Паводле стану на 25 лютага каранавірусам у Італіі заразілася 272 чалавекі, з гэтага ліку 206 — у паўночным рэгіёне Лямбардыя. Першы выпадак заражэньня каранавірусам зафіксаваны ў аўторак і на поўдні Італіі — у Палерма ў турысткі з паўночнаітальянскага гораду Бэргама, паведамляе агенцтва ANSA. Вядома пра 7 сьмяротных выпадкаў.
Свабода знайшла беларусаў, якія жывуць у Міляне і прыгарадах. Яны расказалі, што там робіцца.
«Чаму суседнія краіны робяць выгляд, што ў іх усё ў парадку, а толькі на Італію „зваліўся“ вірус?»
Жэня Броджы родам зь Менску, па адукацыі эканаміст, жыве ў Міляне з мужам і двума дзецьмі. На мінулым тыдні была ў Беларусі, а ў суботу, 22 лютага, вярнулася ў Мілян. Кажа, што ў суботу было яшчэ ўсё спакойна, а ў нядзелю ўлады паведамілі пра захады бясьпекі.
«Унівэрсытэты, школы, дзіцячыя садкі — усе адукацыйныя ўстановы закрытыя. Вядома, гэта выклікае шмат нязручнасьцяў — у мяне двое дзетак, яны цяпер ня ходзяць у садок і ясьлі, сядзяць дома зь няняй.
Учора я хадзіла раніцай на прагулку зь дзецьмі — людзей было мала, муж выходзіў увечары — людзей на вуліцах было ўжо шмат.
Муж звычайна ходзіць на працу ў офіс, а цяпер вымушаны працаваць дыстанцыйна з дому — і гэта не ягонае рашэньне, а такі загад: усім, каму магчыма, трэба працаваць з дому», — расказала Жэня.
Супэрмаркет, у якім яна звычайна замаўляе дастаўку прадуктаў, не працуе. Але некаторыя іншыя фірмы па дастаўцы прадуктаў працуюць, кажа беларуска.
«Калі даведалася, што адмяняюць футбольныя матчы, Тыдзень моды, буйныя выставы, пад пытаньнем нават правядзеньне „Salono del Mobile“ — выставы дызайну, на якую зьяжджаецца ўвесь сьвет, — спачатку я падумала, што штучна наганяецца паніка. Аднак цяпер як эканаміст я разумею, што калі адмяняюць імпрэзы, якія прыносяць шмат грошай, і цэлыя індустрыі нясуць страты — гэта сур’ёзна, значыць, так трэба», — працягвае Жэня.
Яна кажа, што італьянцы адчуваюць клопат ураду і нават ганарацца — дзяржава турбуецца пра сваіх грамадзян, сьвядома ідзе на страты, каб спыніць, мінімізаваць наступствы эпідэміі.
«Гэта выклікае павагу да ўраду. Толькі мне цікава, чаму суседнія краіны робяць выгляд, што ў іх усё ў парадку, што толькі на Італію „зваліўся“ вірус, а іх гэта ня тычыцца?» — пытаецца Жэня.
«У каго няма тэлевізара, як у нас, — наагул цалкам спакойныя»
Беларуска Ірына Манцэвіч у Італіі жыве 11 гадоў, апошнія 5 зь іх — у Міляне. Кажа, што ў рэгіёне ўсе ўстановы адукацыі не працуюць. Забавы паадмянялі. На гэтым тыдні меўся быць карнавал, але яго ня будзе.
Зачыненыя музэі, саборы, басэйны — усё, дзе можа сабрацца шмат людзей. З 18-й вечара да 6-й раніцы не працуюць бары, рэстараны.
«На вуліцах малалюдна, як у жніўні, калі ўсе зьяжджаюць з гораду. Ёсьць лёгкая паніка ў крамах. Каля майго дому вялікі супэрмаркет — учора паліцы, дзе звычайна макарона, паста, мяса, былі пустыя. Але ня думаю, што гэта драматычна. Чытала ў іншых групах у сацсетках, што ў іхніх крамах усё ёсьць, чытала таксама, што некаторыя крамы зачыненыя», — кажа Ірына.
Шмат хто працуе дыстанцыйна — муж Ірыны праграміст, з офіса цяпер яму працаваць нельга, загадана працаваць з дому.
Аднак панікі няма, людзі чытаюць сайт Міністэрства здароўя.
«У каго няма тэлевізара, як у нас, — наагул цалкам спакойныя. Тыя, у каго ён ёсьць, больш напружаныя. Але людзі збольшага рэагуюць адэкватна.
Калі да пачатку карантыну былі спробы лёгкай ксэнафобіі ў адносінах да кітайскіх дзяцей, што ходзяць у садок, то спынялася гэта дастаткова хутка — тлумачылі, што трэба карыстацца праверанымі крыніцамі інфармацыі і не нагнятаць. Спадзяюся, што ўсё пад кантролем», — разважае Ірына.
«Мне падаецца, што італьянцы па натуры панікёры»
Алёна Назарэвіч з дачкой Варварай летам зьехала на лячэньне зь беларускага Быхава ў невялікі гарадок Калёньё Манцэзэ, што за 15 кілямэтраў ад Міляну. Кажа, што ў іх у горадзе зусім спакойна.
«У нас у гарадку па аўторках звычайна праходзяць вялікія кірмашы, фэрмэры прывозяць прадукты. Я думала, сёньня ўжо кірмашу ня будзе, але мы з дачкой гулялі па горадзе, бачым — рынак працуе. У масках я бачыла толькі трох чалавек за ўвесь час.
Учора заходзіла ў краму — не было вады, не было хлеба, не было кансэрваў — „разьмялі“ кансэрваваную спаржу, гарошак, тунца. Я была зьдзіўленая — раней ня бачыла, каб у італьянскіх крамах былі пустыя паліцы. Кажуць, што ў Міляне таксама скупляюць макарону, кансэрвы, віно і хлеб. Я ведаю таксама, што на поўдзень ад Міляну ёсьць пара „чырвоных зон“, вайсковыя патрулі правяраюць тэмпэратуру, у гарадку Лёдзі не спыняюцца рэгіянальныя цягнікі.
Мне падаецца, што італьянцы па натуры панікёры. У нас у Беларусі магчыма, успышку вірусу замоўчвалі б, а тут усё выносіцца на публіку», — кажа Алёна.
У зьвязку з карантынам закрытыя дзіцячыя садкі і школы — пакуль абвешчана, што да нядзелі, 1 сакавіка. Шпіталі, клінікі працуюць, працягвае Алёна.
«На чацьвер у нас з Варварай прызначаны візыт у нэўралягічную клініку. Я запыталася: „Можа, нам не прыходзіць?“ Мне адказалі, што няма ніякага карантыну, усе мэдычныя ўстановы працуюць паводле раскладу», — кажа Алёна Назарэвіч.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ