Беларускія памежнікі: «Пакуль рашэньняў па закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася»
«Якія яны будуць — будзе вырашаць урад, а ня сам Памежны камітэт. І з улікам таго што арганы памежнай службы на гэтым участку не прадстаўлены, памежны кантроль не ажыцьцяўляецца, — патлумачыў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі. — Прынятае Расеяй рашэньне патрабуе некаторага часу на рэалізацыю: вызначэньня парадку, мэханізму. І, натуральна, будуць пэўныя выключэньні і гэтак далей»
«Белавія» з 17 сакавіка прыпыняе рэйсы ў Кішынёў і Рыгу
У сувязі з «прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з прычыны сытуацыі з каранавірусам» «Белавія» прыпыняе выкананьне рэйсаў у:
- Кішынёў — з 17 па 31 сакавіка;
- Рыгу — з 17 сакавіка па 14 красавіка.
Вярнуць грошы або зьмяніць дату вылету магчыма да 31 сьнежня 2020 году, паведамляе сайт авіяперавозчыка.
На сёньня цалкам або часткова адмененыя рэйсы «Белавія» ў Азэрбайджан, Армэнію, Бэльгію, Вялікую Брытанію, Вугоршчыну, Нямеччыну, Грузію, Ізраіль, Італію, Казахстан, Кіпр, Латвію, Літву, Малдову, Польшчу, Расею, Сэрбію, Туркмэністан, Украіну, Швайцарыю, Швэцыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Эстонію (падрабязная інфармацыя аб усіх адмененых рэйсах тут).
Ва ўрадзе Беларусі адрэагавалі на закрыцьцё Расеяй супольнай мяжы
«Беларусь будзе рабіць усё неабходнае, каб грамадзяне, якія хочуць вярнуцца ў краіну, у яе вярнуліся», — сказала прэс-сакратарка прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Ісаева.
Яна таксама паведаміла, што «расейскі бок учора ў рабочым парадку праінфармаваў беларускі бок аб тым, што будуць прынятыя меры ў рамках барацьбы з каранавірусам» і што Беларусь і Расея «дамовіліся каардынаваць свае далейшыя дзеяньні».
Пра магчымасьць закрыцьця мяжы з Расеяй прэс-сакратарка прэмʼер-міністра не згадала. У Дзяржаўным памежным камітэце Свабодзе раней паведамілі, што пакуль ніякіх рашэньняў аб закрыцьці беларуска-расейскага ўчастку мяжы не прымалася.
Міністэрства адукацыі выдала першую рэкамэндацыю ў сувязі з каранавірусам
Ва ўсіх установах адукацыі Беларусі былі ўзмоцненыя санітарна-прафіляктычныя меры, паведаміла Міністэрства адукацыі ў афіцыйным Telegram-канале.
«Міністэрства адукацыі інфармуе пра ўзмацненьне санітарна-прафіляктычных мераў ва ўсіх установах адукацыі. Рэкамэндавана абмежаваць наведваньне, адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў і, па магчымасьці, абмежаваць рух у саміх установах. Пры найменшых прыкметах прастудных захворваньняў паказацца доктару», — гаворыцца ў паведамленьні.
Мінспорту патлумачыла, як можна адмовіцца ад турыстычнай пуцёўкі за мяжу і ня страціць грошай
Міністэрства спорту і турызму Беларусі патлумачыла, як можна адмовіцца ад турыстычных паездак з прычыны каранавірусу, калі ў турыстаў узьнікаюць асьцярогі, піша БелТА са спасылкай на прэс-службу міністэрства.
Беларускія турысты маюць права зьвярнуцца ў турыстычнае агенцтва, у якім раней набылі пуцёўку, і адмовіцца ад паездкі за мяжу або зьмяніць дату паездкі пры наступных абставінах:
- у краіне, дзе плянаваў знаходзіцца турыст, дзяржаўныя органы прынялі рашэньне пра закрыцьцё або абмежаваньне наведваньня краіны замежнымі грамадзянамі з прычыны ўведзенага карантыну,
- у краіне ўведзены рэжым надзвычайнага становішча і інш.,
- праз адмену авіязносінаў або нейкіх авіярэйсаў у краіну, а таксама іншых прычын турыстычныя паслугі немагчымыя.
Эпідэмія каранавірусу ў Брытаніі патрывае год, заразіцца могуць да 80% брытанцаў
Эпідэмія COVID-19 у Вялікай Брытаніі можа патрываць да вясны 2021 году. Пры найгоршым варыянце разьвіцьця сытуацыі могуць заразіцца да 80% насельнікаў краіны, і 15% зь іх (7,9 мільёнам чалавек) можа спатрэбіцца шпіталізацыя.
Пра гэта паведамляе The Guardian, спасылаючыся на сакрэтны ўрадавы даклад, падрыхтаваны экспэртамі Нацыянальнай службы аховы здароўя Вялікай Брытаніі. Даклад быў разасланы дырэктарам усіх шпіталяў у краіне і вышэйшаму кіраўніцтву службы.
Паводле Пола Гантэра, прафэсара мэдыцыны з Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі, якога цытуе The Guardian, год трываньня эпідэміі каранавірусу «цалкам праўдападобны». Гантэр удакладняе:
«Я думаю, што [вірус] пойдзе на спад летам, пад канец чэрвеня, і вернецца ў лістападзе, як гэта адбываецца са звычайным сэзонным грыпам. Я думаю, што гэта ўжо назаўжды, але зь цягам часу ён будзе станавіцца менш жорсткім, па меры таго, як будзе выбудоўвацца імунітэт».
Каранавірус: баскетбалісты прыпынілі выступы, футбалісты ў лякарні
Намесьнік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру спорту Генадзь Загародны расказаў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-5», што пры Міністэрстве спорту і турызму стварылі адмысловую рабочую групу, якая кантралюе стан спартоўцаў.
Пры гэтым ён прызнаў «выпадкі заражэньня», не называючы прозьвішчаў атлетаў і віды спорту: «Шэраг спартоўцаў інфікаваліся, некаторыя знаходзяцца на лячэньні, сказаў адмысловец. — Большая частка на карантыне ў адпаведнасьці з патрабаваньнем Міністэрства аховы здароўя».
- Спартоваму рэсурсу «Трыбуна» стала вядома пра шпіталізацыю з падазрэньнем на каранавірус шэрагу футбалістаў, якія выступаюць за клюбы «Слуцак», «Славія» і «Рух». Таксама Свабода пісала пра заражанага спартовнага акрабата з Гомля, яшчэ некалькі чалавек зь ягонай каманды ізаляваныя.
- Тым часам біятляністы зборнай Беларусі па завяршэньні сэзону рыхтуюцца да двухтыднёвага карантыну ў Раўбічах.
- Беларуская фэдэрацыя баскетболу першай у краіне сярод гульнявых дысцыплінаў заявіла пра скасаваньне спаборніцтваў праз каранавірус. Ад 16 сакавіка прыпыняюцца ўсе міжнародныя і ўнутраныя турніры.
Новую вакцыну ў ЗША выпрабуюць на добраахвотніках
Клінічныя выпрабаваньні вакцыны ад новага каранавірусу пачнуцца ў панядзелак 16 сакавіка, паведаміў прадстаўнік фэдэральнага ўраду.
Першы ўдзельнік клінічных выпрабаваньняў атрымае экспэрымэнтальную вакцыну ў панядзелак, паведаміў чыноўнік на ўмовах ананімнасьці, паколькі пра выпрабаваньні не было абвешчана публічна. Выпрабаваньні фінансуюцца Нацыянальнымі інстытутамі аховы здароўя і пройдуць у Дасьледчым інстытуце сыстэмы аховы здароўя Kaiser Permanente Washington у Сіетле, паведаміла крыніца.
Прадстаўнікі органаў аховы здароўя кажуць, што на поўную праверку любой патэнцыйнай вакцыны пойдзе ад году да паўтара.
Выпрабаваньні пачнуцца з 45 маладых, здаровых добраахвотнікаў, якім увядуць розныя дозы прэпарату, распрацаванага Нацыянальнымі інстытутамі здароўя й кампаніяй Moderna. Заражэньне валянтэраў выключана, бо прэпарат не зьмяшчае самога віруса. Мэта складаецца ў тым, каб праверыць, ці вакцыны ня маюць трывожных пабочных эфэктаў, і падрыхтаваць глебу для больш маштабных выпрабаваньняў.
Адказную за каранавірус чыноўніцу Мінздароўя Лукашэнка прызначыў намесьніцай міністра
16 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў.
На пасаду намесьніцы кіраўніка Міністэрства аховы здароўя ўзгодненая Алена Богдан, якая да гэтага часу працавала ў ведамстве начальнікам галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі, экспэртызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Падчас апошніх прэсавых канфэрэнцый Богдан кантактавала з прэсай як дзяржаўны экспэрт у захадах мэдыкаў супраць распаўсюду каранавірусу.
Ужо 36. У Беларусі пацьвердзілі яшчэ дзевяць выпадкаў COVID-19
Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 16 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным новым каранавірусам.
Цяпер у 36 людзей пацьверджаная наяўнасьць COVID-19. Яшчэ ў канцы мінулага тыдня паведамлялася пра 27 выпадкаў і трох пацыентаў, выпісаных здаровымі.
Паводле Мінздароўя, вынікі тэстаў паказалі COVID-19 у пяці студэнтаў БДУ (але клінічных праяваў хваробы ў іх няма) і чатырох грамадзянаў Беларусі, якія прыбылі з Амстэрдаму, Масквы і Мюнхэна (іх ізалявалі ў момант вяртаньня з-за мяжы).
Ужо выпісалі трох пацыентаў, у якіх раней знаходзілі новы каранавірус, а яшчэ тры «рыхтуюцца да выпіскі».
Яшчэ восем маюць «мінімальныя прыкметы інфэкцыйнага працэсу», яшчэ адзін «у стане сярэдняй цяжкасьці са станоўчай дынамікай», астатнія «ня маюць прыкметаў інфэкцыйнага працэсу».
На кантролі 2583 чалавекі — усе яны ня маюць прыкметаў інфэкцыі.
Зь Беларусі ва Ўкраіну могуць трапіць толькі ўкраінцы і беларусы зь відам на жыхарства
Між Беларусьсю і Ўкраінай стала працуе 7 міжнародных пунктаў пропуску. Сёньня апоўначы ўсе яны абмежавалі сваю працу, спыніўся аўтамабільны і пешаходны рух.
Цяпер на тэрыторыю Ўкраіны праз гэтыя пункты могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны.
Гэтыя абмежаваньні будуць дзейнічаць да 3 красавіка, але ў выпадку эпідэміі могуць быць прадоўжаны.
На сёньняшні дзень ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана пяць выпадкаў заражэньня небясьпечным каранавірусам.
Мінспорту не забараняе спартовыя мерапрыемствы, толькі «рэкамэндуе скасаваць» дзіцячыя і міжнародныя
Міністэрства спорту днём 16 сакавіка абвясьціла, што рэкамэндуе скасаваць спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў, а таксама міжнародныя спаборніцтвы ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Паводле Мінспорту, усім падначаленым арганізацыям рэкамэндавалі скасаваць або перанесьці такія мерапрыемствы, заплянаваныя на дні да 6 красавіка.
Супольна зь Мінздароўя ладзяць цягам 14 дзён карантынныя захады і мэдычнае назіраньне за спартоўцамі і дэлегацыямі, якія вяртаюцца з краінаў з успышкамі COVID-19. І нават адмоўны вынік тэсту на новы каранавірус не вызваляе ад мэдычнага назіраньня.
Міністэрства адукацыі: у навучальных установах карантыну ня ўводзілі
У Міністэрстве адукацыі Свабодзе паведамілі, што ўсе навучальныя ўстановы ў Беларусі працуюць з узмоцненымі захадамі санітарна-эпідэміялягічнай бясьпекі.
Што да магчымага ўвядзеньня карантыну, то такое рашэньне прымае Міністэрства аховы здароўя.
«Але Міністэрства адукацыі рэкамэндуе абмежаваць доступ у навучальныя ўстановы, узмацніць санітарна-эпідэміялягічныя захады, не праводзіць масавых мерапрыемстваў, пры любых праявах прастудных захворваньняў зьвяртацца да доктара», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве адукацыі.
«У мяне каранавірус». Беларуска з Чэхіі расказала, як працякае хвароба
Марыя (імя зьмененае) зь Беларусі жыве ў Чэхіі больш за 5 гадоў. Пасьля некалькіх паездак у Азію і навучаньня ў Празе яна вырашыла здаць тэст на каранавірус. Вынік аказаўся станоўчы.
«Я пачуваюся добра, у мяне нічога не баліць, цела ня ломіць», — апавядае Марыя. Менш як 2 тыдні таму яна вярнулася ў Чэхію з Тайлянду і Індыі.
У горадзе пра выпадак каранавірусу даведаліся хутка. «Пачалася нейкая шалёная рэакцыя: „Мы ўсе памром“. Не, усе не памром, — мяркуе яна, — Аднак людзі панікуюць і моцна баяцца».
Пасьпеў за 40 хвілін да закрыцьця мяжы. Беларус у апошні момант вярнуўся з Гішпаніі
Раман Шаўцоў скараціў свой адпачынак у Эўропе на тыдзень, страціў 400 эўра і ледзь не захрас паміж Польшчай і Гішпаніяй. Як уцякаў з ахопленай каранавірусам Гішпаніі і Польшчы, якая закрыла свае межы, ён расказаў Свабодзе.
У ноч з 15 на 16 сакавіка футбольны заўзятар прыехаў аўтобусам у Менск. Перад гэтым апошнія тры дні ён у літаральным сэнсе ўцякаў з Гішпаніі і Польшчы, якія праз каранавірус уводзілі ўсё больш строгія надзвычайныя меры. Маршрут ягонай эвакуацыі быў такі: Мадрыд — Сэвільля — Кракаў — Варшава — Менск.
«Беларускія памежнікі пыталі, ці быў хто ў Італіі, памералі тэмпэратуру і ўсіх адпусьцілі, — кажа Раман. — На пашпартным кантролі я сказаў, што я быў Гішпаніі. Памежніца не напружылася і спытала, як там абстаноўка».
Каранавірус: зачыняюцца ўсе брамы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 16 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія транспартныя зносіны.
Чытаць падрабязна, што адбываецца ў Латвіі, Літве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне.
Лукашэнка: Расея не параілася перад тым, як закрываць мяжу
- «Можа, нам падумаць, а раптам вірус у трубе з нафтай або з прыродным газам? 70 млн тонаў нафты транспартуюць нафтаправодам „Дружба“. Вось што думалі людзі, калі прымалі такія рашэньні?»
- «Мне здаецца, што там больш заклапочаныя, як Маскву нейкім плотам абгарадзіць, і думаюць: ня дай Божа, урад Расейскай Фэдэрацыі заразіцца. Што будзе? А ня дай Божа, зь Мішусьціным нешта здарыцца?»
Больш выказваньняў Лукашэнкі пра закрыцьцё мяжы з Расеяй тут.
Дальнабойнік уцёк зь лякарні, не дачакаўшыся вынікаў тэсту на COVID-19
Кіроўца-дальнабойнік уцёк з інфэкцыйнага аддзяленьня ў Лідзкім раёне. Як расказвае «Лідзкая газэта», 46-гадовы мужчына родам з Дубровенскага раёну вярнуўся з Італіі, паскардзіўся на тэмпэратуру, здаў аналіз на COVID-19, але калі пачуў, што трэба здаць і аналіз на алькаголь, уцёк з прыёмнага пакою. Два дні сядзеў дома, не адчыняў дзьверы мэдыкам і міліцыі, на сувязь выйшаў толькі тады, калі стала вядома, што вынік аналізу адмоўны.
У Казахстане абвясьцілі надзвычайнае становішча
Улады Казахстана абвясьцілі надзвычайнае становішча ў краіне з прычыны ўспышкі каранавірусу. Па апошніх дадзеных, колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу тут вырасла да дзевяці.
Першых заражаных COVID-19 у краіне выявілі 13 сакавіка.
У Казахстане ўводзіцца агульнанацыянальны карантын, забараняецца ўезд і выезд з краіны для ўсіх, акрамя дыпляматаў і асобаў, запрошаных урадам.
«МенскЭкспа» пераносіць выставы на лета
У сувязі з пандэміяй каранавірусу кампанія «МенскЭкспа» пераносіць на сярэдзіну чэрвеня прынамсі чатыры выставы: «Машынабудаўніцтва-2020», «ЛітМэтЭкспа-2020», «Літаваньне і рэзка-2020» і «Абарона ад карозіі-2020». Лёс астатніх выставаў, што плянаваліся на бліжэйшы час, стане вядомы пазьней, сказалі Свабодзе ў кампаніі.
Тым часам выставачны цэнтар «БелЭкспа» пакуль перанёс толькі адну выставу: «Паляваньне і рыбная лоўля» цяпер заплянаваная на 30.04–3.05. А 2–4 красавіка ў календары цэнтру яшчэ значыцца выстава «Адпачынак-2020».