Ва Ўкраіне выявілі першы выпадак заражэньня каранавірусам
У Чарнаўцах у пацыента дыягнаставалі першае ва Ўкраіне захворваньне на новую каранавірусную інфэкцыю, паведаміў намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны, галоўны санітарны лекар краіны Віктар Ляшко.
Раней паведамлялася, што лекары правяраюць на каранавірус 4 асобы. Сярод іх быў чалавек у Чарнаўцах, які нядаўна вярнуўся з Італіі.
Ва ўсіх лякарнях Беларусі абмежавалі навадваньне пацыентаў родзічамі
У Камітэце аховы здароўя Менгарвыканкаму парталу Tut.by пацьвердзілі, што ў менскіх лякарнях ад 2 сакавіка абмежавалі наведваньне пацыентаў іхнымі роднымі. Гэта робіцца, «каб прадухіліць перакрыжаванае заражэньне».
Да загадчыка аддзяленьня можна будзе зьвяртацца па пропуск да хворага, які выдадуць або ня выдадуць у залежнасьці ад стану пацыента. Хворых у няцяжкім стане будуць выпускаць у хол на сустрэчу з родзічамі. Таксама ад родзічаў будуць прымаць перадачы.
Прэс-сакратарка Мінздароўя патлумачыла, што праз сэзонны ўздым вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў такія абмежаваньні ўведзеныя па ўсёй Беларусі.
Кітайскія дактары хочуць вызначыць больш жорсткія крытэры для выпісваньня пацыентаў пасьля каранавірусу
Лекараў у Кітаі, піша Reuters, турбуе тое, што пацыенты, выпісаныя здаровымі пасьля COVID-19, зноў трапляюць у лякарні з тым самым вірусам. Гэта ўздымае пытаньне пра магчымасьць распаўсюду вірусу SARS-CoV-2 такімі выпісанымі пацыентамі. Дакладная колькасьць паўторных выпадкаў не называецца, але адзначаецца, што яны фіксаваліся ў розных частках краіны празь некалькі тыдняў пасьля выпіскі.
Цяпер у Кітаі выпісваюць пасьля двух адмоўных тэстаў на вірус і прыкметамі аднаўленьня нармальнага стану здароўя — у Кітаі дапускаюць, што варта рабіць тры тэсты. У некаторых лякарнях Кітаю так ужо робяць (хоць і пасьля трох тэстаў «здаровы» можа вярнуцца ў лякарню зь вірусам). У шпіталі ва Ўхані, як сьцьвярджаецца, сярод 18 «здаровых» пацыентаў, якім вырашылі зрабіць дадатковы тэст, 13 паказалі прыкметы наяўнасьці вірусу.
У Баранавічах на каранавірус правяраюць чатырох чалавек
Чатырох студэнтаў БНТУ, якія прыехалі ў Баранавічы зь Менску, шпіталізавалі на карантын ў інфэкцыйнае аддзяленьне баранавіцкай больніцы. Іх правяраюць на каранавірус, бо яны маглі кантактаваць з іранскім студэнтам, у якога выявілі хваробу, піша Intex-press.by
На момант публікацыі выпадкаў захворваньня на каранавірус у Баранавічах не зафіксавалі.
У Беларусі пацьвердзілі 4 выпадак захворваньня на каранавірус
Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла чацьвёрты выпадак захворваньня на каранавірус.
Тэсты яшчэ двух чалавек маюць станоўчы вынік, праводзіцца лябараторная дыягностыка для ўдакладненьня. Людзі, у якіх каранавірус пад пытаньняў адносяцца да кантакту 1-га ўзроўню.
Паводле Мінздароўя першапачатковыя тэсты гэтых людзей былі адмоўныя, таму можна зрабіць выснову, што пацыентаў ізалявалі да моманту, калі вірус пачаў вылучацца з арганізму. Гэта нібыта выключыла магчымасьць далейшай перадачы інфэкцыі.
Усе пацыенты, якія знаходзяцца пад назіраньнем адчуваюць сябе задавальняюча, уключна хворых на каранавірус.
Захварэўшы на каранавірус — грамадзянін Беларусі. Не ўдакладняецца грамадзянства двух чалавек, якія знаходзяцца пад падазрэньнем.
За час працы праграмы лябараторыя РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі правяла больш 5 тысяч тэстаў, піша Мінздароўя.
На раніцу 4 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 93,2 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,4 тысячы ў Кітаі, каля 5,3 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 2,5 тысячы у Італіі, каля 2,3 тысячы ў Іране.
Ад хваробаў, што выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3203 чалавек: 2983 у Кітаі, 77 у Іране, 79 у Італіі, 33 у Паўднёвай Карэі.
Выпісалі здаровымі 51 тысячу пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 6,8 тысячы пацыентаў.
Расейскі «Первый канал» неадназначна выбачыўся перад беларусамі за памылку з каранавірусам
У вечаровых навінах 3 сакавіка на расейскім «Первом канале» вядоўца выбачыўся за ранейшую памылку: 2 сакавіка там расказалі, нібы ў Беларусі ёсьць сьмерці ад COVID-19.
Прабачэньні былі трэцім сюжэтам праграмы «Время» — на гэтым відэа ад 8:37.
Вядоўца Кірыл Кляймёнаў стаў разважаць, што наступствы новага каранавірусу «магчыма, больш разнастайныя і цяжэйшыя для арганізму, чым дагэтуль уяўляюць спэцыялісты».
«Я кажу пра так званыя неадэкватныя паводзіны, выкліканыя думкамі пра гэты самы вірус, — казаў вядоўца. — Нашыя беларускія калегі пакрыўдзіліся на нас. Пакрыўдзіліся на нядзельную праграму „Время“.
У ёй мы назвалі ў ліку краінаў, дзе ёсьць ахвяры каранавірусу, братняя Беларусь. Нібы там памёр чалавек. Калегі, браты! Гэта памылка. Нашая памылка. Але, як той казаў, нявымушаная памылка. Выпадковая, ненаўмысная. Але ўсё адно прабачце, памыліліся: ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя».
У Беларусі пацьвердзілі яшчэ два выпадкі новага каранавірусу
Цяпер пацьверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі ўжо шэсьць: чатыры ў Менску, два ў Віцебскай вобласьці.
Адкуль два новыя інфэктаваныя і як яны заразіліся, не паведамляецца.
Днём раней Мінздароўя паведамляла, што пацьверджаныя 4 выпадкі, а яшчэ ў двух чалавек тэсты дэманстравалі папярэдне станоўчыя выпадкі.
Тыя два пацыенты «адносіліся да кантактаў 1-га ўзроўню» (то значыць, мелі шчыльны кантакт з чалавекам, у якога пацьвердзілі вірус). Яны адчувалі сябе задавальняльна — як і тыя, у каго ўжо дакладна выявілі вірус SARS-CoV-2.
Першы выпадак каранавірусу зафіксавалі ў Польшчы
Выпадак зафіксаваны ў горадзе Зялёна Гура, дзе жыве каля 150 тысяч чалавек. Інфікаваны прыбыў зь Нямеччыны, пачувацца добра. Усіх людзей, якія зь ім кантактавалі, адправілі на карантын.
Польшча заставалася апошняй геаграфічнай суседкай Беларусі, дзе не фіксавалі COVID-19.
У Італіі і Францыі вырасьлі продажы раману «Чума» Альбэрта Камю
За месяц у Італіі раман падняўся з 71 на 3 месца продажаў, у Францыі да раману таксама падвысілася цікаўнасьць. Тамтэйшыя СМІ зьвязваюць гэта з успышкай COVID-19.
Раман быў апублікаваны ў 1947 годзе, расказвае пра жыцьцё альжырскага гораду ў час эпідэміі чумы 1940 году. Як адзначае RFI, чума там выкарыстаная хутчэй як алегорыя, а напраўду раман расказвае пра «эпідэмію» нацызму ў Эўропе.
Межы закрываць ня будуць, дыстанцыйнае начучаньне — толькі ў БНТУ. Улады пракамэнтавалі пашырэньне каранавірусу ў Беларусі
4 сакавіка Міністэрства замежных справаў і Міністэрства аховы правялі сумесны брыфінг аб сытуацыі з каранавірусам у Беларусі.
На 4 сакавіка пацьверджаныя 6 выпадкаў каранавірусу ў Беларусі, ва ўсіх шасьцярых захворваньне праходзіць бессымптомна, паведаміла намесьніца міністра аховы здароў, галоўны санітарны лекар Натальля Жукава.
Пад кантроль ўзялі каля 14 тысяч чалавек, якія былі ў неспрыяльных краінах. Каля 400 чалавек адтуль ужо выбылі, частку назіраюць у хатніх умовах.
Паводле ўладаў, няма неабходнасьці закрываць межы, ня будзе і абмежаваньняў у кантактах. Магчыма, некаторыя масавыя мерапрыемствы будуць перанесеныя на больш позьні тэрмін. Толькі адно ВНУ перавялі на дыстанцыйнае начучаньне — БНТУ. 85% студэнтаў БНТУ агледзелі, яны ўсе здаровыя.
Усіх, хто вяртаецца з Італіі (нават у расейскіх грамадзян), абсьледуюць лябараторна і выдаюць адпаведны дакумэнт-даведку, што яны прайшлі абсьледаваньне, дадала Жукава.
Мянчук хацеў перапрадаць 12 тысяч масак праз сацсеткі
Мянчук закупаў маскі ў Расеі і незаконна перапрадаваў праз сацсеткі ў Беларусі. Затрыманьне адбылося падчас адной са зьдзелак. У яго канфіскавалі 12800 масак на суму каля 10800 рублёў, паведаміла ў Тэлеграме прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава.
У Італіі праз каранавірус закрываюць усе школы і ўнівэрсытэты
Улады Італіі пацьвердзілі інфармацыю ў СМІ, што ў краіне на 10 дзён зачыняюцца ўсе мясцовыя школы і унівэрсытэты — у сувязі з успышкай новага каранавірусу, ахвярамі якога там сталі ўжо 107 чалавек.
- На раніцу 5 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 95,5 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,5 тысячы ў Кітаі, каля 5,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 3,1 тысячы у Італіі, каля 2,9 тысячы ў Іране.
- Ад хваробаў, што выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3286 чалавек: 3015 у Кітаі, 107 у Італіі, 92 у Іране, 35 у Паўднёвай Карэі.
- Выпісалі здаровымі 53,7 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 6,4 тысячы пацыентаў.
- Беларусі па-ранейшаму пацьверджаныя 6 выпадакаў COVID-19. Усе адчуваюць сябе задавальняльна.
Эўропа: звыш 100 памерлых у Італіі, прыход вірусу ў Польшчу і Ўкраіну
Найбольшы ў Эўропе распаўсюд новага каранавірусу фіксуюць у Італіі — там колькасьць хворых перавысіла тры тысячы, тады як у Францыі набліжаецца толькі да трох соцень, у Нямеччыне перавысіла дзьве з паловай сотні, у Гішпаніі перавысіла дзьве сотні. Памерлых ад COVID-19 у Італіі 107, у Францыі 4, у Гішпаніі 2, у Сан-Марына 1, а ў іншых эўрапейскіх краінах пра памерлых не паведмляюць.
Днём раней улады Італіі пацьвердзілі, што ў краіне на 10 дзён зачыняюцца ўсе мясцовыя школы і ўнівэрсытэты — у сувязі з успышкай новага каранавірусу. У бліжэйшыя 30 дзён спартовыя матчы, у тым ліку футбольныя ў Сэрыі А, будуць праходзіць без гледачоў.
За апошні час вірус SARS-CoV-2 прыйшоў у чатыры новыя краіны: Польшчу і Ўкраіну ў Эўропе, Аргентыну і Чылі ў Паўднёвай Амэрыцы.
ЗША: надзвычайны стан у Каліфорніі і законапраект пра экстранае фінансаваньне
У Злучаных Штатах колькасьць памерлых ад COVID-19 дасягнула 11, піша Reuters, а новыя выпадкі фіксуюць у мэгаполісах: Нью-Ёрку і Лос-Анжэлесе. Агулам па Штатах зафіксавалі 159 выпадкаў.
Першым памерлым у Каліфорніі стаў чалавек сталага веку, які ўжо меў праблемы са здароўем і мог заразіцца падчас круізу ад Сан-Францыска да Мэксыкі на караблі Grand Princess. Гэта стала першай сьмерцю за межамі штату Вашынгтон. Губэрнатар Каліфорніі пасьля першай сьмерці ад COVID-19 у сваім штаце абвясьціў надзвычайнае становішча.
Як перадае «Голас Амэрыкі», ніжняя палата амэрыканскага парлямэнту ўхваліла законапракт аб экстраным фінансаваньні захадаў у барацьбе з новым каранавірусам. Калі праект ухваліць верхняя палата (гэта можа адбыцца да канца тыдня), на гэтую барацьбу выдаткуюць 8,3 млрд даляраў — у тым ліку гроўшы пойдуць на пошук вакцыны і стварэньне тэстаў для выяўленьня хваробы.
Азія: новая «спэцыяльная зона» ў Карэі, карантынны востраў у Інданэзіі
У Кітаі, зь якога пачалася ўспышка COVID-19, сытуацыя стабілізуецца: на бягучым тыдні выяўляюць толькі адну-дзьве сотні новых хворых на дзень. Бывала, што Паўднёвая Карэя абганяла Кітай па тэмпах распаўсюду вірусу.
Ды ў Кітаі ня ўсе задаволеныя тым, як змагаліся зь вірусам: дактары заклікалі, як піша Reuters, прыняць папраўкі ў законы, зьвязаныя зь віруснымі захворваньнямі, каб узмацніць правілы карантыну, гарантаваць празрыстасьць і больш дакладна прапісаць абавязкі мясцовых уладаў у барацьбе з хваробамі.
У Паўднёвай Карэі тым часам абвясьцілі «спэцыяльнай зонай кантролю» яшчэ адзін горад — К’янсан, што ў 250 км на поўдзень ад сталіцы, насельніцтвам каля 275 тысячаў чалавек. Успышку ў К’янсане зьвязваюць з домам састарэлых. Але тры чвэрці ўсіх выпадкаў COVID-19 у Паўднёвай Карэі зьвязаныя зь іншай «спэцыяльнай зонай» — вакол гораду Тэгу. Там успыўку зьвязвалі з рэлігійнай сэктай.
Што з распаўсюдам COVID-19 у Паўночнай Карэі, невядома. Уцекачы, як піша «Голас Амэрыкі», засьцерагаюць, што ачагом распаўсюду можа стаць паўночнакарэйскае войска, што жыве ў цесных бараках. Акрамя таго, 43% жыхароў КНДР недаядаюць, што спрыяе распаўсюду інфэкцыяў.
У Інданэзіі, дзе пакуль пацьвердзілі толькі два выпадкі COVID-19, вырашылі ператварыць былы лягер для віетнамскіх уцекачоў на нежылым востраве ў шпіталь і карантынны цэнтар для інфэктаваных на новы каранавірус, піша The Jakarta Post. Плошча вострава, які зьбіраюцца аддаць пад карантын, складае каля 80 км² — крыху менш за Баранавічы.
У 22 краінах цалкам або часткова зачынілі школы
Па стане на 4 сакавіка ў 22 краінах на трох розных кантынэнтах цалкам або часткова зачынілі школы, каб запаволіць распаўсюд каранавірусу COVID-19, паведамляе ЮНЭСКА.
У 13 краінаў школы зачынілі па ўсёй краіне, што закранула агулам 290,5 мільёна дзяцей: у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Армэніі, Азэрбайджане, Бахрэйне, Кітаі (уключаючы Ганконг і Макао), КНДР, Іране, Іраку, Італіі, Кувэйце, Лібане, Манголіі і Японіі.
Яшчэ ў дзевяці краінах зачыненыя школы ў асобных раёнах: у Віетнаме, ЗША, Злучаным Каралеўстве Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Карэі, Нямеччыне, Пакістане, Сынгапуры, Тайляндзе, Францыі. Калі гэтыя краіны таксама вырашаць зачыніць на карантын усе школы, гэта пазбавіць яшчэ 180 мільёнаў дзяцей і моладзі магчымасьці наведваць школу.
Беражыце E-mail. Пад выглядам інфармацыі пра каранавірус рассылаюць кампутарны вірус
Сьледчы камітэт Беларусі расказаў, што распачаў крымінальныя справы аб несанкцыянаваным доступе да скрыняў электроннай пошты ўстановаў аховы здароўя.
12 лютага са скрыняў РНПЦ пульмуналёгіі і фтызыятрыі, а таксама Менскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі былі разасланыя паведамленьні пра тое, што ў Беларусі нібыта выявілі ўжо шмат выпадкаў COVID-19 (на той момант ня выявілі ніводнага, па стане на 5 сакавіка — 6 выпадкаў). Пры чым у лістах быў нібыта PDF-файл, а напраўду скрыпт спампоўкі шкоднай праграмы.
Абедзьве скрыні былі зарэгістраваныя не на дзяржаўных сэрвісах, а на пошце па адрасе @tut.by. Партал Tut.by заяўляў, што ніякай «уцечкі базы» паштовых адрасоў не было — падазраюць або просты падбор пароля («брутфорс»), або выманьваньне паролю праз фальшывыя старонкі («фішынг»). Ці выконвалі ўладальнікі скрыняў элемэнтарныя правілы бясьпекі, невядома.
«Беллегпрам» паабяцаў па паўмільёна масак на дзень
Прадпрыемства дзяржаўнага «Беллегпраму» будуць шыць па 550 тысячаў мэдычных масак на дзень, перадае БелТА заяву канцэрну.
Пад гэтую мэту часова перапрафілююць шэраг прадпрыемстваў, агулам шыць маскі будуць 15 прадпрыемстваў.
На момант публікацыі, як сьцьвярджаецца, замоўнікам ужо паставілі 1,2 млн масак «Беллегпраму». Гэтыя маскі шматразовыя, вырабленыя з бавоўны ў чатыры пласты.
Пры тым звычайныя маскі (калі гэта не адмысловыя фільтры паветра) не бароняць ад COVID-19 тых, хто іх носіць, а прадухіляюць заражэньне вірусамі іншых людзей, калі маску носіць хворы чалавек. Для прафіляктыкі заражэньня новым каранавірусам па-ранейшаму рэкамэндуюць пазьбягаць кантактаў зь людзьмі, якія маюць сымптомы рэсьпіраторных інфэкцыяў, рэгулярна мыць рукі, не наведваць рэгіёны ўспышак вірусу і гэтак далей.