За дзень у Італіі ад каранавірусу памерлі 475 чалавек
Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу ў Італіі за апошнія 24 гадзіны вырасла на 475 чалавек і дасягнула 2,978. Гэты рост на 19% за дзень – найбольшы ад часу, калі ў краіне пачалі адсочваць эпідэмію, паведамляе Reuters.
Агульная пацьверджаных выпадкаў хваробы ў Італіі дасягнула 35,713 – гэта рост на 1 ад папярэдняй лічбы 31,506. Італія мае найбольшую колькасьць захварэлых сярод краінаў Эўразьвязу.
МЗС паведаміла, якой колькасьці беларусаў дапамагло вярнуцца на радзіму
Паводле Міністэрства замежных справаў, пасьля закрыцьця межаў дыпляматы спрыялі вяртаньню ў Беларусь 1700 чалавек. Гэтая лічба ня ўлічвае зваротаў у амбасады Беларусі ў Расеі і Ўкраіне.
Цягам 18 сакавіка ў Беларусь з Латвіі вярнуліся больш за 400 беларускіх дзяцей і суправаджаючых іх дарослых, якія праходзілі рэабілітацыю ў санаторыі «Друскінінкай».
На кантролі знаходзяцца 136 дзяцей і суправаджаючых з санаторыю ў латвійскай Юрмале.
Вядома, што «Белавія» не адмяняе прамыя рэйсы з і ў краіны Эўразьвязу па напрамкам Парыж, Бэрлін, Мюнхэн, Гановэр, Прагу, Будапэшт і іншыя. Ад 29 сакавіка «Белавія» плянуе запусьціць рэйс «Менск — Вена». Названымі рэйсамі маюць права і карыстаюцца расейскія грамадзяне.
Да 31 сакавіка «Белавія» будзе працягваць выконваць рэйсы ў Эгіпет, для выезду з краіны беларускіх грамадзян. На момант публікацыі ў Эгіпце знаходзіцца 1100 беларусаў.
Міністэрства транспарту вызначыла пункты адпачынку для транзытных перавозчыкаў у сувязі з каранавірусам
Міністэрства транспарту і камунікацый вызначыла пункты адпачынку і харчаваньня для кіроўцаў, а таксама пункты запраўкі транспарту для перавозчыкаў – нерэзыдэнтаў Беларусі, якія праяжджаюць па тэрыторыі краіны транзытам. Пра гэта паведамляецца на сайце міністэрства.
Тлумачыцца, што такія пункты вызначылі, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу. Мапу прапанаваных пунктаў адпачынку і харчаваньня разьмясьцілі на сайце міністэрства на расейскай і ангельскай мовах.
Лічбы 19 сакавіка
- На раніцу 19 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 219 тысяч выпадкаў COVID-19: звыш 81 тысячы ў Кітаі, 35,7 тысячы ў Італіі, 17,4 тысячы ў Іране, 14,8 тысячы ў Гішпаніі, 12,3 тысячы ў Нямеччыне, 9,5 тысячы ў ЗША, 9,1 тысячы ў Францыі, 8,6 тысячы ў Паўднёвай Карэі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 8969 чалавек. Зь іх 3249 у Кітаі, 2978 у Італіі, 1135 у Іране, 638 у Гішпаніі, 254 у Францыі, 155 у ЗША, 104 у Вялікай Брытаніі.
- Здаровымі выпісалі 85,7 тысячы пацыентаў, у якіх быў новы каранавірус. У цяжкім стане застаюцца 6,8 тысячы.
- У Беларусі пацьвердзілі 51 выпадак COVID-19: 9 з сымптомамі, 37 без сымптомаў, 5 (паводле БТ, 6) ужо выпісалі. Пад назіраньнем яшчэ 1960 чалавек.
БТ: Шосты інфікаваны COVID-19 у Беларусі выпісаны здаровым
Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» заявіў у вечаровых навінах 19 сакавіка аб тым, што ў Беларусі вылекаваныя ад новага каранавірусу ўжо шэсьць пацыентаў — «шосты быў выпісаны літаральна вечарам».
Тэлеканал спасылаецца на Міністэрства здароўя, але само міністэрства яшчэ не публікавала такіх зьвестак.
Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 51 выпадак COVID-19 у Беларусі: 9 пацыентаў з «клінічнымі прыкметамі» хваробы, яшчэ 37 з пацьверджанай наяўнасьцю вірусу SARS-CoV-2, але без сымптомаў, 5 выпісаныя здаровымі. Адзначалася, што тры пацыенты «рыхтуюцца да выпіскі».
Прэзыдэнт Трамп пра каранавірус: «Гэта вайна»
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ўзяў на сябе надзвычайныя паўнамоцтвы для мабілізацыі прамысловасьці на барацьбу з каранавірусам.
Рашэньне было прынята на фоне ўзмацненьня нэгатыўных наступстваў ад пандэміі, калі буйныя амэрыканскія аўтавытворцы заявілі, што яны закрываюць заводы ў Паўночнай Амэрыцы.
Назваўшы сябе «прэзыдэнтам ваеннага часу», Трамп скарыстаўся Законам аб абароннай вытворчасьці 1950 году, каб мець магчымасьць накіроўваць прамысловасьць на папаўненьне дэфіцыту павязак для твару, апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і іншых вырабаў, у той час як лякарні рыхтуюцца да наплыву пацыентаў.
Закон, прыняты ў гады Карэйскай вайны, надзяляе прэзыдэнта надзвычайнымі паўнамоцтвамі, якія дазваляюць прымушаць прадпрыемствы пашыраць вытворчасьць і выпускаць жыцьцёва неабходныя матэрыялы. Апошні раз ён выкарыстоўваўся пасьля ўрагану ў Пуэрта-Рыка ў 2017 годзе для паскарэньня заключэньня кантрактаў на пастаўку прадуктаў харчаваньня і іншых прадметаў першай неабходнасьці.
Першыя два выпадкі COVID-19 выявілі ў Кангрэсе ЗША
Два кангрэсмэны з Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША абвясьцілі ў сераду пра сваё заражэньне каранавірусам. Пра гэта паведамілі прадстаўнік Флорыды Марыё Дыяс-Балард і кангрэсмэн ад Юты Бэн Макадмс.
Гэта першыя два выпадкі заражэньня сярод амэрыканскіх заканадаўцаў. Кангрэсмэн з Флорыды напісаў у «Твітэры» пра тое, што ён адчувае сябе лепш, і заклікаў амэрыканцаў паставіцца да гэтага вірусу «вельмі сур’ёзна». Заканадавец зь Юты заклікаў амэрыканцаў да адзінства з тым, каб «выйсьці з гэтага крызісу яшчэ больш моцнымі».
Як заканадаўцы заразіліся, невядома. Яны зьвярнуліся да дактароў пасьля зьяўленьня сымптомаў грыпу. Цяпер яны знаходзяцца ў самаізаляцыі дома. 14 чальцоў Кангрэсу абвясьцілі, што яны пачалі добраахвотны карантын, паколькі сустракаліся з заражанымі вірусам калегамі.
Навука: у паветры каранавірус жыве паўгадзіны, на кардонавай паверхні — суткі
Каранавірус можа жыць да трох сутак на некаторых матэрыялах, у тым ліку на плястыкавых і сталёвых паверхнях.
Гэткую выснову робяць амэрыканскія навукоўцы ў дасьледаваньні, апублікаваным 17 сакавіка ў New England Journal of Medicine.
З дасьледаваньня таксама вынікае, што каранавірус не жыве даўжэй за 24 гадзіны на кардонавай паверхні. Гэты вынік азначае практычна, што рызыка заражэньня спажыўцоў пры дотыку прадуктаў і пасылак у кардонавых упакоўках, якія прыходзяць па пошце, адносна невялікая.
The New York Time зьвяртае ўвагу на той момант дасьледаваньня, у якім гаворыцца, што каранавірус можа пражыць да паўгадзіны ў аэразолі (то бок у кропельках памерам да 5 мікрамэтраў). Гэты вынік, падкрэсьлівае газэта, супярэчыць пазыцыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, паводле якой каранавірус не перадаецца паветрам.
Каранавірус выклікаў рэцэсію ў ЗША і астатнім сьвеце: акцыі падаюць, інвэстары выводзяць грошы
У сераду найбуйнейшыя фондавыя індэксы Ўол-Стрыт страцілі ад 4,7% да 6,3%. Эўрапейскія фондавыя індэксы страцілі больш за 4% пасьля значных стратаў у Азіі. Амэрыканская эталённая нафта патаньнела на 24%, зваліўшыся ніжэй за 21 даляр за барэль упершыню з 2002 году.
Прамысловы індэкс Доў Джонса, які страціў 1338 пунктаў, згубіў практычна ўвесь прырост, дасягнуты з моманту інаўгурацыі Дональда Трампа ў 2017 годзе.
«Бізнэс і людзі кінутыя самі па сабе». Ці выжывуць прадпрымальнікі пасьля пандэміі?
Як цяперашні крызіс пры пандэміі каранавірусу адаб'ецца на бізнэсоўцах у Беларусі і што трэба рабіць, каб яго наступствы былі менш адчувальнымі? Спыталі ў Яраслава Раманчука, Анатоля Шумчанкі, Георгія Бадзея, Мікалая Чукісава.
Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду па эпідэміялягічнай сытуацыі
На нараду запрошаныя эпідэміёлягі і вірусолягі. Беларусь адзіная з краінаў рэгіёну не ўвяла карантын праз каранавірус.
«Народны карантын як знак недаверу да ўладаў». Піша Сяргей Дубавец
«Ёсьць такая штука, як адчуваньне сябе разам з усім сьветам. Ёсьць глябальная бяда, і мы ўсе разам супраць яе. І паўсюль урадамі ўводзіцца карантын, прынамсі для таго, каб нам было спакайней за блізкіх. Салідарнае дзеяньне з разраду такіх вельмі чалавечных зьяваў, як любоў, сяброўства, спагада.
У беларусаў — падзеленых, атамізаваных, русіфікаваных — тым ня менш гэты карантын носіць народны характар. Мы самі бяром на сябе адказнасьць за сваіх блізкіх. Адміністрацыі ўвогуле не ўласьціва гаварыць зь людзьмі пра чалавечныя праявы салідарнасьці, сяброўства, любові».
У Расеі памёр першы пацыент з COVID-19
Як паведамляе маскоўскі Апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам, у інфэкцыйнай лякарні Масквы памерла 79-гадовая пацыентка, у якой раней выявілі новы каранавірус.
Гэта першая сьмерць у Расеі, зьвязаная з COVID-19. У Польшчы паведамлялі ўжо пра 5 такіх сьмерцяў, ва Ўкраіне пра 2, у Літве і Латвіі ад новага каранавірусу ніхто не паміраў. Таксама пра сьмерці ад COVID-19 не паведамлялі ў Беларусі.
Жанчыну, якая памерла ў Маскве, шпіталізавалі яшчэ 13 сакавіка. Прычынай сьмерці называюць пнэўманію на фоне шэрагу паталёгіяў: цукровага дыябэту 2 тыпу, артэрыяльнай гіпэртэнзіі, слабы стан пасьля стэнтаваньня каранарных артэрыяў, ішэмічнай хваробы сэрца, атэрасклерозу каранарных сасудаў і аорты, хранічнай лёгачнай гіпэртэнзіі, мочакаменнай хваробы і цэрэбравасулярнай хваробы.
Усе людзі, зь якімі блізка кантактавала жанчына, выяўленыя і знаходзяцца пад назіраньнем мэдыкаў, ніхто ня мае цяжкіх сымптомаў.
Шэсьць сьвятароў у адным італьянскім горадзе памерлі ад каранавірусу
На мінулым тыдні шэсьць каталіцкіх сьвятароў з паўночнага італьянскага горада Бэргама памерлі ад каранавірусу і больш за 20 былі шпіталізаваныя, гаворыцца ў справаздачы каталіцкай арганізацыі Crux.
Бэргама знаходзіцца ў рэгіёне Лямбардыя, які найбольш з пацярпеў з усіх правінцыяў Італіі.
Біскуп Бэргама Франчэска Бэскі паведаміў італьянскаму тэлеканалу Rainews24, што сьвятары памерлі, служачы сваёй супольнасьці.
Чым карысны кітайскі досьвед змаганьня з каранавірусам
У студзені Кітай прыняў беспрэцэдэнтныя захады для абароны насельніцтва ад эпідэміі каранавірусу, якая ўспыхнула ў горадзе Ўхань у правінцыі Хубэй. У ізаляцыі ад астатняй часткі краіны апынуліся 60 мільёнаў чалавек ва Ўханю і 15 іншых гарадах правінцыі.
Часопіс Nature пагаварыў з эпідэміёлягамі, спрабуючы вызначыць, наколькі досьвед Кітаю ў барацьбе з COVID-19 можа быць карысны для іншых краінаў, якія цяпер таксама змагаюцца з пандэміяй.
Падрабязнасьці ТУТ.
Лукашэнка: «Я гэты каранавірус называю псыхозам»
«Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавирус называю няйначай як псыхозам, — казаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 19 сакавіка. — І ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псыхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла.
Абсалютна перакананы, што гэта чарговы такі ж псыхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і ў шкоду. Але мы жывем у пэўнай сытуацыі і, натуральна, павінны зыходзіць з таго становішча, якое складаецца ня толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны.
Чаму я сябе так паводжу? Бо я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога вірусу. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе».
Як вам і дзецям справіцца са стрэсам падчас эпідэміі. 11 парадаў САЗ
Сусьветная арганізацыя здароўя падрыхтавала рэкамэндацыі як справіцца са стрэсам падчас эпідэміі вірусу 2019-nCoV, а таксама як дапамагчы справіцца са стрэсам сваім дзецям.
1. Гэта нармальна адчуваць сум, стрэс, разгубленасьць, страх ці злосьць падчас крызісу. Вам можа дапамагчы гутарка зь людзьмі, якім вы давяраеце. Зьвяжыцеся зь сябрамі і сям’ёй.
2. Калі вам трэба заставацца дома, падтрымлівайце здаровы лад жыцьця — у тым ліку добрую дыету, сон, фізычныя практыкаваньні і сацыяльныя кантакты зь любімымі людзьмі дома альбо зь іншымі сваякамі і сябрамі праз электронную пошту і тэлефон.
3. Не выкарыстоўвайце курэньне, алькаголь ці іншыя наркотыкі, каб справіцца са сваімі эмоцыямі. Калі адчуваеце псыхалягічную перагрузку, паразмаўляйце з мэдыкам ці псыхолягам. Падрыхтуйце плян, куды зьвярнуцца, калі спатрэбіцца дапамога фізычнаму ці душэўнаму здароўю.
4. Даведайцеся факты. Зьбярыце інфармацыю, якая дапаможа вам правільна вызначыць рызыкі для сябе, каб вы змаглі зрабіць патрэбныя захады засьцярогі. Знайдзіце крыніцу інфармацыі, якой вы можаце давяраць — да прыкладу, сайт САЗ ці мясцовай альбо агульнадзяржаўнай установы ў сфэры аховы здароўя.
5. Абмяжуйце хваляваньні, зьменшыўшы час глядзеньня ці слуханьня паведамленьняў у СМІ, якія вас турбуюць.
6. Скарыстайце навыкі, якія вы ўжывалі ў мінулым, каб пераадолець жыцьцёвыя нягоды. Ужывайце гэтыя навыкі, каб лепш кантраляваць эмоцыі ў няпросты час эпідэміі.
Чытаць далей.
Тым часам у Менску
Маску шматразовага выкарыстаньня ў аптэцы прадаюць ужо за 2,25 рубля!
Пасьля нафты і пасяўной. Як дзяржаўнае тэлебачаньне асьвятляе пандэмію каранавірусу
У галоўнай вечаровай праграме навінаў 18 сакавіка дзяржаўны тэлеканал Беларусь-1 згадаў пра каранавірус толькі пасьля 10-й хвіліны. Галоўнымі навінамі там былі пасяўная і нафтавыя пытаньні. А сёньня раніцай гэтай тэмы ўвогуле не было на парадку дня ў некаторых тэлеканалаў.
18 сакавіка стала вядома пра павелічэньне зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу ў Беларусі. Іх стала 51. Аднак распаўсюд захворваньня ў Беларусі і пандэмія ў сьвеце — ня сталі галоўнымі тэмамі на дзяржаўным тэлебачаньні.
Мы паглядзелі, як і пра што распавядаюць на дзяржтэлебачаньні ў галоўных навіновых выпусках серады.
Беларусь-1
Першы сюжэт — пра пасяўную ў Беларусі. Ён доўжыўся 6 хвілінаў. Потым сюжэт пра сытуацыю на рынку нафты ў сьвеце. Пасьля 10-й хвіліны — тэма каранавірусу.
СТВ
На СТВ першым быў сюжэт пра прамую лінію Натальлі Качанавай — старшыні Савета Рэспублікі. Потым — прызначэньне новага міністра сельскай гаспадаркі. Трэці сюжэт — пра цяжкасьці зь вяртаньнем беларусаў з-за мяжы праз «складаную эпідэміялягічную сытуацыю», бяз згадкі каранавірусу. Чацьвёртая навіна на 8-й хвіліне — пра каранавірус у Беларусі.
АНТ
Гэты тэлеканал раней за іншыя згадаў пра каранавірус у Беларусі — на 3-й хвіліне. Аднак першы сюжэт быў пра нафту і нараду Лукашэнкі па пытаньнях нафтахімічнай галіны.
Што сказаў Лукашэнка, каротка:
- Вакол каранавірусу «псыхоз», ужо шмат такіх перажылі. А цывілізаваны сьвет зьехаў з глузду». Закрываць межы — «несусьветнае глупства».
- Што Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію, для Беларусі гэта «ня мае ніякага значэньня».
- Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што COVID-19 нібыта гіне ў лазьні. Гэта ня так.
- Распаўсюд COVID-19 дазволіў «страсануць» беларускую сыстэму аховы здароўя, і гэта добра.
- Карантыну ня будзе, бо цяперашніх захадаў дастаткова. Празьмерныя карантыны шкодныя, а «дзе мы пачыналі людзей карантыніць, ніводзін ня быў хворы».
- Заняткі ў ВНУ не скасуюць, але пачатак перанясуць на пазьнейшы час, каб разгрузіць грамадзкі транспарт.
- Пераносу школьных вакацыяў ня будзе, але не выпраўляць дзяцей у школу «не забараняем».
- У краіне не хапае рэсьпіратараў, трэба пачаць іх вытворчасьць, каб былі праз тыдзень.
- Беларусам «трэба вывезьці расейцаў з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму», задзейнічаць МЗС і праваахоўнікаў.