Загад Мінздароўя: мэдыкам — даплаты, хворым з тэмпэратурай — асобны ўваход у клінікі
Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала загад ад 16 сакавіка аб дадатковых захадах у барацьбе з новым каранавірусам. У ім:
- зацьверджаны сьпіс лякарняў, куды можна класьці пацыентаў з COVID-19, а таксама людзей, якія зь імі кантактавалі (на першым і другім узроўнях);
- дазволена перапрафіляваць пад барацьбу з COVID-19 лякарні і памяшканьні, першапачаткова не прызначаныя для барацьбы з такімі вірусамі (напрыклад, у Менску хворых пакладуць у тым ліку ў анкалягічны дыспансэр, а «кантактаў 2 узроўю» ў скура-вэнэралягічны дыспансэр і санаторый «Брыгантына»);
- у лякарнях з хворымі на COVID-19 і з «кантактамі 1 узроўню» дазволена ствараць дадатковыя пасты пазаведамаснай аховы;
- лекарам, якія працуюць з хворымі на COVID-19 і «кантактамі 1 узроўню», выпішуць дадатак да заробку і падвысяць надбаўкі за стаж, асаблівы характар працы і іншае;
- працаўнікоў лякарняў, якім давядзецца працаваць у кругласуткавым рэжыме, загадалі забясьпечыць харчаваньнем ад камбінату «Вітамін», які ладзіць харчаваньне ў лякарнях;
- у паліклініках для хворых з высокай тэмпэратурай загадалі забясьпечыць асобныя ўваходы ў будынкі;
- супрацоўнікам паліклінікаў маюць выдаць антысэптыкі і сродкі індывідуальнай абароны;
- у паліклініках просяць абмежаваць плянавыя дыспансэрызацыю, вакцынацыю, флюраграфію, стаматалёгію і іншае, «зыходзячы з магчымасьцей»;
- выдачу выпісак загадалі зладзіць у электронным фармаце, а выдачу рэцэптаў пацыентам з хранічнымі захворваньнямі — у іх дома;
- загадалі прадугледзець дадатковыя выдаткі на візыты да пацыентаў, зладзіць забор біялягінага матэрыялу і функцыянальныя дасьледаваньні падчас візытаў на дом;
- далі разнастайныя інструкцыі для дактароў і працаўнікоў кол-цэнтраў.
Сэрбія ўвяла камэнданцкую гадзіну з прычыны каранавірусу
Сэрбія з 18 сакавіка з мэтай процідзеяньня распаўсюджваньню каранавірусу ўводзіць камэнданцкую гадзіну:
- у дзённы час — для грамадзян, старэйшых за 65 гадоў (да 70 гадоў у вёсках),
- з 20.00 да 5.00 (па мясцовым часе) — для ўсіх грамадзян.
Армія бярэ пад кантроль мэдыцынскія ўстановы, ахову мяжы і цэнтры часовага ўтрыманьня мігрантаў, піша Interfax.by.
Па стане на вечар 17 сакавіка колькасьць інфікаваных каранавірусам у Сэрбіі вырасла да 72 чалавек, у краіне ўведзена надзвычайнае становішча. Раней Сэрбія закрыла межы для ўезду іншаземцаў без рэгістрацыі ў краіне і абавязала грамадзян, якія вяртаюцца з-за мяжы, праходзіць хатнюю самаізаляцыю пад пагрозай штрафу.
У Кіргізстане пасьля першых 3 выпадкаў COVID-19 урад плянуе ўвесьці надзвычайнае становішча
У Кіргізстане зафіксавалі тры першыя выпадкі інфікаваньня каранавірусам. Усе заражаныя — жыхары Сузакскага раёну Джалал-Абадзкай вобласьці, якія вярнуліся з паездкі ў Саудаўскую Аравію.
Пра гэта паведамілі на пасяджэньні Рэспубліканскага штабу ў справе папярэджаньня і недапушчэньня распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі, перадае кіргізская служба Радыё Свабода.
У карантын зьмешчаныя 90 чалавек. У Сузакскам раёне ўвялі рэжым надзвычайнага становішча. Рэспубліканскі штаб разглядае пытаньне аб увядзеньні ў Кіргізстане рэжыму надзвычайнага становішча, паведамляе кіргізская Свабода са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Кіргізстан стаў трэцяй краінай у Цэнтральнай Азіі, дзе выявілі каранавірус. У Казахстане на раніцу 18 сакавіка пацьверджана 35 выпадкаў заражэньня, ва Ўзбэкістане — 11.
Швэцыя ўвяла забарону на ўезд у краіну для замежнікаў
Швэцыя ўвяла часовую забарону на ўезд у краіну для замежнікаў у рамках барацьбы з распаўсюдам новай каранавiруснай інфэкцыі, паведаміла амбасада Швэцыі ў Менску.
- Забарона на ўезд набывае моц з 19 сакавіка і будзе дзейнічаць сама меней 30 дзён.
- Абмежаваньне тычыцца тых, хто ўяжджае ў Швэцыю з краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз / Эўрапейскую эканамічную супольнасьць / Швайцарыю.
- Абмежаваньне не закране грамадзян Швэцыі ці тых, хто стала пражывае ў Швэцыі, а таксама асоб, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, дыпляматаў, мэдыцынскага пэрсаналу, супрацоўнікаў транспартных кампаній, якія дастаўляюць грузы ў Швэцыю, і некаторых іншых катэгорый.
«Белпошта» прыпыняе прыём пасылак ва ўсе краіны, акрамя Расеі і Кітаю
У сувязі з прыпыненьнем авіяперавозак пасьля абвяшчэньня пандэміі каранавірусу «Белпошта» часова прыпыняе прыём выходных паштовых адпраўленьняў (адпраўленьняў пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак і адпраўленьняў EMS) ва ўсе краіны, за выключэньнем Ганконгу, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расейскай Фэдэрацыі. Пералік краін будзе карэктавацца ў выпадку зьяўленьня транспартных сродкаў, здольных ажыцьцяўляць у гэтыя краіны дастаўку.
Каб пазьбегнуць кантакту з чалавекам, адпраўленьні EMS і тыя, якія рэгіструюцца і для якіх звычайна патрабуецца подпіс адрасата, будуць дастаўляцца праз паштовыя або абанэнцкія скрыні, паштаматы, без расьпіскі атрымальніка.
У Расеі дзяцей адправілі на датэрміновыя канікулы. У Беларусі адмовіліся
Усе расейскія школы адправяць на канікулы ад 23 сакавіка да 12 красавіка ў сувязі з пандэміяй новага каранавірусу, вырашыла Міністэрства асьветы Расеі. У Беларусі пакуль прытрымліваюцца плянавых вакацыяў: ад 30 сакавіка да 4 красавіка.
«Ёсьць загад завозіць у шпіталі па начах». Хворы на каранавірус беларус вядзе блог у Telegram
Ён знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі ў Менску і піша, што мае пацьверджаны каранавірус. Яго затралі ў шпіталь уначы 15 сакавіка як кантакт першага ўзроўню. Паводле інфармацыі блогера, ёсьць распараджэньне забіраць людзей спэцтэхнікай толькі па начах. Раней забіралі і ўдзень.
Хлопец піша, што яго зьмясьцілі ў палату з «чатырма дзядамі». Ён сам хвалюецца, бо, калі ў яго каранавірус, то на суседзяў гэта можа падзейнічаць ня лепшым чынам. Вядома, што старыя людзі найгорш перажываюць хваробу і найчасьцей ад яе паміраюць. Пазьней ён напісаў, што ў старых аналізы былі адмоўныя.
Ягонага сябра, які яшчэ ня ведае свайго статусу, нібыта зьмясьцілі ў палату з чалавекам, у якога пацьверджаны каранавірус. (цалкам чытайце па спасылцы)
У Малдове — першая сьмерць праз каранавірус
У Малдове зарэгістраваная першая ахвяра каранавіруснай інфэкцыі, паведаміла ў сераду раніцай міністарка аховы здароўя Віорыка Думбрэвяну.
Паводле міністаркі мінулай ноччу памерла 61-гадовая жанчына ад інфэкцыі каранавірусу. Паведамляецца, што каранавірус у яе быў знойдзены 8 сакавіка. Акрамя таго, у яе былі і іншыя захворваньні — цукровы дыябэт і высокі артэрыяльны ціск.
Усяго ў Малдове ў пэрыяд з 7 сакавіка па цяперашні час зарэгістравана 30 хворых на каранавірус. 16 зь іх вярнуліся з Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Швайцарыі і Гішпаніі, а 14 — заразіліся ў выніку перадачы інфэкцыі на месцы, паведамляе Інтэрфакс.
Ужо 51. У Беларусі 9 інфікаваных COVID-19 з сымптомамі, яшчэ 37 без сымптомаў, 5 выпісалі
Паводле Міністэрства здароўя Беларусі, цяпер у 51 чалавека выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 36 пацыентаў, дзень таму — што новых хворых ня выяўлена.
- 9 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы інфэкцыі — Мінздароўя тлумачыць, што яны «па сутнасьці ёсьць хворымі»;
- 37 пацыентаў маюць станоўчыя тэсты на новы каранавірус, але ня маюць сымптомаў;
- 5 пацыентаў ужо выпісалі пасьля адмоўных тэстаў на COVID-19, яшчэ 3 «рыхтуюцца да выпіскі».
17 выпадкаў — «завазныя», то бок прывезеныя з іншых краінаў. Апошнія чатыры (з Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны і Расеі) выяўленыя на санітарна-карантынных пунктах. Астатнія — у «кантактаў 1 узроўню», то значыць у тых, хто кантактаваў з хворымі.
Пад назіраньнем мэдыкаў цяпер 1960 чалавек, яшчэ адносна каля 2700 чалавек назіраньне спынілі.
Каранавірус: Сусьветная арганізацыя здароўя дае парады і разбурае міты
Прадстаўляем парады і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, якія яна падрыхтавала з мэтай інфармаваць сусьветнае грамадзтва пра пандэмію каранавірусу COVID-19 і пра эфэктыўныя спосабы пазьбягаць далейшага распаўюду інфэкцыі. Вось асноўныя тэзісы:
- COVID-19 можа перадавацца ў рэгіёнах з гарачым і вільготным кліматам
- Халоднае надворʼе і сьнег ня могуць забіць COVID-19
- Гарачая ванна не прадухіляе захворваньня на COVID-19
- Новы каранавірус НЯ МОЖА перадавацца праз укусы камароў
- Сушылкі для рук у зьнішчэньні новага каранавірусу не эфэктыўныя
- Ультрафіялетавая дэзынфэкцыйная лямпа ня можа забіць новы каранавірус
- Цеплавыя сканэры для выяўленьня людзей, заражаных новым каранавірусам часткова эфэктыўныя
- Распыленьне сьпірту або хлёру па ўсім целе ня зьнішчыць новы каранавірус
- Вакцыны ад пнэўманіі не абараняюць ад новага каранавірусу
- Рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам ня можа дапамагчы прадухіліць заражэньне новым каранавірусам
- Спажываньне часныку ня можа прадухіліць заражэньне новым каранавірусам
- Новы каранавірус больш небясьпечны для пажылых людзей, чым для маладых
- Антыбіётыкі не эфэктыўныя ў прадухіленьні і лячэньні
- Не існуе спэцыфічных лекаў для прадухіленьня або лячэньня новага каранавіруса
Расейскія памежнікі патлумачылі, каго зь беларусаў пусьцяць, а каго разьвернуць
Дзяжурны супрацоўнік удакладніў, што пастановай ураду да 1 траўня з прычыны распаўсюду каранавірусу часова абмежаваны ўезд у Расею замежнікам, якія прыбываюць з тэрыторыі Беларусі, а таксама беларускім грамадзянам.
Прапускаюць толькі грамадзянаў Расеі (пры наяўнасьці пашпарту), міжнародныя фуры і дыпляматаў. Выключэньнем — пахаваньне сваякоў, для гэтага неабходна мець даведку.
Беларусь ня ўводзіла кантролю на мяжы з Расеяй са свайго боку.
У суседзяў Беларусі 18 сакавіка надзвычайныя захады паўсюль, апрача Расеі
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.
- Польшча — 246 выпадкаў, 5 памерлі, «сытуацыя эпідэмічнай пагрозы»;
- Латвія — 71 выпадак, надзвычайнае становішча;
- Літва — 27 выпадкаў, карантын;
- Украіна — 14 выпадкаў, 2 памерлі, карантын;
- Расея — 114 выпадкаў, закрытыя межы, будуць закрытыя школы.
У Беларусі павялічылі тэрміны знаходжаньня замежнікаў у краіне
«У сувязі з увядзеньнем шэрагам дзяржаваў абмежавальных мераў, зьвязаных з уездам замежных грамадзян на іх тэрыторыю, падразьдзяленьні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў Беларусі будуць працягваць тэрмін знаходжаньня замежных гасьцей у нашай краіне да 90 дзён, а пры неабходнасьці і звыш гэтага пэрыяду», — паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданова.
Замежніку для падаўжэньня тэрміну неабходна зьвярнуцца ў падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі АУС па месцы знаходжаньня (рэгістрацыі).
Аформіць выязную візу можна ў Нацыянальным аэрапорце Менск. Напрыклад, калі замежны госьць даведаўся аб адмене свайго рэйсу непасрэдна пасьля прыезду ў аэрапорт.
У Казахстане 67 пасажыраў самалёта зь Менску адправілі на карантын
Гэта быў самалёт «Белавія», рэйс EW-399PO, які вылятаў зь Менску ў Нур-Султан вечарам 17 сакавіка. У «Белавія» пацьвердзілі, што самалёт пасадзілі ў Карагандзе дзеля карантынных захадаў, а ў аэрапорце Караганды расказалі, што сам самалёт ужо вярнуўся ў Менск.
Грамадзяне якіх краінаў былі на борце, невядома. Міністэрства замежных справаў Беларусі недасяжнае для апэратыўных камэнтароў.
Карантын можа быць зьвязаны з пандэміяй COVID-19, хоць афіцыйна пра прычыны не паведамляюць.
Квіток з Тыраны ў Менск каштаваў 300 эўра. Як беларусы вяртаюцца і не вяртаюцца дахаты падчас эпідэміі
«Дабрацца было вельмі праблематычна, усё было перапоўнена, мы страцілі шмат грошай і наогул думалі, што там давядзецца застацца», — кажа беларуска Юлія Рабініна, якая вярталася ў Менск з Альбаніі.
Яна брала ўдзел у праграме студэнцкіх абменаў «Эразмус» і на тыдзень прыляцела 9 сакавіка ў Альбанію. На той момант паведамлялася, што ў гэтай краіне зарэгістраваны толькі адзін выпадак заражэньня каранавірусам.
«Мы падумалі, што ўсё нармальна. Ляцелі праз Вену, а адтуль у Тырану. На другі дзень нам сказалі, што горад будуць закрываць на карантын. Выявілі некалькі заражаных чалавек, і ўжо такія захады. Там пазачыняліся ўсе крамы, кавярні, адмянілі нават паездкі на прыватным транспарце».
«Ідзём пешкі з рэчамі з аэрапорту». Беларусаў не пусьцілі ў самалёт да Масквы з Гоа
Усе яны мелі квіткі на гэты рэйс, але турапэратар кажа, што ў іх няма віду на жыхарства ў Расеі. Адказнасьць за іхны лёс ён таксама зь сябе здымае, бо Расея закрыла межы з прычыны пандэміі каранавірусу.
«Ахова з аўтаматамі выгнала нас з аэрапорту. Мы чакалі рашэньня нашага консула, які абяцаў прыслаць трансфэр ці пасяліць у гатэль. У выніку мы нічога не дачакаліся. Цяпер мы падзяліліся на дзьве групы і накіраваліся шукаць жытло. На сувязь з намі не выходзяць ні турапэратар, ні авіякампанія, якая нас не забрала», — расказаў карэспандэнту Свабоды адзін з турыстаў.
Сярод турыстаў дзеці ва ўзросьце 2 гадоў і сталая жанчына з гіпэртаніяй.
Японкі прэпарат супраць грыпу «відавочна эфэктыўны» пры лячэньні каранавірусу — кітайскія ўрадоўцы
Мэдыцынскія чыноўнікі ў Кітаі заявілі, што фавіпіравір (favipiravir), прэпарат, які выкарыстоўваецца ў Японіі для лячэньня новых штамаў грыпу, аказаўся эфэктыўным для хворых на каранавірус, паведамілі японскія СМІ ў сераду. Чжан Сіньмін, чыноўнік міністэрства навукі і тэхнікі Кітая, сказаў, што фавіпіравір, распрацаваны кампаніяй Fujifilm, даў абнадзейлівыя вынікі ў ходзе клінічных выпрабаваньняў ува Ухані і Шэньчжэне з удзелам 340 пацыентаў, паведамляе The Guardian.
«Ён мае высокую ступень бясьпекі і відавочна эфэктыўны ў лячэньні», сказаў Чжан журналістам ва аўторак. Пацыенты, якім давалі гэты лек у Шэньчжэне, мелі нэгатыўны тэст на вірус праз чатыры дні пасьля таго, як у іх быў станоўчы тэст на каранавірус.
Лекары ў Японіі выкарыстоўваюць гэты прэпарат у клінічных дасьледаваньнях для лячэньня хворых на каранавірус зь лёгкімі і ўмеранымі сымптомамі, спадзеючыся, што гэта спыніць размнажэньне вірусу. Аднак крыніца з японскага міністэрства аховы здароўя адзначыла, што прэпарат ня быў настолькі эфэктыўным у людзей з больш цяжкімі сымптомамі.
Тым часам у аптэцы ў цэнтры Менску
Рокеры :B:N: дадуць «бясьпечны» канцэрт 18 сакавіка
Праект «Бясьпечны LIVE» ад «Арт-сядзібы» стартуе 18 сакавіка з акустычнага выступу пераможцаў «Басовішча-2002» — гурту :B:N:.
Бясплатная відэатрансьляцыя выступу :B:N: пачнецца ў 20.30 на Youtube.
Арганізатары пішуць: «Робім усё магчымае, каб ты не сумаваў па вечарах у час карантыну».
А 25 сакавіка свой Youtube-канцэрт дасьць Лявон Вольскі. Пачатак заплянаваны на 20.00.
Увесьці абмежаваньні на паўтара года? Брытанскія экспэрты рэкамэндуюць жорсткія захады барацьбы з каранавірусам
Каб стрымаць эпідэмію COVID-19, уладам неабходна ўвесьці жорсткія абмежаваньні на працу, навучаньне і грамадзкія сходы на пэрыяд, пакуль ня будзе вакцыны супраць новага каранавірусу, стварэньне якой можа заняць 18 месяцаў.
Гэткая выснова знаходзіцца ў дакладзе, падрыхтаваным брытанскімі дасьледчыкамі і эпідэміёлягамі зь Імпэрскага каледжу ў Лёндане, які быў апублікаваны 16 сакавіка.