У індустрыяльным парку «Вялікі камень» пачалі вырабляць дыхальныя маскі
У кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» пачалі вытворчасьць дыхальных масак і бактэрыяльна-вірусных фільтраў аднаразовага прымяненьня, паведаміла прэс-служба парку.
У паведамленьні адзначаецца, што маскі можна выкарыстоўваць на працягу 12–24 гадзін, яны забясьпечваюць максымальную абарону дыханьня ад трапляньня мікробаў і віруса, эфэктыўнасьць фільтрацыі не ніжэйшая за 99,999%.
Мінспорту: 8 тысячам беларускіх турыстаў патрэбная дапамога ў вяртаньні на радзіму
Дапамога ў вяртаньні ў Беларусь патрэбная прыкладна 8 тысячам турыстаў, якія сутыкнуліся з закрыцьцём межаў з прычыны каранавірусу, паведаміла дырэктарка дэпартамэнту па турызму Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, піша БелТА.
Паводле турапэратараў, цяпер каля 6 тысяча арганізаваных турыстаў знаходзяцца ў Эгіпце, каля 2 тысяч — у іншых краінах, распавяла Варановіч.
Каранавірус: На філфаку БДУ частку студэнтаў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне
На філялягічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта выяўленая інфікаваная каранавірусам студэнтка, — паведаміў Свабодзе адзін са студэнтаў. Яе аднакурсьнікаў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне праз плятформу «MOODL». Рашэньне тычыцца некалькіх групаў 2-га курсу, на якіх навучаецца агулам ад 30 да 40 студэнтаў.
Кіраўніца прэсавай службы БДУ Алена Марцулевіч заявіла Свабодзе, што на філфаку няма карантыну (цалкам чытайце па спасылцы).
«Ха-ха, я тут памру». Студэнткі зрабілі акцыю за карантын каля лінгвістычнага ўнівэрсытэту. ФОТА
Яны заклікаюць далучыцца да студэнцкай забастоўкі і патрабаваньня ўвесьці карантын ва ўнівэрсытэтах.
Студэнткі МДЛУ Лізавета Пракопчык і Наста Сахарчук раздавалі аднаразовыя маскі з іранічнымі надпісамі. Лізавета кажа, што яны заклікаюць далучыцца да студэнцкай забастоўкі і патрабаваньня ўвесьці карантын ва ўнівэрсытэтах, «не выходзіць на пары з заўтрашняга дня».
Цалкам чытайце па спасылцы.
Ці можна займацца сэксам падчас пандэміі каранавірусу?
Брытанскае выданьне The Guardian сабрала думкі на гэты конт ад трох экспэртаў: Джэсікі Джастман, прафэсаркі Калюмбійскага ўнівэрсытэту, лекаркі інфэкцыйных хваробаў; Карласа Радрыгеса-Дыяса, прафэсара Ўнівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона; Джуліі Маркус, прафэсаркі Гарвардзкай мэдычнай школы.
Спойлер. Можна, але:
- Калі вы ці ваш партнэр заражаны COVID-19, трымайцеся на адлегласьці адно ад аднаго. Паводле правілаў дэпартамэнту аховы здароўя Нью-Ёрку, калі вы магчымы ці пацьверджаны выпадак, вам варта ізаляваць сябе ў ідэале ў прыватным месцы жыхарства да сямі дзён пасьля хваробы.
- Але для людзей, якія ня маюць сымптомаў заражэньня і не сутыкаліся апошнім часам з магчымымі носьбітамі інфэкцыі, гэта зусім іншая гісторыя. Калі вы жывяце са сталым сэксуальным партнэрам і ў вас няма ніякіх сымптомаў, сэкс можа стаць сапраўды выдатным спосабам весела правесьці час і зьняць напружаньне ў гэты патэнцыйна трывожны час.
У Менску зьменяць расклад грамадзкага транспарту і пачатак заняткаў у ВНУ
«Мы дамаўляліся аб тым (Міністэрства аховы здароўя папрасіла), што нам трэба зрушыць па часе аўтамабільны транспарт, каб разьвесьці плыні ў аўтобусах працоўных і студэнтаў. Хай студэнты трошкі пазьней пачынаюць заняткі ва ўнівэрсытэтах, яны будуць пазьней ехаць на грамадзкім транспарце, калі асноўная плынь працоўных трапіць на свае прадпрыемствы. Гэта нават будзе зручней і для гораду», — сказаў Лукашэнка.
Як менавіта зьменіцца расклад грамадзкага транспарту, а таксама расклад заняткаў у ВНУ, пакуль невядома. Паводле Лукашэнкі, гэта рашэньне перш за ўсё тычыцца Менску.
На беларускіх стадыёнах заўзятараў будуць правяраць міліцыянты, а лекары — не
19 сакавіка матчам «Энэргетык БДУ» — БАТЭ стартуе 30-ы чэмпіянат Беларусі ў футболе. У той час, як у краінах-суседзях спыняюць спартовыя першынствы ў сувязі з каранавірусам, беларускіх заўзятараў заклікаюць на стадыёны.
«Яшчэ да матчу за Супэркубак Беларусі і чвэрцьфіналаў Кубка краіны мы разьмясьцілі на сваім сайце мэтадычныя рэкамэндацыі ў прафіляктыцы, дыягностыцы і лячэньні новай каранавіруснай інфэкцыі. Што тычыцца саміх стадыёнаў, ніякага спэцыяльнага кантролю на ўваходах не плянуецца», — адзначыў старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў.
Каранавірус стаў прычынай пераносу чэмпіянату Эўропы ў футболе 2020 году. Адклалі і тэрміны матчаў плэй-оф Лігі нацый, у якіх плянаваўся ўдзел беларусаў.
15 урокаў каранавірусу. Артыкул італьянца, які ўразіў Папу рымскага
«Гэта складаныя часы, калі кожны з нас мае магчымасьць задумацца над значэньнем словаў і штодзённых учынкаў, маленькіх і важных, якіх нам не хапае», — піша ў газэце La Repubblica папулярны італьянскі тэлевядучы Фабіё Фацыё.
Днямі Папа рымскі Францішак распавёў у інтэрвію, што быў уражаны гэтым артыкулам.
«Адменены водпуск не канец сьвету». Псыхоляг раіць, як захаваць спакой падчас пандэміі
Як перажыць пандэмію каранавірусу, не паддацца панічным настроям, абараніць сябе, пазьбегнуць масавага псыхозу? Чаму Беларусь не абвясьціла карантыну і не закрыла межы, як зрабілі іншыя краіны? Што добрага можна знайсьці ў карантыне?
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе разважае гештальт-тэрапэўт, псыхоляг Дар’я Альпэрн-Каткоўская, якая жыве ў ізраільскім Эйлаце.
Як шпіталізуюць хворага на каранавірус у Менску. ФОТА
Чытачы Свабоды даслалі фота шпіталізацыі менчука з дому на вуліцы Магілёўскай.
МТС дазволіў бясплатна званіць у беларускія консульствы
МТС дазволіў абанэнтам, якія знаходзяцца ў роўмінгу, бясплатна званіць на гарачыя лініі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой.
Ад 18 сакавіка званкі на гарачыя лініі будуць бясплатныя на любым тарыфе для ўсіх абанэнтаў — як фізычных, так і карпаратыўных. Гэта тычыцца таксама званкоў на надзвычайны нумар Міністэрства замежных спраў Беларусі: +375 17 327−29−22. Сайт МТС таксама не тарыфікуецца.
Поўны пералік нумароў для бясплатных званкоў тут.
Ад 17 сакавіка ўсе абанэнты life:) могуць бясплатна званіць на тэлефоны гарачых ліній Беларусі па пытаньням каранавірусу і на нумары надзвычайных ліній беларускіх дыпляматычных ведамстваў за мяжой.
Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдык
«Калі вы сядзіце ў саўне, а чалавек кудысьці перад вамі кашлянуў на паліцу, тады так, калі там сухое паветра 100 градусаў, вірус загіне досыць хутка, — кажа доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін, які нядаўна падрабязна расказваў пра тое, як засьцерагчыся ад каранавірусу. — Але тэмпэратура цела чалавека ўсярэдзіне гэта адна з самых жорсткіх канстантаў. І нават калі самая моцная хвароба, гэта 40 градусаў.
Нават калі вы сядзіце ў саўне, тэмпэратура цела застаецца стабільнай. Так што чалавек-носьбіт гэтага вірусу, калі пасядзеў у саўне, выйдзе і зноў будзе кашляць і распаўсюджваць вірус.
Саўна за кошт тэмпэратуры можа хіба што „аўтаматычна“ праводзіць дэзынфэкцыю, але ў целе чалавека нельга дасягнуць такой тэмпэратуры».
Лекар дадае: і іншыя «народныя сродкі», як часнык і цыбуля, ня лічацца дзейнымі, а сапраўдныя рэкамэндацыі супраць COVID-19 даступныя і даволі простыя.
На самой справе, у Сусьветнай арганізацыі здароўя няма дасьледаваньняў, якія б паказвалі, што вірус SARS-CoV-2 гіне пры тэмпэратуры ў 60 градусаў. Вядома толькі, што падобны (але не цяперашні) вірус SARS хутчэй (але не адразу і ня цалкам) гіне пры тэмпэратурах звыш 56°С (але ня ў целе чалавека, вакол якога такая тэмпэратура павета, а пры непасрэдным нагрэве саміх вірусных часьцінак).
Таксама Лукашэнка 19 сакавіка параіў мыць рукі гарэлкай і «ўнутр 100 грам». Але гарэлка недастаткова эфэктыўная для ачысткі рук і зусім неэфэктыўная супраць вірусаў у арганізьме. Рукі рэкамэндуюць мыць сродкамі дэзынфэкцыі, якія ўтрымліваюць ня менш за 60% сьпірту, або проста мылам.
Дзьве аптэчныя сеткі Беларусі запусьцілі онлайн-замову лекаў у найбліжэйшую аптэку. Мінздароўя абяцае наладзіць дастаўку лекаў з аптэк
Аптэчныя сеткі ADEL і «Добрыя лекi» запусьцілі магчымасьць онлайн-замоваў лекаў, мэдыцынскіх тавараў і тэхнікі з дастаўкай у бліжэйшую да чалавека аптэку. Онлайн-браніраваньне запрацавала амаль ва ўсіх гарадах краіны. Замовы будуць выдаваць у больш чым 316 аптэках сетак. Для старых людзей прадугледзелі браніраваньне лекаў па тэлефоне.
На сёньня аптэкам Беларусі нельга дастаўляць лекі на дом. Але Міністэрства аховы здароўя прапрацоўвае пытаньне дастаўкі лекаў з аптэк, паведаміў БелТА кіраўнік ведамства Уладзімер Каранік. «Калі ёсьць электронны рэцэпт, ня трэба папяровага носьбіта. Гэта значыць пэнсіянэр можа патэлефанаваць у паліклініку, і доктар выпіша электронны рэцэпт. Безрэцэптурныя прэпаратаў можна будзе замовіць па тэлефоне альбо па інтэрнэце з дастаўкай на дом», — сказаў міністар.
Пакуль гаворка ідзе пра аптэкі, якія маюць стацыянарную сетку, у прыватнасьці, дыстрыб'ютары «Фармацыя». Магчыма, да сыстэмы змогуць далучыцца і іншыя буйныя сеткі.
Як Эўропа ратуе свае эканомікі ад абвалу падчас пандэміі
Кіраўнікі эўрапейскіх краінаў на працягу апошняга тыдня прапанавалі шэраг радыкальных захадаў і фінансавых інтэрвэнцый, каб выратаваць свае эканомікі ад наступстваў пандэміі каранавірусу.
Маюцца на ўвазе фінансавыя ўліваньні беспрэцэдэнтных памераў у гісторыі Эўразьвязу.
Прапануем кароткі агляд гэтых захадаў, зроблены на падставе матэрыялу «Gazety Wyborczej».
Падрабязнасьці ТУТ.
Усясьветны патрыярх загадаў падначаленым праваслаўным цэрквам спыніць службы да канца сакавіка
Кіраўнік праваслаўнай царквы Усясьветны патрыярх Варфаламей загадаў усім падначаленым Канстантынопаля праваслаўным цэрквам спыніць праз каранавірусам усе службы і абрады як мінімум да канца сакавіка.
Заяву Усясьветнага патрыярхата была распаўсюджана раніцай 19 сакавіка, калі ў сьвеце было зарэгістравана больш за 218 тысяч выпадкаў заражэньня COVID-19 і больш за 8800 сьмерцяў.
Патрыярх заклікаў усіх праваслаўных вернікаў абмежаваць вандроўкі і заставацца ў дамах — для ўласнай бясьпекі і абароны насельніцтва. Манастыры, як вынікае з распараджэньня, будуць працягваць праводзіць рэгулярныя рэлігійныя службы для сваіх манаскіх супольнасьцяў, але ня будуць дапускаць на іх іншых паломнікаў і наведвальнікаў.
«Дапамогі ні ад кога не чакаем», — беларусы, якія пацярпелі ад закрыцьця мяжы з Расеяй
Беларускія транспартныя кампаніі зьвялі да мінімуму пасажырскія перавозкі ці зусім спынілі такія паслугі. Страхавыя арганізацыі цярпяць страты ад спыненьня пасажырапатоку ў Расею. Гастарбайтэры ня могуць выехаць на працу. Такая карціна першых дзён з закрытай расейскай мяжой.
«Грамадзян Беларусі не саджаць». Беларускія турысты ня могуць вярнуцца дадому праз Маскву
Турфірмы кажуць, што Расея жорстка паставілася да беларускіх грамадзян у сытуацыі зь перакрыцьцём межаў.
Прадстаўніца турыстычнай кампаніі InnTourLab Ганна расказала карэспандэнту Свабоды, што беларускія турысты праз такую пазыцыю Расеі ня могуць вылецець зь Індыі, Віетнаму, Тайлянду і Шры-Лянкі. Пра Эгіпет вядома, што адтуль усіх вернуць, бо наладжаны добрыя авіязносіны. А турыстаў з краін Азіі забраць складана, бо яны лятуць праз Маскву, а расейскі бок ануляваў іхныя білеты і не пускае на свае самалёты.
Каранавірус: малы бізнэс просіць падтрымкі ад ураду Беларусі
Аб’яднаньне «Пэрспэктыва» просіць урад аб падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў на фоне нэгатыўнага ўплыву на эканоміку пандэміі каранавірусу, зьніжэньня пакупніцкай актыўнасьці і закрыцьця межаў суседніх дзяржаў, што перашкаджае пастаўкам і продажу тавараў.
Зварот 19 сакавіка накіраваў у Савет міністраў старшыня аб’яднаньня Анатоль Шумчанка.
Чыноўнікі патлумачылі, што будзе зь беларусамі, якія ня могуць вярнуцца з-за мяжы. ВІДЭА
аводле Міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, большасьць людзе набывалі туры з пералётам праз Маскву. У аэрапорце «Внукава» свой рэйс чакаюць каля 100 чалавек, 19 сакавіка за імі вылеціць борт «Белавіі». Беларусы ня будуць плаціць за гэты чартэр.
Калі застрахаваная паездка сарвалася праз карантын, грошы ня вернуць — Белдзяржстрах
У беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белдзяржстрах» патлумачылі, як дзейнічае страхоўка ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.