187 новых выпадкаў і 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 9 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 9 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 411 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 449 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 53 609 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 187 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 755 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 125, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 10 802;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 099 571 тэст (гэта 12 326 за дзень, днём раней было каля 9 тысяч).
Новы карантын ва Ўзбэкістане: зноў зачынілі крамы, рынкі, мячэці і спартовыя залі
З 10 ліпеня па 1 жніўня карантын ва Ўзбэкістане зноў зрабілі больш жорсткім: абмежавалі рух транспарту, забаранілі праводзіць масавыя мерапрыемствы і вясельлі, зачынілі паркі, рынкі, буйныя крамы і спартзалы. Старэйшым за 65 гадоў жыхарам забаранілі ў бліжэйшыя тры тыдні выходзіць на вуліцу.
Паводле дадзеных на 8 ліпеня, ва Ўзбэкістане на COVID-19 захварэлі больш за 11 тысяч чалавек. За апошнія суткі быў зафіксаваны новы дзённы рэкорд выяўленых выпадкаў – 422, усяго з пачатку пандэміі памерлі 47 чалавек.
Напярэдадні прадстаўнік рэспубліканскага штабу барацьбы з COVID-19 Хабібула Акілаў заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Узбэкістану вычарпала свае рэсурсы: шпіталі для пацыентаў з каранавірусам перапоўненыя, месцаў у іх не засталося. Паводле яго слоў, калі ў дзень пачнуць выяўляць больш за 1000 выпадкаў, то ў сыстэме аховы здароўя Ўзбэкістану адбудзецца "поўны каляпс".
187 новых выпадкаў і 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 9 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 9 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 411 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 449 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 53 609 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 187 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 755 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 125, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 10 802;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 099 571 тэст (гэта 12 326 за дзень, днём раней было каля 9 тысяч);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Названыя 9 клінік, дзе ў Менску абяцаюць зрабіць платны экспрэс-тэст на COVID-19
Міністэрства аховы здароўя Беларусі назвала ў Telegram менскія клінікі, у якіх ад 9 ліпеня робяць платныя тэсты на антыцелы да новага каранавірусу SARS-CoV-2.
Тэсты робяць у дзяржаўных паліклініках №№ 3, 6, 8, 14, 25, 29, 33, 35 і 38. Першая зь іх паведамляе, што тэст каштуе 22 рублі 51 капейку (за тое, каб вынікі прыйшлі ня ў клініку па месцы жыхарства, а на электронную пошту, просяць яшчэ 1 рубель 15 капеек). Кроў бяруць зь вены, пры сабе трэба мець пашпарт. Цалкам чытайце тут.
У Беларусі каля 500 цяжарных і парадзіх з COVID-19
Паводле галоўнай спэцыялісткі аддзелу дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людмілы Кеда, працэнт інфікаваных COVID-19 цяжарных у Беларусі «мінімальны».
«Калі браць ад усіх інфікаваных, то гэта каля 500 выяўленых жанчын — цяжарных і якія нарадзілі. Гэта невялікая лічба. І ў нас не было цяжкіх пацыентак і выпадкаў, якія б прывялі да крытычных сытуацый», — расказала Людміла Кеда.
Прыкладна 20-30% пацыентак мелі каранавірусную пнэўманію.
У Беларусі скасавалі абавязковую самаізаляцыю па прыезьдзе яшчэ з 12 краінаў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 9 ліпеня выключыла 12 краінаў са сьпісу тых, дзе «рэгіструюцца выпадкі COVID-19». Тым, хто прыяжджае з краінаў, якія па-ранейшаму ў сьпісе, трэба заставацца ў самаізаляцыі цягам 14 дзён. Тых, хто прыбыў з выключаных краінаў і «недаседзеў» у самаізаляцыі, вызваляюць ад далейшага знаходжаньня ў ёй.
Сьпіс краінаў такі:
- Альжыр (там за мінулы дзень выявілі 469 новых выпадкаў COVID-19, хуткі і пастаянны рост колькасьці выяўленых выпадкаў назіраецца зь сярэдзіны чэрвеня);
- Андора (апошні новы выпадак выявілі 18 чэрвеня);
- Віетнам (апошні раз пра новыя выпадкі паведамлялі 6 ліпеня, тады было 14 новых);
- Кіпр (3 выпадкі за ўчора);
- Куба (4 выпадкі за ўчора);
- Лібан (39 выпадкаў за ўчора);
- Малайзія (3 выпадкі за ўчора);
- Маўрыкій (апошні новы выпадак выявілі 6 ліпеня);
- Новая Зэляндыя (1 выпадак за ўчора);
- Сан-Марына (апошні новы выпадак выявілі 23 чэрвеня);
- Тайлянд (2 выпадкі за ўчора);
- Туніс (16 выпадкаў за ўчора).
У Беларусі адмаўляюць другую хвалю каранавірусу і гавораць пра перамогу над першай
Беларускія мэдыкі адмаўляюць другую хвалю COVID-19, называючы ўсплёск захворваньня ў многіх краінах «працягам першай».
«Тое, што мы назіраем, — гэта перарваная першая хваля. Вірус нікуды не падзеўся. Ён працягвае цыркуляваць сярод насельніцтва, унутры дзяржаў. І як толькі прыадчынілі дзьверы, далі яму невялікую шчыліну, ён зноў пачаў «гуляць па папуляцыі», — цытуе тэлеканал АНТ начальніка галоўнага ўпраўленьня Міністэрства здароўя Беларусі Аляксандра Пацеева. Цалкам чытайце тут.
Ужо 12 мільёнаў выпадкаў. Распаўсюд каранавірусу ў сьвеце паскараецца
На раніцу 9 ліпеня ў сьвеце зафіксавалі звыш 12,17 мільёна выпадкаў COVID-19. Памерлі болей за 552 тысячы хворых з каранавіруснай інфэкцыяй. З канца траўня колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень толькі павялічваецца.
Калі ў красавіку штодзень у сьвеце выяўлялі 70–90 тысяч новых выпадкаў COVID-19, то ў траўні — 75–127 тысяч, у чэрвені — 110–195 тысяч, у ліпені ж ужо да 213 тысяч на дзень (3 і 8 ліпеня).
Колькасьць штодзённых сьмерцяў пры тым пакуль трымаецца ў межах 3,1–6,5 тысячы на дзень зь сярэдзіны траўня і яшчэ не расьце. Ды хворыя не паміраюць у першыя ж дні пасьля інфэкцыі, могуць змагацца з хваробай месяцамі. Проста цяпер у сьвеце вядома пра больш як 58 тысяч хворых у цяжкім ці крытычным стане.
З 12 мільёнаў выпадкаў каранавірусу крыху больш за 7 млн скончыліся ачуньваньнем. Але колькасьць «актыўных выпадкаў» (хворых проста цяпер) расьце няспынна і амаль лінейна з канца сакавіка. У пачатку красавіка было вядома пра 696 тысяч «актыўных выпадкаў», у пачатку траўня — пра 2 млн, у пачатку чэрвеня — 3 млн, у пачатку ліпеня — 4,3 млн.
Найбольш інфікаваных выявілі ў ЗША (3,16 млн), Бразыліі (1,7 млн), Індыі (769 тысяч) і Расеі (700 тысяч). Звыш сотні тысяч інфікаваных зафіксавалі яшчэ ў 17 краінах Эўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі.
Афіцыйнай беларускай статыстыцы распаўсюду каранавірусу выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі. Аляксандар Лукашэнка ўжо «віншаваў» з тым, што «мы з гэтай бядой справіліся». Графікі выглядаюць так, нібы каранавірус цалкам пакіне Беларусь якраз пад прэзыдэнцкія выбары.
Але нават афіцыйная статыстыка ставіць Беларусь на 28-е месца ў сьвеце і 8-е ў Эўропе ў колькасьці выяўленых выпадкаў COVID-19. У выпадках на душу насельніцтва больш за Беларусь у Эўропе маюць толькі Швэцыя, Люксэмбург і тры мікрадзяржавы: Андора, Ватыкан і Сан-Марына.
У Сэрбіі пашырыліся забурэньні праз аднаўленьне карантыну
Увечары 8 ліпеня паліцыя зноў выкарыстала супраць тых, хто сабраўся ля будынка парлямэнту, сьлезацечны газ. Кіраўнік сэрбскай паліцыі Ўладзімір Рэбіч паведаміў, што за першую ноч забурэньняў у Бялградзе пацярпелі каля 20 дэманстрантаў і звыш 40 супрацоўнікаў сілавых структур. Падпалена пяць паліцэйскіх машын.
Камісар у правах чалавека Рады Эўропы Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць тым, як супрацоўнікі паліцыі дзейнічалі ў дачыненьні пратэстоўцаў. На кадрах зь месца падзей відаць, што людзей б’юць дубінкамі.
«Сілавы разгон дэманстрантаў сэрбскімі паліцыянтамі ў Бялградзе выклікае сур'ёзныя асьцярогі што да захаваньня правоў чалавека», — сказала Міятавіч, дадаўшы, што ўлады мусяць старанна расьсьледаваць тое, што адбылося, і пакараць тых супрацоўнікаў паліцыі, якія дапусьцілі гвалт.
Беларуска з Паўднёвай Карэі пра пандэмію, адкрытую навуку і карантын на чужыне
Пандэмія выявіла, наколькі сьвет не падрыхтаваны да надзвычайных эпідэмічных сытуацыяў, і зрабіла відавочнай важнасьць адкрытай навукі. А гэта якраз тое, чым займаецца Ганна Шмагун. Пра свае досьледы і паўднёвакарэйскі вопыт яна расказала ў інтэрвію Свабодзе.
На падтрымку беларускай эканомікі падчас пандэміі ўлады далі $9,5 млн
Падтрымка беларускай эканомікі ва ўмовах пандэміі, заявіў прэм’ер, ужо склала 23 млн беларускіх рублёў. Гэтая сума — не наўпроставая падтрымка, а прэфэрэнцыі і падатковыя палёгкі паводле ўказу №143.
Папярэдні ўрад зь Сяргеем Румасам на чале плянаваў падтрымку эканомікі ў час пандэміі на большую суму — 110 млн рублёў. Тагачасны намесьнік міністра эканомікі абяцаў, што падтрымка дасягне «некалькіх адсоткаў ВУП» (1% ВУП 2019 году — каля 1,32 млрд рублёў).
Тым часам Латвія — самая маленькая краіна з суседніх зь Беларусьсю, з насельніцтвам, меншым у 5 разоў — мае пусьціць 4,5 млрд эўра на пераадоленьне каранавіруснага крызісу.
Каранавірус у паветры больш небясьпечны, чым лічылася дагэтуль. Асабліва ў памяшканьнях
239 экспэртаў з 32 краін заявілі, што верагоднасьць заразіцца COVID-19 праз паветра большая, чым лічыць САЗ. Пра спрэчку сусьветнай навуковай супольнасьці з Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя піша амэрыканская The New York Times.
Падчас пандэміі ў Расеі настойкі глогу сталі купляць амаль на 40% больш
У Расеі больш як на траціну вырасьлі продажы «Глогу» («Боярышника») і аналягічных сьпіртазмяшчальных ласьёнаў, піша «Коммерсант» са спасылкай на дасьледаваньне DSM Group, падрыхтаванае адмыслова для газэты.
Улады і COVID-19: Эпідэмія крывадушнасьці
Ці мае рацыю Лукашэнка, калі кажа, што Беларусь справілася з пандэміяй каранавірусу? Як улады маніпулююць пагрозай COVID-19 у адпаведнасьці са сваімі палітычнымі інтарэсамі? Як зьмянілася стаўленьне грамадзтва да пандэміі і палітыкі ўладаў адносна яе?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык. Цалкам чытайце па спасылцы.
Нават лёгкая форма захворваньня каранавірусам можа спараджаць сур’ёзныя парушэньні мозгу
Брытанскія нэўролягі прааналізавалі падрабязную інфармацыю пра больш чым 40 пацыентаў, якія былі хворыя на COVID-19, у якіх лёгкая форма захворваньня спарадзіла цяжкія ўскладненьні — ад запаленьня мозгу і трызьненьня да паражэньня нэрваў і інсульту. Пра гэтае дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе Brain (Мозг), піша Guardian.
Дасьледаваньне выявіла істотны рост захворваньня вострым дысэмінаваным энцэфаламіэлітам (ADEM). У дзясятка пацыентаў было выяўленае запаленьне цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, яшчэ ў дзесяці было захворваньне галаўнога мозгу з трызьненьнем або псыхозам, у васьмі — інсульты, яшчэ ў васьмі былі праблемы з пэрыфэрычнымі нэрвамі. Цалкам чытайце па спасылцы.
221 выпадак і 7 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 8 ліпеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 8 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 64 224 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 443 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 52 854 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 221 выпадак (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 952 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 738, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 10 927 (мінус траціна ад таго, што было тыдзень таму);
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 087 245 тэстаў (гэта 8978 за дзень, хоць днём раней было толькі 4 тысячы; зь іх станоўчыя 2,46%, хоць дзень таму было 4,94%).
23,7% беларусаў лічаць, што перахварэлі на COVID-19. Большасьць баяліся зьвяртацца да мэдыкаў, — апытаньне
Сацыялягічная кампанія Satio правяла ў чэрвені 2020 году апытаньне аб эпідэміі каранвірусу 1002 гарадзкіх жыхароў Беларусі ва ўзросьце ад 18 да 64 гадоў. Вынікі апытаньня публікуе Tut.by. З апытаньня вынікае, што:
- 23,7% думаюць, што ўжо перанесьлі COVID-19, хоць ня маюць афіцыйнага дыягназу. Больш за палову зь іх мелі сымптомы, падобныя да каранавіруснай інфэкцыі, іншыя мелі кантакты зь вялікай колькасьцю людзей, карысталіся грамадзкім транспартам, наведвалі людныя месцы і ўпэўнены, што вірус занадта заразны, каб не падхапіць яго такім чынам. 11% зь іх былі «кантактамі першага ўзроўню».
- 74% упэўненыя, што не хварэлі і не хварэюць на COVID-19.
- 2,3% маюць або мелі пацьверджаны дыягназ COVID-19.
З улікам апошняга дасьледнікі мяркуюць, што ў Беларусі можа быць каля 137 тысяч (у дыяпазоне 90–200 тысяч) хворых на каранавірус зь ліку гарадзкіх жыхароў ва ўзросьце 18–64 гадоў. Цалкам чытайце па спасылцы.
ЗША хоць і пачалі працэс выхаду з Сусьветнай арганізацыі здароўя, але выйдуць яшчэ ня хутка
У аўторак адміністрацыя Дональда Трампа пачала працэс выхаду з Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), накіраваўшы ў ААН і Кангрэс ЗША паведамленьне аб спыненьні членства ў гэтай арганізацыі з 6 ліпеня 2021 году.
Прэзыдэнт Трамп упершыню абвясьціў аб намеры ЗША пакінуць Сусьветную арганізацыю аховы здароўя ў канцы траўня, абвінаваціўшы яе ў няздольнасьці выконваць эфэктыўна свае функцыі, а таксама ў залішне цесных сувязях з Кітаем і нежаданьні рэфармаваць сваю дзейнасьць.
Некалькі амэрыканскіх заканадаўцаў выказалі нязгоду з рашэньнем прэзыдэнта Трампа. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі назвала гэтае рашэньне "вельмі бессэнсоўным крокам". Рэспубліканец сэнатар Ламар Александэр, старшыня Камітэту аховы здароўя, заклікаў прэзыдэнта дзейнічаць сумесна з Кангрэсам у напрамку рэфармаваньня САЗ.
Кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн заявіў пра гатоўнасьць аднавіць членства ЗША ў САЗ у першы ж дзень пасьля прыходу ў Белы дом.
Жыхары Бялграду ўварваліся ў парлямэнт Сэрбіі з прычыны ўвядзеньня камэнданцкай гадзіны. ФОТА
Тысячы жыхароў Бялграду вечарам 7 ліпеня зладзілі стыхійную акцыю пратэсту пасьля таго, як прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч абвясьціў аб увядзеньні камэнданцкай гадзіны, каб перашкодзіць распаўсюджваньню каранавірусу.
Паводле пляну ўладаў Сэрбіі, жыхарам краіны забароняць пакідаць свае дамы з 18 гадзін пятніцы да 5-й раніцы панядзелка.
- У сямімільённай Сэрбіі паводле стану на 7 ліпеня каранавірус выявілі ў 16 168 чалавек, 330 зь іх памерлі. За апошнія суткі ў краіне зарэгістравалі 299 новых выпадкаў заражэньня і 13 сьмерцяў.
- У Сэрбіі локдаўн з прычыны каранавірусу быў адным з найбольш жорсткіх сярод усіх эўрапейскіх краін. Надзвычайнае становішча і камэнданцкая гадзіна дзейнічалі з 16 сакавіка па 7 траўня.
Пандэмія каранавірусу яшчэ не дасягнула піку, — Сусьветная арганізацыя здароўя
Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус заявіў на брыфінгу 7 ліпеня, што распаўсюд COVID-19 толькі паскараецца і пік эпідэміі, відавочна, ня пройдзены.
«У той час як колькасьць памерлых [ад каранавірусу на дзень] у сьвеце глябальна зьнізілася і некаторыя краіны сапраўды дасягнулі значнага прагрэсу ў скарачэньні колькасьці сьмерцяў, у іншых краінах сьмяротнасьць па-ранейшаму расьце, — адзначыў Тэдрас. — Там, дзе быў дасягнуты прагрэс у зьніжэньні сьмяротнасьці, краіны праводзяць мэтанакіраваныя дзеяньні з найбольш уразьлівымі групамі, напрыклад людзьмі, якія жывуць ва ўстановах працяглага догляду».