Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:58 17.3.2020

COVID-19 у параўнаньні зь іншымі інфэкцыямі. Адной карцінкай

14:08 17.3.2020

У Беларусі запусьцілі бескантактную дастаўку ежы

Сэрвіс «Эўраопту» E-dostavka.by паведамляе, што робіць бескантактную дастаўку ад 16 сакавіка. Трэба толькі пазначыць, каб пакет пакінулі пад дзьвярыма, і аплаціць замову праз інтэрнэт.

Замовіць можна амаль усе прадукты, якия прадаюцца ў звычайных крамах: хлеб, мяса, мясныя і малочныя прадукты, садавіну і гародніну, бакалею, напоі, дзіцячае харчаваньне і корм для жывёлаў. Не прадаюць алькаголь і тытунь. Дастаўку звычайна ладзяць практычна па ўсіх гарадах краіны, але не ва ўсіх крамах на момант публікацыі ёсьць магчымасьць выбраць час дастаўкі ў бліжэйшыя дні.

Бескантактную дастаўку прапанавалі таксама Menu.by і Enot-Delivery.by — яны дастаўляюць ежу з фаст-фудаў, піцэрыяў, сушы-бараў і рэстарацыяў. Таксама такую дастаўку ладзяць піцэрыі «Тэмпа» і «Доміна’с».

14:16 17.3.2020

МЗС Беларусі: «Вядомыя 2 выпадкі завозу ў Беларусь каранавірусу з Масквы, зь Беларусі — нікуды»

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву «РИА-Новости» рашэньне Масквы пра закрыцьцё расейскай мяжы для грамадзян Беларусі.

«На сёньняшні дзень устаноўленыя два выпадкі завозу на тэрыторыю Беларусі каранавірусу з Масквы. Астатнія таксама прывезеныя звонку. Беларусы ж пакуль нікому яго ня экспартавалі. Нават ня хочацца фантазіяваць на тэму таго, якія ж павінны быць нашы дзеяньні, кіруючыся лёгікай расейскага боку», — заявіў Анатоль Глаз.

На ягоную думку, у Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, верагодна, «шчыра зьдзівяцца сьцьвярджэньням расейскага боку аб парушэньні Беларусьсю іх рэкамэндацый», пра што напярэдадні заявіла Расея, бо «няма ніводнай рэкамэндацыі, якую б не выконваў беларускі бок».

«Сумна, што рашэньні нашых расейскіх сяброў у большай меры заснаваныя на нейкіх абстрактных прапорцыях, чым на рэальных дадзеных альбо інтарэсах людзей. Тым больш грамадзян краіны, якая зьяўляецца, як было сказана ўчора ў Крамлі, «нашым бліжэйшым партнэрам і саюзьнікам», — дадаў Глаз.

14:21 17.3.2020

Дзясяткі IT-кампаніяў у Беларусі перайшлі на працу з дому

Паводле Dev.by, ужо 92 кампаніі працуюць цалкам або часткова ў выдаленым рэжыме — некаторыя дазваляюць сядзець дома асобным супрацоўнікам, некаторыя ж цалкам сыходзяць з офісаў.

У ліку такіх EPAM, Wargaming, iTechArt, BelHard, ISSoft, Synesis, Exadel і іншыя, у тым ліку сам Dev.by.

14:42 17.3.2020

Расейскі футбольны чэмпіянат прыпынілі

На сходзе 17 сакавіка клюбы футбольнай Расейскай Прэм’ер-лігі вырашылі прыпыніць матчы прынамсі да 10 красавіка праз пандэмію COVID-19, піша «Спорт-экспресс». Раней былі прыпыненыя матчы Кантынэнтальнай хакейнай лігі і расейскай баскетбольнай Адзінай лігі.

Расейская Прэм’ер-ліга заставалася апошнім з «топавых» футбольных спаборніцтваў Эўропы, які не прыпыняў матчы ў сувязі з каранавірусам. Раней спынілі гульні чэмпіянаты Ангельшчыны, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыны, Францыі, Польшчы і іншых краінаў. У расейскай лізе гуляе шэраг беларусаў, у тым ліку капітан зборнай Аляксандар Мартыновіч.

Футбольныя чэмпіянаты працягваюцца ва Ўкраіне (але ў сталіцы ўжо забаранілі спартовыя спаборніцтвы) і Беларусі.

14:49 17.3.2020

Як Украіна змагаецца з каранавірусам

Ва Ўкраіне зарэгістравана 7 выпадкаў заражэньня каранавірусам і два выпадкі сьмерці. Нягледзячы на ня самыя вялікія лічбы, украінскія ўлады ўводзяць жорсткія карантынныя захады.​

Сярод захадаў украінскай улады ў барацьбе з каранавірусам — ільготы для бізнэсу і крымінальная адказнасьць грамадзян за парушэньне карантыну.

З поўдня 18 сакавіка ва Ўкраіне спыняецца ўвесь чыгуначны, авіяцыйны і аўтобусны рух — міжнародны і ўнутраны. Улады Кіева, Дняпра і Харкава спыняюць працу мэтро.

Пабрабязьней пра прынятыя захады тут.

14:53 17.3.2020

«Белавія» прыпыняе рэйсы ў расейскія рэгіёны. У Маскву і Пецярбург самалёты пакуль лятаюць

З 18 сакавіка ў зьвязку з прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін праз эпідэмію каранавірусу «Белавія» да 1 траўня прыпыняе палёты ў Варонеж, Краснадар, Казань, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Сочы і ў маскоўскі аэрапорт Жукоўскі. У маскоўскія аэрапорты Дамадзедава і Шарамецьева, а таксама ў Санкт-Пецярбург рэйсы пакуль не скасавалі.

Вярнуць купленыя загадзя квіткі альбо абмяняць іх на іншыя даты вылету можна да 31 сьнежня 2020 году.

У «Беларускай чыгунцы» сказалі, што ўсе цягнікі ў Расею адпраўляюцца паводле раскладу, ня спынены і папярэдні продаж квіткоў.

15:37 17.3.2020

Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі каранавірусу

Свабода сабрала рэакцыю прэзыдэнтаў на пашырэньне ў сьвеце небясьпечнай хваробы.

15:40 17.3.2020

Каранавірус: закрываюць межы, спыняюць рух мэтро, пятая сьмерць у Польшчы. У суседзяў Беларусі 17 сакавіка

У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.

Чытаць болей.

Польшча

  • Колькасьць выпадкаў — 205​, 5 чалавек памерла
  • У сувязі з тым, што ў міністра аховы навакольнага асяродзьдзя выявілі каранавірус, 15 міністраў перайшлі ў рэжым карантыну
  • Ад нядзелі 15 сакавіка на 10 дзён закрываюцца межы, спыняюцца міжнародныя паветраныя і чыгуначныя зносіны
  • Усе грамадзяне, якія вяртаюцца ў Польшчу, мусяць прайсьці 14-дзённы карантын
  • Зачыненыя гандлёвыя цэнтры, працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі
  • Зачыненыя рэстараны, кавярні, бары, а таксама ўстановы культуры — кіно, тэатры, філярмоніі і музэі
  • Адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, забараняюцца сходы з удзелам больш чым 50 чалавек, у тым ліку і багаслужбы
  • Зачыненыя ўсе навучальныя ўстановы — ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў

Латвія

  • Колькасьць выпадкаў — 49
  • 12 сакавіка ўрад увёў на месяц надзвычайнае становішча
  • Закрытыя ўсе межы
  • Ад аўторка 17 сакавіка на два тыдні спыненыя ўсе міжнародныя пасажырскія транспартныя зносіны — авіяцыйныя, чыгуначныя, марскія, аўтобусныя
  • Амбасады і кансуляты перастаюць выдаваць уязныя візы замежнікам
  • Да 14 красавіка закрытыя ўсе навучальныя ўстановы
  • На 4 тыдні адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, неарганізавана можна зьбірацца да 50 чалавек і разыходзіцца пасьля 23.00

Літва

  • Колькасьць выпадкаў — 18
  • Ад панядзелка 16 сакавіка ў краіне на два тыдні ўведзены карантын
  • Забаронены ўезд у краіну замежнікаў і выезд грамадзянаў Літвы за мяжу
  • Зачынены кавярні, рэстараны, крамы (апрача прадуктовых і аптэк)
  • Усе навучальныя ўстановы надалей застаюцца зачыненыя
  • Забароненыя ўсе мерапрыемствы — як у закрытых памяшканьнях, так і ў адкрытай прасторы
  • У касьцёлах адмененыя багаслужбы
  • Забароненае наведваньне хворых у шпіталях і вязьняў у турмах

Украіна

  • Колькасьць выпадкаў — 7​, 1 пацыентка памерла
  • У краіне абвешчаны карантын ад 12 сакавіка да 3 красавіка:
  • Ад панядзелка 16 сакавіка на два тыдні забаронены ўезд замежным грамадзянам, кансуляты прыпынілі выдачу ўязных віз
  • Ад аўторка 17 сакавіка на два тыдні спыненыя міжнародныя пасажырскія авіязносіны
  • Ад 18 сакавіка спыняецца міжгародні і міжабласны пасажырскі рух — паветраны, чыгуначны і аўтобусны
  • Забаронена наведаньне вучнямі навучальных установаў
  • Закрытыя ўстановы грамадзкага харчаваньня
  • Забаронена правядзеньне масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 10 чалавек
  • Спыненая праца мэтро ў Кіеве, Харкаве і Дняпры

Расея

  • Колькасьць выпадкаў — 93
  • Ад 18 сакавіка да 1 траўня ў краіну забаронены ўезд замежнікам
  • У Маскве забаронены ўсе масавыя мерапрыемствы ў сфэры культуры, спорту, забаўляльнай ці адукацыйнай дзейнасьці на адкрытым паветры, у памяшканьнях забароныя мерапрыемствы з удзелам больш за 50 чалавек
  • У Маскве ад 21 сакавіка да 12 красавіка зачыняюцца ўсе школы
15:59 17.3.2020

«Не нагнятайце». Мінадукацыі адказала на пэтыцыю пра карантын

Міністэрства адукацыі Беларусі ў афіцыйным Telegram-канале днём 17 сакавіка зьвярнулася да падпісантаў пэтыцыі з патрабаваньнем увесьці карантын у навучальных установах.

«Усе патрабаваньні, пералічаныя вамі, ва ўстановах адукацыі ўжо выконваюцца, — пішуць у звароце да 16 тысяч падпісантаў. — Ня варта нагнятаць абстаноўку і думаць, што мы ня робім усіх неабходных захадаў і не выконваем рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя».

Афіцыйны адказ на зварот на сайце Petitions.by, дзе зьбіралі подпісы, яшчэ не публікавалі. Ды ў ліку патрабаваньняў са звароту ёсьць прынамсі адно, якое дакладна ня выканалі: падпісанты патрабавалі сярод іншага перавесьці ўсе навучальныя ўстановы на дыстанцыйнае навучаньне.

16:12 17.3.2020

Чэмпіянат Беларусі ў валейболе прыпынілі да 6 красавіка

Выканкам Беларускай фэдэрацыі валейболу прыняў рашэньне прыпыніць чэмпіянат Беларусі ў дывізіёнах А і Б да 6 красавіка, піша БелТА.

Два матчы, заплянаваныя на 18 сакавіка, пройдуць без заўзятараў, астатнія перанесьлі.

16:14 17.3.2020

Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі

Свабода сабрала рэакцыю прэзыдэнтаў на пашырэньне ў сьвеце небясьпечнай хваробы.

  • Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі. Мяркуе, што ад каранавірусу ратуе праца на трактары і гарэлка
  • Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, прэзыдэнт Туркмэністану. Раіць абкурваць хворых і іхнае жытло лекавымі травамі
  • Джузэпэ Контэ, кіраўнік ураду Італіі. Заклікае да карантыну і адказнасьці
  • Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Украіны. Прапануе адчуваць адзінства народу
  • Дональд Трамп, прэзыдэнт ЗША. Абяцае адсьвяткаваць перамогу над хваробай
  • Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі. Папярэджвае аб праблемах у эканоміцы

Чытаць болей.

16:15 17.3.2020

Футбольны чэмпіянат Эўропы перанесьлі на наступны год

Чэмпіянат Эўропы па футболе перанесьлі на 2021 год у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Такое рашэньне прыняў на сваёй нарадзе Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА).

Раней большасьць эўрапейскіх футбольных лігаў прыпынілі гульні. Таксама прыпыненыя матчы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы.

16:17 17.3.2020

Ад сёньняшняга дня ў Францыі проста так з дому ня выйдзеш

Міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр ўвечары 16 сакавіка абвясьціў, што кожны чалавек, які вырашыў выйсьці з дома ва ўмовах пандэміі, павінен будзе даказаць абгрунтаванасьць перамяшчэньня.

Спэцыяльны блянк можна спампаваць з сайту МУС, раздрукаваць і запоўніць. Калі няма прынтэра, яго можна напісаць ад рукі.

16:29 17.3.2020

Пэкін абурыўся на Трампа за твіт пра «кітайскі вірус»

Прэсавы прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю параіў прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу «паклапаціцца пра свае справы» і «спыніць беспадстаўныя абвінавачаньні ў дачыненьні да Кітаю».

Бі-Бі-Сі паведамляе, што такім чынам Пэкін зрэагаваў на твіт амэрыканскага прэзыдэнта, у якім Трамп назваў каранавірус COVID-19 «кітайскім вірусам».

16:37 17.3.2020

Рызыкоўная гульня Лукашэнкі з каранавірусам

Аналітыкі задаюцца пытаньнем, чаму Аляксандар Лукашэнка ня ўводзіць у Беларусі карантын, як у большасьці суседніх краін, нават у тых (напрыклад, у Польшчы і Ўкраіне), дзе памеры эпідэміі пакуль невялікія і колькасьць хворых на каранавірус на душу насельніцтва параўнальная альбо нават меншая за беларускую.

Відавочна, што адказаў некалькі: палітычны, эканамічны, псыхалягічны, — піша Віталь Цыганкоў у сваім блогу.

16:38 17.3.2020

Расейскія тэлеграм-каналы «адправілі» міністра Макея на карантын. Але ён здаровы, кажа МЗС

Раней Уладзімер Макей сустракаўся са студэнтам, у якога падазравалі каранавірус.

«Міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей знаходзіцца на працоўным месцы і ў добрым здароўі, што пацьвярджаецца рэгулярнымі мэдычнымі абсьледаваньнямі», — паведаміў на запыт Радыё Свабода МЗС Беларусі.

Раней тэлеграм-канал «БелоРусский диалог» пісаў, што Ўладзімер Макей на карантыне.

17:26 17.3.2020

Зорку Галівуду выпісалі са шпіталя пасьля каранавірусу

Tom Hanks, Rita Wilson
Tom Hanks, Rita Wilson

Галівудзкага актора Тома Гэнкса і яго жонку Рыту Ўілсан 16 сакавіка выпісалі са шпіталя ў штаце Куінслэнд у Аўстраліі, дзе яны лячыліся ў сувязі з заражэньнем каранавірусам.

CNN паведамляе, што цяпер акторская пара знаходзіцца ў карантыне ў сваім доме ў Аўстраліі. Хэнкс з жонкай былі шпіталізаваныя на мінулым тыдні.

17:47 17.3.2020

Крамам рэкамэндавалі не дапусьціць ажыятажу на макарону, крупы, мыла і туалетную паперу

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРТ) рэкамэндавала арганізацыям гандлю ўсіх формаў уласнасьці «адмяніць захады, накіраваныя на стымуляваньне продажу» пэўных прадуктаў харчаваньняў і спажывецкіх тавараў.

Як патлумачылі карэспандэнту Свабоды ў МАРТ, гэта адзін з захадаў, накіраваных на тое, каб не дапусьціць магчымага ажыятажнага попыту. Маўляў, «усе бачаць, што адбываецца ў Эўропе, і гэта можа рабіць уплыў».

Паводле дакумэнту, які Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю накіравала ў гандлёвыя арганізацыі, з 17 сакавіка рэкамэндуецца адмяніць «усе рэклямныя мерапрыемствы, накіраваныя на стымуляваньне продажаў тавараў доўгатэрміновага захоўваньня», сярод якіх тавары бакалейнай групы, сацыяльна значныя тавары і тавары крытычнага імпарту.

Паводле міністэрства, гэта выклікана сытуацыяй з распаўсюджаньнем каранавірусу ў Эўразьвязе, Расеі і іншых краінах, а таксама павелічэньнем з 14 сакавіка пакупніцкага попыту на згаданыя тавары.

Таксама рэкамэндуецца адмяніць усе зарэгістраваныя рэклямныя гульні, правядзеньне якіх не пачалося 17 сакавіка.

Поўны сьпіс тавараў тут.

18:29 17.3.2020

Школьныя вакацыі ня будуць пераносіць праз пандэмію

Вясновыя школьныя вакацыі ня будуць пераносіць, сказаў міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, піша БелТА.

«Апошнім часам у інтэрнэце, у сацсетках і мэсэнджэрах зьявілася інфармацыя пра перанос вясновых вакацый. Афіцыйна паведамляю: графік навучальнага працэсу не зьмяняецца. Ніякіх падставаў для гэтага няма. Усе навучальныя ўстановы павінны працаваць у штатным рэжыме», — сказаў Карпенка.

Вясновыя школьныя вакацыі працягнуцца з 30 сакавіка па 4 красавіка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG