Праз каранавірус у Магілёве скасавалі тэатральны форум
У Магілёве праз каранавірус скасавалі правядзеньне 15-га Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.контакт», адкрыцьцё якога было заплянавана на 21 сакавіка.
Магілёўскі аблвыканкам і арганізацыйны камітэт прынялі рашэньне яго адмяніць: у 9 краінах з 10 адкуль павінны прыехаць тэатральныя калектывы, зарэгістравалі распаўсюд каранавірусу. Форум адмянілі, каб мінімізаваць рызыкі.
- На раніцу 11 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 119,2 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,8 тысячы ў Кітаі, каля 10,1 тысячы ў Італіі, каля 8 тысяч ў Іране, каля 7,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, блізу 1800 у Францыі, каля 1600 у Нямеччыне, блізу 1000 у ЗША.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4299 чалавек: 3161 у Кітаі, 631 у Італіі, 291 у Іране, 61 у Паўднёвай Карэі, 36 у Гішпаніі, 33 у Францыі, 31 у ЗША.
- Выпісалі здаровымі 66,6 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане каля 5,7 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі пацьвердзілі 9 выпадкаў COVID-19, але трох пацыентаў (у іх ліку самы першы — студэнт БНТУ з Ірану) зьбіраюцца выпісваць як здаровых ужо на бягучым тыдні.
У Маскве да 10 красавіка забаранілі буйныя масавыя акцыі
Улады Масквы ўвялі забарону на правядзеньне масавых акцыяў з удзелам больш за 5 тысяч чалавек. Забарона зьявілася ў дзень, калі Дзяржаўная дума «абнуліла» тэрміны прэзыдэнцтва Ўладзімера Пуціна, супраць чаго выступіла апазыцыя.
На 21 і 22 сакавіка актывісты апазыцыі ў аўторак падалі ў мэрыю Масквы некалькі апавяшчэньняў аб правядзеньні мітынгаў супраць паправак да Канстытуцыі.
Прычынай забароны названая каранавірусная інфэкцыя. Згодна з указам, забароненыя спартыўныя, відовішчныя, публічныя і іншыя імпрэзы і акцыі. Улады Масквы ў сувязі з каранавірусам адмянілі сярод іншага асноўную праграму фэстывалю «Крымская вясна», прысьвечанага гадавіне анэксіі ўкраінскага Крыму.
«Францыя ў самым пачатку эпідэміі», — прэзыдэнт Макрон
Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў французаў да «прагматызму». На гэты момант хвароба выяўленая ў 1784 чалавек, 33 зь іх памерлі.
Прэзыдэнт заклікаў суграмадзянаў «ясна і цьвяроза» усьведамляць небясьпеку і падкрэсьліў, што «поўная празрыстасьць» інфармацыі пра разьвіцьцё эпідэміі павінна суправаджацца грамадзкім спакоем.
Макрон паўтарыў тое, што гавораць эпідэміёлягі: 85% тых, хто заразіцца каранавірусам, перахварэюць у бяскрыўднай форме. Паводле прэзыдэнта Макрона, эпідэмія ня прывядзе да радыкальнай зьмены жыцьця краіны.
Візыт у шпіталь — чацьвёртая за 10 дзён публічная сустрэча Эмануэля Макрона, прысьвечаная распаўсюду вірусу COVID-19.
10 сакавіка каранавірусная інфэкцыя была выяўлена ў міністра культуры Францыі Франка Рыстэра. У папярэднія дні ён некалькі разоў наведваў Нацыянальны сход, дзе, як высьветлілася, захварэлі пяць дэпутатаў.
Беларуска расказала, што адбываецца ў закрытай на карантын Італіі
Італія, дзе больш за 10 тысяч чалавек захварэлі на новы каранавірус і звыш 600 чалавек памерлі ад яго, увяла татальны карантын. Беларуска Натальля, якая жыве ў паўднёвай частцы Сардыніі (італьянская выспа ў Міжземным моры), расказала карэспандэнту Свабоды, што адбываецца ў краіне.
«Крамы цяпер працуюць з панядзелка да пятніцы паводле скарочанага графіку. Пускаюць туды ад 20 да 40 чалавек адначасова. У чарзе ў краме трэба стаяць на дыстанцыі адзін-два мэтры адно ад аднаго. Усе бары і кавярні нібыта працуюць да 18 гадзін, але прыватнікі пераважна закрываюць іх з 11 сакавіка, бо ўсе разумеюць, што людзі ня будуць хадзіць. Кірмашы таксама закрываюць. Закрытыя дзіцячыя садкі, школы, трэнажэрныя залі. І я думаю, што на Сардынію нікога не ўпускаюць», — кажа Натальля.
Натальля сказала, што выходзіць з дому можна ў выключных выпадках. Каб паехаць у іншы горад, павінна быць прычына, напрыклад да доктара.
«Бо калі мяне паліцыя спыніць, я павінна назваць прычыну. А калі я выйшла проста пагуляць, то мяне могуць аштрафаваць на 206 эўра і яшчэ арыштаваць на тры месяцы. Каб паехаць, напрыклад, да доктара, трэба раздрукаваць адмысловую паперу, якую даюць у прэфэктуры, альбо мець яе ў электронным выглядзе».
МЗС Беларусі параіў устрымацца ад наведваньня Італіі і Ізраілю
Міністэрства замежных справаў Беларусі ў Facebook пераказала сытуацыю з карантыннымі захадамі ў Італіі і Ізраілі, а таксама параіла беларусам устрымацца ад наведваньня гэтых краінаў «у дадзены востры пэрыяд без асаблівай неабходнасьці».
Не дапускаюцца турыстычныя паездкі, а ў пасажыраў па прыбыцьці патрабуюць назваць абгрунтаваную мэту паездкі.
Алімпійскія гульні ў Токіё пад пагрозай адтэрміноўкі
Алімпіяду ў Токіё могуць перанесьці на год ці два, калі яе ня ўдасца правесьці праз эпідэмію каранавірусу. Пра гэта газэце The Wall Street Journal заявіў сябра выканаўчай рады аргкамітэту Гульняў Харуюкі Такахасі.
Раней магчымасьць правядзеньня летняй Алімпіяды-2020 без гледачоў абмяркоўвала Сусьветная арганізацыя аховы здароўя. Аднак, паводле Такахасі, фінансавы ўрон ад правядзеньня спаборніцтваў у адсутнасьць заўзятараў занадта вялікі.
Ужо 11. Каранавірус выявілі яшчэ ў двух беларусаў: у Менску і Гомлі
Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра яшчэ два станоўчыя тэсты на COVID-19 у беларускіх грамадзянаў — жыхароў Менску і Гомля. Такім чынам, у краіне ўжо 11 выпадкаў новага каранавірусу.
У Нацыянальным аэрапорце «Менск» выявілі станоўчы тэст на COVID-19 у беларускага грамадзяніна, які вяртаўся з Партугаліі — яго шпіталізавалі ў Гомельскую абласную інфэкцыйную лякарню, праводзяць паглыблены паўторны аналіз. Ягоны стан задавальняльны. Таксама шпіталізавалі тых, хто прыбыў разам зь ім і хто сядзеў побач зь ім у самалёце — яны лічацца «кантактамі першага ўзроўню».
Акрамя таго, піша Мінздароўя, удакладняльная дыягностыка праводзіцца ў аднаго з пацыентаў у Менску, які «прыбыў зь Нямеччыны і ў момант праходжаньня мяжы схаваў факт знаходжаньня ў Паўночнай Італіі». Ці першы тэст на COVID-19 даў пазытыўны вынік, не ўдакладняецца, але колькасьць пацыентаў з новым каранавірусам у Беларусі за дзень павялічылася на два.
Ці будзе карантын у Беларусі? Што з забаўляльнымі імпрэзамі і заняткамі ў школах
У Міністэрстве адукацыі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што рашэньне пра адмену заняткаў у школах, ВНУ і закрыцьцё садкоў павінна прыняць Міністэрства аховы здароўя, «калі будзе такая неабходнасьць».
«Цяпер усе працуюць у штатным рэжыме. Мы будзем трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя», — сказалі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
У Міністэрстве аховы здароўя на пытаньні карэспандэнта Свабоды пакуль не адказалі.
У Менгарвыканкаме сказалі, што «пакуль не было даручэньняў адмяняць масавыя імпрэзы ў горадзе з прычыны каранавірусу».
«Масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца. Калі нешта такое будзе, то мы падрыхтуем прэс-рэліз», — сказалі ў прэс-службе.
У Вялікім тэатры опэры і балету спэктаклі з прычыны каранавірусу на бліжэйшы час не адмяняюцца.
Аднак праз каранавірус адмененыя гастролі аркестру тэатру ў Нямеччыну, якія плянаваліся 10 сакавіка на 20 дзён.
Каранавірус ужо ў Горадні. Гэта 12-ы выпадак у Беларусі
Жанчына прыбыла ў Горадню ў ноч з панядзелка на аўторак, ніякіх праяваў рэсьпіраторнай інфэкцыі ня мела. Першы тэст пацьвердзіў у яе наяўнасьць новага каранавірусу.
Цяпер 62-гадовая пацыентка шпіталізаваная, пад наглядам мэдыкаў. Таксама выяўляюць людзей, якія маглі зь ёй кантактаваць. Яна ўжо 12-я пацыентка з COVID-19 ў Беларусі.
Афіцыйна ў Паўночнай Карэі каранавірусу няма. Але крыніцы кажуць іншае
Афіцыйна ў Паўночнай Карэі няма каранавіруса. Але паводле інфармацыі крыніц DailyNK, колькасьць памерлых ад хваробы салдат настолькі вялікая, што было вырашана не крэмаваць іх целы, а адразу хаваць у зямлі.
Паўднёвакарэйскі партал са спасылкай на крыніцу паўночнакарэйскай арміі напісаў, што 6 сакавіка ваенна-мэдыцынскі корпус па просьбе камандаваньня падрыхтаваў справаздачу аб узьдзеяньні віруса SARS-CoV-2. У студзені і лютым з сымптомамі каранавірусу памерла 180 салдат. 3,7 тысячы знаходзяцца на карантыне.
Нагадваем
У Кіеве на карантын закрываюць школы і дзіцячыя садкі
Кіеўскія ўлады з 12 сакавіка ўводзяць абмежаваньні, каб прадухіліць магчымае пашырэньне каранавірусу. Яны будуць дзейнічаць да канца сакавіка. Пакуль ва ўкраінскай сталіцы COVID-19 не фіксавалі — зафіксавалі толькі адзін выпадак у Чарнаўцах.
«Улічваючы глябальны характар сёньняшняга сьвету і дынаміку, зь якой распаўсюджваецца эпідэмія каранавірусу, у сталіцы існуе патэнцыйная пагроза надзвычайнай сытуацыі. Каб прадухіліць магчымае распаўсюджваньне захворваньня, улады сталіцы зацьвердзілі плян супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў», — заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле яго, часова будзе абмежаваны адукацыйны працэс і забясьпечанае дыстанцыйнае навучаньне ва ўстановах агульнай і вышэйшай адукацыі, а таксама ў мастацкіх і спартыўных школах ды дзіцячых садках Кіева.
«Гэта датычыцца і канцэртаў, канфэрэнцый і іншых мерапрыемстваў. Кінатэатры скасуюць паказы. Зачыненыя будуць забаўляльныя цэнтры, а ў гандлёвых цэнтрах уводзіцца ўзмоцнены кантроль і будуць дзяжурыць мэдыкі», — заявіў Віталь Клічко ў сваім відэазвароце.
Пацыент з каранавірусам наведваў мэдцэнтар «Ладэ» ў Менску
Пацыент, у якога выявілі каранавірус, у нядзелю 8 сакавіка, прыкладна з 9 10 гадзін раніцы абсьледаваўся ў сталічным мэдыцынскім цэнтры «Ладэ» на праспэкце Незалежнасьці. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя і ў самім цэнтры «Ладэ».
У сераду раніцай усіх лекараў і наведнікаў, якія знаходзіліся ў мэдцэнтры «Ладэ» ў адзін час з пацыентам, у якога пазьней знайшлі каранавірус, павезьлі ў Бараўляны на карантын. Іх няшмат, бо быў выходны і сьвяточны дзень.
«Цяпер наш цэнтар працуе ў штатным рэжыме, прымаем усіх пацыентаў, якія прыходзяць на абсьледаваньне, на прыём да дактароў. Панікі няма», — сказалі Свабодзе ў «Ладэ».
Казахстан адклікае зь Беларусі сваіх студэнтаў
Паводле тэлеканалу Astana TV, студэнтаў абавязваюць вяртацца зь Беларусі ў Казахстан за ўласныя грошы. Некаторыя бацькі абураюцца тым, што ў іх і саміх студэнтаў няма на гэта грошай, і настойваюць на цэнтралізаваным вяртаньні. Вярнуцца да наступнага чацьвярга маюць 50 чалавек.
Каранавірус: што робіцца ў суседзяў Беларусі 11 сакавіка
У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу абмяжоўваецца дзясяткамі ці нават адзінкамі хворых. Аднак некаторыя суседнія зь Беларусьсю краіны абвясьцілі пра адмысловыя захады, каб абмежаваць пашырэньне вірусу.
«А мяжа з Расеяй не кантралюецца». Ці каранавірус паўплывае на праймэрыз апазыцыі і Дзень волі?
У Беларусі працягваюцца праймэрыз — сустрэчы пяці імаверных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты з выбарнікамі. Ці сітуацыя з каранавірусам уплывае на пляны апазыцыі правесьці «народнае галасаваньне»?
На канцэрце італьянскага гурту ў Менску была санітарная служба. Гэта праз каранавірус у Італіі
Але беларусы пакуль ад канцэртаў не адмаўляюцца. Даведаліся ў арганізатараў музычных імпрэзаў, як яны працуюць ва ўмовах пашырэньня каранавірусу.
«Белавія» скараціла рэйсы ў Ізраіль.
Ад 12 да 31 сакавіка «Белавія» скараціла дзьве траціны рэйсаў у Ізраіль: цяпер палёты ў Ізраіль будуць адбывацца толькі раз на тыдзень.
Паводле сайту Белавіі, у менавіта на гэты пэрыяд авіяцыйныя ўлады Ізраілю ўвялі абмежаваньні для ўезд для замежнікаў і людзей, якія ня маюць ізраільскага пасьведчаньня на жыхарства. Выключэньні складаюць:
Замежныя грамадзяне, якія маюць адмысловыя дазволы міністэрства па міграцыі ці міністэрства аховы здароўя Ізраілю;
Пасажыры-замежнікі, калі яны будуць знаходзіцца ў Ізраілі больш 14 дзён і змогуць пацьвердзіць магчымасьць праходжаньня хатняга карантыну паводле патрабаваньняў мінздароўя Ізраіля. Такім пасажырам трэба назваць адрас і нумар тэлефону асобы ў Ізраілі, які пацьвердзіць разьмяшчэньне ў хатнім карантыне.
Грошы за набытыя квіткі, якія трапляюць ў час абмежаваньняў, вярнуць цалкам ці перанясуць палёт да 31 траўня 2020 году.
Ва Ўкраіне ўсе навучальныя ўстановы на тры тыдні пераводзяць на карантын
Кабінэт Міністраў Украіны ўводзіць ува ўсёй краіне абмежавальныя захады ў сувязі з пагрозай магчымай эпідэміі каранавірусу, каб перадухіліць пашырэньне COVID-19.
Украінскі ўрад таксама прапанаваў абмежаваць масавыя захады з удзелам больш як 200 чалавек, а спартовыя спаборніцтвы з дазволу міжнародных арганізацыяў праводзіць без гледачоў.