За апошнія суткі ў Кітаі зафіксавана 406 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-19, 52 сьмерці (у правінцыі Хубэй) і 439 чалавек, у якіх падазраюць каранавірус, паведамляе Нацыянальная камісія па ахове здароўя КНР.
Агульная колькасьць выпадкаў заражэньня ў Кітаі на 26 студзеня складае 78 064 чалавекі, памерлі 2715 чалавек. Ачунялі агулам 29 745 чалавек (2512 чалавек за апошнія суткі).
Колькасьць новых выпадкаў заражэньня ў Кітаі ідзе на спад: раней штодня фіксавалі ў сярэднім 1,5-2,5 тысячы новых выпадкаў. Затое за апошнія суткі зафіксавана больш выпадкаў заражэньня па-за межамі Кітаю.
Так, Паўднёвая Карэя паведаміла пра 169 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам за апошнія суткі, сярод іх — салдат ЗША, агулам у краіне каранавірус выявілі ў 1146 чалавек, піша Reuters.
У Італіі колькасьць хворых за апошнія суткі павялічылася амаль на сотню, да 322 чалавек. Напярэдадні зафіксаваныя выпадкі заражэньня людзей, якія нядаўна вярнуліся з Італіі, у новых краінах: Аўстрыі, Харватыі, Швайцарыі, Румыніі, Гішпаніі, Алжыры.
Усяго ў сьвеце каранавірусам COVID-19 заразіліся 80 967 чалавек.
У Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя заявілі, што выявілі ў сьвеце шэраг ачагоў заражэньня новым каранавірусам, якія ня маюць вызначанай эпідэміялягічнай сувязі з успышкай захворваньня ў Кітаі. Спэцыялісты не выключаюць, што прычынай заражэньня стаў чалавек, які раней пабываў у Кітаі і перахварэў COVID-19 бессымптомна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ