Тым часам у менскім ГУМе
6 берасьцейцаў зьмясьцілі пад назіраньне
У Берасьці пад назіраньнем знаходзяцца 6 чалавек, якія прыехалі зь Італіі, піша БелТА. Прыкметаў каранавірусу ў іх няма, але пад назіраньнем людзі будуць знаходзіцца неабходныя 14 дзён.
У больніцу даставілі студэнтку і яе бацькоў, якія прыехалі зь Італіі. А таксама трох кіроўцаў-экспэдытараў, якія наведвалі Апэнінскі паўвостраў. Інфармацыю пра шпіталізацыю трох кіроўцаў пацьвердзіла намесьніца міністра — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Натальля Жукава.
ЭГУ перавёў студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні на два тыдні перавёў студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне. Аўдыторных заняткаў у гэты час ня будзе, іх перанясуць на сэрвэр дыстанцыйнага навучаньня.
Іншагароднім студэнтам раяць вяртацца ў Вільню не раней за 15 сакавіка. Студэнтаў, якія падчас вакацыяў наведвалі краіны Эўропы і Азіі, просяць запоўніць апытальнік.
Такія захады ЭГУ прыняў паводле рэкамэндацыяў Міністэрства аховы здароўя Літвы.
Мінздароўя расказвае, што з хворымі на каранавірус у Беларусі
Свабода вядзе жывую трансьляцыю пэс-канфэрэнцыі.
Мінздароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам
Мінздароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам «з высокай ступеньню дакладнасьці». Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны ўрач Беларусі Натальля Жукава.
Яна паведаміла, што вынікі тэстаў на каранавірус накіруюць на дадатковую экспэртызу, у тым ліку ў адну з лябараторыяў усясьветнай арганізцыі здароўя.
Натальля Жукава паведаміла, што цяпер у Беларусі абследуюцца людзі, якія наведвалі краіны, дзе ёсьць праблемы з каранвірусам, а таксама тыя, хто кантактаваў з тымі, хто захварэў.
Што з тымі, у каго знайшлі каранавірус?
Жанчына, у якой выдзелены каранавірус, знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі. Тэмпэратура ў яе нармальная, сымптомаў хваробы няма, лячэньня ёй не патрабуецца, паведаміў начальнік Віцебскага гарадзкога ўпраўленьня аховы здароўя Юры Дзяркач.
«Жанчына, у якой выявілі каранавірус знаодзіцца ў лякарні, яе стан задавальняючы, яна фактычна здаровая і лячэньне ёй не патрабуецца», — паведаміў чыноўнік.
Яшчэ двое пацыентаў у Менску таксама, па словах мэдыкаў, пачуваюцца добра. Лячэньне ім не патрабуецца.
«У Менску ў двух чалавек тэмпэратура нармальная, сымптомаў захворваньня няма. Мы кантралюем сытуацыю, мы гатовы аказаць дапамогу, калі яна спатрэбіцца. Але да гэтых людзей трэба ставіцца далікатна», — сказаў Ігар Карпаў, прафэсар, галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства здароўя.
Захворваньні на каранавірус выявілі праз карантын
Паводле начальніка галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Мінздароўя Алены Богдан, усе тры выпадкі захворваньня на каранавірус у Беларусі выявілі праз знаходжаньне хворых у шпіталях на 14-дзённым карантыне.
Менавіта 2 тыдні цягнецца інкубацыйны пэрыяд каранавіруса. Практыка праверкі і шпіталізацыі ў кантактныя цэнтры прымяняецца да людзей, якія вяртаюцца зь Кітаю, Італіі, Ірану і Паўднёвай Карэі. Калі цягам карантыну ў людзей узьнікаюць прыкметы вострых рэспьпіраторных захворваньняў, ў інфэкцыйным шпіталі ў іх бяруць пробы на каранавірус.
Чаму ў шпіталях перапрафілююць ложкі?
Практыка перапрафіляваньня ложкаў у шпіталях праводзіцца штогод, гэта зьвязана з сэзонным абвастрэньнем запаленьня лёгкіх і рэсьпіраторных інфэкцый, сказала Алена Богдан.
Усясветная арганізацыя здароўя павысіла рызыку распаўсюду каранавірусу ў сьвеце
Ступень распаўсюду каранавіруса ў сьвеце «вельмі высокая». Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі паведаміў прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УАЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў.
«Тэма каранавіруса ў полі ўвагі ўсіх краін сьвету. УАЗ перагледзела рызыку распасюду каранавіруса ў сьвеце ад высокай да вельмі высокай. УАЗ заклікае быць гатовым да зьяўленьня новых выпадкаў. УАЗ заклікае краіны засяродзіцца на трох прыярытэтах: працягваць меры нагляду, забясьпечыць абарону мэдыцынскага пэрсаналу, совечасова інфармаваць насельніцтва ад усіх рызыках, каб перапыніць распаўсюд чутак», — сказаў прадстаўнік Усясветнай арганізацыі здароўя.
На думку Батыра Бердыклычава, у Беларусі праводзіцца вялікая праца ў сувязі з каранавірусам, няма падставаў для панікі.
Праверыцца на каранавірус можна на ўсіх межах Беларусі, апроч як з Расеяй
Беларусь мае кантрольна-прапускныя пункты, дзе можна праверацца на каранавірус на мяжы з усімі краінамі апроч Расеі. Бо Расея мае свае такія пункты.
Пра гэта паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Натальля Жукава.
У Беларусі на карантыне з прычыны каранавірусу — 271 чалавек
Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан.
Паводле яе, выпадкаў, каб з прычыны каранавірусу людзі адмаўляліся ад шпіталізацыі, няма. «Многія людзі самі просяцца ў кантакт-цэнтры, каб здаць аналізы», — сказала Богдан.
Супраць дзеячаў царквы, якая паспрыяла эпідэміі каранавірусу ў Паўднёвай Карэі, ініцыявалі справу аб забойствах
Паўднёвая Карэя мае найбольшую колькасьць захварэлых на COVID-19 па-за межамі Кітаю — 4,335. У панядзелак абвясьцілі пра 599 новых выпадкаў інфэкцыі. 26 чалавек памерлі.
Сярод новых выпадкаў інфэкцыі 377 былі у горадзе Тэгу, дзе месьціцца абшчына царквы Сінчхонджы. Прадстаўнікі гэтай абшчыны наведвалі кітайскі горад Ухань і адмовіліся супрацоўнічаць з уладамі на пачатку эпідэміі.
Галоўны інфэкцыяніст краіны: «Існуе 37 відаў каранавірусу»
Галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства здароўя прафэсар Ігар Карпаў расказаў, што 8 з 37 відаў каранавірусаў могуць выклікаць хваробы, прычым ня толькі рэсьпіраторныя, але і кішачныя інфэкцыі. У трох беларусаў, у якіх пацьвердзіўся дыягназ, тыповых сымптомаў каранавірусу няма, яны пачуваюцца добра.
Дарадца іранскага аяталы Хамэнэі памёр ад каранавірусу
Міністэрства аховы здароўя Ірану паведаміла пра яшчэ 12 памерлых ад новага каранавірусу SARS-CoV-2 («уханьскага каранавірусу»). Паводле афіцыйных паведамленьняў, агулам памерлі 66 чалавек, а захварэлі 1,501.
Экспэрты кажуць, што такі працэнт памерлых — каля 5.5% — значна вышэйшы, чым у іншых краінах, і можа сьведчыць, што сапраўдная колькасьць захворваньняў нашмат вышэйшая за афіцыйныя лічбы.
Мінздароўя абвергла інфармацыю расейскага тэлеканалу пра сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала на сваім сайце заяву з нагоды сюжэту на першым канале расейскага тэлебачаньня. Там паведамілі, што ад каранавірусу «першыя сьмерці зафіксаваныя ў ЗША, Аўстраліі, Тайляндзе, Беларусі».
Міністэрства адзначае, што гэтая інфармацыя непраўдзівая ў тым, што тычыцца Беларусі: «У Рэспубліцы Беларусь на сёньняшні дзень зарэгістраваны тры выпадкі, у якіх выдзелены фрагмэнт РНК, які, імаверна, належыць да тыпу каранавірусу 2019-nCoV. Усе тры пацыента адчуваюць сябе здавальняючы, клінічных сымптомаў захворваньня ў іх няма».
На раніцу 3 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 90,9 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,3 тысячы ў Кітаі, каля 4,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 2 тысяч у Італіі, каля 1,5 тысячы ў Іране.
Ад хваробаў, што выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3119 чалавек: 2946 у Кітаі, 66 у Іране, 52 у Італіі, 28 у Паўднёвай Карэі.
Былі выпісаныя здаровымі 48,1 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 7,1 тысячы пацыентаў.
Каранавірус, каранавірус у Беларусі, каранавірус у сьвеце, коронавирус, коронавирус в Беларуси, коронавирус в мире, Лукашенко про коронавирус
- Паўднёвая Карэя абагнала Кітай па колькасьці новых выпадкаў за дзень. Так, у справаздачы Сусьветнай арганізацыі здароўя значыцца, што за 2 сакавіка ў Кітаі выявілі 206 новых выпадкаў COVID-19 (зь іх 196 у правінцыі Хубэй, адкуль пачалася ўспышка), у Паўднёвай Карэі — 476 новых выпадкаў. Лічбы ў іншых справаздачах могуць розьніцца ў залежнасьці ад гадзінных паясоў.
- Лідэр паўднёвакарэйскай сэкты «Храм скініі сьведчаньня Шынь-чонджы», якую зьвязваюць з успышкай COVID-19 у краіне, прайшоў тэст на каранавірус і быў прызнаны здаровым, піша Reuters.
- Улады Кітаю заклікаюць кітайцаў, якія знаходзяцца за мяжой, мінімізаваць пляны на падарожжы, а ўлады Аўстраліі зьбіраюцца ўжыць закон аб «біябясьпецы», каб абмежаваць перасоўваньні людзей, у якіх падазраюць COVID-19.
- Першы выпадак COVID-19 2 сакавіка зафіксавалі ў суседняй зь Беларусьсю Латвіі. Як піша Delfi, першай пацыенткай стала жанчына, якая была ў Міляне.
Расейскі «Первый канал» выправіў памылку, якую беларускія ўлады назвалі фэйкам
Раней у навіне на сайце «Первого канала» вылучаная фраза была такой: «Первые смерти зафиксированы в США, Австралии, Таиланде, Белоруссии». Цяпер «Белоруссия» са сьпісу зьнікла. Відэа, у якім гучала такая фраза, цяпер недасяжнае. Абвяржэньняў ці ўдакладненьняў пра Беларусь на сайце тэлеканалу няма.
Днём раней Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала на сваім сайце заяву з нагоды сюжэту на першым канале расейскага тэлебачаньня. Паведамлялася, што «ў сувязях з распаўсюдам фэйкавай інфармацыі ў адносінах да нашай краіны будуць прынятыя адпаведныя меры рэагаваньня таксама па лініі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь».
Папу Францішака праверылі на COVID-19. Не заразіўся
Кіраўнік каталіцкай царквы, Папа Францішак быў правераны на новы каранавірус пасьля таго, як ён прасьцюдзіўся, піша Il Messaggero. Тэсты далі адмоўны вынік.
Праверка была проста прафіляктычнай — цяпер Італія стала месцам найбольшай успышкі новага каранавірусу ў Эўропе і трэцяй краінай у сьвеце паводле колькасьці хворых (пасьля Кітаю і Паўднёвай Карэі). На раніцу 3 сакавіка ў Італіі зафіксавалі 2036 выпадкаў COVID-19, памерлі 52 пацыенты, 149 былі выпісаныя здаровымі.
83-гадовы Папа Францішак ужо тыдзень прасьцюджаны, моцна кашляў на сустрэчы зь вернікамі ў нядзелю, меў высокую тэмпэратуру і болі ў горле.
«Вучацца праз вайбэр». У віцебскіх школах абвясьцілі карантын праз каранавірус
«З учорашняга дня дзеці вучацца праз інтэрнэт, праз вайбэр, — пацьвердзіў Свабодзе дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка. — Карантын датычыць адной з восьмых клясаў, 22 чалавекі там вучацца. Прычыны назваць вам не магу. Скажу толькі, што гэта не мая прыдумка, не кіраўніцтва школы гэтае рашэньне прымала».
У Мінздароўя пацьвердзілі, што карантын у школе ўвялі ў сувязі з выпадкам захворваньня на каранавірус у супрацоўніцы кампаніі «Марка».
У віцебскай гімназіі № 1, дзе, паводле інфармацыі Свабоды, у адной з клясаў таксама можа быць уведзены карантын, сытуацыю камэнтаваць адмовіліся.
Бабруйская «Славянка» у 4 разы павялічыла выпуск марлевых павязак праз каранавірус
Бабруйскае швейнае прадпрыемства «Славянка» у 4 разы павялічыла вытворчасьць марлевых павязак на фоне павышанага попыту з прычыны небясьпекі распаўсюду каранавірусу, паведамляе «Інтэрфакс-Захад». Цяпер на «Славянцы» шыюць 80 тысяч чатырохслаёвых шматразовых масак у дзень (раней — 20 тысяч), плянуць павялічыць вытворчасьць да 100 тысяч у дзень. Марлевыя павязкі робяць «выключна для ўнутранага рынку», экспартаваць пакуль не плянуюць.