Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

19:14 14.3.2020

Беларускія турмы закрылі на карантын

Беларускія калёніі да 6 красавіка закрылі на карантын: спатканьні забароненыя, але дазволеныя дадатковыя 10-кіляграмовыя перадачы з садавіной, гароднінай і вітамінамі.

«Учора мне патэлефанаваў сын, ён адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах. Сказаў, што да 6 красавіка ўсе спатканьні — кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя, забароненыя праз карантын», — паведаміла Свабодзе актывістка руху «Маці 328» Ліяна Шуба.

Аналягічная сытуацыя склалася і ў калёніі № 15 у Магілёве і іншых установах сыстэмы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Спатканьні забаронены і ў гомельскім СІЗА-3 — праз карантын. Пра гэта Свабодзе паведамілі сваякі тых, хто знаходзіцца пад сьледзтвам.

20:29 14.3.2020

14 сакавіка ў Італіі ад каранавірусу памерлі 175 чалавек

Агульная колькасьць сьмерцяў з часу пачатку эпідэміі — 1441 чалавек. Колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньняў складае цяпер 21 157 чалавек, у пятніцу іх было 17660.

20:56 14.3.2020

Прэзыдэнт ЗША здаў тэст на COVID-19

Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме ў суботу ён растлумачыў, што здаў тэст, паколькі журналісты ўвесь час пыталіся, чаму ён да гэтага часу гэтага не зрабіў.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША заявіў, што ў яго няма сымптомаў заражэньня каранавірусам. Трамп дадаў, што з гэтай прычыны не праходзіў тэст на заражэньне каранавірусам COVID-19. Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што яго адміністрацыя распаўсюдзіла забарону на палёты ў ЗША з Ірляндыі і Вялікабрытаніі. Забарона ўступіць у сілу ў ноч з нядзелі на панядзелак.

Дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў ЗША паведаміў, што ў суботу ў ЗША было зарэгістравана 2226 выпадкаў заражэньня новым каранавірусам, удакладніўшы, што ўспышка яшчэ не дасягнула свайго піку.

21:48 14.3.2020

Гішпанія ўсьлед за Італіяй закрывае на карантын усю краіну

З 16 сакавіка ўрад Гішпаніі плянуе ўвесьці ў краіне ўсеагульны карантын праз распаўсюд COVID-19, паведамляе Reuters. Будзе абвешчанае надзвычайнае становішча. У праекце пастановы гаворыцца, што ўсе жыхары Гішпаніі не павінны выходзіць з дому, акрамя як для пакупкі ежы, наведваньня аптэкі, бальніцы, працы ці іншых экстраных выпадкаў.

Гішпанія таксама закрывае ўсе школы, унівэрсытэты, рэстараны, бары і гатэлі па ўсёй краіне, а таксама другарадныя крамы. У Гішапніі захварэлі на каранавірус больш за 6 тысяч чалавек, больш за 190 памерлі.

23:23 14.3.2020

14 сакавіка: асноўныя вынікі дня

  • Цягам 14 сакавіка найвялікшыя страты зафіксавалі ў Італіі: ад COVID-19 памерлі 175 чалавек (97 — у Іране, 60 — у Гішпаніі).
  • У Італіі зафіксавалі найбольшую колькасьць новых захварэлых — 3497 чалавек (у Іране — 1,365, у Гішпаніі — 1083).
  • Гішпанія сьледам за Італіяй закрывае на карантын усю краіну.
  • 240 студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржунівэрсытэту, якія маглі мець кантакт са студэнтам — пераносчыкам інфэкцыі, накіравалі ў шпіталі на карантын.
  • З 16 сакавіка Літва уводзіць агульнанацыянальны карантын, закрывае межы для іншаземцаў.
  • Украіна з панядзелка, 16 сакавіка, закрывае межы зь Беларусьсю. Абмежаваньне не закране грамадзянаў Украіны, якія вяртаюцца дадому.
  • ЗША пашырылі забарону для падарожнікаў з Эўропы, уключыўшы ў «чорны» сьпіс краін Вялікую Брытанію і Ірляндыю.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што здаў аналіз на каранавірус і чакае вынікаў на працягу двух дзён.
  • Прэм’ер-міністар Францыі запатрабаваў закрыць усе «няважныя» публічныя месцы (рэстараны, кавярні, начныя клюбы і кінатэатры).
  • Чэскі ўрад пастанавіў закрыць крамы і рэстараны на 10 дзён.
00:13 15.3.2020

Літва ўводзіць карантын. Што будзе забаронена і абмежавана

14 сакавіка ўрад Літвы вырашыў, што ад панядзелка, 16 сакавіка ў краіне ўводзіцца карантын дзеля таго, каб спыніць распаўсюд каранавірусу, паведамляе партал DELFI.

Сьпіс абмежаваньняў

  • Забараняецца ўезд у краіну замежнікам, за выключэньнем асобаў, якія забясьпечваюць дастаўку неабходных тавараў у Літву, членаў экіпажаў, членаў семʼяў грамадзян Літвы, асобаў, у якіх ёсьць права на пражываньне і працу ў Літве, дыпляматаў, прадстаўнікоў ваенных місій NATO. Часова будзе прадастаўлены гуманітарны калідор грамадзянам Латвіі і Эстоніі для вяртаньня дадому.
  • Скароціцца колькасьць памежных прапускных пунктаў, праз якія можна будзе ўехаць у Літву.
  • Грамадзянам Літвы забараняецца езьдзіць у закранутыя каранавірусам краіны ўсімі відамі транспарту. Таксама разглядаецца магчымасьць забараніць выезд за мяжу не з працоўнымі мэтамі.
  • Забаронены гандаль у крамах, за выключэньнем харчовых крамаў, аптэкаў, спэцыялізаваных вэтэрынарных аптэк, рынкаў, якія гандлююць харчовымі прадуктамі.
  • Забароненая дзейнасьць кавярняў, бараў, за выключэньнем ежы на вынас.
  • Забараняюцца ўсе мерапрыемствы, як у закрытых памяшканьнях, так і на паветры.
  • Забараняецца ўваход круізных лайнэраў у Клайпедзкі порт.
  • Забараняецца наведваньне пацыентаў у лячэбных установах, а таксама вязьняў у месцах зьняволеньня.
  • Забараняецца прадастаўляць паслугі СПА, рэабілітацыі, калі яны не зьвязаныя зь лячэньнем, забараняецца дзейнасьць цырульняў, салёнаў прыгажосьці.
  • Абмяжоўваецца колькасьць пасажыраў у міжгародніх аўтобусах і цягніках, каб захоўваць дыстанцыю паміж пасажырамі. Рэкамэндуецца гэта ўжываць і ў дачыненьні да гарадзкога транспарту.
  • Гатэлі пры неабходнасьці павінны будуць пускаць людзей на карантын, дзяржава будзе гэта аплачваць.
  • Адукацыйныя ўстановы застаюцца зачыненымі.
  • У лячэбных установах адкладаюцца плянавыя апэрацыі за выключэньнем неабходнай мэдыцынскай дапамогі.
  • Як у дзяржаўным, так і ў прыватным сэктары работнікам рэкамэндуецца працаваць дома.
10:05 15.3.2020

На раніцу 15 сакавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 156 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 21,1 тысячы ў Італіі, 12,7 тысячы ў Іране, 8,1 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 6,3 тысячы ў Гішпаніі, 4,5 тысячы ў Нямеччыне, 4,4 тысячы ў Францыі, звыш 3 тысяч у ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 5839 чалавек: 3199 у Кітаі, 1,441 у Італіі, 611 у Іране, 196 у Гішпаніі, 91 у Францыі, 75 у Паўднёвай Карэі, 60 у ЗША.
  • Выпісалі здаровымі 75,9 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 5,6 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 27 выпадкаў COVID-19. Самага першага пацыента, у якога выявілі каранавірус, 12 сакавіка выпісалі з шпіталя.
12:59 15.3.2020

Мінздароўя патлумачыла, чаму Беларусь не закрывае межы

Мяжа Беларусі і Расеі
Мяжа Беларусі і Расеі

У афіцыйным паведамленьні гаворыцца пра тое, што 7 з 8 прывазных выпадкаў каранавірусу, зафіксаваных у Беларусі, належаць да беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы.

У нядзелю 15 сакавіка Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла публікацыю з адказамі на шэраг частых пытаньняў. Сярод іх знаходзіцца тлумачэньне адмовы ад поўнага закрыцьця межаў.

«Ні адна дзяржава сьвету, якая ўжыла дадзеную меру, не забараніла ўезд сваім грамадзянам, — гаворыцца ў паведамленьні Мінаховыздароўя. — Таму што гэта немагчыма тэхнічна і няправільна маральна-этычна. Усе, напэўна, забыліся, што ў дадзены момант з 8 завозных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў нашай краіне, 7 было выяўлена менавіта ў беларускіх грамадзян, якія вярнуліся на радзіму з-за мяжы. Ці мы гатовыя адмовіцца ад нашай моладзі, якая вучыцца за мяжой і іншых суайчыньнікаў і не пусьціць іх дадому?».

На гэты момант амаль усе суседзі Беларусі закрылі свае межы. Адкрытай застаецца толькі мяжа Беларусі з Расеяй. Таксама ў Беларусь замежнікі і грамадзяне краіны могуць трапіць праз нацыянальны аэрапорт. У ім арганізаваныя працэдуры паглыбленага кантролю.

13:01 15.3.2020

Белы дом паведаміў пра вынікі аналізаў на каранавірус Дональда Трампа

Яны адмоўныя. Прэзыдэнт ЗША не заражаны інфэкцыяй.

Аналіз на каранавірус у Дональда Трампа ўзялі ў пятніцу 13 сакавіка. Незадоўга да гэтага ён сустракаўся з бразільскай дэлегацыяй, частка якой была інфэкаванай.

«У гэты вечар я атрымаў пацьверджаньне, што тэст быў адмоўным, — заявіў 14 сакавіка лекар Трампа Шон Конлі. — Праз тыдзень пасьля абеду з бразыльскай дэлегацыяй прэзыдэнт ня мае сымптомаў».

13:04 15.3.2020

Беларускія тэлеграм-каналы выступілі з супольнай заявай адносна каранавірусу

Патрабуюць звароту кіраўніцтва краіны і карантын у навучальных установах. Пад заявай падпісаліся адміністратары больш чым 70 тэлеграм-каналаў. Зварот скіраваны да кіраўніцтва Беларусі. Падаем яго тэкст цалкам.

«Мы, адміністратары беларускіх тэлеграм-каналаў, заяўляем кіраўніцтву нашай краіны аб неабходнасьці:

  • як мага хутчэй увесьці карантын ва ўсіх навучальных установах Беларусі,
  • увесьці і максымальна старанна ажыцьцяўляць мэдыцынскі кантроль на ўсіх межах Беларусі з суседнімі дзяржавамі і ў аэрапортах,
  • на самым высокім узроўні падрыхтаваць радыё- і тэлевізійны зварот да нацыі з тлумачэннем усёй сур’ёзнасьці сытуацыі з разьвіцьцём каранавірусу і, наадварот, спыніць заспакаяльныя заявы, пасьля якіх людзі паслабляюць кантроль за ўласнай бясьпекай;
  • своечасова і празрыста паведамляць грамадзкасьці і журналістам дэталі аб сытуацыі з распаўсюджваньнем віруса ў Беларусі і новых выпадках заражэньня: колькасьць, населены пункт, месца працы/вучобы — не парушаючы пры гэтым мэдычную таямніцу».
13:42 15.3.2020

Белчыгунка паведаміла пра адмену цягнікоў ва Ўкраіну

Калі адновіцца рух, пакуль невядома. Раней набытыя квіткі можна здаць у касы без камісіі.

Раней Украіна прыняла рашэньне аб закрыцьці межаў у сувязі з распаўсюджваньнем каранавірусу. На падставе гэтага БЧ таксама паведамляе пра часовае прыпыненьне курсіраваньня некаторых цягнікоў, а таксама бесьперасадачных і прычапных вагонаў, якія зьвязваюць Беларусь з Украінай. Пра гэта ў нядзелю 15 сакавіка паведамляе агенцтва БелТА са спасылкай на «Беларускую чыгунку». Сьпіс адмененых цягнікоў і вагонаў можна пабачыць на сайце БЧ.

Нявыкарыстаныя квіткі можна вярнуць у білетных касах БЧ без дадатковых плат і збораў. Тое самае датычыць і электронных квіткоў. Аб аднаўленьні чыгуначнага руху паміж Беларусьсю і Украінай будзе абвешчана дадаткова.

13:47 15.3.2020

Румас абмеркаваў пандэмію каранавірусу з расейскім прэм’ерам Мішусьціным

На дадзены момант у Беларусі застаецца толькі адна адкрытая мяжа — з Расейскай Фэдэрацыяй.

Тэлефонная размова прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусьціным адбылася ўс уботу 14 сакавіка.

«Абмяркоўваліся актуальныя пытаньні расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама сытуацыя з распаўсюджваньнем новай каранавіруснай інфэкцыі. Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся падтрымліваць кантакты па гэтых і іншых пытаньнях, што ўяўляюць узаемную цікавасьць», — паведамляе агенцтва БелаПАН па спасылкай на прэс-службу ўрада Расеі.

13:58 15.3.2020

IT-краіна і карантын

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Ці магчыма сёньня закрыць беларускія школы на карантын і наладзіць масавае дыстанцыйнае навучаньне? Баюся, што — не, піша ў сваім блогу настаўніца Ганна Севярынец.

Нягледзячы на гучны статус IT-краіны, нягледзячы на тое, што самым сьмелым рэфарматарам нашай адукацыі на сёньня выступае ПВТ, нягледзячы на сотні сэмінараў, адкрытых урокаў, лекцый для настаўнікаў наконт інфарматызацыі і лічбавізацыі навучаньня — наўрад ці хаця б адна школа ў Беларусі здольная забясьпечыць якаснае дыстанцыйнае навучаньне для дзяцей.

Чытаць далей тут.

20:38 15.3.2020

Каранавірус: закрываюць межы, адмяняюць транспартныя зносіны. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 15 сакавіка

У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.

Польшча

  • Колькасьць выпадкаў — 104
  • 3 чалавекі памерла
  • У краіне абвешчаная сытуацыя эпідэмічнай пагрозы

Латвія

  • Колькасьць выпадкаў — 30
  • 13 сакавіка ўрад увёў на месяц надзвычайнае становішча

Літва

  • Колькасьць выпадкаў — 12
  • Ад панядзелка 16 сакавіка ў краіне на два тыдні ўводзіцца карантын

Украіна

  • Колькасьць выпадкаў — 3
  • 1 пацыентка памерла

Расея

  • Колькасьць выпадкаў — 59

Чэхія

  • Колькасьць выпадкаў — 231
  • У краіне рыхтуецца абвяшчэньне карантыну
20:58 15.3.2020

У БДУ перанесьлі лекцыі на ўсіх факультэтах


У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце прынята рашэньне перанесьці лекцыйныя курсы для ўсіх факультэтаў на больш позьні тэрмін. Пра гэта паведамляе сайт унівэрсытэту.

Гаворка не ідзе аб пераводзе на дыстанцыйнае навучаньне і адмену заняткаў, а тычыцца часовых зьменаў у графіку навучальнага працэсу з мэтай пазьбегчы масавага збору людзей. У найбліжэйшы пэрыяд рэкамэндавана выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя навучальнымі плянамі і праграмамі, у ліку якіх КСР (кіраваная самастойная работа студэнтаў), кансультацыі, лябараторныя працы і іншыя.

21:31 15.3.2020

Вакол Беларусі ўзмацняецца «чыгуначная блякада»


У ноч з 16 на 17 сакавіка «Укрзалізныця» прыпыніць міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны, паведамляе прэс-служба «Укрзалізныці» ў спэцыяльным інфармацыйным тэлеграм-канале.

«У ноч з 16 на 17 сакавіка 2020 году „Укрзалізныця“ цалкам прыпыняе міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны. Шэраг міжнародных цягнікоў зробіць апошнія рэйсы сёньня», - паказваецца ў паведамленьні.

Паводле абвесткі «Укрзалізныці», пасажырам вяртаецца поўная цана білетаў на адмененыя міжнародныя цягнікі — без адлічэньня дадатковых збораў.

23:23 15.3.2020

15 сакавіка: асноўныя вынікі дня

  • Колькасьць заражаных каранавірусам за межамі Кітаю ўпершыню стала большая, чым колькасьць інфікаваных у Кітаі
  • Сытуацыя ў Заходняй Эўропе застаецца цяжкая. У Італіі за апошнія суткі памерла 368 чалавек, у Гішпаніі - каля 100
  • За Польшчай Літва і Ўкраіна цалкам спынілі рух міжнародных пасажырскіх цягнікоў
  • У Польшчы ад каранавірусу памёр трэці чалавек, першыя ахвяры ў Вугоршчыне і Швэцыі
  • Вынікі аналізаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: здаровы
  • У БДУ перанесьлі на пазьнейшы тэрмін лекцыі на ўсіх факультэтах
  • Мінздароўя заявіла, што закрываць межы Беларусі няма патрэбы
08:21 16.3.2020

Лічбы на раніцу 16 сакавіка

  • На раніцу 16 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 169,6 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 24,7 тысячы ў Італіі, 14 тысячы ў Іране, 8,2 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 7,8 тысячы ў Гішпаніі, 5,8 тысячы ў Нямеччыне, 5,4 тысячы ў Францыі, 3,8 тысячы у ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 6518 чалавек: 3217 у Кітаі, 1,809 у Італіі, 724 у Іране, 292 у Гішпаніі, 127 у Францыі, 75 у Паўднёвай Карэі, 69 у ЗША.
  • Выпісалі здаровымі 77,8 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца 5,9 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 27 выпадкаў COVID-19, трох ужо выпісалі здаровымі і выпусьцілі дамоў, ізалявалі 224 чалавекі.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла 11 сакавіка, што распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце «можна ахарактарызаваць як пандэмію».
09:12 16.3.2020

Што адбываецца ў сьвеце 16 сакавіка

  • Па стане на канец мінулага дня ў Італіі было 20,6 тысячы «актыўных выпадкаў» COVID-19 — тых, у каго зафіксавалі вірус, але ня вылекавалі. Гэта ўдвая больш за Кітай (там 9889) і нават больш за разам узятых Кітай з Іранам (у другім 8624). Паводле колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва Італія даўно абагнала Кітай: у Італіі каля 400 выпадкаў на 1 млн чалавек. На другім і трэцім месцы паводле гэтага паказьніку Швайцарыя (каля 250) і Нарвэгія (каля 230).
  • У Кітаі практычна спыніўся распаўсюд вірусу (штодзень фіксуюць толькі некалькі дзясяткаў новых выпадкаў) і спадае колькасьць актыўных выпадкаў. У Паўднёвай Карэі таксама амаль спыніўся распаўсюд вірусу, але колькасьць актыўных выпадкаў не спадае, а толькі застаецца амаль нязьменнай. У Італіі, Іране, Гішпаніі, Нямеччыне, Францыі, ЗША і Вялікай Брытаніі расьце і колькасьць захворваньняў, і колькасьць актыўных выпадкаў.

  • На расейскім дзяржаўным тэлеканале «Россия» вядоўца Дзьмітры Кісялёў вечарам 15 сакавіка заявіў сярод іншага, што нібыта «зь меркаваньняў карантыну» Расея закрые мяжу зь Беларусьсю «ў бліжэйшы тыдзень». Афіцыйных пацьверджаньняў гэтаму няма.
  • На карантын ад 16 сакавіка закрылася Чэхія, а Казахстан перайшоў на рэжым надзвычайнага становішча.
  • Некаторым лекарам у Італіі ўжо бракуе апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У сувязі з гэтым Інстытут анэстэзіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі выдаў рэкамэндацыі аб тым, каго ў надзвычайных сытуацыях ратаваць у першую чаргу. Як і на вайне, лекарам рэкамэндуюць у экстрэмальнай сытуацыі рабіць выбар на падставе «справядлівасьці і аптымальнага выкарыстаньня абмежаваных рэсурсаў» — ратаваць тых, у каго больш шанцаў выжыць. Гэта значыць, у выпадку непазьбежнага выбару не лекаваць тых, хто найбольш верагодна пражыве меней: самых старых і тых, хто ўжо мае сур’ёзныя хваробы.
  • У амэрыканскіх Нью-Ёрку і Лос-Анжэлесе закрываюць бары, рэстарацыі, тэатры і кінатэатры, але такія захады робяць далёка ня ўсе гарады ЗША. Фэдэральная рэзэрвная сыстэма ЗША тым часам зьнізіла амаль да нуля (максымум 0,25%) стаўку фэдэральных фондаў (адсотак, пад які банкі даюць у крэдыт залішнія рэзэрвы на кароткія тэрміны), каб зьменшыць шкоду эканоміцы ад наступстваў каранавірусу.
  • Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) правядуць 16 сакавіка відэаканфэрэнцыю, на якой абмяркуюць сытуацыю з каранавірусам і процідзеяньне пандэміі.
  • У Расеі рэкамэндавалі (але не абавязалі) перавесьці студэнтаў ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне. У Беларусі ж ня робяць і таго, але БДУ пераносіць лекцыі на пазьнейшыя тэрміны.
  • Папскія службы пройдуць за зачыненымі дзьвярыма ў Пакутны тыдзень. З прычыны ўспышкі каранавірусу нікому не дазволяць наведаць ніводнай з службаў. Вялікія натоўпы людзей на плошчы Сьвятога Пятра сёлета будуць немагчымыя.
  • На COVID-19 захварэла «дзяўчына Бонда» — украінская акторка Вольга Курыленка, вядомая па ролях у фільмах «Парыж, я кахаю цябе» (Paris, je t’aime, 2006), «Аблівіян» (Oblivion, 2013) і «007. Квант міласэрнасьці» (Quantum of Solace, 2008).
  • Беларускі сьпявак Лявон Вольскі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу адмовіўся ад ідэі жывога канцэрту на Дзень Волі, але 25 сакавіка зладзіць вялікі электрычны канцэрт праз інтэрнэт. Пачатак а 20-й гадзіне на Youtube.
09:37 16.3.2020

Расея закрывае мяжу зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей

«Мы таксама прынялі рашэньне аб закрыцьці мяжы з Беларусьсю для перамяшчэньня людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў, — перадае ТАСС словы расейскага прэм’ера Мішусьціна. — Мы і далей будзем рабіць усё дзеля абароны нашай краіны ад гэтай новай пагрозы, дзейнічаць на апярэджаньне, прымаць вычарпальныя захады, каб не дапусьціць у першую чаргу масавага распаўсюду каранавірусу».

Калі рашэньне набудзе моц, не ўдакладняецца. Іншыя суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG