Шпіталізавалі групу студэнтаў БДУ, правяраюць на каранавірус
Міністэрства здароўя днём 12 сакавіка расказала пра «санітарна-эпідэміялягічныя мерапрыемствы» і «апрацоўку кантактаў другога ўзроўню» ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.
Цяпер унівэрсытэт працуе ў звычайным рэжыме, а хворых на COVID-19 сярод студэнтаў БДУ ня выявілі. Але групу студэнтаў, якіх аднесьлі да «кантактаў ІІ узроўню» (то значыць, тых, хто не кантактаваў з хворым шчыльна), шпіталізавалі ў шпіталь вэтэранаў для далейшых тэстаў на новы каранавірус.
Днём раней Telegram-канал «Отчислено» расказваў, што аднаго са студэнтаў БДУ шпіталізавалі з тэмпэратурай, а ў студэнтаў ІІ курсу спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны», пісалі на канале, «бяруць мазкі проста ва ўнівэрсытэце».
Найстарэйшая хворая на COVID-19 паправілася
103-гадовая кітаянка Чжан Гуанфэнь правяла шэсьць дзён у шпіталі ва Ўхані — горадзе, які стаў эпіцэнтрам эпідэміі каранавіруса. Мэдыкі тлумачаць, што жанчына хутка паправілася, паколькі яна ня мела дадатковых праблемаў са здароўем.
Адзінае, што выклікаў у яе каранавірус, гэта лёгкі бранхіт.
Чжан выпісалі з бальніцы і даставілі хуткай дапамогай дадому. 103-гадовая кітаянка на сёньняшні дзень зьяўляецца самым старым чалавекам, які акрыяў пасьля каранавіруснай інфэкцыі.
Раней у СМІ паведамлялася, што ўдалося вылечыць двух мужчын ва ўзросьце 101 і 100 гадоў. Другі зь іх меў таксама сардэчную недастатковасьць. Абодва лячыліся ў ваенным шпіталі ва Ўхані.
«Звычка працаваць хворым і заразным пасьля гэтай эпідэміі перастане мець месца» — доктар мэдычных навук
На пытаньні «Настоящего времени» аб распаўсюдзе каранавіруснай інфэкцыі адказаў прэзыдэнт расейскага Таварыства доказнай медыцыны, доктар мэдыцынскіх навук Васіль Уласаў.
— У сярэдзіне лютага былі надзеі на тое, што эпідэмія акажацца лякалізаванай у Кітаі, а за межы Кітая выйдуць толькі асобныя выпадкі. Але цяпер досыць відавочна, што эпідэмія будзе працяглай. Наколькі працяглай — ніхто ня ведае. Якая частка насельніцтва Зямлі будзе інфікаваная — ніхто ня ведае. Мы можам толькі гадаць пра тое, наколькі захады па стрымліваньні будуць эфэктыўнымі і наколькі пацерпіць эканоміка краінаў. Чым больш актыўныя будуць дзеяньні сыстэмаў аховы здароўя, тым большы будзе шкоды для эканомікі. Але калі ня быць дастаткова актыўнымі, то тады будзе шмат людзей хварэць, шмат паміраць, у рэшце, зноў наступіць вялікая шкода для эканомікі.
Цалкам чытаць ТУТ.
Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады Сусьветнай арганізацыі здароўя
Большасьць людзей, якія хварэюць на COVID-19, маюць невыразныя сымптомы і папраўляюцца. Аднак здараюцца і больш сур’ёзныя выпадкі, зь цяжкімі праявамі хваробы. Вось парады Сусьветнай арганізацыі здароўя, як зрабіць усё магчымае, каб не захварэць. І ня толькі на каранавірус.
Вільня на пяць тыдняў закрывае дзіцячыя сады і школы
Віленскае гарадзкое самакіраваньне закрывае на пяць тыдняў усе адукацыйныя ўстановы і публічныя забаўляльныя месцы, паведамляе партал DELFI.
Мэрыя паведаміла, што, па ўказаньні кіраўніка адміністрацыі Павіласа Падзярскіса, ў чацьвер было вырашана спыніць усе мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях, у якіх удзельнічае больш за 100 чалавек. Таксама зь пятніцы будзе спыненая праца сталічных музэяў, кінатэатраў, спартклюбаў і іншых месцаў. З заўтрашняга дня да канца велікодных вакацый усе агульнаадукацыйныя ўстановы ў літоўскай сталіцы будуць зачыненыя — дзіцячыя садкі, школы, унівэрсытэты, адмяняюцца ўсе мерапрыемствы.
Ад каранавірусу выздаравелі чатыры чалавекі ў Беларусі. Адзін хворы — у «стане сярэдняй ступені цяжкасьці»
Міністар здароўя Беларусі расказаў дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, што па стане на 12 сакавіка ў Беларусі ўжо ў чатырох пацыентаў, у якіх выяўлялі COVID-19, тэсты цяпер далі адмоўныя вынікі.
Каранік адзначыў, што «былі выпадкі», калі людзі ўтойвалі, што езьдзілі ў раёны ўспышак каранавірусу і позна зьвярталіся да мэдыкаў. Колькі такіх выпадкаў было, ён не назваў, але згадаў адзін.
Той пацыент, якога ў Менску шпіталізавалі 9 сакавіка, быў «у ня вельмі добрым стане, у стане сярэдняй ступені цяжкасьці», кажа Каранік. І ён утойваў і ад дзяржаўных службоўцаў, і ад супрацоўнікаў прыватнага мэдычнага цэнтру «ЛОДЭ», што быў у Паўночнай Італіі, дзе фіксавалі ўспышку COVID-19 (утаіць удалося, бо ляцеў празь нямецкі Мюнхэн).
«Няма мукі, мыла, кансэрваў». Беларускі з Польшчы пра змаганьне краіны з каранавірусам
На 12 сакавіка ў Польшчы выявілі 47 выпадкаў каранавіруса. Урад прыняў рашэньне закрыць навучальныя ўстановы і прыпыніць масавыя мерапрыемствы.
Беларускі з Гданьску і Кракава расказваюць, як у суседняй краіне супрацьстаяць пандэміі.
«Трывожна», але «паніцы не паддаюся», — Шушкевіч, Кустава, Канапацкая і Вольскі пра тое, як на іх жыцьцё ўплывае каранавірус
Спыталі вядомых беларусаў, ці мяняюць яны свае асабістыя і прафэсыйныя пляны праз пандэмію каранавірусу ў сьвеце.
Сьцісла:
- Станіслаў Шушкевіч, палітык: «У Польшчы да гэтага ставяцца больш сур’ёзна, чым у Беларусі».
- Ганна Канапацкая, палітык: «Наколькі наша ўлада гатовая прыняць гэты выклік?».
- Лявон Вольскі, музыка: «Адчуваецца трывожнасьць».
- Валярына Кустава, літаратарка, журналістка: «Да нас усё даходзіць зь вялікім спазьненьнем».
У Польшчы зафіксавалі першую сьмерць ад каранавірусу
У Польшчы зафіксавалі першы сьмяротны выпадак захворваньня каранавірусам. Першай ахвярай хваробы стала 57-гадовая жанчына, якая праходзіла лячэньне ў
Познані. Пра гэта паведаміў намесьнік мэра Познані Енджэй Салярскі, перадае Польскае радыё.
«Да гэтага часу ў нас зафіксаваныя два выпадкі заражэньня, адзін пацыент памёр. Лекар ужо паведаміў пра гэта сям’і нябожчыцы. Астатнія два пацыенты адчуваюць сябе добра. У той жа час пад наглядам лекараў знаходзяцца 16 чалавек», - сказаў намесьнік мэра Познані.
Нагадаем, на сёньняшні дзень у Польшчы выяўлена 47 выпадкаў захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй. За апошнія суткі было зарэгістравана 16 новых выпадкаў.
Жыхара адзінай у Эўропе краіны без COVID-19 затрымалі за чуткі пра захворваньні
Паліцыя сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы затрымала на 72 гадзіны яе жыхара па абвінавачаньні ў распаўсюдзе дэзынфармацыі пра каранавірус у краіне, паведамляе «Інтэрфакс», спасылаючыся на чарнагорскую тэлевізію.
У Інстытуце грамадзкай аховы здароўя Чарнагорыі падкрэсьлілі, што пакуль у краіне ня выявілі ні аднаго выпадку заражэньня каранавірусам COVID-19, дадаючы, што ў выпадку выяўленьня нават аднаго такога выпадку грамадзкасьць будзе праінфармаваная неадкладна.
Студэнтаў БДУ, якіх забралі з інтэрнату, прывезьлі ў шпіталь у Бараўлянах
У Міністэрстве адукацыі Беларусі паведамілі, што «пакуль вучоба ўва ўсіх навучальных установах ідзе ў штатным рэжыме».
«Але паўсюль праводзяцца неабходныя прафіляктычныя і санітарна-эпідэміялягічныя захады. Пры любых праявах вострарэсьпіраторных захворваньняў раім зьвяртацца да мэдыкаў і трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя. Галоўнае не панікаваць», — паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
У БДУ групу студэнтаў, якіх аднесьлі да «кантактаў ІІ узроўню» (гэта значыць, яны не кантактавалі з хворым шчыльна), зьмясьцілі ў шпіталь вэтэранаў для далейшых тэстаў на новы каранавірус.
«У БДУ хворыя на каранавірус студэнты пакуль ня выяўлены», — як працуюць менскія ўнівэрсытэты
У Чэхіі ўвялі надзвычайнае становішча
Эўрапейскія краіны ў чацьвер прымаюць новыя жорсткія захады ў сувязі з пандэміяй новай каранавіруснай інфэкцыі.
У Чэхіі, дзе, паводле афіцыйных дадзеных, каля 100 інфікаваных, уведзена надзвычайнае становішча. На межах зь Нямеччынай і Аўстрыяй адноўлены кантроль. Грамадзянам 13 краінаў забаронены ўезд у краіну. Забароненыя сходы з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 30. Будуць зачыненыя ўсе забаўляльныя ўстановы і ўстановы культуры, абмежаваны час працы рэстаранаў. Раней на гэтым тыдні былі закрытыя ўсе школы.
Славаччына забараніла ўезд усім замежнікам, акрамя тых, якія маюць у краіне від на жыхарства. Будуць закрытыя школы, аэрапорты, рэстараны. Аб закрыцьці школаў абвешчана таксама ў Ірляндыі.
Як у Гомлі рэагуюць на каранавірус
10 сакавіка 20-гадовага гомельскага спартоўца шпіталізавалі з каранавірусам. Свабода праверыла, як паўмільённы абласны цэнтар адрэагаваў на першы выпадак каранавірусу.
Спартоўцы, якія трапілі пад карантын, займаюцца ў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 4. Школа падрыхтавала сотні майстроў спорту, у тым ліку міжнароднай клясы, у спартыўнай акрабатыцы, мастацкай гімнастыцы, скоках на батуце. Цяпер тут займаюцца больш за 700 дзяцей. Школу не закрывалі на карантын. У адміністрацыі кажуць, што няма падставаў. Сёньня тут праходзіць спартакіяда. Спаборніцтвы працягнуцца цэлы дзень.
Чытаць увесь рэпартаж ТУТ.
Італія вырашыла закрыць усе крамы і рэстараны
Італьянскі ўрад 12 сакавіка абвясьціў аб увядзеньні дадатковых абмежавальных захадаў у сувязі з каранавірусам. Тэрмінам на два тыдні закрыюцца ўсе крамы, бары і рэстараны, за выняткам харчовых крамаў і аптэкаў.
Чарговае ўзмацненьне жорсткасьці захадаў бясьпекі адбылося пасля таго, як колькасьць ахвяраў COVID-19 перавысіла 800, а колькасць выпадкаў захворвання – 12 000. Паводле экспэртаў, распаўсюджаньне хваробы ў Італіі прыблізна на 10-15 дзён апярэджвае іншыя эўрапейскія краіны, такія як Францыя і Нямеччына, і ім трэба ўзяць прыклад Італіі.
Колькасьць хворых на каранавірус дасягнула 21 чалавека
Паводле Міністэрства аховы здароўя, зь лябараторна пацьверджаным каранавірусам у шпіталях Беларусі знаходзіцца 21 чалавек.
Каранавірус: першая сьмерць у Польшчы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 12 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу абмяжоўваецца дзясяткамі ці нават адзінкамі хворых. Аднак некаторыя суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі надзвычайнае становішча, каб абмежаваць пашырэньне вірусу.
«Да канца красавіка, найбольш імаверна, усё закончыцца, але гэта недакладна» — галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску
«Усе эпідэміі заканчваюцца, ёсьць пэўныя заканамернасьці, таму і каранавірусная інфэкцыя мае пайсьці на спад» — лічыць Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску. Яго спэцыяльнасьць анэстэзіёляг-рэаніматоляг, больш за 12 гадоў ён працаваў у дзіцячай рэанімацыі, некалькі гадоў працаваў у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі.
Максім Ачарэтні падкрэсьлівае, што ягоная ацэнка — пункт гледжаньня лекара-спэцыяліста, а не інфэкцыяніста, і ён абапіраецца на агульныя мэдычныя веды і досьвед працы як анэстэзіёлягам, так і ў тэрапіі інфэкцыйных хваробаў.
Колькасьць хворых на каранавірус у Беларусі вырасла з 12 да 21 чалавека
Паводле Міністэрства аховы здароўя, зь лябараторна пацьверджаным каранавірусам у шпіталях Беларусі знаходзіцца 21 чалавек.
У Беларусі да 6 красавіка абмежавалі масавыя мерапрыемствы зь міжнародным удзелам
12 сакавіка на спэцыяльнай нарадзе ў Савеце міністраў прынялі рашэньне да 6 красавіка абмежаваць усе культурна-масавыя, спартовыя і навуковыя мерапрыемствы зь міжнародным удзелам, паведмляе Міністэрства аховы здароўя.
Паводле міністэрства, гэта дапаможа зьнізіць рызыку завозу віруса зь іншых краінаў.