Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

10:21 8.7.2020

Літва на просьбу Беларусі адправіла на 50 тысяч эўра гуманітаркі для барацьбы з COVID-19

7 ліпеня зь Літвы ў Беларусь выехала гуманітарная дапамога - вырабленыя ў Літве ахоўныя сродкі, неабходныя для барацьбы з COVID-19.

10:21 8.7.2020

Сьпевака Калдуна, які выступаў 3 ліпеня перад Лукашэнкам, шпіталізавалі з каранавірусам

Самы масавы ягоны выступ за апошні час — на адкрыцьці фантана ў Менску 3 ліпеня. Калдун перажывае, што мог там кагосьці заразіць. Яго жонка хварэе бессымптомна, ён шпіталізаваны.

10:19 8.7.2020

ЗША пачалі выхад з Сусьветнай арганізацыі здароўя

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа афіцыйна паінфармавала Арганізацыю аб’яднаных нацый аб выхадзе са складу Сусьветнай арганізацыі здароўя.

20:06 7.7.2020

Каранавірус: назіральнікі ПА АБСЭ не прыедуць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, паведаміў БелаПАН 7 ліпеня кіраўнік аддзелу прэсы і камунікацыі ПА АБСЭ Нэт Пэры.

«Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ня будзе накіроўваць назіральнай місіі ў Беларусь на прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня, — сказаў Нэт Пэры. — У нас няма плянаў назіраць за выбарамі як мінімум да восені, з прычыны пандэміі COVID-19».

20:05 7.7.2020

Графік: да дня выбараў выпадкі COVID-19 зьвядуць да нуля

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што з пандэміяй «мы справіліся». У мяне няма сумневу, што два месяцы таму Міністэрству аховы здароўя было загадана, каб колькасьць інфікаваных каранавірусам на дзень не перавышала трохзначнай лічбы — дзевяцьсот зь нечым. І ня больш. Так і было некалькі тыдняў, хоць гэта супярэчыла альгарытму росту пандэміі практычна ва ўсіх краінах сьвету, разважае ў новым блогу журналіст Свабоды Сяргей Навумчык. Чытайце па спасылцы.

16:06 7.7.2020

199 новых выпадкаў і 7 прызнаных сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 7 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 7 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 64 003 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 436 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 51 920 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 199 выпадкаў (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 782 чалавекі;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 590, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 11 665;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 078 27 тэстаў (гэта 4027 за дзень, хоць 1–4 ліпеня паведамлялі пра 12–15 тысяч на дзень, зь іх станоўчыя 4,94%, хоць тры дні таму даходзіла да рэкордна нізкіх 1,77%).
14:02 7.7.2020

Каранавірус як заслона ад дэмакратыі. Улады выкарыстоўваюць пандэмію, каб абмежаваць празрыстасьць выбараў

Беларусь — адна з дзьвюх краін Эўропы (разам з Швэцыяй), якая ня ўводзіла карантыну з прычыны пандэміі каранавірусу. Зусім нядаўна Лукашэнка абвесьціў аб «перамозе» над каранавірусам. І вось на гэтым тле ЦВК і ўлады раптам успомнілі пандэмію і вельмі заклапаціліся здароўем людзей.

І адзін за адным пайшлі абмежаваньні. Чаму назіральнікаў не дапусьцілі на паседжаньні райвыканкамаў, на якіх фармаваліся выбарчыя камісіі? Дык жа ў краіне палае пандэмія! Чаму дасюль не прынята рашэньне аб запрашэньні замежных назіральнікаў? Зноў жа праз пандэмію, разважае аналітык Свабоды Валер Карбалевіч. Чытайце блог па спасылцы.

14:01 7.7.2020

Хто мае права на «шэнген»? Візавыя цэнтры ў Беларусі працуюць, але прымаюць ня ўсіх

Ад 1 ліпеня шэнгенскія візы патаньнелі для беларусаў з 80 да 35 эўра, але аформіць іх па-ранейшаму складана. Няма пэўнасьці і зь перасячэньнем наземных межаў. Нягледзячы на тое, што краіны Эўразьвяу паступова здымаюць унутраныя абмежаваньні на перамяшчэньне, грамадзянаў Беларусі гэта ня тычыцца. Эпідэміялягічная сытуацыя тут прызнаная нездавальняючай.

Тым ня меней, асобныя катэгорыі беларусаў могуць атрымаць візы і выехаць за мяжу. Хто менавіта — чытайце па спасылцы.

13:06 7.7.2020

Лукашэнка пра каранавірус: «Магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся»

Аляксандар Лукашэнка 7 ліпеня наведаў «сустрэчу з актывам Менску» ў «адміністрацыйным комплексе» на праспэкце Пераможцаў, піша БелТА. Раней такія сустрэчы праводзілі ў Магілёўскай, Горадзенскай, Берасьцейскай і Менскай абласьцях, 29 чэрвеня правёў у Менску сустрэчу з «пэдагагічным актывам».

Што сказаў Лукашэнка ў прамове перад менскім «актывам», сьцісла:

  • «Па сутнасьці, толькі ёй [сталіцай] і займаліся ў першыя гады [ягонага прэзыдэнцтва]. Рэсурсы, сілы, якія былі тады, усё сюды ўкладалася». Пазьней жа зразумелі, што «трэба забясьпечыць раўнаважае разьвіцьцё краіны».
  • Пагутарыў са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай пра сытуацыю з каранавірусам на сёньняшняю раніцу і прыйшоў да высновы: «Я магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся».
  • У барацьбе з каранавірусам галоўным было «не дапусьціць панікі». «Мы гэта з вамі пераадолелі. І дай Бог, каб далей паціху. Нам трэба паволі адысьці ад гэтай бяды і не дапусьціць паўторнай эпідэміі. Гэта для нас вельмі важна».
  • «Адна з асноўных задач, якую мы вырашым у будучай пяцігодцы, гэта пераход на электрамабілі. Мы проста не павінны тут адстаць. Калі мы адстанем, будзе дрэнна. Таму цяжка, цяжка, але нам давядзецца бегчы і хаця б ні ў якім разе не адстаць».

Чытаць далей >>

13:05 7.7.2020

У Віцебску зьнялі «каранавірусныя» абмежаваньні

У горадзе зьнялі такія абмежаваньні:

  • ужо ня трэба трымаць школьнікаў «у межах адной клясы»;
  • скасаваны перавод унівэрсытэтаў і каледжаў на дыстанцыйную адукацыю;
  • цяпер дазволена наведваньне інтэрнатаў тымі, хто там не жыве;
  • дазволілі масавыя падзеі ў бібліятэках і музэях, адкрылі чытальныя залі;
  • кінатэатры, тэатры і іншыя аб’екты культуры больш не павінны рассаджваць гледачоў на 1,5 мэтра;
  • у цырульнях скасаваны абавязковы прыём толькі праз папярэдні запіс;
  • забаўляльным установам цяпер дазволілі працаваць пасьля 23:00;
  • гандлёвым цэнтрам і крамам можна ладзіць дзіцячыя імпрэзы і рэклямныя акцыі.

Пры тым застаюцца такія захады:

  • прадаўцы ў крамах па-ранейшаму абавязаны насіць маскі, апрацоўваць рукі антысэптыкамі;
  • у аб’ектах харчаваньня столікі яшчэ трэба расстаўляць на дыстанцыі 1,5 мэтра і больш;
  • гатэлі абавязаны сяліць гасьцей на максымальным аддаленьні;
  • грамадзкі транспарт працягнуць дэзынфікаваць;
  • у цэрквах, касьцёлах і манастырах абавязаныпрыбіраць з дэзынфікцыйнымі сродкамі, дэзынфікаваць мэблю, дзьвярныя ручкі, абразы і посуд.
13:04 7.7.2020

Пасьля Альбаніі і Турэччыны беларусам адкрываецца Чарнагорыя, дзе першымі ў Эўропе перамаглі каранавірус

10 ліпеня авіякампанія «Белавія» адновіць рэйсы на марскія курорты Чарнагорыі. Пра гэта гаворыцца на карпаратыўнай старонцы ў Facebook.

«Цяпер ужо дакладна! Ад 10 ліпеня аднаўляецца чартэрная праграма ў Чарнагорыю. Вылеты зь Менску ў Ціват — штодня», — адзначаецца ў паведамленьні.

У «Белавія» таксама ўдакладнілі, што тэсты на COVID-19 для палёту ў Чарнагорыю не патрабуюцца. Рэйсы ў гэтую балканскую краіну некалькі разоў адкладваліся з прычыны нездавальняючай эпідэміялягічнай сытуацыі ў Беларусі. Праз гэта мастак Аляксей Марачкін і ягоныя калегі амаль чатары месяцы ня маглі вярнуцца на радзіму з плэнэру.

20:55 6.7.2020

Футбалісты хварэюць на СOVID-19, чэмпіянат працягваецца, Фэдэрацыя футболу маўчыць

6 ліпеня раніцай партал Tribuna.com паведаміў, што агульная колькасьць заражаных каранавірусам у берасьцейскім «Дынама» дасягнула 16 чалавек, трое хворых у «Гарадзеі». На 17 гадзіну афіцыйнай інфармацыі пра каранавірус у камандах ні ў прэс-службаў клюбаў, ні ў прэс-службе БФФ Свабодзе атрымаць не ўдалося.

Свабода разьбіралася, ці могуць спыніць чэмпіянат Беларусі па футболе з прычыны каранавірусу. Чытайце па спасылцы.

19:29 6.7.2020

Ізраіль зноў уводзіць абмежаваньні пасьля новага ўсплёску COVID-19

Ізраіль ізноў увёў шэраг абмежаваньняў для барацьбы з каранавірусам. Зноў зачынілі бары і спартовыя залі. Падчас адмысловай нарады ўраду па пытаньнях эпідэмічнай сытуацыі прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль павінен зьмяніць палітыку, каб пазьбегнуць больш шырокага локдаўну, які можа паралізаваць эканоміку краіны. У Ізраілі ўзровень беспрацоўя ўжо перавысіў 20%. Банк Ізраілю прагназуе эканамічны спад на 6%.

17:05 6.7.2020

Ініцыятар кампаніі дапамогі лекарам #BYCOVID19 зьехаў зь Беларусі. Часова

Грамадзкі актывіст з Гомельшчыны, ініцыятар праектаў салідарнасьці Андрэй Стрыжак на нейкі час зьехаў зь Беларусі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, праілюстраваўшы гэта выявай памежнага знаку Ўкраіны.

«Апошнія паўгода былі аднымі з самых напружаных у маім жыцьці. Многае зроблена і дасягнута, а многае яшчэ наперадзе. Сыгналы, якія мне дасылае Сусьвет, казалі пра тое, што мне трэба на час пакінуць краіну. Што я і зрабіў. Кампанія #BYCOVID19, у якой я ўдзельнічаў дыстанцыйна, амаль тры месяцы седзячы ў Гомлі, ад гэтага не пацерпіць. Працуем далей! Убачымся крыху пазьней. Так трэба», — напісаў Андрэй Стрыжак. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:02 6.7.2020

250 новых выпадкаў, 6 прызнаных сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 6 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 6 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 63 804 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 429 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 51 120 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 250 выпадкаў (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 249 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 5, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 12 255;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 074 240 тэстаў (гэта 6211 за дзень, хоць 1–4 ліпеня паведамлялі пра 12–15 тысяч на дзень, зь іх станоўчыя 4,03%, хоць два дні таму даходзіла да рэкордна нізкіх 1,77%).
16:45 6.7.2020

Люўр аднаўляе працу праз чатыры месяцы пасьля закрыцьця


Парыскі музэй Люўр зноў адкрыўся для наведвальнікаў – праз амаль чатыры месяцы з моманту яго закрыцьця ў сакавіку з прычыны пандэміі каранавірусу.

Пакуль у музэі будуць дзейнічаць некаторыя абмежаваньні: кіраўніцтва зрабіла абавязковым нашэньне масак, колькасьць наведвальнікаў і іх перасоўваньне па залях будзе строга кантралявацца. Адміністрацыя таксама мае намер сачыць, каб не было вялікай колькасьці людзей у чарзе да самага вядомага экспаната Люўра – Моны Лізы Леанарда да Вінчы.

З моманту закрыцьця 13 сакавіка з прычыны ўведзенага карантыну Люўр страціў 40 мільёнаў эўра даходаў. "Нам пашанцавала, што наш уласьнік – дзяржава", - заявіў дырэктар музэю Жан-Люк Марцінэс.

14:35 6.7.2020

«Мне трэба было заразіць жонку?» Суд аштрафаваў актывіста «за парушэньне самаізаляцыі»

У сьветлагорскага актывіста Сяргея Сенцюрова 15 чэрвеня памерла маці. Ёй дыягнаставалі каранавірус і пнэўманію. Сяргей таксама ляжаў у шпіталі з пнэўманіяй. Пасьля выпіскі мусіў ізалявацца. Міліцыя склала на яго пратакол за парушэньне самаізаляцыі, бо ён знаходзіўся не ў сваім жытле, а ў доме маці — баяўся заразіць жонку.

Да актывіста дадому прыехала міліцыя, спыталіся ў жонкі, дзе ён. «Жонка сказала, што я ў доме маці. Міліцыянт запатрабаваў, каб я тэрмінова прыехаў. Я кажу, што я ж на самаізаляцыі. Не, едзь да іх. Паехаў — склалі пратакол на мяне (12 чэрвеня. — РС)», — дадаў актывіст. У выніку Сяргея Сенцюрова пакаралі штрафам 810 рублёў. Цалкам чытайце па спасылцы.

12:13 6.7.2020

У шэрагу краінаў рэзка павялічылася колькасьць інфікаваных COVID-19

  • Казахстан зрабіўся першай у сьвеце краінай, у якой вярнулі карантын. Забаронены масавыя мерапрыемствы, жыхарам нельга перасоўвацца групамі больш чым па тры чалавекі, закрыліся спартовыя і гандлёвыя цэнтры. Карантын працягнецца два тыдні.
  • У Расеі за суткі выявілі 6736 інфікаваных каранавірусам. Паводле апэратыўнага штабу, памерлі за дзень 134 чалавекі. Усяго ў Расеі быў інфікаваны 681 251 чалавек, памёр 10 161.
  • У аўстралійскім Мэльбурне каля 3 тысяч чалавек апынуліся ізаляванымі ў кватэрах пасьля таго, як улады ўвялі карантын у дзевяці шматпавярховых дамах, паведамляе ВВС.
  • Улады Індыі адклалі заплянаванае на нядзелю адкрыцьцё Тадж-Магалу, бо сытуацыя з COVID-19 абвастрылася. За апошнія суткі ў краіне выяўлена каля 25 тысяч новых захворваньняў, памерлі 613 чалавек.
  • Бразылія на другім месцы ў сьвеце ў колькасьці захварэлых на каранавірус (1 603 055 выпадкаў). На першым месцы застаюцца ЗША. За апошнія суткі ў Бразыліі зафіксавана 602 сьмерці ад COVID-19.
10:26 6.7.2020

У Гішпаніі вярнулі карантын у частках Галісіі і Каталёніі

Хоць агулам у Гішпаніі распаўсюд каранавірусу ўдаецца стрымліваць (увесь чэрвень фіксавалі каля паўтысячы новых выпадкаў на дзень супраць штодзённых 8 тысяч на піку ў сакавіку), у 14 муніцыпалітэтах у Люга, дзе жыве каля 70 тысяч чалавек, уводзяць карантын сама меней на 5 дзён. ​

Падчас карантыну ў Луга будуць забароненыя сходы, большыя за 10 чалавек, а нашэньне масак будзе абавязковым. Палову месцаў у барах і рэстарацыях зробяць закрытымі для наведнікаў. Перасоўваньне людзей не абмяжоўваюць.

Гэтае рашэньне прынялі на наступны дзень пасьля вяртаньня карантыну ў горадзе Лейда і раёне Сэгрыя ў Каталёніі, што на паўночным захадзе Гішпаніі. Там пад карантын трапілі да 210 тысяч чалавек. Там закрылі ўезд і выезд у раёны пад карантынам, мясцовым параілі ня езьдзіць між раёнамі, выставілі блёкпасты.

10:24 6.7.2020

Што дазволена Качанавай, забаронена простым татам​. Піша Наста Захарэвіч

Францускі філёзаф Мішэль Фуко сьцьвярджаў, што турмы і лякарні дужа падобныя адна да другой. Час ідзе, але зьмяняецца ня так і шмат: у беларускіх лякарнях мы па-ранейшаму часта адчуваем сябе бяспраўнымі і быццам бы зьняволенымі. У часы пандэміі каранавірусу сытуацыя толькі пагоршылася, і не заўжды новыя абмежаваньні выглядаюць лягічнымі.

Так, напрыклад, партнэрскія роды былі забаронены ў Беларусі яшчэ ў сакавіку, і гэтая забарона працягвае дзейнічаць дагэтуль. Афіцыйна выкарыстоўваецца тэрмін «абмежаваны», але на практыцы гэта значыць, што ніякіх партнэраў ці партнэрак разам з жанчынай у радзільню не дапускаюць. Нашая краіна ў гэтым не ўнікальная — з такім жа абмежаваньнем сутыкаліся жанчыны, напрыклад, у Латвіі і Расеі.

Чытаць далей >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG