ілжывых чутак» і парушэньні грамадзкага парадку. 34-гадовы лекар працягваў працаваць у шпіталі, сам заразіўся каранавірусам і ў пачатку лютага памёр ад інфэкцыі. Да гэтага моманту ў Кітаі каранавіруснай інфэкцыяй ужо заразіліся дзясяткі тысяч людзей. Вярхоўны суд КНР раскрытыкаваў дзеяньні паліцыі і прызнаў, што Лі Вэньляну трэба было паверыць.

Чытаць цалкам >>

17:46 20.3.2020

Ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры падвышаную нагрузку праз каранавірус

Свабода пацікавілася, ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры ў Беларусі падвышаную нагрузку на трафік праз тое, што людзі асьцерагаюцца пандэміі і ўсё больш часу праводзяць дома. Чытайце тут >>

17:48 20.3.2020

«Я ня ведаю, каранавірус гэта быў ці не». Муж памерлай віцяблянкі пацьвердзіў, што ў яго ўзялі аналіз на COVID-19

58-гадовая віцяблянка Тацьцяна Хузеева памерла 18 сакавіка. Міністэрства здароўя абвяргае інфармацыю пра тое, што прычынай сьмерці стаў каранавірус. Муж памерлай пацьвердзіў, што ў яго і іншых родных памерлай жанчыны мэдыкі ўзялі аналіз на COVID-19. Прычынаў гэтага мужчына ня ведае. Цалкам чытайце тут >>

17:51 20.3.2020

У Беларусі 14% людзей старэйшыя за 65 гадоў. Як дапамагчы пажылым падчас пандэміі

Герантолягі Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў, заснавальнікі расейска-беларускага Навукова-дасьледчага мэдычнага цэнтру «Геранталёгія», даюць парады для пажылых людзей і іх сямейнікаў падчас пандэміі. Чытайце тут >>

17:55 20.3.2020

«Да апакаліпсісу гэта не падобна». Як беларусы працуюць у Эўропе падчас карантыну

Свабода распытала беларусаў-дайнабойнікаў, як працуецца ў Францыі Нямеччыне падчас карантыну і закрытых межаў.

Абодва ня могуць вярнуцца ў Беларусь, бо тады страцяць працу. Пра вялікія чэргі на дарогах, блёкпасты і іншае чытайце тут >>

18:18 20.3.2020

Фабрыка «Элема» сышла на карантын

Фабрыка «Элема» часова сышла на карантын. Гандаль будзе працаваць бязь зьменаў, сказалі ў кампаніі, піша Tut.by.

Прычына: захаваньне здароўя супрацоўнікаў і актуальная санітарна-эпідэміялагічная сытуацыя, сказаў дырэктар прадпрыемства Анатоль Венедыкт.

Плянуецца, што работнікі вытворчасьці змогуць быць дома з 23 сакавіка па 4 красавіка. У іх захаваюць 2/3 тарыфнага акладу.

«Гэта не адпачынак, але мы не патрабуем ад супрацоўнікаў знаходжаньня на працоўных месцах», — сказаў Венедыкт.

Гандаль прадукцыі «Элема» будзе працаваць бязь зьменаў. Тым, хто будзе карыстацца інтэрнэт-крамай, тавар будуць прывозіць дадому. На прадпрыемстве патлумачылі, што гэта гандлёвы аддзел кампаніі яны адмыслова ўзмацнілі.

18:24 20.3.2020

Штогадовую міжнародную выставу TIBO (тэлекамунікацыі, інфармацыйныя і банкаўскія тэхналёгіі), якая мела адбыцца ў Менску напачатку красавіка, перанесьлі на нявызначаны тэрмін. Прычына — сытуацыя з каранавірусам у сьвеце.

18:54 20.3.2020

Штат Нью-Ёрк амаль цалкам перавялі на працу з дому

Губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома загадаў усім наймальнікам, акрамя самых неабходных службаў, арганізаваць працу з дому, а таксама забараніў вялікія сходы людзей. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press.

18:56 20.3.2020

Зяленскі зьвярнуўся да ўкраінцаў: «Патэлефануйце бацькам і пераканайце іх не выходзіць з дому»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 сакавіка ў відэазвароце распавёў, што ўсё ж змог пераканаць сваю маці не выходзіць з дому бяз крайняй неабходнасьці празь небясьпеку заражэньня, і заклікаў украінцаў зрабіць тое ж самае са сваімі бацькамі.

«Сёньня я патэлефанаваў сваёй маці. Усе гэтыя дні я вельмі прашу яе заставацца дома, і ўсе гэтыя дні яна ня вельмі слухаецца: кажа, што лепш за яе ніхто не выбярэ патрэбныя прадукты. Але ў рэшце мне ўдалося яе пераканаць. Мама пагадзілася не выходзіць з хаты бяз крайняй неабходнасьці», — распавёў украінскі прэзыдэнт.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG