Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

10:22 6.7.2020

Празь нізкую эфэктыўнасьць спыненыя выпрабаваньні шэрагу прэпаратаў ад COVID-19

Сусьветная арганізацыя здароўя спыніла выпрабаваньні гідраксіхлёрахіну (лекі супраць малярыі) і лапінавіру/рытанавіру (антырэтравірусны прэпарат) на шпіталізаваных пацыентах з каранавірусам.

Згодна з дакумэнтам, рашэньне прынятае паводле рэкамэндацыі міжнароднага кіроўнага камітэту так званага «выпрабаваньня салідарнасьці», накіраванага на распрацоўку сродкаў ад каранавірусу. У яго рамках было праведзена параўнаньне ўплыву на сьмяротнасьць ад выкліканага вірусам захворваньня згаданых прэпаратаў і стандартаў аказаньня мэдычнай дапамогі.​

«Папярэднія вынікі выпрабаваньняў паказалі, што гідраксіхлёрахін і лапінавір/рытанавір практычна не выклікаюць зьніжэньня сьмяротнасьці сярод шпіталізаваных пацыентаў з COVID-19», — гаворыцца ў заяве. Удакладняецца, што заключэньне тычыцца выключна тэставаньня гэтых сродкаў на інфікаваных каранавірусам у мэдычных установах.

22:20 4.7.2020

Расея пачала пастаўкі ў Беларусь новага прэпарату супраць COVID-19


Пачаліся экспартныя пастаўкі ў Беларусь новага расейскага лекавага сродку «Авіфавір» супраць каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на Расейскі фонд прамых інвэстыцый (РФПІ) і групу кампаній «ХімРар».

У паведамленьні гаворыцца аб вытворчасьці ў чэрвені першых 100 тыс. курсаў расейскага леку супраць каранавірусу «Авіфавір».

«Пастаўкі прэпарату ў чэрвені былі ажыцьцёўлены ў 35 рэгіёнаў па ўсёй Расеі, а таксама ў Рэспубліку Беларусь», — адзначаецца ў паведамленьні.

На працягу месяца будзе выраблена яшчэ 100 тыс. курсаў. Сумеснае прадпрыемства РФПІ і ГК «ХімРар» плянуе павялічыць вытворчыя магутнасьці ў тры разы, да 300 тыс. курсаў у месяц, што задаволіць унутраны попыт на «Авіфавір» у Расеі і дазволіць пачаць пастаўкі лякарства на міжнародны рынак.

20:02 4.7.2020

Колькасьць памерлых ад каранавірусу ў Расеі перавысіла 10 тысяч


У Расеі за мінулыя суткі выяўлена 6632 новыя выпадкі захворваньня на каранавірус новага тыпу, паведаміў апэратыўны штаб барацьбы з распаўсюджваньнем хваробы. З пачатку пандэміі COVID-19 захварэлі ўжо 674 515 чалавек, зь іх 10 027 памерлі.

Статыстыка фэдэральнага штабу часта не супадае з рэгіянальнай, а яе дадзеныя па сьмяротнасьці могуць у некалькі разоў адрозьнівацца ў меншы бок ад дадзеных Расстату і рэгіёнаў. Чыноўнікі тлумачаць гэта рознымі мэтодыкамі падліку, але чаму дадзеныя не карэктуюцца паводле адной мэтодыкі — не паведамляецца. Тым ня менш, яна дае магчымасьць назіраць за тэндэнцыямі з каранавірусам у Расеі.

19:56 4.7.2020

273 новыя выпадкі, 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 4 ліпеня


Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 4 ліпеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19:

  • агулам 63 270 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 418 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 50 669 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 273 выпадкі і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 760 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 059 299 тэстаў (за апошнія суткі - 15 423).
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
19:10 3.7.2020

299 новых выпадкаў, 7 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 3 ліпеня​

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 3 ліпеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19.

  • агулам 62 997 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 412 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 49 909 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 299 выпадкі і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 1171 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 043 876 тэстаў (за апошнія суткі - 15 527).
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра пацьверджаныя 62 424 выпадкі COVID-19 (плюс 306 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 398 чалавек (плюс 6 за дзень), выпісалі 47 553 чалавек (1499 ​за дзень).

11:41 3.7.2020

У суседняй зь Беларусьсю Валынскай вобласьці Ўкраіны ўзмацняюць карантын


На Валыні з 3 ліпеня ўзмацняюць карантынныя захады ў раёнах масавага адпачынку. Адпаведнае рашэньне мясцовыя ўлады прынялі напярэдадні ўвечары, 2 ліпеня.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

«3 ліпеня 2020 у вобласьці адбудзецца ўзмацненьне карантыну ў раёнах зь месцамі масавага адпачынку людзей, у прыватнасьці каля вадаёмаў. У тым ліку і ў Шацкім раёне, дзе акрамя гэтага з 3 ліпеня забараняюцца рэгулярныя і нерэгулярныя пасажырскія перавозкі аўтамабільным транспартам у прыгарадных i мiжгароднiх зносінах унутры вобласьці», — гаворыцца ў паведамленьні абласной адміністрацыі.

Як адзначыла галоўны санітарны лекар вобласьці Натальля Янко, узровень захворваньняў COVID-19 у Валынскай вобласьці стабільна высокі, рэгіён займае чацьвёртае месца ва Ўкраіне паводле распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі.

Ва Ўкраіне паводле стану на раніцу 3 чэрвеня каранавірус выявілі ў 46 763 чалавек, памерлі 1212 пацыентаў, выздаравелі 20558.

11:11 3.7.2020

У ЗША зафіксавалі рэкордную колькасьць новых хворых на COVID-19 за суткі з пачатку пандэміі

У ЗША за мінулыя суткі былі зарэгістраваныя 55 274 выпадкі захворваньня на каранавірусную інфэкцыю, паведамляе Reuters. Гэта рэкордная колькасьць хворых выпадкаў за дзень сярод усіх краінаў сьвету з пачатку пандэміі. Папярэдні рэкорд дня па колькасьці новых выпадкаў належаў Бразыліі — там 19 чэрвеня быў зафіксаваны 54 771 выпадак COVID-19.

У чатырох штатах — Арызоне, Каліфорніі, Флорыдзе і Тэхасе — за апошнія суткі зафіксавалі агулам 25 тысяч выпадкаў хваробы. Як адзначае Reuters, у апошнія два тыдні рост захворваньняў на COVID-19 у ЗША назіраецца ў 37 штатах з 50. Цалкам чытайце тут.

23:00 2.7.2020

З сярэднецяжкай і цяжкай формай COVID-19 цяпер шпіталізаваць не абавязкова

Сярэднецяжкая і цяжкая форма COVID-19 цяпер ня будзе абавязковым паказьнікам для шпіталізацыі. Пра гэта гаворыцца ў загадзе Міністэрства аховы здароўя № 690 ад 1 ліпеня 2020 г.

Загад прадугледжвае арганізацыю лекаваньня хворых на каранавірус цягам трох працоўных дзён у амбуляторных умовах.

Такім чынам, шпіталізацыя прадугледжаная для асобаў з COVID-19 зь сярэдняй і цяжкай формай, старэйшых за 55 гадоў, ці якія маюць пэўныя захворваньні, альбо якім патрэбны гідраксіхларахін. Шпіталізавацца будуць і асобы з вострым расьпіраторным дыстрэс-сіндромам і COVID-19.

Паводле загаду міністра, пры ўсіх плянавых шпіталізацыях будуць рабіць дасьледаваньні на наяўнасьць каранавірусу.

20:11 2.7.2020

Былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў вылечыўся ад каранавірусу

Паводле рэкамэндацый мэдыкаў, Назарбаеў працягвае выконваць рэжым самаізаляцыі і працаваць дыстанцыйна.

Пра тое, што першы прэзыдэнт Казахстану заразіўся каранавірусам, стала вядома 18 чэрвеня. На наступным тыдні Нурсултану Назарбаеву, лідэру кіруючай партыі «Нур Отан», які захоўвае ўплыў на рашэньні ў краіне, споўніцца 80 гадоў.

З 16 сакавіка па 11 траўня ў Казахстане з прычыны каранавірусу дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча, пры гэтым у некаторых рэгіёнах карантынныя абмежаваньні захоўваюцца.

13:46 2.7.2020

Менш за 300 новых выпадкаў, але 7 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 2 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 2 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 62 698 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 405 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 48 738 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 274 выпадкі (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 1185 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 918, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 13 555;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 028 348 тэстаў (гэта 15 293 на дзень, зь іх станоўчыя 1,79% — рэкордна нізкі адсотак за ўвесь час);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.

Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнй статыстыкі.​

13:45 2.7.2020

«Вусьцішна, усе хаваюцца за маскі». Як зьмяніліся Бялынічы за месяц масачнага рэжыму

Месяц таму ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшчыне ўвялі абавязковы масачны рэжым. Распараджэньне райвыканкаму стала нечаканасьцю, бо афіцыйна пра ўспышку каранавірусу тут не паведамлялася. Зьвесткі пра колькасьць заражаных таксама не былі вядомыя.

Свабода даведалася, як зьмянілася эпідэміялягічнае становішча ў 10-тысячным райцэнтры, які рыхтуюць да сьвяткаваньня Дня пісьменства.

Чытаць рэпартаж >>

11:45 2.7.2020

Лукашэнка абвясьціў перамогу над каранавірусам у Беларусі

«Наша сыстэма аховы здароўя выстаяла. Але мы не зьніжаем градус барацьбы, хоць ужо сёньня можна сказаць: мы перамаглі. І пасьля канчатковай перамогі над СОVID-19 абавязкова асобна сустрэнемся з нашымі лекарамі, якія сёння ўсё яшчэ на варце», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.​

Заява была зробленая падчас цырымоніі ўзнагароджаньня прадстаўнікоў мэдычнай галіны і сілавых структураў.

11:35 2.7.2020

«Ніхто не пытае пра COVID, усім і так зразумела, што гэта ён». Як цяпер хварэюць і лекуюцца з COVID-19

Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што каранавірус у Беларусі адступае. Некаторыя лякарні вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. На менскіх вуліцах людзей у масках усё менш, дый хвароба, якая ахапіла цэлы сьвет, быццам бы перастала так моцна хваляваць беларусаў.

Свабода запыталася ў беларусаў, якія захварэлі ці маюць падазрэньні на COVID-19, пра тое, як працякае іх хвароба і лячэньне.

Што яны раказваюць >>

11:33 2.7.2020

САЗ: пандэмія COVID-19 узмацняецца ва ўсім сьвеце. У распрацоўцы 141 вакцына

Сусьветная арганізацыя здароўя 1 ліпеня папярэдзіла пра тое, што пандэмія COVID-19 працягвае ўзмацняцца ва ўсім сьвеце, і дзяржавы павінны выкарыстоўваць комплексны падыход, каб узяць пандэмію пад кантроль.

Генэральны дырэктар САЗ доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус сказаў, што на мінулым тыдні ва ўсім сьвеце штодня рэгістравалася больш за 160 тысяч новых выпадкаў заражэньня каранавірусам. Па словах кіраўніка САЗ, 60% усіх выпадкаў заражэньня з пачатку пандэміі COVID-19 было зафіксавана ў мінулым месяцы.​

На 1 ліпеня было вядома пра распрацоўку ў розных краінах сьвету 141 патэнцыйнай вакцыны, і лідэраў у распрацоўцы «могуць аддзяляць ад посьпеху месяцы». Гарантыяў таго, што вакцыну сапраўды створаць, няма, расказаў Генэральны дырэктар САЗ доктар Тэдрас.

19:06 1.7.2020

«Паніка, незадаволенасьць». Хворы на пнэўманію расказаў, як яго тэрмінова выпісалі з бальніцы

Грамадзянскі актывіст, актор і мастак Кірыл Машэка захварэў на двухбаковую пнэўманію на мінулым тыдні — у чацьвер 24 чэрвеня. Трапіў у 10-ю клінічную лякарню Менску на вуліцы Ўбарэвіча. Разьлічваў, што правядзе там не адзін тыдзень, але ўсё склалася іначай.

«Вось сёньня выпісалі, — расказвае Кірыл. — Хадзілі чуткі спачатку, што да 3 ліпеня павінна быць адкрытая бальніца, зьнятая з карантыну. А ўчора сказалі, што да 6 ліпеня. Мяне сёньня плянавалі пераводзіць у іншую палату. А раніцай пачаўся вэрхал у бальніцы. Пачалі ўсё мыць, здымаць бялізну. У палаце перавернутыя ложкі і матрацы, і адзін чалавек ляжыць сярод гэтага ўсяго». Гісторыю Кірыла чытайце па спасылцы.

19:04 1.7.2020

Галоўная праваабаронца ААН: Беларусь прымяншае сур’ёзнасьць пандэміі COVID-19

Вярхоўная камісарка ААН Мішэль Бачэлет на сэсіі Рады ў правах чалавека ААН у Жэнэве заявіла, што пандэмія COVID-19 выявіла няроўнасьць і пагоршыла сытуацыю з правамі чалавека ў многіх краінах.

У якасьці адмоўнага прыкладу Бачэлет прывяла сытуацыю ў Беларусі. Яна адзначыла, што ў Беларусі і шэрагу іншых краін (Бразыліі, Бурундзі, ЗША і Танзаніі) часта гучалі заявы, якія «прымяншаюць сурʼёзнасьць пандэміі і спрыяюць палярызацыі грамадзкай думкі ў ключавых пытаньнях». На думку прадстаўніцы ААН, гэта падрывае намаганьні, якія могуць супрацьстаяць распаўсюду інфэкцыі і ўмацаваць сыстэмы аховы здароўя, і таму можа прывесьці да росту захворваньняў на COVID-19.

19:02 1.7.2020

Менскі аэрапорт урачыста сустрэў першы з сакавіка рэйс Lufthansa

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» 1 чэрвеня прызямліўся самалёт авіякампаніі Lufthansa, які ляцеў рэйсам Франкфурт-Менск. Гэта першы рэйс кампаніі ў Беларусь з 18 сакавіка — калі надышла паўза ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Да канца чэрвеня між Франкфуртам і Менскам плянуюць ладзіць пералёты ў абодва бакі тройчы на тыдзень (панядзелак, серада і пятніца), а са жніўня рабіць рэйсы пяць разоў на тыдзень. Падрабязнасьці тут.

19:01 1.7.2020

Урад Украіны дазволіў скарачаць тэрмін ізаляцыі для грамадзян, якія прыехалі зь Беларусі

Украіна зьмякчыла правілы ўезду на сваю тэрыторыю для грамадзян краін «чырвонай зоны» з высокімі паказчыкамі пашырэньня каранавірусу, у якую ўключаная і Беларусь. Цяпер ва Ўкраіну могуць вольна ўяжджаць грамадзяне краін Эўразьвязу — Чэхіі, Польшчы, Румыніі, Баўгарыі і іншых.

На апошнім пасяджэньні ўрад Украіны дазволіў іншаземцам скарачаць час абавязковай 14-дзённай самаізаляцыі пры ўмове праходжаньня тэсту. Як патлумачыў 1 ліпеня міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў, гэты тэст грамадзяне замежных краін павінны праходзіць за свой кошт у вэрыфікаваных цэнтрах і лябараторыях Украіны дзяржаўнай ці прыватнай уласнасьці. Цалкам чытайце па спасылцы.

16:16 1.7.2020

Яшчэ 306 выпадкаў і 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 1 ліпеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 1 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 62 424 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 398 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 47 553 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 306 выпадкаў (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 1499 чалавека (рэкорд за ўвесь час);
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 1199, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 14 473;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 013 056 тэстаў (гэта 12 271 на дзень, зь іх станоўчыя 2,49%).
12:57 1.7.2020

Чэхі разьвіталіся з пандэміяй бяседай на Карлавым мосьце. ФОТА

На Карлавым мосьце ў Празе за доўгім на 500 мэтраў сталом тысячы людзей узялі ўдзел у бяседзе, якая павінна была стаць «сымбалічным разьвітаньнем» з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.

Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў захаду прынесьці ежу і напоі з дому і падзяліцца імі зь іншымі бяседнікамі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG