Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

21:17 8.3.2020

У Італіі за некалькі гадзін да ўвядзеньня карантыну адбылася ўцечка інфармацыі. Да чаго гэта прывяло

Прэса паведаміла аб падрыхтоўцы ўказу пра карантын за некалькі гадзін да таго, як прэм’ер-міністар Джузэпэ Контэ яго падпісаў. Праз гэта многія жыхары паўночных рэгіёнаў, а таксама тыя, хто знаходзіўся там часова, пачалі пакідаць раёны, дзе павінен быць уведзены карантын.

На дарогах паўсталі заторы. Некаторыя камэнтатары зазначаюць, што ўцечка магла спрыяць далейшаму распаўсюджваньню каранавірусу, паколькі многія пасьпелі пакінуць Лямбардыю да ўвядзеньня абмежаваньняў у дзеяньне.

Пры гэтым указ яшчэ ня быў афіцыйна апублікаваны і фармальна не ўступіў у сілу.

Губэрнатар паўднёвай правінцыі Апулія заклікаў усіх, хто накіраваўся з Лямбардыі на поўдзень, даведаўшыся пра рашэньне ўраду, вярнуцца на поўнач. «Ня прыносьце эпідэмію ў Апулію... Вы несяце вірус у лёгкія сваіх братоў і сясьцёр, дзядуляў і бабуль, дзядзькаў і цётак і бацькоў» — сказаў ён, заявіўшы, што ўсе, хто прыедзе з паўночных рэгіёнаў, будуць адпраўленыя ў карантын на 14 дзён.

21:47 8.3.2020

У Італіі за суткі дадалося 133 сьмяротныя выпадкі

У Італіі за апошнія суткі зарэгістравана 133 сьмяротных выпадкаў інфікаваных вірусам COVID-19. Пра гэта заявілі прадстаўнікі італьянскіх уладаў на рэгулярнай сустрэчы з журналістамі. У Італіі 7375 заражаных, 366 чалавек памерлі, 622 выздаравелі.

У Кітаі дадалося 28 сьмяротных выпадкаў. Гэтая краіна застаецца на першым месцы ў сусьветным статыстычным сьпісе: усяго выпадкаў заражэньня 80 703, сьмяротных зыходаў 3098.

Па колькасьці заражаных на 1 мільён жыхароў першая пазыцыя ў Паўднёвай Карэі, 143 выпадкі. Такія дадзеныя прыводзяцца на міжнародным сайце, дзе абнаўляюцца зьвесткі аб распаўсюджаньні каранавірусу і яго наступствах.

08:15 9.3.2020

Па стане на раніцу 9 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 110 тысяч выпадкаў COVID-19. Зь іх 80,7 тысячы ў Кітаі, па 7,4 тысячы ў Італіі і Паўднёвай Карэі, 6,5 тысячы ў Іране, 1200 у Францыі 1000 у Нямеччыне.

Ад наступстваў хваробы памерлі 3830 чалавек. Зь іх 3119 у Кітаі, 366 у Італіі, 194 у Іране, 53 у Паўднёвай Карэі, 22 у ЗША.

Ды пасьля COVID-19 выпісалі здаровымі 62,3 тысячы чалавек. Каля 6 тысяч чалавек застаюцца ў цяжкім стане.

10:27 9.3.2020

У Кітаі пры абрушэньні карантыннага цэнтру загінулі 10 чалавек

У Кітаі пасьля абвальваньня гатэлю, дзе на карантыне знаходзіліся дзясяткі пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус, 10 чалавек загінулі і 23 чалавекі прапалі бязь вестак.

Абурваньне гатэля, які ператварылі ў часовы карантынны цэнтар, адбылося 7 сакавіка ў горадзе Цюаньчжоў.

10:29 9.3.2020

Італія выйшла на 1-е месца ў сьмяротнасьці ад каранавірусу. У Расеі тры новыя выпадкі захворваньня

У Расеі зарэгістраваны тры новыя выпадкі COVID-19, паведамляе фэдэральны апэратыўны штаб папярэджаньня распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі ў Расейскай Фэдэрацыі. У Італіі з 7375 зафіксаваных выпадкаў 366 скончыліся сьмерцю пацыентаў — гэта рэкордныя для сьвету 4,96% летальнасьці.

10:36 9.3.2020

Праз каранавірус адмянілі буйны тэнісны турнір у ЗША

Арганізатары прэстыжнага турніру ATP І WTA ў амэрыканскім Індыян-Уэлсе заявілі пра адмену спаборніцтваў праз пагрозу распаўсюду каранавірусу. Гэта адзін з топавых турніраў, агульны прызавы фонд павінен быў скласьці 18,5 млн даляраў.

«Мы вельмі расчараваныя тым, што турнір не адбудзецца, аднак на першым месцы — здароўе і бясьпека гульцоў, трэнэраў, сэрвісных групаў, заўзятараў. Мы гатовыя правесьці турнір у іншыя даты, цяпер вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты», — заявіў дырэктар спаборніцтваў Томі Хаас.

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая раней была пераможцай гэтых спаборніцтваў, яшчэ раней абвясьціла, што ня паедзе у Індыян-Уэлс.

10:48 9.3.2020

У галоўнай мячэці Кіргізстану прынесьлі ў ахвяру двух цялятаў, каб спыніць распаўсюд каранавірусу

Цырымонія ахвярапрынашэньня. 8 сакавіка 2020 года. Бішкек
Цырымонія ахвярапрынашэньня. 8 сакавіка 2020 года. Бішкек

Пра гэта паведамляе Радыё Азаттык, кіргізская служба Свабоды. Тым часам у Душанбэ праз COVID-10 ад 4 сакавіка часова закрываюцца на карантын малельныя дамы. З той жа прычыны ў дні сьвяткаваньня Наўруза (сьвята надыходу вясны) ў гэтым годзе ня будзе ні масавых гуляньняў, ні тэатралізаваных імпрэзаў.

11:52 9.3.2020

У Беларусі яшчэ тры станоўчыя вынікі тэсту на каранавірус

Паводле міністра здароўя Ўладзімера Караніка, цяпер праводзіцца дадатковае дасьледаваньне. Калі вынікі пацьвердзяцца, колькасьць выпадкаў каранавірусу вырасьце да дзевяці.

Разам з тым міністар Каранік на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ў Беларусі сытуацыя па каравірусе кантраляваная:

Першы ў краіне пацыент з каранавірсуам — студэнт з Ірану — на сёньня вылекаваны, ягоны стан здавальняючы, у пацыентаў у Віцебску таксама прыкмет інфэкцыйнага працэсу няма, заявіў Каранік.

Днём раней Каранік расказаў, што ў Беларусі праводзіцца трайны тэст на COVID-19, і адна з тэставых сыстэмаў — беларускай вытворчасьці, зацьверджаная Сусьветнай арганізацыяй здароўя.

12:58 9.3.2020

У сувязі з каранавірусам місія МВФ не прыедзе ў Беларусь

Візыт аглядальнай місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусь перанесены на няпэўны тэрмін з прычыны сытуацыі з COVID-19, паведаміла агенцтву БелаПАН «інфармаваная крыніца».

Спачатку меркавалася, што візыт пройдзе 19–30 сакавіка, плянаваліся сустрэчы місіі МВФ з прадстаўнікамі беларускага ўраду, Нацбанку і іншых банкаў, а таксама з экспэртнай супольнасьцю.

Аднак для супрацоўнікаў фонду ўвялі абмежаваньне на перасоўваньне ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу ў сьвеце. Таксама МВФ і Сусьветны банк вырашылі правесьці штогадовую вясновую сэсію кіроўных органаў завочна, празь відэасувязь.

17:56 9.3.2020

Вязьні італьянскіх турмаў пратэстуюць праз каранавірус

У некалькіх турмах Італіі 8 і 9 сакавіка адбыліся пратэсты вязьняў пасьля таго, як улады праз каранавірус часова забаранілі спатканьні з сваякамі.

У адной з турмаў вязьні ўзялі закладнікаў, іх вызвалілі ў выніку паліцэйскай спэцапэрацыі. У іншых турмах пратэстоўцы падпальвалі мэблю і абсталяваньне. Паведамляецца пра сутыкненьні з паліцыяй. Некалькі дзясяткаў вязьняў зьбеглі.

Цягам сутак у італьянскіх турмах загінулі 6 вязьняў. Прычыны сьмерці ўдакладняюцца.

21:16 9.3.2020

У Італіі за суткі 97 чалавек памерлі ад каранавірусу

У Італіі ад COVID-19 за апошнія суткі памерлі яшчэ 97 чалавек — агульная колькасьць памерлых дасягнула 463. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на італьянскія ўлады.

Агулам у Італіі выяўлена ўжо 9,172 выпадкаў хваробы — за дзень колькасьць выяўленых хворых вырасла на 24%. На сёньня 724 чалавекі з тых, хто захварэў, цалкам выздаравелі.

22:33 9.3.2020

У міністра культуры Францыі выявілі каранавірус

У міністра культуры Францыі Франка Рыстэра выявілі каранавірус. Пра гэта паведаміла агенцтва France Presse са спасылкай на офіс міністра. На мінулым тыдні некалькі дзён правялі ў Нацыянальным сходзе краіны, дзе было пацьверджана некалькі выпадкаў хваробы.

23:06 9.3.2020

Усіх, хто прыбывае ў Ізраіль, абавязалі прайсьці 14-дзённы карантын

Ізраіль распаўсюдзіў 14-дзённы карантын на ўсіх, хто прыяжджае ў краіну з-за мяжы, паведамляе Bloomberg. Такім чынам, улады спрабуюць спыніць распаўсюд каранавірусу.

Як паведамляе Бі-бі-сі, замежных грамадзяян гэта будзе тычыцца ад чацьвярга.

08:18 10.3.2020
  • На раніцу 10 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 114,4 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,7 тысячы ў Кітаі, каля 9,2 тысячы ў Італіі, каля 7,5 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 7,2 тысячы ў Іране, блізу 1400 у Францыі, блізу 1200 у Нямеччыне, каля 700 у ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4027 чалавек: 3136 у Кітаі, 463 у Італіі, 237 у Іране, 54 у Паўднёвай Карэі, па 30 у Францыі і Гішпаніі, 27 у ЗША.
  • Выпісалі здаровымі 64 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане каля 5,7 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 6 выпадкаў COVID-19, яшчэ тры выпадкі не пацьверджаныя канчаткова, але першыя тэсты паказалі наяўнасьць вірусу.
08:36 10.3.2020

Італія пашырыла абмежаваньні на ўсёй сваёй тэрыторыі

Прэм'ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ абвясьціў аб пашырэньні абмежавальных захадаў, уведзеных некалькі дзён таму на поўначы Італіі, на ўсю тэрыторыю краіны.

У прыватнасьці, уводзяцца абмежаваньні на паездкі па Італіі, каб спыніць распаўсюджваньне каранавірусу.

«Ня будзе так званых „чырвоных зонаў“. Італія цалкам абвяшчаецца ахоўнай зонай з аўторка», — сказаў Контэ.

Журналісты адзначаюць, што абмежаваньні датычацца тых, хто знаходзіцца на карантыне. Пералік падстаў для паездак можа заставацца даволі шырокім.

У Італіі ў ноч на панядзелак за адзін дзень колькасьць заражаных людзей вырасла на 1807. Агульная колькасьць заражаных складае 9172. Колькасьць памерлых ад COVID-19 у Італіі складае 463.

11:20 10.3.2020

У Беларусі пацьвердзілі тры новыя выпадкі COVID-19, яшчэ двух пацыентаў вылекавалі

Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла, што ў трох пацыентаў, у якіх раней западозрылі новы каранавірус, пацьвердзілі інфэкцыю. Такім чынам у Беларусі фіксавалі ўжо дзевяць выпадкаў COVID-19.

Паводле міністэрства, у першага ў краіне пацыента з новым каранавірусам SARS-CoV-2, студэнта БНТУ з Ірану, ужо трэці вынік тэсту паказаў адсутнасьць інфэкцыі. Таксама ў двух пацыентаў, якія зь ім шчыльна кантактавалі, тэсты паказваюць адсутнасьць вірусу. Чакаецца, што ўсіх трох выпішуць са стацыянару ў канцы тыдня.

Раней паведамлялася, што ў трох людзей, аднесеных да «кантактаў І узроўню» (гэта значыць, яны шчыльна кантактавалі з інфэктаваным), выявілі падазрэньні на COVID-19. Пасьля трох тэстаў падазрэньні пацьвердзіліся. Мінздароўя адзначае, што «прэвэнтыўная ізаляцыя дадзеных пацыентаў і адэкватнае мэдычнае суправаджэньне дазволілі не дапусьціць далейшага разьвіцьця хваробы і распаўсюду захворваньня».

Як ранейшыя, так і новыя пацыенты адчуваюць сябе задавальняльна, маюць нармальную тэмпэратуру і ня скардзяцца на стан здароўя, сьцьвярджае міністэрства.

14:29 10.3.2020

«Белавія» скасавала рэйсы ў Мілян. А ў Рым пакінула

«Белавія» абвясьціла аб прыпыненьні рэйсаў на маршруце Менск — Мілян — Менск ад 12 сакавіка да 2 красавіка ўключна.

Тым, хто купіў білеты на гэты час, могуць або цалкам вярнуць грошы, або бясплатна перанесьці палёт на дату да 31 траўня, або абмяняць квіток на рэйс Менск — Рым — Менск у межах тае ж клясы, як быў у квітку на Мілян. Абменьваюць ці вяртаюць білеты ў месцы куплі.

Палёты скасоўваюць у сувязі з забаронай ураду Італіі на ўезд і выезд з 15 правінцыяў у сувязі з успышкай новага каранавірусу. Прытым ад 10 сакавіка абмежавальныя захады, у ліку якіх забарона на перамяшчэньне, распаўсюдзілі на ўсю тэрыторыю Італіі. Камэнтаваць пашырэньне абмежаваньняў на Рым і далейшыя палёты ў сталіцу Італіі ў прэс-службе «Белавія» адмовіліся.

14:36 10.3.2020

Што адбываецца ў суседніх зь Беларусьсю краінах

У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу абмяжоўваецца дзясяткамі ці нават адзінкамі хворых. Аднак некаторыя суседнія зь Беларусьсю краіны абвясьцілі пра ўвядзеньне адмысловых захадаў, каб абмежаваць пашырэньне вірусу. Чытаць падрабязьней

18:16 10.3.2020

Беларускія памежнікі правяраюць пашпарты ў пальчатках

«Мы ажыцьцяўляем усе працэдуры ўзмоцненага санітарна-карантыннага кантролю ўжо працяглы час. І што тычыцца дадатковых захадаў, якія ўводзяць нашы калегі ў іншых краінах, то ўсе гэтыя мерапрыемствы мы ўжо праводзім», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

«Грамадзянам, якія едуць з краін зь неспрыяльнай санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй, выдаецца анкета, якую яны мусяць запоўніць.Таксама іх накіроўваюць у санітарна-карантынны пункт здаць аналіз», — сказаў Бычкоўскі. За мераньне тэмпэратуры ў падарожнікаў на беларускай мяжы адказваюць санітарна-карантынныя пункты.

Аналягічныя праверкі, зьвязаныя з каранавірусам, праводзяць і на мяжы з Украінай. «Што да ўчастку мяжы з Расеяй, то на ёй органы памежнай службы не прысутнічаюць і памежны кантроль там не праводзіцца», — сказаў Бычкоўскі.

22:32 10.3.2020

Мэркэль: Каранавірус закране 60% немцаў

Ад 60 да 70 адсоткаў людзей у Нямеччыне будуць заражаныя каранавірусам, заявіла канцлерка ФРГ Ангела Мэркэль, якую цытуюць мясцовыя СМІ. З ацэнкай Ангелы Мэркэль пра колькасьць жыхароў Нямеччыны, якія будуць заражаныя каранавірусам, пагадзіўся міністар аховы здароўя краіны. Ён выказаў меркаваньне, што 80 працэнтаў заражаных вірусам ня будзе ведаць пра інфэкцыю і ня будзе мець сымптомаў хваробы.​

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG