Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:22 16.3.2020

Бэрдымухамэдаў распарадзіўся змагацца з каранавірусам дымам ад гармалы

Прэзыдэнт Туркмэністана Гурбангулы Бэрдымухамэдаў распарадзіўся правесьці спэцыяльныя мерапрыемствы па абкурваньні насельніцтва дымам гармалы (лекавай травяністай расьліны, вядомай пад назвай юзарлік або магільнік).

Гэтая ідэя прагучала на пасяджэньні па прыярытэтах дзяржаўнага разьвіцьця. Бэрдымухамэдаў заявіў, што «дым ад гармалы — эфэктыўны сродак, які актыўна супрацьдзейнічае пранікненьню ў арганізм чалавека розных ня бачных воку вірусаў».

Афіцыйна ўлады не паведамлялі пра выпадкі заражэньня каранавірусам COVID-19 у краіне.

16:32 16.3.2020

Чарнагорыя — адзіная краіна Эўропы без каранавірусу

Па афіцыйных дадзеных чарнагорскай улады, у краіне пакуль не зафіксавана аніводнага выпадку COVID-19. Інстытут грамадзкага здароўя Чарнагорыі дагэтуль

не пацьвердзіў выпадкаў захворваньня з прычыны каранавірусу новага тыпу.

Як распавяла ў эфіры чарнагорскага тэлебачаньня доктар Радзіка Райчавіч, агульная колькасьць людзей, якіх у Чарнагорыі праверылі на каранавірус, складае 69.

Да гэтага часу ўсе вынікі тэстаў былі адмоўнымі. Чарнагорыя - апошняя краіна Эўропы, у якой няма афіцыйна пацьверджаных выпадкаў хваробы, празь якую СААЗ аб'явіла пандэмію.

16:48 16.3.2020

«Я за ўвядзеньне карантыну», — беларуска, якая выздаравела ад каранавірусу

Тацьцяна Яфрэмава зь Віцебску была першай грамадзянкай Беларусі, у якой знайшлі новую інфэкцыю.

Дызайнэрка зь Віцебску Тацьцяна Яфрэмава даведалася пра хваробу неўзабаве пасьля вяртаньня з Італіі, дзе была ў камандзіроўцы. Дыягназ ёй паставілі 2 сакавіка. Хвароба працягвалася роўна два тыдні. Тацьцяна расказала Свабодзе, што 15 сакавіка яе ўжо прызналі здаровай.

«Тэсты маіх аналізаў ужо адмоўныя, сёньня мне паведамілі, што каранавірусу ў мяне ўжо няма, — сказала Свабодзе Тацьцяна. — Што будзе са мной далей, як доўга прабуду ў шпіталі, пакуль ня ведаю. Думаю, мне скажуць пра гэта неўзабаве. Пра хваробу шмат расказаць не магу. Падазраю, што ў мяне быў аблегчаны варыянт. Кашаль, закладзены нос, запаленьне вачэй. Цяпер нармальна пачуваюся».

Чытаць далей.

17:21 16.3.2020

Вугоршчына закрыла межы

У панядзелак Вугоршчына стала яшчэ адной эўрапейскай краінай, якая з прычыны новага каранавіруса абвясьціла пра жорсткія захады, закрыла свае межы і абмежавала рух.

«Мы закрываем межы Вугоршчыны для пасажырскага руху», — заявіў у панядзелак прэм’ер-міністар Віктар Орбан, выступаючы ў парлямэнце краіны.

«Цяпер адбываюцца міжнародныя перамовы для каардынацыі, гэта значыць, што ў далейшым у Вугоршчыну змогуць уехаць толькі яе грамадзяне», — сказаў ён.

17:30 16.3.2020

Амэрыканец закупіў 17,700 бутэлек антысэптыку, каб перапрадаць. Супраць яго пачалі расьсьледаваньне


Як паведамляе Бі-бі-сі, гандлёвыя онлайн-плятформы пачалі змагацца з тымі, хто перапрадае па завышаных цэнах тавары, патрэбныя падчас эпідэміі каранавірусу.

17:43 16.3.2020

Канапацкая выйшла да Дому ўраду, каб у Беларусі ўвялі карантын

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 16 сакавіка зладзіла адзіночны пікет каля Дому ўраду ў Менску.

Мэта пратэсту: увядзеньне карантыну і закрыцьцё беларускіх межаў праз каранавірус.

Падчас пікету Канапацкая 12 сэкунд пратрымала плякат «Карантын! Covid-19». На плошчы Незалежнасьці палітык знаходзілася каля 10 хвілін. Яна сышла ад Дому ўраду пасьля заўвагі міліцыянта, «каб не нарывацца».

«Я лічу, што ў прынцыпе, калі сёньня гэта сёньня не прынясе плёну, то можа заўтра пасьля заўтра. Можа быць заўтра мы павінны быць з вамі ў масках, каб паказаць, што мы ня проста кажам, а робім меры, каб гэта спыніць», — сказала Канапацкая.

17:46 16.3.2020

«У мяне цётка ў моргу ляжыць!» Што адбываецца на мяжы Беларусі і Ўкраіны

Украіна з панядзелка закрыла межы. Пункты пропуску апоўначы абмежавалі сваю працу, спыніўся аўтамабільны і пешаходны рух. Цяпер на тэрыторыю Ўкраіны праз гэтыя пункты могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне ці беларусы, якія маюць від на жыхарства. Свабода праверыла, як працуюць абмежаваньні на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Чытаць далей.

17:52 16.3.2020

Ці паваляць беларускую эканоміку закрытыя межы. Разьбіраемся з экспэртамі

Расея, Украіна, Літва, Латвія і Польшча закрылі свае межы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. У гэтыя краіны Беларусь прадае сваю прадукцыю, а таксама імпартуе адтуль патрэбныя тавары. Як закрыцьцё межаў адаб’ецца на беларускай эканоміцы, разьбіраемся з экспэртамі.

17:53 16.3.2020

Украіна скасоўвае цягнікі ў Беларусь. Чакаюць надзвычайнае становішча

Нацыянальны чыгуначны перавозьнік «Укрзалізниця» часова скасоўвае рух прыгарадных цягнікоў, якія хадзілі празь дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю.

У прыватнасьці, ад сёньня скасаваныя рэйсы Ковель — Выжва — Ковель і Выжва — Хаціслаў — Выжва, а з 21 сакавіка Гомель — Сноўск — Гомель.
Апроч таго, ад сёньня абмяжоўваюць маршруты цягнікоў Ковель — Хаціслаў — Ковель, Сарны — Гарынь — Здалбунаў, Берасьце — Забалоцьце — Берасьце, Баранавічы — Удрыцк — Баранавічы, а пачынаючы з 21 сакавіка Чарнігаў — Ёлча — Чарнігаў. Гэтыя цягнікі хадзіць у Беларусь ня будуць.

18:14 16.3.2020

Абутковыя прадпрыемствы Віцебску ўвялі карантын

На абутковых фабрыках «Белвест» і «Чырвоны кастрычнік» у Віцебску ўвялі карантын. Паведамленьні пра гэта зьявіліся на прахадных абодвух прадпрыемстваў, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Фабрыка «Чырвоны кастрычнік», якая ўваходзіць у холдынг «Марка», увяла карантын з 14 сакавіка па 3 красавіка. На «Белвесьце» канрантын увялі з 12 сакавіка, калі прадпрыемства пачне працаваць не паведамляецца.

Кіраўнік «Белвеста» Юрый Суманееў сказаў, што на прадпрыемстве меры перасьцярогі пачалі ўводзіць са студзеня і тройчы іх узмацнялі. Зараз прадпрыемства працягвае працаваць, але староньнім асобам уваход на яго забаранілі. На фабрыцы максымальна абмежавалі перамяшчэньне работнікаў, а падчас перамяшчэньняў яны мусяць насіць маскі. Прыборка ў памяшканьня праводзіцца тры разы на дзень.

18:32 16.3.2020

У Маскве тых, хто прыехаў зь Беларусі, абавяжуць прайсьці карантын 2 тыдні

Улады Масквы прынялі рашэньне пашырыць сьпіс краін «карантыннай зоны», пасьля вяртаньня з якіх неабходна самаізалявацца на 14 сутак. Пра гэтым паведамляецца ў панядзелак, 16 сакавіка, на сайце мэра расейскай сталіцы Сяргея Сабяніна.

«Патрабаваньне аб праходжаньні рэжыму самаізаляцыі дома на працягу 14 дзён распаўсюджваецца на грамадзян, якія прыбываюць з ЗША, Вялікабрытаніі, дзяржаў Эўрапейскага зьвязу, Украіны, Беларусі і ўсіх дзяржаў Эўропы, якія не ўваходзяць у ЭЗ», – гаворыцца ў паведамленьні.

18:41 16.3.2020

Урад Расеі прыняў плян барацьбы з каранавірусам

Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін распавёў 16 сакавіка пра тое, штó расейскія ўлады плянуюць зрабіць для барацьбы з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі COVID-19.

Поўны плян дзеяньняў кабінэту, як чакаецца, будзе прадстаўлены 18 сакавіка, але многія дэталі ўжо цяпер раскрыла расейская прэса. Ва ўрадзе пацьвердзілі прыняцьце некаторых зь пералічаных захадаў, якія тычацца бізнэсу.

Расейскі ўрад прапануе, сярод іншага:

  • выдзеліць 300 мільярдаў рублёў для падтрымкі эканомікі і грамадзян;
  • кампэнсаваць даходы грамадзян, якія знаходзяцца ў карантыне, за кошт працадаўцаў або бальнічных лістоў;
  • зарэзэрваваць у бюджэце выплаты беспрацоўным;
  • выплачваць пэнсіі і дапамогі авансам;
  • абмежаваць або забараніць мерапрыемствы з удзелам больш за 1000 чалавек па ўсёй Расеі, у тым ліку міжнародныя спартовыя спаборніцтвы;
  • працягнуць школьныя канікулы або ўвесьці добраахвотнае наведваньне школ;
  • сфармаваць прэміяльны фонд для лекараў, якія вызначыліся ў барацьбе з каранавірусам;
  • забяспечыць вытворчасць тэст-сыстэм для дыягностыкі каранавірусу;
  • запусьціць сыстэму анлайн-абвесткі пра сытуацыю з каранавірусам;
  • абнуліць пошліны на імпартныя лекі;
  • зладзіць «падатковыя канікулы» для бізнэсу, у тым ліку для турапэратараў і авіяперавозчыкаў;
  • даць кампаніям малога і сярэдняга бізнэсу квартальную адтэрміноўку па выплатах падаткаў;
  • вылучыць бюджэтныя крэдыты рэгіёнам, якія выканалі пляны разьвіцьця эканомікі.
19:04 16.3.2020

Чаму Лукашэнка рэагуе на каранавірус ня так, як усе навокал?

  • Беларусь — адзіная краіна ў рэгіёне, якая не закрыла межаў, не ажыцьцявіла іншыя больш жорсткія захады супраць пашырэньня каранавірусу.
  • Лукашэнка прынцыпова заняў іншую пазыцыю што да бяды, зь якой змагаецца ўвесь сьвет.
  • Гэтая пазыцыя вынікае зь філязофіі, якую вызнае палітычны рэжым у Беларусі.
  • Велізарнае абурэньне Лукашэнкі выклікала рашэньне Расеі закрыць мяжу зь Беларусьсю, бо гэта разбурае статус Беларусі як найбліжэйшага, эксклюзіўнага саюзьніка РФ.

Пра гэта блог Валера Карбалевіча

19:28 16.3.2020

У Літву і Польшчу ўжо не заедзеш, а вярнуцца можна. Пасажырскія перавозкі ў Расею ніхто не скасоўваў

Міжнародныя зносіны Беларусі з Украінай і дзяржавамі Эўразьвязу часова прыпыненыя. Аднак беларусы, якія апынуліся за мяжой, могуць вярнуцца на радзіму.

І цягнікі, і аўтобусы, і самалёты ў Расею пакуль не скасавалі — усе рэйсы выконваюцца, нягледзячы на заявы расейскага боку пра закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю.

19:38 16.3.2020

На Горадзеншчыне з падазрэньнем на каранавірус шпіталізавалі двух кіроўцаў фураў

Двух кіроўцаў-«дальнабойнікаў» шпіталізавалі ў Горадзенскай вобласьці з падазрэньнем на каранавірус, піша «Гродзенская праўда».

Аднаго кіроўцу хуткая забрала з мяжы. Мужчына вяртаўся зь Італіі, у яго павысілася тэмпэратура.

Яшчэ адзін кіроўца зьвярнуўся за мэдычнай дапамогай сам. Апошнія два тыдні ён быў у Эўропе, у тым ліку наведваў Італію. Мужчына таксама мае прыкметы рэсьпіраторнай інфэкцыі.

Абодвух дальнабойшчыкаў шпіталізавалі ў інфэкцыйную больніцу.

Раней, на Горадзеншчыне быў лябараторна пацьверджаны адзін выпадак заражэньня каранавірусам.

20:04 16.3.2020

«Большасьць адмоваў — у сакавіку». Як сытуацыя з каранавірусам закранула ўязны і ўнутраны турызм

Праз сытуацыю з каранавірусам моцна цярпіць турыстычная галіна Беларусі. Найбольшыя страты нясуць кампаніі, якія працуюць на выезд. Сурʼёзны спад арганізаваных групаў прыпаў на сакавік і красавік. Аднак прадстаўнікі турыстычных кампаніяў спадзяюцца, што пры добрым раскладзе на летні сэзон турыстычны паток у Беларусь захаваецца.

20:49 16.3.2020

«Такога не было даўно». Рэпартаж зь беларуска-польскай мяжы

Польшча абмежавала ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, у тым ліку і беларусам, з 15 да 24 сакавіка. Мы паглядзелі, што адбываецца ў пункце пропуску Брузгі — Кузьніца, і даведаліся, як беларусам выбрацца з Польшчы.

21:59 16.3.2020

Расея забараняе ўезд усім замежнікам, у тым ліку беларусам

Забарона будзе дзейнічаць ад 18 сакавіка да 1 траўня. Яна ня будзе тычыцца дымляматаў, экіпажаў самалётаў і некаторых іншых катэгорый замежнікаў.

Раней сёньня прэс-служба расейскага ўраду заявіла, што беларускі бок быў загадзя папярэджаны аб плянаваных мерах падчас тэлефоннай размовы 15 сакавіка прэм'ера РФ Міхаіла Мішусьціна і кіраўніка ўраду Беларусі Сяргея Румаса.

22:01 16.3.2020

Закупы ў часе каранавірусу: бяз панікі, але паліцы пусьцеюць

Больш за ўсё людзей цікавяць крупы, апусьцелі таксама паліцы з макаронай, рысам і чамусьці з манкай. Фотарэпартаж з Эўраопту на Казіміраўскай у Менску

22:26 16.3.2020

16 сакавіка: асноўныя вынікі дня

  • На вечар 16 сакавіка ў сьвеце зафіксавалікаля 180 тысячаў выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 27,9 тысяч у Італіі, 14,9 тысяч у Іране, 9,4 тысяч у Гішпаніі, 8,2 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 7,2 тысяч у Нямеччыне, 5,4 тысяч у Францыі, 4,2 тысячы у ЗША.
  • У Беларусі пацьвердзілі 36 выпадкаў COVID-19, трох ужо выпісалі здаровымі і выпусьцілі дамоў, на кантролізастаюцца 2583 чалавекі — усе яны ня маюць прыкметаў інфэкцыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 7100 чалавек: 3213 у Кітаі, 2158 у Італіі, 853 у Іране, 335 у Гішпаніі, 127 у Францыі, 75 у Паўднёвай Карэі, 75 у ЗША.
  • Выпісалі здаровымі 78,3 тысячы пацыентаў
  • Старшыня Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен прапанавала абмежаваць на 30 дзён уезд на тэрыторыю Эўразьвязу
  • Прыпынены прыём дакумэнтаў на візы ў амбасадах і візавых цэнтрах Польшчы і Літвы ў сувязі з уведзеным у краінах карантынам
  • Расея забараняе ўезд усім замежнікам, у тым ліку грамадзянам Беларусі
  • Улады Казахстану абвясьцілі надзвычайнае становішча
  • «Белавія» прыпыняе палёты ў Кішынёў і Рыгу. Усяго ў сьпісе ўжо каля 30 краін
  • Міністэрства адукацыі Беларусі выдала першую рэкамэндацыю ў сувязі з пандэміяй каранавірусу: абмежаваць наведваньне, адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў і па магчымасьці абмежаваць рух у саміх установах

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG