Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

18:20 19.3.2020

Беларуская чыгунка пакідае па адным цягніку да Масквы і Пецярбургу

Застаюцца толькі два цягнікі Беларускай чыгункі ў Расею:

  • № 2 / 1 Менск — Масква,
  • № 52 / 51 Берасьце — Санкт-Пецярбург.
18:21 19.3.2020

Нацбанк: валюты мала, бо абмежаваныя авіязносіны з ЗША

Нацбанк прызнае, што попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку Рэспублікі Беларусь павысіўся. Гэта адбілася на дынаміцы курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют.

18:21 19.3.2020

«З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць». У абменьніках чэргі і праблемы з валютай

Абышлі абменныя пункты і даведаліся ад банкаў, чаму ўзьнік дэфіцыт даляраў.

18:39 19.3.2020

У ЭЗ просяць Netflix і стрымінгавыя сэрвісы не паказваць відэа ў высокай якасьці праз каранавірус

Улады ЭЗ заклікалі Netflix і іншыя стрымінгавыя плятформы ня паказваць відэа ў высокай якасьці ў сувязі каранавірусам і «беспрэцэдэнтнай» нагрузкай, якая праз усеагульны карантын у многіх краінах легла на мясцовыя інтэрнэт-сеткі. Такую просьбу выказаў эўракамісар Цьеры Брэтан генэральнаму дырэктару Netflix Рыду Хастынгсу.

Netflix, па дадзеных CNN, ужо падтрымаў прапанову ўладаў ЭЗ і пачаў рэгуляваць якасьць відэа ў адпаведнасьці з прапускной здольнасьцю сеткі.

18:49 19.3.2020

У Турэччыне памерлі 26 туркмэнскіх будаўнікоў

У Стамбуле, як паведамляе выданьне «Фергана» са спасылкай на розныя турэцкія крыніцы, памерлі 26 ураджэнцаў Туркмэністану, якія працавалі на будоўлях, і яшчэ каля 60 трапілі ў рэанімацыю — яны атруціліся самаробным алькаголем, спрабуючы засьцерагчы сябе ад заражэньня каранавірусам новага тыпу. Целы загінулых адправіць на радзіму пакуль немагчыма — праз пандэмію авіязносіны паміж Турэччынайі Туркмэністанам прыпынена.

Падобны выпадак адбыўся ў Іране, дзе нядаўна 27 чалавек памерлі з той жа прычыны — яны пілі мэтылявы сьпірт як «лекі ад каранавірусу». У Турэччыне, па дадзеных на сярэдзіну дня 19 сакавіка — крыху менш за 200 хворых. А ўлады Туркмэністану сьцьвярджаюць, што ў іх краіне ніводнага выпадку захворваньня COVID-19 няма.

19:27 19.3.2020

Захварэў першы кіраўнік дзяржавы — прынц Манака

У прынца Манака Альбэрта ІІ выўялены каранавірус, але ягонае здароўе не выклікае непакою. Пра гэта паведаміў манацкі двор.

62-гадовы Альбэрт ІІ — першы кіраўнік дзяржавы, які публічна паведаміў пра заражэньне новым каранавірусам

Яго даглядаюць дактары з шпіталя, які носіць імя прынцэсы Грэйс, прынцавай маці, колішняй амэрыканскай акторкі. Альбэрт ІІ працягвае працу з хатняга офісу ў палацы і застаецца ў сталым кантакце з урадоўцамі. У сваёй заяве прынц заклікаў жыхароў сваёй дзяржавы датрымлівацца ўмоваў карантыну.

19:38 19.3.2020

СМІ: у Кітаі маглі маніпуляваць дадзенымі аб каранавірусе

Старшыня КНР Сі Цьзіньпін
Старшыня КНР Сі Цьзіньпін

Дадзеныя аб новых заражэньнях каранавірусам у кітайскім горадзе Ухань падпалі пад маніпуляцыі падчас прыезду туды на мінулым тыдні старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Пра гэта расказаў адзін з мясцовых лекараў у інтэрвію японскаму агенцтву Kyodo. Паводле лекара, перад прыездам Сі некалькі пацыентаў з сымптомамі каранавірусу былі адпушчаныя з карантыну раней за тэрмін, а частка тэстаў — прыпыненая.

Суразмоўца Kyodo, які працуе ў адной з карантынных установаў, заклікае не давяраць афіцыйнай статыстыцы: «Колькасьць пацыентаў, якія застаюцца на лячэньні, знарок прымяншаць, каб прадэманстраваць посьпехі цэнтральнага ўраду ў барацьбе з эпідэміяй».

Нейкага афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі, як і камэнтароў з боку кітайскіх уладаў, на гэты момант няма.

19:38 19.3.2020

У Расеі за суткі выяўлена яшчэ 52 заражаных

Расейскі Апэратыўны штаб па барацьбе з распаўсюджваньнем каранавірусу ня стаў уключаць загінулую ў чацьвер масквічку з інфэкцыяй у статыстыку гібелі ад хваробы.

Сьмяротных выпадкаў у Расіі не зарэгістравана, паведаміў штаб ў чацьвер інфармацыйным агенцтвам. Прычынай гібелі інфікаванай пацыенткі лекары назвалі тромб, які адарваўся. Пры гэтым, сайты, якія зьбіраюць міжнародную статыстыку па пандэміі, уключылі гэты выпадак у свае дадзеныя аб новых памерлых ад інфэкцыі.

Па стане на 19 сакавіка колькасьць хворых, якія заразіліся каранавіруснай інфэкцыяй у Расеі, вырасла да 199.

20:20 19.3.2020

Аліеў абвінаваціў «пятую калёну» у тым, што яна «хоча зьнішчыць Азэрбайджан» праз каранавірус

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 19 сакавіка зьвярнуўся з прамовай да народу з нагоды сьвята Наўруз і ў сувязі з каранавірусом і ня выключыў, што ў краіне бліжэйшым часам можа быць абвешчана надзвычайнае становішча. На дадзены момант у Азэрбайджане выяўлена 44 хворых на каранавірус, адзін зь іх памёр. Аднак рэжым надзвычайнага становішча пакуль не абвешчаны, як і няма ў краіне абмежаваньняў на перамяшчэньне: зачыненая толькі мяжа з Іранам.

Аліеў, тым ня менш, дапусьціў, што гэта можа быць зроблена, у тым ліку з палітычных матываў.

«На жаль, паступаюць факты, зьвязаныя з безадказнасьцю. Мы бачым і адкрытую правакацыю. Адкуль зыходзіць гэтая правакацыя — ад той самай пятай калёны, ворагаў, якія знаходзяцца сярод нас, элемэнтаў, якія называюць сябе апазыцыяй, здраднікаў, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы, — заявіў Аліеў. — Іх галоўная мэта — зьнішчыць Азэрбайджан. Чым горш Азэрбайджану, тым лепш ім. Паглядзіце на іх выступы ў сацыяльных сетках, яны поўныя нянавісьці, правакацый. Яны нібы хочуць, каб адбыліся беспарадкі... Хочуць, каб была паніка! Мы ня можам дазволіць, каб антыазэрбайджанскія сілы, пятая калёна, нацыянальныя здраднікі, скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй, зьдзейсьнілі якую-небудзь правакацыю».

21:29 19.3.2020

Італія паводле колькасьці ахвяраў каранавірусу абышла Кітай. 3405

Улады Італіі ўвечару 19 сакавіка паведамілі пра чарговы сумны рэкорд: 5322 новыя выпадкі інфікаваньня вірусам COVID-2019 і 427 новых выпадкаў сьмерці.

Агульная колькасьць заражаных дасягнула 41 035. 3405 чалавек памерлі.

Італія абагнала паводле колькасьці сьмерцяў Кітай — дзе, паводле афіцыйных дадзеных, памерлі 3245 чалавек.

21:44 19.3.2020

«Заўтра дзеці вяртаюцца ў клясы, усё ў нас у парадку». У сетках пісалі пра «карантын» у яшчэ адной менскай школе

У сетках зьявіліся паведамленьні, што вучняў менскай школы № 212 пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне праз падазрэньне на каранавірус у аднаго з вучняў.

Дырэктарка школы Вольга Касалапава ў размове з карэспандэнтам Свабоды гэта адмаўляе.

21:45 19.3.2020

МЗС: 11 тысяч беларусаў выехалі з краіны за 3 апошнія дні

«Грамадзяне, якія зьдзяйсьняюць падобныя крокі, мусяць усьведамляць, што робяць гэта на свой страх і рызыку», — папярэдзіла Міністэрства замежных спраў.

21:46 19.3.2020

Больш за 36 гадзін Міністэрства аховы здароўя не паведамляе пра колькасьць выпадкаў каранавірусу ў Беларусі

22:17 19.3.2020

Трамп: лек супраць малярыі будуць выкарыстоўваць і супраць COVID-19

У Белым доме прайшоў чарговы брыфінг у справе барацьбы з каранавірусам. На ім прэзыдэнт Трамп выказаў упэўненасьць у тым, што па завяршэньні барацьбы з каранавірусам амэрыканская эканоміка зробіць новы рывок у сваім разьвіцьці.

Прэзыдэнт ЗША высока ацаніў працу ўсіх ведамстваў, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з эпідэміяй, паведамляе Голас Амэрыкі. Трамп спыніўся на пытаньні аб мэдыкамэнтах, якія разглядаюцца мэдыкамі як эфэктыўныя сродкі супраць каранавірусу. Што да наяўных мэдыкамэнтаў, прэзыдэнт адзначыў, што неўзабаве асобам, якія хварэюць на каранавірус, стане даступны лек супраць малярыі (Hydroxychloroquine), які можна выкарыстоўваць і ў сытуацыі цяперашняй эпідэміі.

22:49 19.3.2020

Важнае за 19 сакавіка

  • Міністэрства аховы здароўя Беларусі больш за 37 гадзінаў не паведамляе пра колькасьць зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу ў Беларусі.
  • Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка назваў сытуацыю з каранавірусам «псыхозам». Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх дзяржаваў, якая не ўвяла карантын і не закрыла межы.
  • Паводле апошняга паведамленьня Міністэрства аховы здароўя, на 8.00 18 сакавіка ў Беларусі ў 51 чалавека выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 36 пацыентаў, дзень таму — што новых хворых ня выяўлена.
  • Паводле намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Дапкюнаса, за апошнія суткі каля 2000 чалавек атрымалі дапамогу ад дыпляматычнага ведамства. Грамадзянам, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусь, аказваецца дапамога.
  • Паводле МЗС Беларусі, за апошнія тры дні з краіны выехалі 11 тысяч беларусаў. «Грамадзяне, якія зьдзяйсьняюць падобныя крокі, мусяць усьведамляць, што робяць гэта на свой страх і рызыку», — папярэдзіла Міністэрства замежных спраў.
  • Паводле сьмяротнасьці ад каранавірусу Італія 19 сакавіка абышла Кітай. У Італіі праз пандэмію памерлі 3405 чалавек, у Кітаі паводле афіцыйных дадзеных, памерлі 3245 чалавек. Далей у гэтым сьпісе ідуць Іран (1284), Гішпанія (803), Францыя (372), ЗША (171), Вялікабрытанія (144).
  • Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, на 19 сакавіка ў сьвеце зарэгістравалі 207,9 выпадкаў захворваньня на каранвірус. Ад хваробы памерлі агулам 8 648 чалавек.
23:09 19.3.2020

Ва Ўкраіне зафіксавалі трэцюю сьмерць ад каранавірусу

У Івана-Франкоўску памерла жанчына ад каранавіруснай хваробы. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны. Усяго ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджаны 21 выпадак заражэньня каранавірусам.

08:02 20.3.2020

Лічбы на раніцу 20 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 245 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81,2 тысячы ў Кітаі, 41 тысячы ў Італіі, 18,4 тысячы ў Іране, 18,1 тысячы ў Гішпаніі, 15,3 тысячы ў Нямеччыне, 14,3 тысячы ў ЗША, 10,1 тысячы ў Францыі, 8,7 тысячы ў Паўднёвай Карэі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 10 046 чалавек. Зь іх 3404 у Італіі, 3252 у Кітаі, 1284 у Іране, 831 у Гішпаніі, 372 у Францыі, 217 у ЗША, 144 у Вялікай Брытаніі.
  • У Беларусі па стане на 18 сакавіка пацьвердзілі 51 выпадак COVID-19: 9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 (паводле БТ, 6) ужо выпісалі. Пад назіраньнем яшчэ 1960 чалавек. Пасьля колькасьць выпадкаў перасталі паведамляць.
08:31 20.3.2020

Зь Беларусі ў WHO перадалі меншыя лічбы, чым публікавала Мінздароўя

Пасьля сярэдзіны дня 18 сакавіка ў Беларусі не паведамлялі пра колькасьць новых выпадкаў COVID-19 і стан хворых. Апошні раз Міністэрства здароўя сьцьвярджала, што на 8 раніцы 18 сакавіка ў краіне зафіксавалі 51 выпадак (9 пацыентаў з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 выпісаліся).

У табліцах Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) за 19 сакавіка пазначаныя нават меншыя лічбы зь Беларусі: 46 выпадкаў COVID-19 пацьверджана. Пры тым пазначана, што перадача адбываецца лякальна, а ня толькі праз завезеныя выпадкі.​

Мінздароўя Беларусі не называла такой лічбы — перад 51 выпадкам агучвалі 36. А 46 атрымаецца, калі ад 51 вядомага выпадку адняць 5 выпісаных, ды ў табліцы гаворка ідзе пра агульную колькасьць выяўленых выпадкаў, а не пра тое, што завецца «актыўнымі выпадкамі» (хворыя ў гэты момант).

09:05 20.3.2020

Беларускім каталікам прапанавалі далучыцца да службаў праз радыё і відэатрансьляцыі

Пандэмія новага каранавірусу прыпала на Вялікі пост — «пэрыяд малітвы і навяртаньня», адзначае Пастаянная рада Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

«Неабходна аб’яднаць малітву з намаганьнямі мэдыкаў і адказных за грамадзкі парадак, а таксама падпарадкавацца іх прадпісаньням і рэкамэндацыям, каб эфэктыўна супрацьстаяць гэтаму небясьпечнаму выкліку, якім ёсьць пандэмія каранавірусу», — раяць беларускім каталікам, нагадаўшы прымаўку «як трывога, так ад Бога».

Вернікам пажылога веку, людзям з сымптомамі хваробы, дзецям і школьнікам прапануюць даць дыспэнсу (вызваленьне) ад удзелу ў нядзельнай і сьвяточнай імшы. Але калі стан здароўя верніка дазваляе, то Касьцёл заклікае браць удзел у імшы і іншых набажэнствах.

Тым, хто ня можа браць асабісты ўдзел у службах, раяць далучацца да імшы праз радыётрансьляцыі (па нядзелях на Першым канале Беларускага радыё ў 8.15), а таксама праз шматлікія відэатрансьляцыі Catholic.by.

Пробашчам і кіраўнікам касьцельных структураў раяць «разважліва падысьці да арганізацыі мерапрыемстваў з пункту гледжаньня пастырскай неабходнасьці іх правядзеньня падчас эпідэміі і разгледзець магчымасьць іх адмены або перанясеньня на іншы час».

09:07 20.3.2020

Саміт «Вялікай сямёркі» ў сувязі з каранавірусам вырашылі замяніць на відэаканфэрэнцыю

Раней на гэтым тыдні Трамп ужо праводзіў відэаканфэрэнцыю зь лідэрамі G7 і плянуе паўтарыць гэтую практыку ў красавіку, траўні і чэрвені, калі ў Мэрылэндзе павінен быў прайсьці саміт.​

У Белым доме гэты захад лічаць часткай намаганьняў для зьмякчэньня наступстваў пандэміі. Звычайна ж разам зь лідэрамі G7 на саміты прыяжджаюць вялікія дэлегацыі, а з усяго сьвету зьяжджаюцца журналісты, каб асьвятляць гэтую падзею.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG