Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:10 13.3.2020

Чэхія закрыла межы

Пасьля нядзельнай поўначы, 16 сакавіка, людзі ня змогуць выехаць за мяжу з Чэхіі. Гэтак 13 сакавіка вырашыў чэскі ўрад у рамках захадаў барацьбы з распаўсюдам каранавірусу COVID-19.

Чэскі ўрад таксама забараніў іншаземцам езьдзіць у Чэхію, за выняткам тых, хто мае дазвол на пастаяннае або часовае пражываньне ў Чэхіі.

Улады таксама вырашылі закрыць рынкі і забаранілі наведваць зьняволеных у турмах. Распаўсюд каранавірусу будзе разглядацца як крымінальнае злачынства.

16:30 13.3.2020

У аэрапорце Берасьця ад 15 сакавіка ўвядуць санітарна-карантынны кантроль

У берасьцейскім аэрапорце, які абслугоўвае чартэрныя рэйсы, ад 15 сакавіка арганізуюць санітарна-карантынны кантроль на загад старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса, піша БелТА.

Прычына — пачатак турыстычнага сэзону.

Паводле дадзеных на 13 сакавіка, у Берасьцейскай вобласьці для выключэньня распаўсюду каранавірусам у мэдычных установах пад назіраньнем знаходзяцца 19 чалавек. Яны прыехалі з эпідэмічна небясьпечных краін па каранавіруснай інфэкцыі. У іх былі і праяўляліся прыкметы вострай рэсьпіраторнай інфэкцыі.

16:59 13.3.2020

«Падобна да страшнага сну». Студэнтка апавядае пра карантын у шпіталі інвалідаў вайны

Цэлая група студэнтаў факультэту міжнародных адносін БДУ (ФМА) прымусова апынулася ў карантыне. Бацька аднаго са студэнтаў змаўчаў пра сваю паездку ў Паўночную Італію. Міністэрства кажа, што ён мог заразіць 91 чалавека. Адна са студэнтак расказала Свабодзе, як арганізаваны карантын.

Абед на карантыне
Абед на карантыне

Дзяўчына кажа, што машыны хуткай дапамогі прыехалі да студэнтаў дахаты і забралі ў шпіталь інвалідаў Вялікай айчыннай вайны ў пасёлку Лясным.

«Шпіталь так сабе. Шмат людзей, многія нават не з ФМА, — кажа дзяўчына. — Няма нават пітной вады. Умовы жаласныя». Ня вельмі падабаецца студэнтам ежа, якой іх кормяць. Да таго ж у палатах холадна.

Чытаць болей тут.

17:02 13.3.2020

У «Стайках» скасавалі чэмпіянат у дзюдо. Пераносяць іншыя дзіцячыя спаборніцтвы

«У мэтах прафіляктыі мы нікога не прымаем, у нас на зборах толькі нацыянальныя каманды, каб ніхто не захварэў», — сказалі Радыё Свабода ў аддзеле маркетынгу рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі».

17:26 13.3.2020

«Белавія» скасавала рэйсы ў больш чым 20 краінаў

Поўны сьпіс адменены рэйсаў тут.

Адмененыя ўсе палёты ў Італію і Туркмэністан. Рэйсы ў Ізраіль скарацілі з трох палётаў на тыдзень да аднаго.

Тым, хто ўжо набыў квіткі на адмененыя рэйсы, прапануюць вярнуць грошы або зьмяніць дату палёту на адзін з дзён да 31 траўня ўключна.

Адмянілі асобныя рэйсы ў Азэрбайджан, Армэнію, Бэльгію, Вялікабрытанію, Вугоршчыну, Нямеччыну, Грузію, Казахстан, Латвію, Літву, Малдову, Расею, Сэрбію, Украіну, Швэйцарыю, Швэцыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Эстоніі.

17:50 13.3.2020

Як засьцерагчыся ад каранавірусу ў офісе, транспарце, краме

Доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін паказаў, як падчас эпідэміі віруснага захворваньня паводзіць сябе ў грамадзкім транспарце і краме, як мыць рукі і карыстацца ліфтам, а таксама расказаў, якія сродкі дэзынфэкцыі варта мець пры сабе.

22:28 13.3.2020

Польшча забараняе ўезд замежнікам

У ноч з суботы на нядзелю будуць спыненыя міжнародныя рэйсы паветрам і цягнікамі. Грамадзянам Польшчы дазволяць вярнуцца ў краіну чартэрнымі рэйсамі. Тым, хто вяртаецца ў краіну з-за мяжы, давядзецца прайсьці 14-дзённы карантын.

22:46 13.3.2020

Трамп абвясьціў надзвычайнае становішча ў ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў агульнанацыянальнае надзвычайнае становішча ў краіне ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Яно ўводзіцца паводле Закону Стафарда 1988 году, які дазваляе Фэдэральнаму агенцтву ў надзвычайных сытуацыях выдаткоўваць фінансы ўрадам штатаў і мясцовым уладам, а таксама дасылаць каманды дапамогі. Былы прэзыдэнт Біл Клінтан абвясьціў такое надзвычайнае становішча ў 2000 годзе ў сувязі з эпідэміяй вірусу ліхаманкі Заходняга Ніла.

10:33 14.3.2020

Сытуацыя на раніцу 14 сакавіка

  • Зафіксавалі больш за 145 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 17,6 тысячы ў Італіі, 11,3 тысячы ў Іране, 8,08 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 5,2 тысячы ў Гішпаніі, 3,6 тысячы ў Францыі, 3,6 тысячы ў Нямеччыне, каля 2,3 тысячы ў ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 5436 чалавек: 3189 у Кітаі, 1,266 у Італіі, 514 у Іране, 133 у Гішпаніі, 79 у Францыі, 72 у Паўднёвай Карэі, 50 у ЗША.
  • Выпісалі здаровымі 72,5 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца звыш 6 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 27 выпадкаў COVID-19.
10:36 14.3.2020

«Лічыце, што вы на вайне» — пандэмія ў Італіі, Нямеччыне і Чэхіі вачыма беларускіх лекарак

Не панікаваць, трымаць карантын, калі прызначылі, ня бегчы ў крамы запасацца прадуктамі. Гэта раяць беларускія лекаркі, якія жывуць і працуюць ў Італіі, Чэхіі і Нямеччыне. Пульманоляг Вольга Жарнасек з Чэхіі, стаматоляг Натальля Ўльянава з Італіі і хірург Сьвятлана Элікава зь Нямеччыны распавядаюць пра сытуацыю ў іх краінах, а таксама пра досьвед у змаганьні з распаўсюдам каранавірусу, якім варта скарыстацца Беларусі.

Сьцісла

  • Ульянава: Італія падзялілася на дзьве часткі. У адной — празьмерная паніка, а другой — пафігістычныя адносіны. На жаль, ад вірусу мы не абароненыя.
  • Жарнасек: Чэскія ўлады дамовіліся з апэратарамі мабільных сетак, і кожны, хто перасек мяжу Чэхіі, атрымаў смс, дзе была інфармацыя пра тое, што трэба рабіць і куды зьвяртацца.
  • Элікава: Наведнікі і хворыя пачалі красьці ў шпіталі сродкі дэзынфэкцыі, пальчаткі, маскі, і мы мусілі ўсе запасы замыкаць пад ключ.

Чытаць далей тут.

10:50 14.3.2020

У Маскве і Падмаскоўі ўвялі свабоднае наведваньне школ

З 16 сакавіка ў Маскве ўводзяць свабоднае наведваньне школ.

«Вырашаць, ці працягвае дзіця хадзіць у школу ці застаецца дома, будуць бацькі. Ім у дадзеным выпадку відаць лепш», — заявіў Сабянін.

Заняткі ў школах будуць працягвацца, адзначыў мэр. Рэжым свабоднага наведваньня будзе дзейнічаць да асобага распараджэньня.

12:00 14.3.2020

Кампанія Apple закрывае ўсе крамы па-за Кітаем на 2 тыдні

Усе работнікі зачыненых крамаў Apple будуць атрымліваць заробак падчас вымушанага прастою. Там, дзе гэта магчыма, кампанія перавяла ўсіх сваіх супрацоўнікаў па-за Кітаем на выдаленую працу.

«Гэта ўнёсак кампаніі у барацьбу з глябальным распаўсюджваньнем новага каранавіруса, бо найлепшы спосаб супрацьстаяць пандэміі — абмежаваць кантакты і зьменшыць перасоўваньне людзей», — тлумачыць генэральны дырэктар Apple Цім Кук.

12:02 14.3.2020

Кампанія «Белавія» прыпыняе палёты ў аэрапорты Украіны, Польшчы і Кіпра

У Кіеў, Львоў, Харкаў і Адэсу палёты прыпыняюцца з 17 па 31 сакавіка. У Ларнаку — з 15 па 30 сакавіка, у Варшаву — з 15 па 27 сакавіка.

Тым, хто ўжо набыў квіткі на адмененыя рэйсы, прапануюць вярнуць грошы або зьмяніць дату палёту на адзін з дзён да 31 сьнежня 2020 году.

12:44 14.3.2020

Украіна закрывае мяжу зь Беларусьсю

З 16 сакавіка іншаземцаў і асобаў без грамадзянства ня будуць прапускаць праз мяжу, у тым ліку і ў межах транзытнага праезду. Абмежаваньне не закране грамадзянаў Украіны, якія вяртаюцца дадому.

14:26 14.3.2020

Літва аднаўляе памежны кантроль з ЭЗ​

Літва аднаўляе праверку ўнутраных межаў Эўрапейскага Зьвяза з Польшчай і Латвіяй сёньня з 18 гадзін.

Рашэньне аб закрыцьці межаў або аб абмежаваньні руху грамадзян яшчэ прынятае не было. Яго ўрад абвесьціць асобна.

Раней свае межы закрылі Польшча і Ўкраіна.

15:37 14.3.2020

Польшча спыніла міжнародныя чыгуначныя зносіны, у тым ліку зь Беларусьсю

У сувязі з распаўсюдам каранавірусу COVID-19 Польшча прыняла рашэньне аб спыненьні міжнародных чыгуначных зносін, у тым ліку часова прыпыняецца курсіраваньне цягнікоў беларускага фармаваньня.

Беларуская чыгунка паведамляе, грошы за праязныя дакумэнты на адмененыя цягнікі можна вярнуць у білетных касах без зьбіраньня дадатковых збораў. Вяртаньне плацяжоў па электронных праязных дакумэнтах ажыцьцяўляецца праз інтэрнэт-рэсурс, на якім яны былі набытыя. Тэрміны вяртаньня праязных дакумэнтаў не абмежаваныя.

16:59 14.3.2020

#COVID19_BY_help. Як каранавірус аб’ядноўвае беларусаў замежжа

Беларусы замежжы прапануюць дапамогу суайчыньнікам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, альбо трапілі ў складаную сытуацыю праз пандэмію каранавірускай інфэкцыі ў іх краінах.

Як распавяла Свабодзе актывістка беларускай грамады ў Чэхіі, адміністратаркі суполкі BLRČR у Фэйсбуку, перакладчыца Крысьціна Шыянок, «да нас учора пачалі паступаць просьбы аб дапамозе — адна зь іх узяць на ператрымку сабачку, чый гаспадар верагодна захварэў, таму мы зранку 14 сакавіка ўвялі хэштэг #COVID19_BY_help, каб беларусы Чэхіі дапамагалі адзін аднаму.

Алесь Вашкевіч у Швайцарыі таксама запрапанаваў дапамогу ў межах беларускай дыяспары.

У іншых суполках беларусаў замежжа — італьянскай, нямецкай, амэрыканскай ды іншых беларусы актыўна абмяркоўваюць сытуацыю з пандэміяй, дзеляцца парадамі і ўласным досьведам.

17:15 14.3.2020

Украінскія дыпляматычныя ўстановы ў Беларусі найбліжэйшы тыдзень будуць працаваць з грамадзянамі дыстанцыйна

У сувязі з каранавірусам дыпляматычныя ўстановы Украіны за мяжой з 15 па 20 сакавіка ня будуць весьці прыём грамадзянаў, паведаміла прэс-служба МЗС краіны. Гэта тычыцца пасольства Украіны ў Менску і генэральнага консульства ў Берасьці.

Дыпляматы пераходзяць на асаблівы рэжым, які прадугледжвае дыстанцыйную форму працы з грамадзянамі і кругласутачную апрацоўку іх пісьмовых зваротаў. Выключэньне складуць «форс-мажорныя выпадкі, дзе неабходныя тэрміновыя консульскія дзеяньні і функцыі, асабліва зьвязаныя з пандэміяй».

Рашэньне аб спыненьні альбо працягу асаблівага рэжыму працы ўкраінскіх дыппрадстаўніцтваў будзе прымацца «у залежнасьці ад дынамікі разьвіцьця пандэміі».

18:38 14.3.2020

Чаму мыла працуе лепей за іншыя сродкі дэзынфэкцыі

На малекулярным узроўні мыла разьбівае рэчы на часткі. На ўзроўні грамадзтва дапамагае трымацца разам, піша The New York Times.

  • Як адзначае амэрыканскае выданьне, «імаверна, гэта здарылася выпадкова тысячы гадоў таму. Паводле адной легенды, дождж вымываў тлушч і попел, якія засталіся ад частых ахвярапрынашэньняў жывёлаў, у суседнюю раку, дзе яны ўтварылі пену з выдатнай уласьцівасьцю чысьціць скуру і адзеньне. Магчыма, пеністыя растворы мелі расьліннае паходжаньне...».
  • Аднак здарылася так, што старажытнае адкрыцьцё мыла зьмяніла гісторыю чалавецтва. Хоць нашыя продкі не маглі гэтага прадбачыць, мыла ў выніку стане адным з самых эфэктыўных сродкаў абароны ад нябачных узбуджальнікаў, піша The New York Times.
  • Паводле навукоўцаў, у цэлым сродкі для дэзынфэкцыі рук не такія надзейныя, як мыла. Санітарныя сродкі, якія маюць менш за 60 адсоткаў этанолу, дзейнічаюць аналягічна, перамагаючы бактэрыі і вірусы, дэстабілізуючы іх ліпідныя мэмбраны. Але яны ня могуць так лёгка выдаліць мікраарганізмы з скуры як мыла, адзначае амэрыканскае выданьне і робіць выснову, што «збольшага мыцьцё рук зьяўляецца больш эфэктыўным, чым ачышчэньне дэзынфікуючымі сродкамі, бо дэзынфэкцыя на аснове сьпірту добрая ў тым выпадку, калі мыла і вада недаступныя.

18:46 14.3.2020

У Кіргізстане закрываюцца школы і ВНУ

Савет бясьпекі Кіргізстану закрыў з 16 сакавіка 2020 году ўсе школы і ВНУ краіны на карантын тэрмінам на тры тыдні. Прэзыдэнт краіны, выступаючы на пасяджэньні, адзначыў, што здароўе насельніцтва краіны — гэта першачарговай пытаньне.

Раней віцэ-прэм’ер Алтынай Амурбекава заяўляла, што закрыцьцё школ на карантын не плянуецца, але рашэньні будуць прымацца ў залежнасьці ад сытуацыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG