Дыпляматы ЭЗ: Расея распаўсюджвае фэйкі пра каранавірус на некалькіх мовах краінаў ЭЗ
Пракрамлёўскія акаўнты ў сацсетках і расейскія пракрамлёўскія СМІ вядуць «кампанію па дэзынфармацыі» на некалькіх мовах краінаў ЭЗ і спрабуюць нагнятаць «сумнеў, паніку і страх» і падарваць давер грамадзтва да сыстэм аховы здароўя краінаў ЭЗ. Пра гэта заявіла Эўрапейская служба зьнешнепалітычнай дзейнасьці (EEAS), якая сумяшчае ў ЭЗ функцыі зьнешнепалітычнага ведамства і рэалізуе агульную для Зьвязу палітыку бясьпекі і абароны. Яе даклад цытуе газэта The Financial Times.
Па зьвестках ведамства, з 22 студзеня па 10 сакавіка ў Эўразьвязе было выяўлена амаль 80 прыкладаў дэзынфармацыі пра захворваньне COVID-19, як ад прыватных акаўнтаў, так і ад акаўнтаў прарасейскіх арганізацый.
Карыстальнікі гэтых акаўнтаў публікуюць фэйкавыя навіны на ангельскай, нямецкай, гішпанскай, італьянскай і францускай мовах. У Італіі акаўнты задавалі грамадзянам краіны пытаньні: ці змогуць італьянскія і мясцовыя органы ўлады справіцца з крызісам у галіне аховы здароўя і недахопам абсталяваньня ў бальніцах. Гішпанскія акаўнты ў сваю чаргу падкрэсьлівалі, што ў адрозьненьне ад мясцовых уладаў, Расея і асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін спраўляюцца з распаўсюдам каранавірусу ў сваёй краіне.
У Расеі за суткі выяўленыя яшчэ 33 хворыя на каранавірус. Усяго іх 147
За мінулыя суткі ў Расеі зарэгістраваны 33 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні апэратыўнага штабу па папярэджаньні завозу і распаўсюджваньня інфэкцыі.
31 новы выпадак выяўлены ў Маскве. Адзін — у Новасыбірскай вобласьці, яшчэ адзін — у Томскай. Усе інфікаваныя — грамадзяне Расеі.
Мінздароўя загадала прыпыніць перападрыхтоўку і стажыроўку мэдыкаў
У рэдакцыю Свабоды трапіла копія загаду Міністэрства здароўя Беларусі ад 16 сакавіка за подпісам міністра Ўладзімера Караніка. Прэсавая служба Мінздароўя на момант публікацыі недасяжная для камэнтару.
Паводле дакумэнту, рэктарам Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі і мэдычных унівэрсытэтаў, дырэктарам каледжаў і Баранавіцкага цэнтру падвышэньня кваліфікацыі загадалі:
- прыпыніць адукацыйныя праграмы падвышэньня кваліфікацыі, стажыровак і навучальных курсаў да 17 красавіка;
- курсы падвышэньня кваліфікацыі да 17 красавіка ладзіць дыстанцыйна і з тэхналёгіямі для самастойнай працы;
- даць прапановы аб зьменах у пляны падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі;
- скасаваць цыклі завочнай перападрыхтоўкі клінічных ардынатараў да 17 красавіка;
- прыпыніць прыём замежнікаў на навучаньне і перападрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры да 17 красавіка.
Таксама Мінздароўя загадала скасаваць да 17 красавіка паседжаньні Рэспубліканскай кваліфікацыйнай камісіі і прымаць дакумэнты дыстанцыйна.
Мінадукацыі Беларусі раней адмовілася ад патрабаваньня перавесьці ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне ў сувязі з пандэміяй COVID-19 і адказала ў сваім Telegram-канале на пэтыцыю з 16 тысячамі подпісаў. Міністэрства адукацыі разглядала перанос школьных вакацый на ранейшы тэрмін, але адмовілася.
Беларусы не наважваюцца ехаць у Расею і аб’язнымі дарогамі
18 сакавіка Расея перакрыла мяжу зь Беларусьсю, увёўшы памежны кантроль. Уезд грамадзянам Беларусі ў Расею прыпынены праз эпідэмію каранавірусу.
На галоўнай трасе М1 жорсткі кантроль. А як на іншых дарогах?
У Іране ўжо 1,135 памерлых ад каранавірусу
Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу ў Іране дасягнула 1,135 – за апошнія 24 гадзіны памерлі 147 чалавек. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дзяржаўную іранскую тэлевізію. Паводле прадстаўніка міністэрства аховы здароўя Ірану, агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў хваробы ў гэтай краіне дасягнула 17,361.
У Кітайска-беларускім парку пачалі рабіць «антывірусныя» маскі
Кампанія «Асамэдыка» наладзіла ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» вытворчасьць адмысловых дыхальных масак і фільтраў.
Бактэрыяльна-вірусныя фільтры для масак, як сьцьвярджаецца, фільтруюць паветра ад мікробаў і вірусаў з эфэктыўнасьцю 99,999%. Самі маскі «забясьпечваюць гермэтычнае прыкладаньне да твару пры мінімальных высілках».
Маскі маюць вырабляць для дарослых, дзяцей і нават немаўлятаў. Гэтыя маскі аднаразовыя, але іх можна выкарыстоўваць 12–24 гадзіны.
У якіх аб’ёмах вырабляюцца маскі і фільтры, кампанія не ўдакладняе, але піша, што ў сувязі з пандэміяй каранавірусу завод працуе ва ўзмоцненым рэжыме.
Брытанскі прэм'ер абвясьціў, што хутка закрыюцца школы
Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан паведаміў, што ўрад неўзабаве прыме рашэньне пра закрыцьцё школ у краіне ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Яго цытуе агенцтва Reuters.
Дагэтуль брытанскія ўлады пакідалі такое рашэньне на выбар дырэктарам канкрэтнай школы. Яны тлумачылі гэта тым, што закрыцьцё школ ня спыніць эпідэміі, але створыць дадатковую нагрузку на людзей у сыстэме аховы здароўя, якія маюць дзяцей. Аднак працяг працы школаў выклікаў крытыку, бо пры гэтым урад заклікаў абмежаваць усе сацыяльныя кантакты, каб запаволіць распаўсюд каранавірусу.
«Усім дабра і здароўя!» Як беларусы прапаноўваюць дапамогу падчас пандэміі
У часе пандэміі многія беларусы прапаноўваюць сваю дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Як гэта робяць Вольга Жарнасек і Крысьціна Шыянок у Чэхіі, Вольга Ярохіна і Юлія Касьян у Польшчы, Яўгенія Доўгая ў Менску і Алесь Вашкевіч ў Швайцарыі, чытайце ТУТ.
«Эўравізію-2020» скасавалі праз каранавірус
Музычны конкурс «Эўравізія-2020» адмянілі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Пра гэта паведамілі на старонцы конкурсу ў твітэры.
Конкурс меўся прайсьці сёлета ў траўні ў нідэрляндзкім Ратэрдаме. Арганізатары працягнуць абмеркаваньне, каб перанесьці конкурс на 2021 год у тым жа горадзе.
Мэдыкі пацьвердзілі COVID-19 у дэпутата Вярхоўнай рады Ўкраіны
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Сяргей Шахаў заявіў, што мэдыкі пацьвердзілі, што ён захварэў на каранавірус: «Сёньня мэдыкі зь лябараторыі патэлефанавалі і сказалі, што каранавірус пацьвердзіўся. Я хачу адразу сказаць усім — гэта ня так страшна, як намалявана...».
На сёньняшні дзень ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана 14 выпадкаў COVID-19, два чалавекі памерлі.
Колькасьць заражаных каранавірусам у сьвеце перавысіла 200 тысяч чалавек
Колькасьць новых заражаных каранавірусам у сьвеце на 16 гадзіну вечара 18 сакавіка перавысіла 200 000 і цяпер складае 204 209. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Цэнтру сыстэмных дасьледаваньняў унівэрсытэту Джона Хопкінса.
8244 чалавекі памерлі, больш за 82 000 выздаравелі.
Беларусь увяла забарону на вываз мэдычных тавараў
Беларусь увяла часовую забарону на вываз асобных мэдычных тавараў і абсталяваньня. Такую пастанову прыняў Савет міністраў.
Пастанова ўжо набыла моц і будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня 2020 году.
У пералік рэчаў, якія забаронена вывозіць зь Беларусі, уваходзяць:
- аднаразовыя камбінэзоны і касьцюмы хімічнай абароны;
- рэсьпіратар для працы з ахоўнымі акулярамі FFP3, рэсьпіратар супрацьаэразольны FFP3, гермэтычныя ахоўныя акуляры, маска на твар для выкарыстаньня з супрацьаэразольнымі фільтрамі FFP3, а таксама фільтры для гэтай маскі;
- хірургічныя халаты, маскі адна- і шматразовыя, бахілы, бінты, вата, марля і іншае;
- мэдычныя пальчаткі;
- мэдычныя аднаразовыя камплекты зь нятканых матэрыялаў, камплект адзеньня лекара, мэдычны камплект грамадзянскай абароны для аказаньня медыка-санітарнай і першай дапамогі, камплект бялізны і адзеньня для апэрацыйных, хірургічныя камбінэзоны і халаты;
- абсталяваньне для дыханьня, газавыя маскі, акрамя ахоўных масак без мэханічных дэталяў і зьменных фільтраў.
ЗША і Канада закрыюць мяжу для «непершачарговага» транспарту
Злучаныя Штаты і Канада закрыюць мяжу для транспартных перавозак, якія не зьяўляюцца абсалютна неабходнымі, паведаміў на сваёй старонцы ў Твітэры прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Паводле яго, гэтае абмежаваньне робіцца па ўзаемнай згодзе і не закране гандаль паміж дзьвюма краінамі.
Беларуская чыгунка скасавала яшчэ 24 цягнікі ў Расею
Да зьняцьця абмежаваньняў з 20 сакавіка скасаваныя цягнікі: № 64/63 Менск — Новасібірск, ад 22 сакавіка — цягнікі:
- № 308/307 Баранавічы — Саратаў;
- № 390/389 Менск — Анапа;
- № 236/237 Менск — Масква — Менск;
- № 221/222 Берасьце — Масква і Менск — Масква.
Ад 23 сакавіка ня будуць хадзіць цягнікі:
- № 66/65 Менск — Мурманск;
- № 76/75 Гомель — Масква;
- № 302/301 Менск — Адлер;
- № 104/103 Берасьце — Новасібірск;
- № 150/149 Менск — Мінэральныя Воды;
- № 328/327 Менск — Казань;
- № 134/133 Менск — Архангельск.
Колькі пацярпелых ад каранавірусу ў Беларусі і ў суседзяў
За тыдзень захварэлі на каранавірус у Беларусі ў 4,3 раза больш людзей. Свабода параўнала, як пашыраецца вірус у Беларусі і ў суседніх краінах.
На 18 сакавіка каранавірус у Беларусі выявілі ў 51 чалавек. Вось так выглядае агульная колькасьць захварэлых у краінах-суседзях Беларусі:
- Расея — 147, пра памерлых не паведамляюць
- Літва — 27, пра памерлых не паведамляюць
- Латвія — 71, пра памерлых не паведамляюць
- Польшча — 246 і 5 чалавек памерлі
- Украіна — 14 захварэлі і 2 памерлі
Паглядзіце на лічбы пашырэньня каранавірусу за тыдзень, з 11 сакавіка, калі Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію, — на нашай інфаграфіцы.
«У Расеі запраўлялі машыны, куплялі харчы». Што кажуць зь беларускага боку закрытай мяжы
Калі Расея забараніла ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, гэта стала для жыхароў памежных беларускіх паселішчаў непрыемным сюрпрызам. Яны страцілі магчымасьць купляць у Расеі таньнейшыя тавары ды паліва для аўтамабіляў. Нямала і тых, хто можа страціць працу ў суседняй краіне, бо ўехаць у яе ня будзе як.
Ад сёньня расейскія памежнікі «закрылі» для беларусаў свой прапускны пункт непадалёк ад беларускай вёскі Каськова, за 20 кілямэтраў ад раённага цэнтру Мсьціслава. Кіроўцаў машын зь беларускім грамадзянствам двое вайскоўцаў вяртаюць на радзіму. Сваіх прапускаюць, спраўдзіўшы іхныя пашпарты. З расейскага боку машыны трапляюць у Беларусь безь перашкодаў. Шмат едзе ў Беларусь наладаваных фураў.
«Я хацеў заправіць машыну на расейскім баку. Запраўка адразу за пастом, але мяне вярнулі назад, бо я беларус», — абураецца адзін з кіроўцаў. Суразмоўца не хавае, што ведаў аб праблемах з праездам у суседнюю краіну, але ён спадзяваўся ўгаварыць памежнікаў. Зь ягоных словаў, на літры расейскага бэнзіну можна заашчадзіць да трох рублёў.
Транспартны каляпс і зачыненыя крамы. Рэпартаж з карантыннага Кіева
Як прайшоў першы дзень жорсткага пандэмічнага карантыну ў 3-мільённым Кіеве, паведамляе карэспандэнтка Свабоды.
Нягледзячы на каранавірус, спэктаклі ў беларускіх тэатрах не адмянілі
Беларускія тэатры працуюць у у звычайным рэжыме. Усе запланаваныя спэктаклі адбудуцца. У тэатрах праводзяць дэзынфэкцыю памяшканьняў і паверхняў. Для наведнікаў паставілі дазатары з антысэптыкам, паведамляе БелТА.
За дзень у Італіі ад каранавірусу памерлі 475 чалавек
Колькасьць памерлых ад новага каранавірусу ў Італіі за апошнія 24 гадзіны вырасла на 475 чалавек і дасягнула 2,978. Гэты рост на 19% – найбольшы ад часу, калі ў краіне пачалі адсочваць эпідэмію, паведамляе Reuters.
Агульная пацьверджаных выпадкаў хваробы ў Італіі дасягнула 35,713 – гэта рост на 1 ад папярэдняй лічбы 31,506. Італія мае найбольшую колькасьць захварэлых сярод краінаў Эўразьвязу.