Беларусь адклала разьмяшчэньне эўрабондаў у сувязі з каранавірусам
Міністэрства фінансаў Беларусі адклала на няпэўны тэрмін разьмяшчэньне новага выпуску эўрабондаў з прычыны нестабільнасьці фінансавых рынкаў на фоне пашырэньня эпідэміі каранавірусу, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» знаёмая з сытуацыяй крыніца ў фінансавых колах. «Разьмяшчэньня ня будзе. Дакладней, будзе, але пазьней. Рынкі з глузду зьехалі ад каранавірусу», — заявіў суразмоўца агенцтва.
У Міністэрстве фінансаў Беларусі кажуць, што разьмяшчэньне эўрааблігацый адбудзецца цягам 2020 году.
Беларускія турфірмы заявілі пра пагрозу каляпсу бізнэсу ў сувязі з каранавірусам
У Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый (РСТА) кажуць, што ў сувязі з каранавірусам «турыстычная галіна ў Беларусі, усьлед за Расеяй, падведзеная да стану сур’ёзнага каляпсу, і становішча абвастраецца з кожным днём».
Паводле РСТА, на фоне рэкамэндацый Мінспорту і турызму — устрымацца ад паездак у Кітай, Італію, Іран і Паўднёвую Карэю — беларускія турысты пачалі адмаўляцца ад раней забраняваных тураў ня толькі ў гэтыя, але і ў іншыя краіны, як на бягучыя даты, так і на больш позьні пэрыяд (канец лета і восень). Беларускія апэратары і агенты вымушаныя вяртаць турыстам грошы, у той час як перавозчыкі не вяртаюць грошы за прададзеныя квіткі, а замежныя партнэры выстаўляюць штрафныя санкцыі беларускім калегам. Ня лепшая сытуацыя і з уязным і ўнутраным турызмам.
Упершыню COVID-19 выявілі ў жывёлы — сабакі з Ганконгу
Урад Ганконгу, спэцыяльнага адміністрацыйнага раёну Кітаю, паведаміў пра першы выпадак выяўленьня новага каранавірусу ў жывёлы. У хатняга сабакі выявілі інфэкцыю слабага ўзроўню, але станоўчы вынік паўторна далі некалькі розных тэстаў.
Верагодна, гэта таксама першы выпадак перадачы вірусу SARS-CoV-2 ад чалавека да жывёлы. Як вірус першапачаткова трапіў да чалавека, цяпер дакладна ня ведаюць, але мяркуюць, што перадаўся ад кажаноў іншым жывёлам.
Сабака, у якога выявілі вірус, цяпер ня мае нейкіх сымптомаў хваробы, але застаецца на карантыне зь яшчэ адным сабакам, у якога пакуль не пацьвердзілі наяўнасьць вірусу.
Усіх шпіталізаваных з каранавірусам плянуюць неўзабаве выпісаць
На здарўое яны не наракаюць, тэмпэратура ў іх нармальная. Засталося толькі, каб аналізы паказалі, што каранавірусу ў сьлізістых больш няма, піша Мінздароўя.
COVID-19 у параўнаньні зь іншымі інфэкцыямі. Адной карцінкай
У сьвеце зафіксавана ўжо больш за 90 тысяч выпадкаў захворваньня COVID-19, выкліканага вірусам SARS-CoV-2, які быў выяўлены ў кітайскім горадзе Ўхань.
Вось актуальнае параўнаньне COVID-19 зь іншымі інфэкцыйнымі хваробамі, якія трывожылі сусьветную грамадзкасьць у недалёкім мінулым.
Мінздароўя аднесла новы каранавірус да небясьпечных захворваньняў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла інфэкцыю, выкліканую новым каранавірусам, у пералік захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва, разам з чумой, халерай, сыбірскай язвай, актыўнымі сухотамі органаў дыханьня, інфэкцыямі, якія перадаюцца полавым шляхам (пранцы і ганарэя) і гемарагічнымі ліхаманкамі Ласса, Марбург, Эбола. Новы каранавірс унесены ў сьпіс пад нумарам сем.
Грамадзкі транспарт у Менску пачалі дэзінфэкаваць
У Менску ўсе салёны наземнага грамадзкага транспарту пачалі апрацоўваць дэзынфікуючымі сродкамі, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» на прадпрыемстве «Мінтранс». Апрацоўваюць аўтамабілі і менскія маршрутчыкі, ставяць у іх дазатары з антысэптычнымі сродкамі і антыбактэрыйныя сурвэткі.
Дэпутата парлямэнту Францыі шпіталізавалі з каранавірусам
Дэпутата парлямэнту Францыі — Нацыянальнага сходу — шпіталізавалі з каранавіруснай інфэкцыяй. Пра гэта вечарам 5 сакавіка ў афіцыйным лісьце паведаміў старшыня Нацыянальнага сходу Рышар Фэран.
Дэпутат зьмешчаны ў рэанімацыю. Каранавірус выяўлены таксама ў двух працаўнікоў буфэта і рэстарана пры парлямэнце.
Імя дэпутата не называецца. Вядома, што ён прадстаўляе правацэнтрысцкую апазыцыйную партыю «Рэспубліканцы» і абраны ў рэгіёне Эльзас.
Парлямэнцкія буфэт і рэстаран зачыненыя. Ці будзе неяк абмежаваная праца самога парлямэнту, пакуль незразумела.
У Францыі напярэдадні выяўлена больш за 100 выпадкаў заражэньня новым каранавірусам. Агульная колькасьць выяўленых выпадкаў набліжаецца да 500. Памерлі 7 чалавек. Прэзыдэнт Эмануэль Макрон заявіў, што эпідэмія «непазьбежная» і да яе неабходна падрыхтавацца.
Жанчыну з Баранавічаў маюць аштрафаваць за незаконны продаж мэдычных масак
Падатковыя інспэктары з Баранавічаў падчас кантрольнай закупкі выявілі, што мясцовая жыхарка гандлявала праз сацсеткі мэдычнымі маскамі, якія нельга прадаваць звычайным фізычным асобам, і сама жанчына не была прадпрымальніцай. За 40 масак у завадзкой упакоўцы яна атрымала бы 20 рублёў, піша «Наш край». Цяпер ёй пагражае штраф ад 135 да 1350 рублёў.
«Белавія» скарачае рэйсы ў Мілян і адмовілася ад рэйсаў у Ашгабат — праз каранавірус
Расейскія перавозьнікі «Победа» і S7 уводзяць паслугу звароту ўсіх квіткоў бяз штрафаў на ўсе паездкі. У даведачнай службе беларускай кампаніі «Белавія» кажуць, што вяртаюць квіткі паводле ранейшай схемы.
У Карэі зоймуцца «адмываньнем» грошай ад каранавірусу. Частку банкнотаў спаляць
Цэнтрабанк Паўднёвай Карэі абвясьціў аб дадатковых мерах барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруса, паведамляе Reuters. У прыватнасьці, банкноты будуць вынятыя з абароту на два тыдні, а ў некаторых выпадках — спальвацца.
Студэнты БНТУ будуць вучыцца ў звычайным рэжыме ад 10 сакавіка
Дыстанцыйнае навучаньне студэнтаў БНТУ скончыцца 9 сакавіка, піша агенцтва «Минск-Новости», спаслаўшыся на першага прарэктара ўнівэрсытэту Георгія Вяршыну.
У Расеі зафіксавана шэсьць новых выпадкаў каранавіруса
Паведамляецца, што пяць новых выпадкаў зафіксаваныя ў Маскве і адзін у Ніжнім Ноўгарадзе. Паводле папярэдніх дадзеных, кожны з шасьцi інфіцыраваных нядаўна наведваў Італію.
МЗС папярэдзіла беларускіх турыстаў пра абмежаваньні ў пэўных краінах праз каранавірус
На 6 сакавіка абмежаваньні рознай ступені ўвялі ў Аўстраліі, Бахрэйне, Віетнаме, Грузіі, Ізраілі, Індыі, Інданэзіі, Іарданіі, Іраку, Кувэйце, Кыргызстане, Маўрыкіі, Малайзіі, Мальдывах, Манголіі, Мʼянме, Новай Зэляндыі, Палау, Папуа – Новай Гвінэі, Рэспубліцы Карэя, Саудаўскай Аравіі, КНДР, Сінгапуры, ЗША, Туркмэністане, Турцыі, Філіпінах, Японіі.
Яшчэ адзін круізны лайнэр адправілі на карантын праз каранавірус
У 21 чалавека на круізным лайнэры Grand Princess каля берагоў Каліфорніі выявілі каранавірус. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс. Захварэлі два пасажыры і 19 членаў экіпажу.
Карабель затрымалі на карантын у адкрытым моры пасьля выяўленьня каранавірусу ў двух пасажыраў. Адзін зь іх памёр. Вядома, што яму 71 год і ў яго былі праблемы з здароўем да выяўленьня каранавірусу.
Усяго на борце Grand Princess знаходзяцца тры з паловай тысячы пасажыраў.
Міністэрства аховы здароўя: Новых выпадкаў каранавіруса ў Беларусі ня выяўлена
У Беларусі паводле стану на раніцу 7 сакавіка новыя выпадкі заражэньня каранавірусам ня выяўленыя. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.
Міністэрства аховы здароўя: першы пацыент з каранавірусам выздаравеў
У студэнта з Ірану, якому быў пастаўлены дыягназ COVID-19, атрыманы першы адмоўны вынік на наяўнасьць РНК каранавірусу. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
У Расеі — чатыры новыя выпадкі заражэньня каранавірусам
У Расеі выяўленыя чатыры новыя выпадкі заражэньня каранавірусам COVID-19. Пра гэта паведамляе апэратыўны штаб. Трое пацыентаў знаходзяцца ў Ліпецку, адзін — у Санкт-Пецярбургу. Усе яны нядаўна вярнуліся з Італіі.
У Кітаі абрынуўся гатэль, дзе інфікаваныя праходзілі карантын
У Кітаі каля 70 чалавек, якія знаходзіліся на карантыне ў гатэлі ў горадзе Цюаньчжоў (правінцыя Фуцзянь), аказаліся блякаваныя ў выніку абвалу пяціпавярховага будынка.
Мілян, Вэнэцыю, Рыміні і яшчэ 9 правінцый Італіі закрываюць на карантын
Урад Італіі вырашыў закрыць уезд і выезд з 12 правінцый па прычыне каранавірусу COVID-19. Пра гэта паведамляе La Repubblica.
У прыватнасьці гаворка вядзецца пра Лямбардыю (сталіца — Мілян) і Вэнэцыю. Таксама на карантын закрыюць правінцыі Мадэна, Парма, П’ячэнца, Рэджо-Эмілія, Рыміні, Пэзара і Ўрбіна, Падуя, Трэвіза, Асьці і Алесандрыя.
Ва ўсіх гэтых мясцовасьцях будуць зачыненыя школы, музэі, тэатры і кінатэатры, культурныя цэнтры, а таксама спартовыя залі і гарналыжныя курорты. Гандлёвыя цэнтры ня будуць працаваць у выходныя. Бары і рэстараны змогуць працягнуць працу калі гарантуюць, што наведнікі змогуць знаходзіцца на адлегласьці больш за адзін мэтар.