Асуджанага на 6 з паловай гадоў палітвязьня Міхаіла Жамчужнага перавялі з горацкай калёніі ў віцебскі сьледчы ізалятар.
Пра гэта Жамчужны напісаў 21 лютага ў лісьце свайму сябру, праваабаронцу Леаніду Сьвеціку.
«Ён ужо ў віцебскім СІЗА», — сказаў Леанід Сьвецік карэспандэнту Свабоды. Вядома, што яго ўжо выклікаў на допыт сьледчы. «Лічыць, што спрацавалі ягоныя скаргі ў Сьледчы камітэт і ў адміністрацыю Лукашэнкі, — дадаў Леанід Сьвецік.
Леаніду Сьвеціку Жамчужны напісаў, што сядзіць у асобнай камэры, на ўмовы ня скардзіцца.
У Віцебскім сьледчым ізалятары пацьвердзілі, што Міхаіл Жамчужны ў іх.
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова сказала карэспандэнту Свабоды, што этапаваньне Міхаіла Жамчужнага ў Віцебскі СІЗА не зьвязанае з выракам, які яму вынес Віцебскі абласны суд у 2015 годзе.
«Яшчэ ў 2011 годзе віцебскія сьледчыя расьсьледавалі крымінальную справу аб крадзяжы маёмасьці з гаспадаркі гэтага грамадзяніна. Справа была заведзеная па 1 частцы 205 артыкула Крымінальнага кодэксу па ягонай заяве, ён у ёй быў прызнаны пацярпелым.
Празь нейкі час гэтая крымінальная справа была закрытая, але цяпер Віцебская пракуратура адмяніла тое рашэньне аб закрыцьці справы, і гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту аднавіў расьсьледаваньне.
У межах гэтага расьсьледаваньня гэты мужчына, які адбывае пакараньне, этапаваны ў Віцебскі СІЗА для правядзеньня сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам», — паведаміла Юлія Ганчарова.
Хто такі Жамчужны?
- Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
- У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна.
- У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».
- У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.
- Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі. Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
- Адбываў пакараньне ў калёніях у Навасядах і Івацэвічах. Апошнія больш як два гады знаходзіўся ў Горацкай папраўчай калёніі № 19.
- Адмовіўся пераходзіць у атрад зь вязьнямі зь нізкім статусам. За гэта адбыў у карцэры больш за 500 дзён.
- Заяўляў пра правакацыі супраць яго з боку адміністрацыі калёніі і працягваў абскарджваць вынесены яму прысуд.
- Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
- На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.