25 лютага шэраг СМІ апублікавалі навіну пра тое, што Беларусь зноў узначаліла рэйтынг самых пітушчых краінаў сьвету. Тлумачым, чаму гэта ня так.
14,4 літра сьпірту на чалавека штогод выпіваюць у Беларусі — такую навіну апублікавалі шэраг беларускіх СМІ са спасылкай на рэйтынг World Population Review.
Але, як высьветліла Свабода, — гэта фэйк. Насамрэч у рэйтынгу проста ўзялі дадзеныя з агляду Ўсясьветнай арганізацыі здароўя за 2014 год.
Насамрэч у Эўропе Беларусь займае 23 месца па спажываньні алькаголю. У такім жа ўсясьветным рэйтынгу Беларусь на 27 месцы.
Пра гэта Свабодзе сказаў прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў:
«Мы зараз разабраліся, яны проста не праверылі лічбы і зрабілі спасылку на справаздачу 2014 году, якая грунтуецца на дадзеных 2010 году, — сказаў Свабодзе Батыр Бердыклычаў. — 11,2 літра спажываньня сьпірту на чалавека — такія дадзеныя па глябальнай справаздачы УАЗ за 2018 год. І калі ў 2014 годзе былі спрэчкі з боку Мінздароўя, то цяпер у нас поўная згода па мэтадалёгіі і выніках».
У 2018 годзе, па статыстыцы УАЗ, самай пітушчай была Малдова (15,2 літра сьпірту на чалавека на год), Літва (15 літраў), Чэхія (14,4 літра), Нямеччына (13,4 літра), Нігерыя (13,4 літра).
Больш, чым у Беларусі, пілі ў Латвіі (12,9 літра), Расеі (11,7 літра), Польшчы (11,6 літра).
Па статыстыцы Белстату, спажываньне алькаголю ў Беларусі — 11,5 літра сьпірту на кожнага жыхара, старэйшага за 15 гадоў. Найбольш спажываюць піва, гарэлку і пладовае віно. Найменш — каньяк і брэндзі.
Паводле УАЗ, спажываньне больш як 8 літраў сьпірту на год нясе ня толькі пагрозу жыцьцю, але і вядзе да дэградацыі грамадзтва.