Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

08:22 17.3.2020

Лічбы на раніцу 17 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 182,7 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 28 тысяч у Італіі, 15 тысяч у Іране, 10 тысяч у Гішпаніі, 8,3 тысячы ў Паўднёвай Карэі, 7,2 тысячы ў Нямеччыне, 6,6 тысячы ў Францыі, 4,7 тысячы ў ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 7144 чалавекі: 3230 у Кітаі, 2158 у Італіі, 853 у Іране, 342 у Гішпаніі, 148 у Францыі, 93 у ЗША, 81 у Паўднёвай Карэі.
  • Выпісалі здаровымі 79,9 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 6,2 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 36 выпадкаў COVID-19, «на кантролі» — 2583 чалавекі.
09:28 17.3.2020

Сустветная арганізацыя здароўя адзначыла «хуткі рост» COVID-19

На брыфінгу 16 сакавіка генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус адзначыў «хуткі рост» распаўсюду новага каранавірусу і такое ж паскарэньне захадаў супраць COVID-19 — як то закрыцьця школаў, скасаваньня спартовых гульняў і сходаў.

«Але мы ня бачылі досыць імклівага паскарэньня тэставаньня, ізаляцыі і пошуку кантактаў [тых, хто кантактаваў з інфікаванымі. — РС], што ёсьць асновай рэакцыі, — адзначыў кіраўнік WHO. — Меры сацыяльнага аддаленьня могуць дапамагчы паменшыць перадачу і даць магчымасьць сыстэмам аховы здароўя справіцца. Мыцьцё рук і кашаль у локці могуць зьнізіць рызыку для сябе і іншых.

Ды аднаго гэтага недастаткова, каб згасіць гэтую пандэмію. Адно камбінацыя [захадаў] зьменіць сытуацыю. Я працягваю паўтараць: усе краіны павінны ўжываць комплексны падыход.

А найбольш эфэктыўны спосаб прадухіліць заражэньне і выратаваць жыцьці — гэта разрыў ланцугоў перадачы. А для гэтага трэба правяраць і ізаляваць. Вы ня можаце змагацца з агнём з завязанымі вачыма. І мы ня можам спыніць гэтую пандэмію, калі не даведаемся, хто заражаны. У нас ёсьць простае пасланьне для ўсіх краінаў: тэсты, тэсты, тэсты. Тэстуйце кожны падазроны выпадак».

Ён таксама назваў пандэмію COVID-19 «вызначальным глябальным крызісам нагаша часу», які «пакажа лепшае і горшае ў чалавецтве», і заклікаў да еднасьці ў змаганьні зь вірусам.

09:29 17.3.2020

Лідэры G7 назвалі каранавірус чалавечай трагедыяй і дамовіліся аб супрацоўніцтве ў барацьбе зь ім

Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» дамовіліся пра больш шчыльнае супрацоўніцтва і каардынацыю супольных намаганьняў для глябальнага рэагаваньня на пандэмію каранавірусу, гаворыцца ў супольнай заяве G7.

Акрамя аховы здароўя, намаганьні будуць накіраваныя на абарону працоўных месцаў, падтрымку сусьветнага гандлю і інвэстыцый, заахвочваньне супрацоўніцтва ў галіне навукі і дасьледаваньняў. У заяве лідэры G7 назвалі пандэмію COVID-19 «чалавечай трагедыяй і глябальным крызісам у галіне аховы здароўя, які таксама стварае сур’ёзныя рызыкі для сусьветнай эканомікі».

Лідэры «Вялікай сямёркі» паабяцалі:

  • каардынаваць намаганьні па затрымцы распаўсюджваньня вірусу, «у тым ліку шляхам прыняцьця адпаведных мер па кіраваньні межамі»,
  • умацоўваць сыстэмы аховы здароўя ў нашых іх і ва ўсім сьвеце,
  • абʼядноўваць эпідэміялягічныя і іншыя дадзеныя для лепшага разуменьня і барацьбы зь вірусам, абменьвацца інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу,
  • падтрымліваць запуск сумесных дасьледчых праектаў для хуткай распрацоўкі, вытворчасьці і распаўсюджваньня мэтадаў лячэньня і вакцыны,
  • каардынаваць свае дзеяньні з онлайн-плятформамі, каб забясьпечыць максымальны доступ грамадзкасьці да самай апошняй правільнай і актуальнай афіцыйнай інфармацыі сытуацыю з каранавірусам.
09:31 17.3.2020

Макрон прыпыніў усе рэформы ў Францыі праз каранавірус

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў пра часовае прыпыненьне ўсіх рэформаў у краіне, акрамя пэнсійнай.

Выступаючы 16 сакавіка са зваротам да нацыі, Макрон заявіў, што ўрад Францыі падасьць парлямэнту на зацьверджаньне заканадаўства аб наданьні выканаўчай уладзе надзвычайных паўнамоцтваў — выключна каб суняць эпідэмію каранавірусу.

«Ніколі раней у мірны час Францыя не прымала такіх надзвычайных захадаў», — сказаў Макрон, дадаўшы: «Мы ў стане вайны».

Прэзыдэнт запэўніў, што ўрад зробіць усё неабходнае для зьберажэньня эканомікі Францыі, і бізнэс ня будзе страчаны.

«Ніводзін бізнэс, якога б маштабу ён ні быў, ня будзе па-за ўвагай перад рызыкай банкруцтва. Ніводзін француз не апынецца ў галечы», — заявіў Макрон.

09:32 17.3.2020

Прэзыдэнт Каталёніі заразіўся COVID-19 і самаізаляваўся

Кіраўнік рэгіянальнага ўраду Каталёніі, што ў складзе Гішпаніі, прэзыдэнт Кім Тора абвясьціў 16 сакавіка, што атрымаў станоўчы тэст на COVID-19. Днём раней новы каранавірус выявілі ў намесьніка старшыні каталянскага ўраду.

Цяпер 57-гадовы Кім Тора, як і намесьнік старшыні ўраду, працуе з дому ў самаізаляцыі, пачувае сябе нармальна.

У Каталёніі, як і ў астатняй Гішпаніі, у сувязі з пандэміяй COVID-19, абвешчанае надзвычайнае становішча, закрытыя забаўляльныя ўстановы і забароненыя масавыя сходы.

15 сакавіка COVID-19 выявілі ў жонкі прэм’ер-міністра Гішпаніі. Яна і ейны муж цяпер пачуваюць сябе добра, застаюцца ў рэзыдэнцыі ў Мадрыдзе. Вірус выявілі таксама ў двух міністраў (роўнасьці і рэгіянальных справаў), у астатняга гішпанскага ўраду тэсты адмоўныя.

09:46 17.3.2020

ПАРЭ адмяніла вясновую сэсію з прычыны каранавірусу

Сэсія ПАРЭ, архіўнае фота
Сэсія ПАРЭ, архіўнае фота

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы праз каранавірус адмяніла вясновую пленарную сэсію, якая павінна была прайсьці ў Францыі 20-24 красавіка.

Пры прыняцьці рашэньня ўлічваліся рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, абмежаваньні на ўезд і выезд, якія ўвялі некаторыя краіны, а таксама рэжым карантыну, які дзейнічае ў некаторых зь іх.

Раней ПАРЭ адклала сустрэчы ўсіх камітэтаў да канца сакавіка.

09:49 17.3.2020

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску перанесьлі праз каранавірус

Дзень Волі-2019
Дзень Волі-2019

Арганізацыйны камітэт БНР-102 вырашыў адклікаць заяўку на сьвяточны мітынг-канцэрт да Дня Волі ў Менску, які меркавалі правесьці ў нядзелю, 22 сакавіка.

Рашэньне прынятае, як піша сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, «дзеля бясьпекі людзей». Цяпер, дадае ён, галоўная задача — «прымусіць улады прыслухацца да рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя і прыняць у краіне элемэнтарныя меры дзеля абароны беларусаў ад каранавірусу».

09:50 17.3.2020

КХЛ прыпыніла матчы ў сувязі з каранавірусам

Кантынэнтальная хакейная ліга (КХЛ) прыняла рашэньне аб прыпыненьні розыгрышу на адзін тыдзень для арганізацыі і ўзгадненьня новага фармату правядзеньня другога этапу чэмпіянату з удзелам шасьці клюбаў.

Як паведамляецца на сайце КХЛ, дата аднаўленьня спаборніцтваў будзе вызначаная найбліжэйшым часам. Таксама як і інфармацыя аб правядзеньні чэмпіянату Моладзевай хакейнай лігі.

10:19 17.3.2020

Расея перанесла Дзень касманаўтыкі з 12 красавіка на восень праз каранавірус

Традыцыйны сьвяточны канцэрт, прысьвечаны Дню касманаўтыкі, перанесены з 12 красавіка на восень, паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе «Роскосмоса». Дату канцэрту вызначаць пазьней.

Гэта ўжо ня першыя абмежавальныя меры з прычыны вірусу, якія закранулі ракетна-касьмічную галіну. На мінулым тыдні стала вядома, што запуск місіі ExoMars-2020 перанесены зь лета 2020 году на 2022 год. Сярод прычын называліся неабходнасьць дадатковых тэхнічных праверак, а таксама каранавірус. 16 сакавіка на фоне эпідэміі каранавірусу Гвіянскі Касьмічны цэнтар абвясьціў аб прыпыненьні ўсёй пускавой праграмы, а «Роскосмос» — аб абмежаваньні на доступ прэсы на касмадром Байканур.

10:31 17.3.2020

Прэм’ер Манака заразіўся COVID-19

Урад Манака паведаміў 16 сакавіка пра дзявяты станоўчы вынік тэсту на новы каранавірус у княстве насельніцтвам у 38 тысяч чалавек — заразіўся дзяржаўны міністар Манака, 64-гадовы Сэрж Тэль.

Стан здароўя Тэля задавальняльны, ён мае «ня вельмі моцныя сымптомы» і працуе з дому ў самаізаляцыі, трымае кантакт з урадам празь відэасувязь. Цяпер высьвятляецца, з кім ён кантактаваў у апошнія дні і хто можа быць інфікаваны.

10:56 17.3.2020

Каранік: за дзень новых выпадкаў COVID-19 не было, Беларусь выконвае рэкамэндацыі WHO

Міністар здароўя Беларусі Уладзімер Каранік заявіў 17 сакавіка, што Беларусь выконвае рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя «больш чым хтосьці іншы».

За мінулы дзень у Беларусі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19 (раней паведамлялася пра 36 пацыентаў, трох зь якіх ужо выпісалі). Сытуацыя зь вірусам у краіне, кажа Ўладзімер Каранік, застаецца кантраляванай.

Каранік дадаў, што ранейшых частка пацыентаў цяпер рыхтуюць да выпіскі, бо першыя тэсты больш не паказваюць у іх наяўнасьці вірусу SARS-CoV-2.

Цяпер, адзначыў міністар, абмяркоўваюцца новыя захады супраць вірусу, накіраваныя перадусім на недапушчэньне завозу яго ў краіну.

«Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сытуацыя ня вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыкі завозу да нас», — заявіў міністар, не адзначыўшы, што ўсе суседзі Беларусі ўжо закрылі межы або анансавалі такі крок.

Каранік таксама адзначыў, што Сусьветная арганізацыя здароўя «цалкам падтрымлівае» высілкі Беларусі і лічыць іх найбольш эфэктыўнымі, а закрыцьцё межаў эфэктыўным якраз ня лічыць.

11:31 17.3.2020

Беларуская чыгунка прыпыніла рух цягнікоў у 7 краінаў. Грошы за квіткі вернуць

На 17 сакавіка Беларуская чыгунка ўжо прыпыніла рух міжнародных цягнікоў у 7 краінаў — Нямеччыну, Латвію, Літву, Польшчу, Францыю, Чэхію і Ўкраіну — «у сувязі з рашэньнем шэрагу краінаў аб прыпыненьні міжнародных чыгуначных пасажырскіх зносінаў» праз эпідэмію каранавірусу.

Нявыкарыстаныя квіткі на адмененыя цягнікі можна вярнуць без дадатковых плат і збораў. Папяровыя квіткі можна здаць у касу, электронныя — праз рэсурс, на якім іх куплялі. Тэрміны вяртаньня не абмежаваныя.

11:32 17.3.2020

Мінадукацыі: ВНУ самі вызначаюць захады для прафіляктыкі каранавірусу

Міністэрства адукацыі Беларусі пакідае на меркаваньне ВНУ, якія менавіта захады прымаць для недапушчэньня распаўсюду каранавірусу COVID-19, сказала БелаПАН прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая. «Мы рэкамэндавалі скарэктаваць навучальны працэс, а ВНУ самі вырашаюць, як мінімізаваць кантакты, пакідаючы ў раскладзе самыя неабходныя заняткі»,— дадала яна.

Так Мінадукацыі пракамэнтавала часовую адмену да 6 красавіка ў некаторых вышэйшых навучальных устаноў лекцый, іншых заняткаў з колькасьцю студэнтаў больш за 60 чалавек, а таксама заняткаў па фізкультуры. Напярэдадні гэтую інфармацыю пацьвердзілі БелаПАН выкладчыкі і студэнты трох ВНУ.

11:34 17.3.2020

WHO: Беларусь выконвае рэкамэндацыі, некантраляванай перадачы каранавірусу няма

Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) апублікаваў 17 сакавіка заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбы зь ім у Беларусі.

У заяве офіс WHO піша, што:

  • выказвае падтрымку і салідарнасьць адносна высілкаў Беларусі ў барацьбе з COVID-19, высока цэніць падыход да гэтай барацьбы з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя;
  • адзначае значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19 з выкарыстаньнем лябараторнай дыягностыкі, а таксама высілкі ў ізаляцыі, аказаньні дапамогі пацыентам і адсочваньні тых, з кім кантактавалі інфікаваныя;
  • вышэй названае — ключавыя захады, рэкамэндаваныя WHO дзеля спыненьня перадачы і прадухіленьня распаўсюду каранавірусу;
  • улады Беларусі адкрытыя ў абмене зьвесткамі пра COVID-19 і своечасова прадстаўляюць справаздачы ў WHO адпаведна міжнародным правілам;
  • міністэрства здароўя Беларусі рэгулярна дае насельніцтву зьвесткі пра разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 і рэкамэндацыі аб захадах абароны;
  • у адсутнасьць у Беларусі некантраляванай перадачы новага каранавірусу захады, што прымаюць улады, адпавядаюць рэкамэндацыям WHO і грунтуюцца на падставе наяўных рызыкаў;
  • пры тым у сьвеце сытуацыя з COVID-19 пагаршаецца, усе краіны мусяць рыхтавацца да далейшага распаўсюду інфэкцыі, адэкватна ацэньваць узровень пагрозаў і ведаць, што ўнівэрсальнага падыходу не існуе;
  • абмежаваньні на перасоўваньне людзей і тавараў падчас надзвычайных сытуацыяў у ахове здароўя «ў большасьці выпадкаў» ня ёсьць эфэктыўным захадам і «можа адцягнуць рэсурсы ад іншых мерапрыемстваў», пацягнуць збоі ў дастаўцы неабходнай дапамогі, парушыць дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня і нэгатыўныя наступствы для эканомікі і грамадзтва.

Днём раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея палае ад каранавірусу», а ва ўрадзе Расеі адказалі, што «Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».

Па стане на 17 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 36 выпадкаў COVID-19. Трох пацыентаў ужо выпісалі, рыхтуюцца выпісаць яшчэ некалькіх. Новых выпадкаў за мінулы дзень не зафіксавалі.

11:39 17.3.2020

У Польшчы ад каранавірусу памёр пяты чалавек

Як паведамляе польскае Міністэрства аховы здароўя, гэта 57-гадовы мужчына, у якога былі іншыя захворваньні. Ён памёр у горадзе Валбжыху ў Ніжнесылескім ваяводзтве. Агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу ў Польшчы — 205.

12:26 17.3.2020

У беларускіх школах могуць абвясьціць канікулы з 23 сакавіка

У Міністэрстве адукацыі вывучаюць прапанову аб дачасным пачатку школьных канікул з 23 сакавіка. Паводле інфармацыі Свабоды рашэньне на гэты конт чакаецца па абедзе 17 сакавіка.

Вясновыя канікулы ў школьнікаў былі заплянаваныя з 30 сакавіка па 4 красавіка ўключна.

У суседніх зь Беларусьсю краінах у школах і ВНУ ў сувязі з каранавірусам увялі карантын. Паводле маніторынгу ЮНЭСКА, агулам на 16 сакавіка 85 краінаў сьвету закрылі школы па ўсёй краіне, што закранула каля 776,7 млн дзяцей і моладзі. Яшчэ 15 краінаў закрылі школы часткова, ене па ўсёй краіне.

12:47 17.3.2020

У Менску загадалі закрыць кальянныя і расставіць далей столікі ў рэстарацыях

Рэкамэндацыі выстаўленыя ўсім установам у Менску. Міністэрства пастанавіла, што ўстановам харчаваньня трэба:

  • паставіць у холах і прыбіральнях дазатары з антысэптыкамі для апрацоўкі рук;
  • павялічыць колькасьць вільготных уборак з дызінфікцыйнымі сродкамі (як часта трэба іх рабіць, не ўдакладняецца);
  • разьмясьціць «ва ўсіх агульнадаступных месцах» разьмясьціць стэнды аб прафіляктыцы каранавірусу (узоры стэндаў не прыкладзеныя);
  • абмежаваць правядзеньне масавых мерапрыемстваў (крытэры не прыводзяцца);
  • зьменшыць колькасьць пасадачны месцаў і забясьпечыць між сталамі ня менш за 1,5 мэтра адлегласьці;
  • часова прыпыніць прадстаўленьне паслугаў кальян-сэрвісу.
12:56 17.3.2020

Украіна ўвяла крымінальную адказнасьць за парушэньне карантыну

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла шэраг шэраг захадаў для змаганьня з каранавірусам COVID-19. У прыватнасьці, дэпутаты ўсталявалі адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць за парушэньне карантыннага рэжыму.

Як распавёў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка, самавольны выхад з карантыну можа карацца штрафам ад 17 да 32 тысяч грыўняў (прыблізна $640-1200) ці абмежаваньнем волі на тэрмін ад паўгоду да трох гадоў. «Тыя ж дзеяньні, калі яны пацягнулі за сабой гібель людзей або іншыя цяжкія наступствы, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў», — падкрэсьліў міністар.

13:34 17.3.2020

Амбасада ЗША ў Беларусі прыпыніла выдачу візаў у сувязі з каранавірусам

З 17 сакавіка амбасада ЗША ў Менску часова прыпыніла аказаньне паслуг па выдачы неіміграцыйных візаў для грамадзян Беларусі, паведамляе сайт амбасады.

Паслугі, якія амбасада надае грамадзянам ЗША, па-ранейшаму будуць даступныя.

«Амбасада ЗША ў Менску адданая палітыцы абароны здароўя і бясьпекі грамадзян ЗША і супрацоўнікаў прадстаўніцтва. Як толькі пагроза COVID-19 аціхне, амбасада ЗША адновіць паслугі па выдачы неіміграцыйных візаў у поўным аб’ёме», — гаворыцца ў паведамленьні.

Аналягічныя крокі зрабілі і іншыя амбасады.

13:55 17.3.2020

Польскі ўрад у карантыне, бо ў міністра знайшлі каранавірус

У сувязі з тым, што ў міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы Міхала Вося выявілі каранавірус COVID-19, у аўторак увесь польскі ўрад здае аналізы. 15 міністраў у карантыне, паведамляе выданьне Wiadomosci.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG