Бразыльскі чыноўнік, які сустракаўся з Трампам, заражаны COVID-19
Памочнік прэзыдэнта Бразыліі, які прысутнічаў на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам ў Маямі, заражаны каранавірусам. Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на заяву бразыльскага ўраду.
Фабіё Вайнгартэн суправаджаў кіраўніка Бразыліі Жаіра Балсанару падчас візыту ў ЗША. Пасьля сустрэчы ў Маямі памочнік разьмясьціў у сябе ў «Інстаграме» фота, на якім ён стаіць побач з Трампам і віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пампэо.
У Бразылію Вайнгартэн вярнуўся 12 сакавіка. Пасьля вяртаньня ў яго выявілі прыкметы грыпу. Цяпер памочнік Балсанару знаходзіцца на карантыне. Прэзыдэнт Бразыліі і ўдзельнікі дэлегацыі, якія пабывалі ў ЗША, знаходзяцца пад наглядам лекараў.
«Скажам так: я не занепакоены», — пракамэнтаваў Трамп зьвестку пра хваробу Вайнгартэна.
- На раніцу 13 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 134,7 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 15,1 тысячы ў Італіі, 10,1 тысячы ў Іране, 8 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 2,9 тысячы ў Францыі, 3,1 тысячы ў Гішпаніі, 2,7 тысячы ў Нямеччыне, каля 1,8 тысячы ў ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4983 чалавекі: 3180 у Кітаі, 1016 у Італіі, 429 у Іране, 86 у Гішпаніі, 67 у Паўднёвай Карэі, 61 у Францыі, 41 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 70,4 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца каля 5,7 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 21 выпадак COVID-19. Самага першага пацыента, у якога выявілі каранавірус, 12 сакавіка выпісалі з шпіталя.
У Нью-Ёрку надзвычайны стан у сувязі з каранавірусам
Успышка каранавірусу парушыла звыклы рытм жыцьця амэрыканцаў: усё больш прафэсійных спартовых лігаў (у ліку якіх NBA і NHL) прыпыняюць сэзоны, тэатры на Брадвэі адмяняюць спэктаклі, а новыя абмежаваньні справакавалі хаос у трансатлянтычных авіяперавозках.
Штаты Каліфорнія і Нью-Ёрк увялі забарону на масавыя імпрэзы. Закрываецца ўсё больш школаў, музэяў ды іншых установаў.
Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блязыё ў чацьвер абвясьціў надзвычайнае становішча, у той час як колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньня ў самым населеным горадзе краіны вырасла да 95.
З мэтай запаволіць распаўсюд віруснай інфэкцыі ў штаце Нью-Ёрк з 17:00 у пятніцу забароненыя імпрэзы колькасьцю звыш 500 чалавек, абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі губэрнатар Эндру Куома. Установы, якія зьмяшчаюць да 500 чалавек, зь пятніцы павінны ўдвая скараціць колькасьць наведнікаў.
Што яшчэ адбываецца ў сьвеце, каротка
- Латвія ўвяла надзвычайнае становішча праз пандэмію каранавірусу, яно будзе дзейнічаць ад 13 сакавіка да 14 красавіка. Навучаньне да канца надзвычайнага становішча будзе дыстанцыйным, масавыя мерапрыемствы на больш як 200 удзельнікаў забароненыя, латышам не рэкамэндуюць езьдзіць за мяжу.
- Літва на пяць тыдняў закрыла дзіцячыя садкі і школы, забараніла ўсе мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях на больш як 100 чалавек і мерапрыемствы на вольным паветры.
- Польшча закрыла на два тыдні дзіцячыя садкі, перавяла школы і ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне, прыпыніла працу тэатраў і канцэртных заляў.
- Армэнія закрыла на карантын усе навучальныя ўстановы, тэрміны карантыну пакуль ня вызначылі.
- Нямеччына забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы на больш як 1000 удзельнікаў і «ўсе неабавязковыя мерапрыемствы» з нават меншай за тысячу колькасьцю ўдзельнікаў. Швэцыя забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы на больш як 500 удзельнікаў. Казахстан — проста ўсе масавыя мерапрыемствы без удакладненьня пра колькасьць удзельнікаў.
- Італія зафіксавала надзвычай вялікую колькасьць новых выпадкаў COVID-19: плюс тры тысячы з 11 да 12 сакавіка.
- Нарвэгія ўвяла 14-дзённы карантын для тых, хто з канца лютага прыехаў зь нескандынаўскіх краінаў, нарвэскія ўлады не рэкамэндуюць турыстам наведваць краіну.
- NHL (Нацыянальная хакейная ліга ЗША) прыпыніла сэзон, дату аднаўленьня гульняў не называлі. NBA (Нацыянальная баскетбольная ліга ЗША) прыпыніла сэзон «да далейшых зьвестак».
- Кітай: колькасьць новых інфікаваных амаль перастала расьці, колькасьць актыўных выпадкаў спадае. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю выказаў здагадку, што COVID-19 нібыта мог быць завезены ў кітайскі Ўхань амэрыканскімі вайскоўцамі.
- Канада: Сафі Грэгуар-Трудо, жонка прэм’ер-міністра, заразілася COVID-19. Хвароба працякае ў лёгкім стане, але жанчына ізаляваная. Ейны муж, прэм’ер Джастын Трудо, будзе 14 дзён працаваць з карантыну, але на вірус яго пакуль не правяраюць.
- Вялікая Брытанія: у лік інфікаваных трапіў галоўны трэнэр футбольнага клюбу «Арсэнал» Мікель Артэта. Да таго ён меў кантакты з уладальнікам грэчаскага клюбу «Алімпіякос», у якога таксама выявілі каранавірус. Асноўны склад «Арсэналу» і пэрсанал, які кантактаваў з трэнэрам, на двухтыднёвай самаізаляцыі, цэнтар трэніровак клюбу закрыты. Таксама на карантыне футбольны клюб «Чэлсі» — вірус выявілі ў паўабаронцы Калума Гадсана-Адоі. Матчы Прэм’ер-лігі пакуль не скасавалі, цягам пятніцы будуць абмяркоўваць адзіную стратэгію лігі ў сувязі з каранавірусам. На момант публікацыі «Чэлсі» займае 4-е месца, «Арсэнал» — 9-е з 20 у ангельскай Прэм’ер-лізе.
Як беларуска перажывае карантын у Рыме: «Ехаць у Беларусь няма сэнсу»
Натальля Курыловіч з Паставаў жыве ў Італіі 8 гадоў. Расказвае Свабодзе, што панікі там цяпер няма, але «сказалі, што найлепшая дапамога — сядзець дома».
«Я бачу сваіх суседзяў, усе дома, займаюцца хатнімі справамі, не сумуем. Можна пачытаць, прыбраць кватэру, навесьці парадак на бальконе. Цяпер ня ведаю, як гэта ўсё будзе далей, але лепш наагул не выходзіць на вуліцу. Калі людзі гэта ператрываюць, то, я думаю, пойдзе на спад, як у Кітаі».
«Сюды ідзе карабель з Кітаю з маскамі, мэдычным абсталяваньнем, з мэдыкамі, якія будуць працаваць над вакцынай. Я ведаю, што ў Італіі моцная мэдыцына, і спадзяюся, што яны нешта прыдумаюць неўзабаве».
Беларускі тату-фэст перанесьлі на восень
Belarus Tattoo Fest мусіў прайсьці 25–26 красавіка ў менскім Палацы мастацтваў. Але ў сувязі з каранавірусам і «зьменай кіраўніцтва» Беларускага саюзу мастакоў фэст пераносяць на канец верасьня ці пачатак кастрычніка.
БНР-102 vs COVID-19: рашэньня аб менскай акцыі чакаюць у панядзелак
Месяц таму ў Менску падалі заяўку на канцэрт і мітынг з нагоды Дня Волі — 102-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 12 сакавіка ў Беларусі абмежавалі (не забаранілі) правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
Заяўнікі менскай акцыі БНР-102 яшчэ не прынялі рашэньня пра яе скасаваньне ці правядзеньне насуперак каранавірусу, але ўжо выказваюць свае меркаваньні. Рымашэўскі (БХД) кажа, «фармат у такім выглядзе, якім ён быў у 2018 і 2019 гадах, прыйдзецца адмяніць». Сігаеў (БСДП) абяцае, «так ці інакш, здароўе людзей будзе на першым месцы».
Беларусь ня будзе закрываць межы
Ніякіх плянаў закрываць пункты пропуску на межах з боку Рэспублікі Беларусь на бягучы момант няма, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусі Антон Бычкоўскі. І параіў усім грамадзянам, якія вяртаюцца з-за мяжы, ня ўтойваць, у якіх краінах яны пабывалі.
«Я таксама ў сацыяльных сетках чытаў, што Польшча закрывае мяжу, абмяркоўваецца гэта ў горадзенскіх пабліках, — заявіў Антон Бычкоўскі. — А ўчора ў сацсетках бачыў фатаграфію абвесткі нібыта з аднаго з інтэрнатаў у Польшчы, што беларусы закрываюць мяжу з 15 сакавіка.
Насамрэч нічога падобнага не плянуецца. Гэта альбо ўкід, альбо фэйк, альбо жарт. Ніякіх плянаў закрываць пункты пропуску з боку Рэспублікі Беларусь на гэты момант няма».
МЗС Кітаю: каранавірус маглі завезьці амэрыканскія вайскоўцы
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю выказаў здагадку, што каранавірус, які выклікае COVID-19, мог быць завезены ў кітайскі Ўхань амэрыканскімі вайскоўцамі.
Улады Кітаю, паведамляе «Голас Амэрыкі», былі абураныя камэнтарамі прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, якія абвінавачвалі Пэкін у павольным рэагаваньні на ўспышку каранавірусу і ў недастатковай інфармацыйнай адкрытасьці пры асьвятленьні барацьбы зь вірусам.
У прыватнасьці, 12 сакавіка дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Робэрт О’Браен заявіў, што павольнасьць, зь якой улады Кітаю адрэагавалі на зьяўленьне каранавірусу, магчыма, каштавала сьвету два месяцы, на працягу якіх іншыя краіны маглі б падрыхтавацца да эпідэміі.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю Жао Ліцзянь напісаў у сваім «Твітэры», што празрыстасьць адсутнічае якраз у дзеяньнях Злучаных Штатаў.
«Калі ў ЗША зьявіўся нулявы пацыент? Колькі чалавек інфікавана? Назвы лякарняў? Магчыма, эпідэмію ва Ўхань занесла армія ЗША. Будзьце адкрытыя! Апублікуйце свае зьвесткі! ЗША павінны даць нам тлумачэньні», — напісаў Жао Ліцзянь.
Жао Ліцзянь не прывёў ніякіх сьведчаньняў на карысьць абвінавачаньня амэрыканскіх вайскоўцаў ва ўспышцы інфэкцыі ў Кітаі.
Зяленскі: Украіна плянуе закрыць межы, каб прадухіліць пашырэньне каранавірусу
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сёньня на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны разгледзяць пытаньне аб закрыцьці мяжы і авіязносін з шэрагам краінаў, каб прадухіліць пашырэньне COVID-19.
Пытаньне каранавірусу — гэта пытаньне бясьпекі нашай краіны і нашых грамадзян. Мы абмяркуем пытаньне закрыцьця межаў і авіязносін з шэрагам краін», — паведаміў Уладзімер Зяленскі сёньня ў Кіеве, адкрываючы выязное пасяджэньне ўраду, прымеркаванае пытаньням горадабудаўніцтва.
Апроч таго, будзе разгледжана пытаньне аб забесьпячэньні неабходнымі сродкамі лячэбных і аптэчных устаноў.
11 сакавіка кіраўнік ураду Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што Ўкраіна плянуе спыніць працу 70 % памежных пунктаў пропуску. Папярэдне прадугледжвалася, што з 219 пунктаў будуць працаваць толькі 49 — астатнія закрыюць для грамадзян і аўтамабільнага транспарту.
У беларускіх касьцёлах забаранілі цалаваць абразы і акрапляць сьвятой вадой
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 13 сакавіка выдаў распараджэньне аб захадах у сувязі з пандэміяй новага каранавірусу.
Цяпер у беларускіх касьцёлах загадана:
- ушаноўваць сьвяты крыж, абразы і рэліквіі «праз укленчваньне ці глыбокі паклон бяз дотыку і цалаваньня»;
- не выкарыстоўваць і не напаўняць крапільніцы асьвячонай вадой;
- на ваконцах (кратах) канфэсіяналаў усталяваць і рэгулярна дэзынфікаваць абарончы матэрыял;
- знак супакою перадаваць схіленьнем галавы, без тактыльнага кантакту (пацісканьня рукі);
- духоўным асобам і міністрантам — старанна мыць рукі перад цэлебрацыяй эўхарыстыі (імшой), падчас яе захоўваць нормы гігіены падчас яе.
Міністар Караеў расказаў, як быў на нарадзе з заражаным каранавірусам
Міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў патлумачыў, чаму на два тыдні добраахвотна пайшоў на карантын.
Па словах кіраўніка сілавога ведамства, ён прысутнічаў на нарадзе, дзе сярод удзельнікаў апынуўся чалавек, заражаны каранавірусам.
«Я прыняў меры бясьпекі (упэўнены, гэта зрабілі і астатнія ўдзельнікі нарады), каб засьцерагчы сябе і ў першую чаргу навакольных і на раньнім этапе выявіць магчымы вірус. Прайшло два тыдні, нічога не пацьвердзілася, усе ўдзельнікі нарады жывыя, здаровыя, чаго і ўсім жадаю», — цытуе БелТА Юрыя Караева.
Таксама ён удакладніў, што ягоны сын вучыцца ў ваеннай вучэльні ў Кітаі. Ён прыехаў у Менск якраз у той час, калі ўлады гэтай краіны абвясьцілі эпідэмію. Па словах Караева, гэты фактар таксама трэба было ўлічваць, але цягам месяца ніякіх наступстваў для ягонай сям’і не адбылося. Сын дагэтуль чакае дазволу вярнуцца ў Кітай, каб прадоўжыць навучальны працэс.
Пяць найбуйнейшых тэхналягічных кампаній страцілі за дзень 400 мільярдаў даляраў
Пяцёрка найбуйнейшых тэхналягічных фірмаў, Amazon, Apple, Alphabet, Facebook і Microsoft, страцілі ў суме $416,63 мільярдаў на фондавых біржах 12 сакавіка, калі рынкі працягвалі падаць з прычыны распаўсюду каранавірусу і яго меркаванага ўплыву на эканоміку.
Пра гэта паведамляе CNBC, удакладняючы, што акцыі Apple патаньнелі на 9,88%, Facebook патаньнеў на 9,30%, Alphabet зьнізіўся на 8,2%, Amazon ўпаў на 7,98%, а Microsoft на 9,48%.
Зорка Галівуду, прэзыдэнт, вядомыя спартоўцы — захварэць на COVID-2019 можа кожны
- Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару здаў тэст на каранавірус. Раней стала вядома, што Фабіа Вайнгартэн — кіраўнік сакратарыяту па грамадзкіх камунікацыях пры адміністрацыі бразыльскага прэзыдэнта — інфікаваны. 7 сакавіка абодва яны сустракаліся з амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам у яго рэзыдэнцыі ў штаце Фларыда. 10 сакавіка Жаір Балсанару заяўляў, што маштабы распаўсюджваньня новага каранавірусу ў сьвеце — «з большага выдумка». Сам Трамп заявіў, што не адчувае ніякай трывогі і ня будзе рабіць тэст.
- У ангельскай футбольнай Прэм’ер-лізе былі інфікаваныя галоўны трэнэр лёнданскага «Арсэналу» Мікель Артэта і паўабаронца «Чэлсі» Калум Хадсан-Адаі. Увесь асноўны склад каманды і пэрсанал клюбу, якія мелі кантакты з Артэта, знаходзяцца ў двухтыднёвай самаізаляцыі. Трэніровачны цэнтар «Арсэналу» закрыты, бліжэйшыя матчы клюбу ў чэмпіянаце Англіі адмененыя. Клюб «Чэлсі» таксама ідзе ў карантын.
- 11 сакавіка СМІ паведамілі, што каранавірус знойдзены ў абаронцы італьянскага футбольнага клюбу «Ювэнтус» Даніэле Ругіні і баскетбаліста каманды «Юта Джаз» Рудзі Гобэра. Яшчэ адзін прадстаўнік італьянскай Сэрыі А, нападнік «Сампдорыі» Манола Габʼядзіні здаў станоўчы тэст на каранавірус. Падазрэньне на тую ж інфэкцыю і ў траіх гульцоў «Лестера» з ангельскай Прэмʼер-лігі.
- Усе матчы, заплянаваныя на наступны тыдзень у рамках Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, адкладзеныя на нявызначаны тэрмін праз сытуацыю з распаўсюдам каранавірусу. Пра гэта гаворыцца ў заяве Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА).
- У 39-павярховым будынку ААН у Нью-Ёрку першы выпадак інфэкцыі. Інфікаваная адна зь філіпінскіх дыпляматаў. Апошні раз яна была на працы 9 сакавіка і правяла ў штаб-кватэры сусьветнай арганізацыі каля паўгадзіны. Усе супрацоўнікі прадстаўніцтва Філіпін пры ААН зьмешчаныя ў карантын, доступ да іх сэкцыі перакрыты. У комплекс будынкаў у Манхэтане дзе праходзіць большасьць пасяджэньняў Генэральнай асамблеі і Рады Бясьпекі ААН, перасталі пускаць наведнікаў.
- Сярод інфікаваных палітыкаў — член парлямэнту Вялікабрытаніі і міністарка ў пытаньнях бясьпекі пацыентаў Надзін Дорыс, першы віцэ-прэзыдэнт Ірану Эсхаке Джахангір, міністарка прамысловасьці і гандлю Ірану Рэза Рахмані і міністар культурнай спадчыны і турызму Ірану Алі Мунесан, дарадца аяталы Алі Хамэнэі Алі Акбар Велаяці.
-
- Прэмʼер-міністар Канады Джасьцін Трудо сышоў у самаізаляцыю пасьля таго, як у яго жонкі Сафі Грэгуар-Трудо зьявіліся прыкметы грыпу пасьля вяртаньня зь Лёндану. Пасьля тэст на каранавірус аказаўся станоўчым. Трудо працягне двухтыднёвы карантын. Паведамляецца, што Сафі Грэгуар-Трудо «адчувае сябе добра», яе сымптомы не пагаршаюцца. Сам Трудо пачуваецца добра. У яго няма сымптомаў заражэньня, ён ня будзе праходзіць тэст на каранавірус.
- Амэрыканскі актор Том Хэнкс распавёў, што вынік тэсту на каранавірус, які яны з жонкай Рытай Уілсан прайшлі ў Аўстраліі, аказаўся станоўчым. 63-гадовы Хэнкс і яго жонка зьвярнуліся па мэдычную дапамогу, калі ў іх зьявіліся сымптомы прастуды. Цяпер яны будуць у самаізаляцыі. Сужэнцы былі ў Аўстраліі на Залатым беразе Квінслэнду, дзе Хэнкс працаваў над фільмам пра жыцьцё Элвіса Прэсьлі.
«Белавія» скасавала рэйсы ў Ашхабад да 1 красавіка
Беларуская авіякампанія адмяніла рэйсы Менск-Ашхабад-Менск да 1 красавіка ўключна. Тым, хто ўжо набыў квіткі ў сталіцу Туркмэністану на адпаведныя даты, прапануюць вярнуць грошы або зьмяніць дату палёту на адзін з дзён да 31 траўня ўключна. У самім Туркмэністане ўлады сьцьвярджаюць, што выпадкаў COVID-19 яшчэ не выяўлялі.
Раней «Белавія» скасавала рэйсы ў італьянскія Рым і Мілян, скараціла палёты ў ізраільскі Тэль-Авіў (былі тройчы на тыдзень, засталіся толькі па нядзелях).
Найбуйнейшая беларуска-амэрыканская кампанія страціла 2 мільярды даляраў за дзень
Самая вялікая беларуска-амэрыканская ІТ-кампанія EPAM Systems страціла больш за 2 мільярды даляраў падчас таргоў на фондавых біржах 12 сакавіка, калі рынкі працягвалі падаць з прычыны распаўсюду каранавірусу і яго меркаванага ўплыву на эканоміку.
Калі на пачатку таргоў 12 сакавіка акцыі кампаніі каштавалі па 212,76 даляра, то ў канцы дня — па 163,37 даляра. Такім чынам, капіталізацыя кампаніі зьменшылася за дзень з 11,2 мільярда даляраў да 9,032 млрд. За два апошнія дні кампанія страціла яшчэ больш — 3,028 мільярда даляраў.
У Беларусі ўжо 27 пацыентаў з каранавірусам. трансьляцыя прэс-канфэрэнцыі Мінздароўя
Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Богдан паведаміла, што ў Беларусі 27 пацыентаў з каранавірусам. Зь іх тры пацыенты ўжо выздаравелі. У аднаго з пацыентаў сярэдне-цяжкі стан, у іншых лёгкая форма.
Іна Карабан, намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Мінздароўя, адзначыла, што ўсе выпадкі каранавірусу – гэта 7 "завазных агменяў" каранавірусу.
Праз беларуса, які схаваў паездку ў Італію, ізалявалі 91 чалавека. Агулам 224 чалавекі на карантыне
Галоўны эпідэміёлаг Беларусі Іна Карабан паведаміла, што праз беларуса, які не прызнаўся, што быў у Італіі, а працягваў наведваць публічныя імпрэзы, сустракацца зь людзьмі, мог заразіцца 91 чалавек — столькі людзей цяпер ізалявалі.
Паводле Карабан, сын пацыента, які быў зь ім у кантакце, наведваў навучальныя установы і нейкі час быў носьбітам вірусу, перадаў інфэкцыю аднакурсьнікам.
Агулам па Беларусі цяпер 224 чалавекі знаходзяцца ў ізаляцыі пад наглядам мэдыкаў.
Ці абвесьцяць карантын у навучальных установах?
Паводле галоўнага эпідэміёляга Беларусі Іны Карабан, дзеці не хварэюць на каранавірус ці пераносяць хваробу бессымптомна. «Лявіянаабразнага росту» эпідэміі ў Беларусі не назіраюць. Таму карантын у навучальных установах уводзіць не плянуецца.
Іна Карабан пацьвердзіла, што ў менскай гімназіі № 20 на хатняе навучаньне пераведзены адзін кляс, бо бацька адной з вучаніц падазраецца на наяўнасьць вірусу.
У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце мэдыкі «ўзялі пад кантроль» групу, дзе вучыцца студэнт, бацька якуога схаваў наведваньне Італіі і празь якога заразіўся 91 чалавек. Яны знаходзяцца на карантыне.
У сьвеце закрылі школы для 400 мільёнаў навучэнцаў
Рэкордная колькасьць дзяцей і моладзі ў сьвеце не наведвае заняткаў у школах і ўнівэрсытэтах з прычыны часовага або бестэрміновага закрыцьця гэтых установаў на час барацьбы зь вірусам COVID-19.
ЮНЭСКА паведамляе, што станам на 12 сакавіка, 49 краін Афрыкі, Азіі, Эўропы, Блізкага Ўсходу, Паўночнай Амэрыкі і Паўднёвай Амэрыкі абвясьцілі аб закрыцьці школаў і ўнівэрсытэтаў на часовы або бестэрміновы карантын.
Дваццаць дзевяць краінаў закрылі школы па ўсёй краіне, што закранула больш за 390 мільёнаў дзяцей і моладзі.
Яшчэ дваццаць краінаў, у якіх пад патэнцыйнай рызыкай заражэньня каранавірусам знаходзяцца амаль 600 мільёнаў вучняў, увялі мясцовае закрыцьцё школ, каб прадухіліць або стрымаць распаўсюд COVID-19.
З суседзяў Беларусі ўсе школы закрылі Польшча, Літва і Ўкраіна.